ФОСФАПРАТЭІ́ДЫ, фосфапратэіны,
складаныя бялкі, у якіх да астаткаў амінакіслот серыну і трэаніну далучаны астаткі фосфарнай кіслаты. Адыгрываюць важную ролю ў клетачным метабалізме і функцыях клетак жывых арганізмаў. Да Ф. адносяцца бялкі біял. мембран, клетачных ядраў, важнейшыя ферменты, казеін, бялкі птушыных яец (напр., вітэлін) і інш. Фасфарыліраванне важнейшых бялкоў мозга і пераўтварэнне іх у Ф. адбываецца пры ўзбуджэнні нерв. клетак, перадачы нерв. імпульсаў праз сінапсы. рэалізацыі ўсіх функцый нерв. сістэмы. Фасфарыліраванне астаткаў серыну або трэаніну ў малекулах бялкоў і ператварэнне іх у Ф. каталізуецца фосфатрансферазамі.
І.М.Семяненя.
т. 16, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)