ТАЎРТ,

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі багіня-апякунка жанчын і дзяцей. Яе найчасцей уяўлялі цяжарнай самкай бегемота (свяшчэнная жывёла Т.), якая стаіць вертыкальна на львіных нагах, мае жаночыя рукі і грудзі. Лічылася, што Т. дапамагае жанчынам пры родах, лечыць іх ад бясплоднасці; што яна звязана з замагільным светам, разам з багіняй Хатор сустракае памерлых на парозе падземнага царства і з дапамогай агню адганяе ад іх злых духаў. Цэнтр культу Т. — г. Фівы. Яе выявы часта змяшчалі на амулетах, ложках і інш. прадметах.

Таўрт. Камень. Каля 650 да н.э.

т. 15, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)