АСУА́Н

(стараж. назва Сіене, Сіена),

горад на ПдУ Егіпта. Адм. ц. мухафазы Асуан. Порт на р. Ніл. Трансп. вузел. 192 тыс. ж. (1986). Хім. (азотныя ўгнаенні), тэкст., харч. прам-сць, здабыча жал. руды, буд. каменю. Каля горада гідраэнергет. комплексы Асуанскіх плацін. Цэнтр турызму і месца паломніцтва мусульманаў — ісмаілітаў, філіял Каірскага музея старажытнасцяў. Помнікі архітэктуры: скальная грабніца намарха Сарэнпута II (20 ст. да нашай эры), Абу-Сімбел, хрысц. манастыр св. Сімяона (8—13 ст.), мінарэт і маўзалеі (10—11 ст.). Батанічны сад. Курорт. Сухі трапічны клімат з умовамі для лячэння хвароб нырак.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАТРО́ФЫ

[ад аўта... + ...троф(ы)],

аўтатрофныя арганізмы, арганізмы, якія сінтэзуюць неабходныя для жыццядзейнасці складаныя арган. злучэнні з неарган. рэчываў (пераважна вады, вуглекіслаты, неарган. злучэнняў азоту). Выкарыстоўваюць энергію Сонца (фотасінтэз) або энергію, што вызваляецца пры хім. рэакцыях (хемасінтэз). Да аўтатрофаў належыць большасць вышэйшых раслін, водарасці і некаторыя бактэрыі. Фотасінтэзавальныя аўтатрофы (фотатрофы — усе зялёныя расліны, водарасці) маюць хларафіл і здольныя выкарыстоўваць энергію святла. Хемасінтэзавальныя аўтатрофы (хематрофы, напрыклад, нітрыфікавальныя бактэрыі) сінтэзуюць арган. рэчывы за кошт энергіі акіслення мінер. злучэнняў. Аўтатрофы — асн. прадуцэнты арган. рэчыва ў біясферы, забяспечваюць існаванне ўсіх іншых арганізмаў. Гл. таксама Гетэратрофы.

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХВЕ́РДАЎ Іосіф Мікалаевіч

(н. 28.6.1916, Тбілісі),

бел. вучоны ў галіне буд. механікі. Чл.-кар. АН Беларусі (1960). Д-р тэхн. н. (1958), праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1989). Скончыў Тбіліскі ін-т інжынераў чыг. Транспарту (1939). З 1958 у Ін-це буд-ва і архітэктуры АН Беларусі, з 1971 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па праблемах фізіка-хім. механікі і рэалогіі бетонных сумесяў, тэорыі структураўтварэння і цвярдзення бетону, тэхналогіі вырабу жалезабетонных трубаў і інш.

Тв.:

Основы физики бетона. М., 1981;

Технология железобетонных изделий специального назначения. Мн., 1993.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКО́Ў Аляксандр Аляксандравіч

(6.8.1870, г. Фацеж Курскай вобл., Расія — 6.4.1946),

рускі вучоны ў галіне металазнаўства, металургіі і хіміі. Акад. АН СССР (1932, чл.-кар. 1927), Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1893), працаваў у ВНУ Пецярбурга, з 1942 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па тэорыі акіслення і аднаўлення металаў і дысацыяцыі хім. злучэнняў пры высокай т-ры, асновах металургіі каляровых металаў, прамым атрыманні жалеза з руды, комплексным выкарыстанні сыравіны. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Собр. трудов. Т. 1—5. М.; Л., 1948—52.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХ Аляксей Мікалаевіч

(17.3.1857, г. Залатаноша Чаркаскай вобл., Украіна — 13.5.1946),

расійскі біяхімік. Акад. АН СССР (1929). Герой Сац. Працы (1945). Адзін з заснавальнікаў Ін-та біяхіміі АН СССР (1935, з 1944 імя Баха), дзе быў дырэктарам. У 1939—45 акад.-сакратар Аддз. хім. навук АН СССР. Навук. працы па хімізму асіміляцыі вугляроду зялёнымі раслінамі, па праблемах акісляльных працэсаў. Стварыў новыя метады даследавання ферментаў, якія ляглі ў аснову тэхн. біяхіміі (вытв-сць хлеба, піва, апрацоўка лёну і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:Сборник избранных трудов. Л., 1937.

т. 2, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЧЭ́НЦА

(Vicenza),

горад на ПнУ Італіі. Знаходзіцца ў вобл. Венецыя, каля падножжа Альпаў, на р. Бакільёне. Адм. ц. правінцыі Вічэнца. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. 107,1 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел на чыгунцы Венецыя—Мілан. Металургія, тэкст. і с.-г. машынабудаванне, хім., гумавая, тэкст., абутковая, швейная, керамічная, харч., папяровая, ювелірная прам-сць. Маст. галерэя. Руіны стараж.-рым. пабудоў. Цэрквы (10—16 ст.), палацы (15—18ст.). Шматлікія пабудовы А.Паладыо (16 ст.), у т. л. палац К’ерыкаці, Базіліка, т-р Алімпіка, каля Вінчэнцы знакамітая познарэнесансавая віла «Ратонда».

т. 4, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАМІ́КСІС

(ад апа... + грэч. mixis змяшэнне),

спосаб бясполага размнажэння раслін і жывёл; утварэнне зародка без апладнення. Бывае пастаянны, спадчынны, або выпадковы, няспадчынны. Яго можна выклікаць эксперыментальна — фіз.-хім. ўздзеяннямі (індуцыраваны апаміксіс). Пры апаміксісе зародак можа ўтварацца з неаплодненай яйцаклеткі (партэнагенез), з клетак зарастка або зародкавага мяшка (апагамія), з клетак спарафіта (апаспарыя), з саматычных клетак семязавязі — нуцэлуса, інтэгументаў (адвентыўная эмбрыянія). Апаміксіс ў форме партэнагенезу вядомы ў чарвей, насякомых, рыб, паўзуноў. Розныя формы апаміксіса выяўлены амаль ва ўсіх групах расліннага свету. Выкарыстоўваюць у селекцыі, напр. для спадчыннага замацавання гетэрозісу.

т. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІСЛЕ́ННЯ СТУПЕ́НЬ,

акіслення лік, умоўны паказчык, які характарызуе зарад атама ў хім. злучэннях. У малекулах з іоннай сувяззю супадае з зарадам іонаў, напр., у NaCl акіслення ступень Na + I, Cl – I Na + 1, Cl – 1. У злучэннях з кавалентнай сувяззю за акіслення ступень прымаецца зарад, які атрымаў бы атам, калі б усе пары электронаў гэтай сувязі былі цалкам зрушаны ў бок больш электраадмоўных атамаў. Электронныя пары, абагульненыя аднолькавымі атамамі, дзеляцца папалам. Акіслення ступень выкарыстоўваецца пры складанні ўраўненняў рэакцый акіслення-аднаўлення, пры класіфікацыі неарган. злучэнняў, асабліва каардынацыйных (гл. Комплексныя злучэнні).

т. 1, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́НІЙ

(лац. Actinium),

Ac, радыеактыўны хімічны элемент з ліку актыноідаў, ат.н. 89. Вядомы 12 ізатопаў; найб. устойлівы ​227Ac (перыяд паўраспаду 21,7 года — α- і β-выпрамяняльнік). У прыродзе сустракаецца ў рудах урану і торыю. Адкрыты франц. вучоным А.Дэб’ернам (1899). Серабрыста-белы метал, у выніку радыеактыўнага распаду свеціцца ў цемнаце, tпл 1050 °C. Хім. ўласцівасцямі блізкі да лантану.

Атрымліваюць пры апрамяненні ​226Ra нейтронамі ў ядз. рэактарах. Выкарыстоўваецца ў нейтронных крыніцах. Высокатаксічны, ГДК у вадаёмах 34,8 Бк/л, у паветры 1,3∙10​-6 Бк/л.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕЛАПА́ТЫЯ

(ад грэч. allēlōn адзін аднаго, узаемна + ...патыя),

узаемадзеянне раслінных арганізмаў у фітацэнозах праз вылучэнне ў асяроддзе спецыфічных хім. рэчываў (фітанцыдаў, маразмінаў, калінаў, антыбіётыкаў і інш.). Выяўляецца прыгнечаннем адных відаў раслін іншымі (напр., пырнік і іншае пустазелле выцясняюць або прыгнечваюць развіццё культ. раслін; арэшнік, дуб, елка сваімі выдзяленнямі прыгнечваюць рост траў пад кронамі), зрэдку спрыяльным для сумеснага існавання ўзаемаўплывам (напр., у віка-аўсянай сумесі; пасевах кукурузы з сояй і інш.). Адыгрывае значную ролю ў працэсах узнікнення, развіцця і змены раслінных згуртаванняў. Улічваецца пры стварэнні зялёных насаджэнняў, абгрунтаванні севазваротаў.

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)