здольнасць грамадства ствараць, адэкватна ўспрымаць і ацэньваць мастацтва ўсіх відаў, родаў і жанраў. М.к. як здзейсненая традыцыя ёсць сукупнасць створаных грамадствам маст. каштоўнасцей, іх інтэрпрэтацый і ацэнак у літаратурна-маст. крытыцы, эстэтыцы і грамадскай думцы. Аптымальныя ўмовы творчасці складваюцца тады, калі ўсе падсістэмы і элементы М.к. знаходзяцца ў адносным адзінстве. На пэўных этапах развіцця высокае мастацтва ўзнімаецца над сярэднім узроўнем эстэт. свядомасці і маст. густаў публікі, яго творцы апярэджваюць свой час. Бывае і так, што ўзровень эстэт. свядомасці экспертаў (тэарэтыкаў, крытыкаў) і густы элітарнай публікі апярэджваюць наяўны ўзровень масавай творчасці; у такім выпадку тэорыя і крытыка садзейнічаюць пераадоленню маст. застою. Рэальна ж супярэчлівыя фактары (эканам., паліт., агульнакульт., міжнар.) дзейнічаюць адначасова і ў розных кірунках. У выніку адбору дасягненняў М.к. складваецца маст. спадчына, яна вызначае арыгінальнасць і унікальнасць мастацтва розных народаў і рэгіёнаў.
Першым гістарычным тыпам М.к. была нар. творчасць — фальклор. ужытковае мастацтва, інш. віды этн. культуры. Адзінства мастацтва з рэліг. і нар. абрадамі, з рамяством і штодзённым побытам — прыкмета М.к. стараж. і сярэдневяковых цывілізацый. Гэты сінкрэтызм адлюстроўваўся, напр., у лац. паняцці ars, artis, стараслав. тэрміне «художник», «художество»; яны абазначаюць мастацтва, уменне, майстэрства, рамяство, тэхн. дакладнасць. Паступовае аддзяленне М.к. ад рэлігіі і сферы вытв-сці адбывалася ў эпоху Адраджэння. Пазней (эпохі Асветніцтва, індустрыялізацыі і урбанізацыі) гэты працэс дайшоў да палярызацыі маст. творчасці і утылітарнай вытв-сці, рэлігіі і свецкай культуры, нар. і прафес. мастацтва. Але ў 20 ст. развіццё М.к. пайшло па шляху збліжэння вытворча-утылітарнай і творча-маст. дзейнасці, у выніку якога ўзнік новы від М.к. — дызайн.
У гісторыі бел. М.к. самабытна выявіліся асн.маст. кірункі, метады, стылі, формы навук. і літ.-крытычнай інтэрпрэтацыі мастацтва. Да пашырэння хрысціянства тут фарміраваліся слав. архетыпы этн. культуры (міфалогія, абрады, фальклор, арнамент і ўжытковае мастацтва). У 10—15 ст. складваўся сярэдневяковы тып бел. М.к. на аснове ўсх.-слав.традыцыі, засваення візант.хрысц. варыянта эліністычнай спадчыны, зах.-еўрап.маст. стыляў. У складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай у Беларусі склаліся нацыянальна самабытныя маст. стылі гатычнага, рэнесансавага, барочнага тыпаў (гл.Готыка, Барока). З канца 16 ст. да сярэдзіны 19 ст. чыталіся школьныя і універсітэцкія курсы граматыкі, паэтыкі, рыторыкі і стылістыкі, выдаваліся падручнікі, у якіх аналізаваліся тэарэт. і практычныя праблемы прыгожай пісьменнасці і красамоўства. Сканцэнтраванае ў Віленскім ун-це літ.-знаўства з элементамі тэарэт. эстэтыкі стымулявала станаўленне крытыкі і публіцыстыкі. Пазней у складзе Рас. імперыі (19—20 ст.), у БССР і Зах. Беларусі адбылося станаўленне і развіццё бел.нац. школы маст. культуры ў рэчышчы нац.-адраджэнскага руху (гл.Адраджэнне нацыянальнае).
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). М., 1978;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКАЕ ШКЛОмастацкае,
вырабы са шкла (посуд, вазы, скульптура, творы манум.-дэкар. мастацтва) шклозавода «Нёман». Традыцыі Н.ш. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. майстрамі гутаў хутара Устрынь-Боркі (1875), урочышча Малодзіна (цяпер г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.). Посуд і прадметы раскошы (маст. шкло) выраблялі метадамі прасавання, выдзімання ў нерухомыя і рухомыя формы (ціхае выдзіманне), свабоднага фармавання з бясколернага, каляровага празрыстага і глушанага шкла. Пры дэкарыраванні вырабаў выкарыстоўваліся алмазная і шырокая грань, гравіроўка, люстр, размалёўка эмалямі і золатам, светлае і глыбокае траўленне, налепы, скульптурная пластыка, каляровыя ніці. У 1880—1914 прасаваныя і ціхавыдзіманыя вырабы пакрывалі нізкарэльефным дэкорам з матывамі неаготыкі і неаракако. Віцці аканта, ракайлевыя грабеньчыкі і краты, выявы анёлаў, дробныя раслінныя элементы мудрагеліста кампанаваліся на паверхні пасудзін і рэчаў. Прасаваныя і свабодна фармаваныя вырабы часта дадаткова дэкарыравалі гутнымі пластычнымі аздобамі (фігуркамі людзей, жывёл, птушак, каляровымі ніткамі). Выдзіманыя масавыя вырабы ў 1890—1920-я г. ствараліся ў стылі мадэрн, пазней — пад уплывам чэш. шкла і школы «Баўгауз» — функцыяналізму, канструктывізму і кубізму. Сярод размалёвак пераважалі пейзажныя і кветкавыя кампазіцыі, якія стылістычна набліжаюцца да размалёвак на бел. дыванах пач. 20 ст. У 1940 — сярэдзіне 1950-х г. пераважаў выраб посуду з каляровага накладнога (2—3-слойнага) жоўтага, зялёнага, сіняга, фіялетавага і чырвонага шкла па бясколерным і малочным, аздоблены шліфаваным геам. і зрэдку расл. арнаментам. З 1956 на з-дзе працуюць прафес. мастакі, работы якіх сталі значным укладам у распрацоўку маст. шкла. Н.ш. гэтага часу характарызуецца класіцыстычнай прастатой высакародных форм гладкасценнага недэкарыраванага посуду са слабаафарбаванага шкла пастэльных, пераважна дымчатых колераў. Для серыйных і дэкар. вырабаў характэрна скульптурна-вобразнае вырашэнне. У 1969 майстар А.Федаркоў распрацаваў новы метад дэкарыравання вырабаў сульфідна-цынкавым шклом пад назвай «нёманская ніць». У 1970-я г. распрацаваны новыя віды ўзбагачэння малюнкаў фактуры спосабам ціхага выдзімання, што дало магчымасць выкарыстоўваць разнастайныя выяўл. і асацыятыўныя сродкі пры стварэнні маст. вобразаў. У 1980-я г. створана брыгада па вырабе масавых рэчаў у тэхніцы пракатнага маліравання. Сучаснае Н.ш. характарызуецца разнастайнасцю маст. стылістыкі і тэхнік формаўтварэння (гута, прэс, рухомае і ціхае выдзіманне, рыфленне, пракатнае маліраванне), шырокім выкарыстаннем розных тэхнік дэкарыравання — халоднага (алмазная грань, шліфоўка, пескаструменная тэхніка, фотадрук, размалёўка) і гутнага (прылепы, пячаткі, аплікацыі, дробная пластыка, каляровая крошка, ніці сульфідныя, крыялітавыя, каляровыя, бясколерныя). Сярод вядучых мастакоў Н.ш. — А.Анішчык, К.Вакс, В.Дзівінская, У.Жохаў, Г.Ісаевіч, Т.Малышава, У.Мурахвер, Л.Мягкова, С.Раўдвеэ, В.Сазыкіна, Г.Сідарэвіч, Федаркоў і інш.
Літ.:
Беларускае мастацкае шкло: [Альбом]. Мн., 1978;
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫЗА́ЦЫЯгісторыі літаратуры,
падзел літаратурнага працэсу на асобныя этапы, перыяды адпаведна асаблівасцям развіцця л-ры, якасным зменам, якія адбываюцца ў яе маст. сістэме. Узаемазвязана з агульнай канцэпцыяй гісторыі л-ры, у многім вызначае яе знешнюю будову, служыць больш глыбокаму і аб’ектыўнаму раскрыццю працэсу развіцця нац. л-ры на працягу стагоддзяў.
Як сац. з’ява і адна з найважн. галін духоўнай культуры л-ра развіваецца ў цеснай сувязі з гіст. жыццём народа. Яе асн. этапы вылучаюцца адпаведна буйным культ.-гіст. эпохам, што падзяляюцца на больш дробныя перыяды, якія ў розных народаў маюць розныя храналагічныя межы і сваю спецыфіку, абумоўленыя асаблівасцямі іх духоўнага быцця, літ. працэсу і інш. У прыватнасці, у гісторыі многіх еўрап. народаў не было антычнасці ў класічным паняцці гэтага слова. а іх л-ры зараджаліся ў эпоху сярэднявечча, якое ў розных краінах мела розную працягласць і нярэдка, але недакладна называецца стараж. эпохай (напр., Стараж. Русь). У 19—20 ст. у сувязі з больш дынамічным, самаст., менш непасрэдна залежным ад грамадз. гісторыі развіццём л-ры яе этапы вылучаюцца пераважна паводле ўласна літ. крытэрыяў, якасных змен у жанравай сістэме, у прынцыпах асэнсавання і адлюстравання чалавека і рэчаіснасці, маст.-выяўл. прыёмах і сродках, паводле эвалюцыі літ. кірункаў, творчых метадаў і інш. Усякая П. даволі ўмоўная, бо не бывае раптоўных пераходаў ад адной літ. эпохі да другой, рэзкіх змен маст.сістэм.Літ.традыцыі папярэдніх эпох працягваюць уплываць на развіццё л-ры, захоўваючы пераемнасць літ. працэсу. Аднак без вырашэння праблемы П., без выяўлення асн. тэндэнцый і гіст. этапаў нельга пабудаваць канцэптуальную, навук. гісторыю л-ры.
Першыя спробы П. літ. працэсу на Беларусі належаць аўтарам першых комплексных даследаванняў па гісторыі ўласна бел. л-ры: Я.Карскаму, М.Багдановічу і М.Гарэцкаму, які ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992) яе шматвяковы шлях падаў сістэматызавана, канцэптуальна, у гіст. развіцці. Прапанаваная ім П. [падзел на 3 этапы: старая (11—18 ст.), новая (19 ст.), найноўшая (з канца 19 ст.)] у сваёй аснове ўлічвае самыя важныя асаблівасці развіцця прыгожага пісьменства на бел. землях на працягу стагоддзяў і з пэўнымі ўдакладненнямі была прынята бел.літ.-знаўствам. У апошні час у сувязі з працай над новай шматтомнай гісторыяй бел. л-ры яе П. ўдакладнена: даўняя (11—1-я пал. 18 ст.), новая (2-я пал. 18—19 ст.) і найноўшая (20 ст.). У сваю чаргу кожны з 3 этапаў падзяляецца на асобныя перыяды. У прыватнасці, у гісторыі даўняга бел. пісьменства вылучаюцца 3 этапы: сярэднявечча (11—15 ст.), Адраджэнне (16 ст.) і барока (канец 16—1-я пал. 18 ст.), што больш дакладна ўлічвае асаблівасці развіцця самой л-ры і дае магчымасць больш арганічна ўпісаць яе ў агульнаеўрап. кантэкст.
Літ.:
Гл. да арт.Літаратуразнаўства, Літаратурны працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВЫ ЧАЛАВЕ́КА,
комплекс паліт., грамадз., сац.-эканам., культ. і інш. правоў і свабод, якія характарызуюць прававое становішча асобы ў грамадстве і дзяржаве. У большасці краін замацоўваюцца ў канстытуцыях, розных юрыд. дакументах і прававых нормах, у якіх дзяржава абавязваецца паважаць і гарантаваць П.ч. Правы і свабоды, аб’ектыўна абумоўленыя сістэмай грамадскіх адносін і замацаваныя заканадаўча, становяцца прававым статусам асобы, юрыд. (суб’ектыўнымі) П.ч. Правы, свабоды і іх гарантыі прызнаюцца найвышэйшай каштоўнасцю чалавецтва. Безумоўная рэалізацыя асн. палажэнняў сістэмаўтваральных дакументаў у галіне П.ч. садзейнічае ўдасканаленню грамадства, рэалізацыі асн. грамадскіх ідэалаў.
Гісторыя П.ч. ў старажытнасці была звязана з самавызначэннем чалавека праз прыналежнасць да роду, калі яе крыніцамі станавіліся традыцыі і звычаі (гл.Звычаёвае права). Першай юрыд. формай П.ч. былі неад’емныя правы грамадзяніна ант. поліса. Яны развіты і ўдасканалены ў рымскім праве. Вял гуманітарны патэнцыял мела вядомая формула Пратагора «мера ўсіх рэчаў — чалавек», Сярэдневякоўе не спрыяла гуманізацыі грамадства і рэалізацыі натуральных П.ч., аднак характарызавалася развіццём асабістых свабод прадстаўнікоў асобных карпарацый, саслоўяў і розных іерархій права (сакральнае права, натуральнае права, людскі закон, пазітыўнае права). Важную ролю ва ўсталяванні П.ч. адыгралі таксама пазасаслоўнае прызнанне асн. свабод, з’яўленне міравых судоў, вопыт барацьбы за незалежнасць швейц. кантонаў, Нідэрландская і Англ. рэвалюцыі. Ідэі аб П.ч. атрымалі развіццё ў Вялікай хартыі вольнасцей (1215), у Петыцыі аб праве (1628), Дэкларацыі незалежнасці ЗША (1776), асабліва франц. Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна (1789), якая абвяшчала свабоду, роўнасць, братэрства, нар. суверэнітэт, аўтарытэт закона. Гэтыя ідэалы пазней сталі асновай канцэпцыі, паводле якой кожны чалавек ад нараджэння набывае пэўны комплекс прыродных правоў — на жыццё, свабоду асобы, сумлення, слова, уласнасці і інш.
Важным этапам у жыццядзейнасці сусветнай супольнасці стала прынятая 10.12.1948 Ген. асамблеяй ААНУсеагульная Дэкларацыя правоў чалавека. Паводле гэтай Дэкларацыі дзяржава павінна паважаць П.ч. і асн. свабоды для ўсіх, незалежна ад расы, полу, мовы і рэлігіі, паліт. і інш. перакананняў, нац. або сац. паходжання, маёмаснага або інш. становішча; чалавек мае права на жыццё, свабоду і бяспеку асобы; права на працу і належны жыццёвы ўзровень. ААН прыняты таксама Дэкларацыя правоў дзіцяці (1959), Міжнар. пакт аб грамадз. і паліт. правах (1966), Дэкларацыя аб ліквідацыі ўсіх форм нецярпімасці і дыскрымінацыі (1981), Дэкларацыя аб праве на развіццё (1986) і інш Пытанні захавання і абароны правоў чалавека знайшлі адлюстраванне ў Заключным акце Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (1975) і інш. дакументах. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь абвяшчае рэалізацыю правоў і свабод грамадзян; усе грамадзяне роўныя перад законам і маюць права на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў; маюць права на працу, адпачынак, адукацыю, ахову здароўя і інш (гл.Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь).
Літ.:
Права человека: Сб. междунар.-правовых док. 1999;
Головатенко А.Ю. Права человека и статус личности: История и современность М., 1999;
Котляр И.И. Права человека в современной Беларуси. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НС (ісп. romance),
камерны муз.-паэт. твор для голасу з інстр. суправаджэннем. Тэрмін «Р.» узнік у сярэднявякоўі ў Іспаніі і абазначаў свецкую песню на ісп. мове, у інш. краінах — паэт. твор і жанр вак. музыкі; у многіх мовах Р. і песня тэрміналагічна не адрозніваюцца. Ад песні адрозніваецца больш складаным комплексам выразных сродкаў, кампазіцыйных прыёмаў і муз. структур, выкарыстаннем больш глыбокіх і разнастайных паэт. тэкстаў, больш цеснай сувяззю тэксту з музыкай. Р. можа будавацца паводле прынцыпу адзінага скразнога развіцця, бывае 2- і 3-часткавым, рондападобным, строфікаварыянтным.
Развіццё Р. як сінтэтычнага муз.-паэт. жанру пачалося ў 2-й пал. 18 ст. ў Германіі (К.Бах, М.Агрыкала), Францыі (Э.Мегюль, Н.Далейрак). У Расіі напачатку Р. называлі вак. творы на франц. тэксты. Развіццё нац. форм Р. пачалося ў творчасці А.Дубянскага, В.Казлоўскага. Сярод разнавіднасцей Р. адрозніваюць баркаролу, баладу, элегію, маналог, серэнаду. У 19 ст. Р. — вядучы жанр у творчасці кампазітараў-рамантыкаў: Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, Х.Вольфа (Германія), Г.Берліёза, Ж.Бізэ, Ш.Гуно, Ж.Маснэ (Францыя), Б.Сметаны, А.Дворжака (Чэхія), М.Карловіча, К.Шыманоўскага (Польшча), Э.Грыга (Нарвегія), Я.Сібеліуса (Фінляндыя). У Расіі разам з камерна-вак. класікай развіваўся і бытавы Р. (А.Гурылёў, А.Варламаў, А.Аляб’еў, П.Булахаў, А.Дзюбюк); росквіту дасягнуў у творчасці М.Глінкі, А.Даргамыжскага, М.Мусаргскага, П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, А.Барадзіна, М.Рымскага-Корсакава. Стылявое абнаўленне Р. адбылося ў 20 ст. (М.Мяскоўскі, Дз.Шастаковіч, С.Пракоф’еў, Ю.Шапорын. Г.Свірыдаў, С.Сланімскі, В.Гаўрылін і інш.).
У бел. музыцы жанр Р. развіваецца з 1920-х г.Бел. кампазітары пісалі Р. на творы класічнай паэзіі, імкнуліся да вобразна-тэматычнай разнастайнасці. Многія Р. на словы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі кампазітараў М.Аладава, Я.Цікоцкага, Л.Абеліёвіча, П.Падкавырава, А.Багатырова, Р.Пукста, М.Чуркіна, Э.Тырманд, Дз.Лукаса, Г.Вагнера, У.Алоўнікава ўвайшлі ў фонд нац.муз. мастацтва. У 2-й пал. 20 ст. з’явіліся новыя тэндэнцыі ў развіцці Р.: па-новаму вырашаецца праблема сінтэзу музыкі і паэзіі, вядуцца пошукі ў абнаўленні інтанацыйнай мовы, кампазіцыйнай будовы, тэмбрава-тэматычнай сувязі, у якой адбіваюцца элементы натуральнай прасодыі, пераасэнсоўваюцца фалькл.традыцыі (вак. цыклы Г.Гарэлавай «Дзявочыя песні», Л.Шлег «Голас зямлі», Р. Дз.Смольскага, А.Елісеенкава, А.Мдывані, С.Картэса, Шлег, А.Хадоскі, Э.Наско і інш.).
Літ.:
Русский романс. М.; Л., 1930;
Васина-Гроссман В.А. Русский классический романс XIX в. М., 1956;
Яе ж. Мастсра советского романса. 2 изд. М., 1980;
Курышева Т. Камерный вокальный цикл в современной русской советской музыке // Вопросы музыкальной формы. М., 1966. Вып. 1;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Аладова Р.Н. «Детский» камерный вокальный цикл в белорусской музыке 70-х гг. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1984. Вып. 3;
Алейнікава Э.А. Паэзія М.Багдановіча ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1988. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭН,
ганаровая дзярж. ўзнагарода за асобыя заслугі і знак (знакі) да яе. Паходжаннем О. звязаны з еўрап. прыдворнымі ордэнамі (карпарацыямі) 14—16 ст., членства ў якіх было формай заахвочвання манархам найб. адданых дваран. Гэтыя ордэны, у сваю чаргу, паходзілі ад ордэнаў рыцарскіх 12—13 ст.
Прыдворныя ордэны звычайна мелі пышныя ордэнскія касцюмы і асобыя ордэнскія знакі (стужка, крыж, зорка), якія паступова набылі характар узнагарод (напр., англ. О. Падвязкі, 1348 або 1350, О. Лазні, 1399, бургундскі, аўстр. і ісп. О. Залатога Руна, 1429, франц. О. Св. Духа, 1579 і інш.). З канца 18 ст. знакі О. пачалі існаваць асобна ад ордэнскага адзення. Вял. колькасць узнагародных О. заснавана ў 18—19 ст., у т. л. ў краінах Азіі: у Турцыі (О. Паўмесяца, 1799), Іране (О. Льва і Сонца, 1808), Японіі (О. Узыходзячага Сонца, 1875), Кітаі (О. Двайнога Дракона, 1882). З канца 18 і да нашага часу з узнікненнем новых незалежных дзяржаў у Еўропе, Амерыцы, Азіі і Афрыцы ўводзіліся ўласныя ўзнагародныя О., пераважна на аснове еўрап.традыцыі. Звычайна знакі вышэйшай ступені ўзнагароды насілі на стужцы цераз плячо разам з зоркай на грудзях, 2-й ступені — на шыі, ніжэйшай — у пятліцы (пазней — злева на грудзях). Парадак узнагароджання рэгламентаваўся статутам О. Існавала традыцыя ўручаць О. у час ордэнскага свята. Справамі О. ведаў капітул. Пры існаванні ў дзяржаве некалькіх О. выпрацоўваліся правілы ордэнскай паступеннасці. О. найчасцей быў індывід. і пажыццёвай узнагародай. У 20 ст. з’явіліся традыцыі пасмяротных і калект. узнагароджанняў. Да 2-й пал. 19 ст. знакі аднаго О. розных ступеней адначасова не насілі, знак ніжэйшай ступені замяняўся на знак вышэйшай. Звычайна ў мінулым кавалеры О. мелі пэўныя матэрыяльныя выгады (пенсіі, ільготы). Гэтая традыцыя ў некаторых краінах захавалася да нашага часу.
Першыя О., звязаныя з гісторыяй Беларусі, — О. Рэчы Паспалітай. Першы і вышэйшы з іх — О. Белага Арла (1705—95), які спачатку меў выгляд залатога эмалевага нашыйнага медальёна, а з 1709 — нашыйнага крыжа з брыльянтамі. У 1713 з’явілася зорка. Ордэнская стужка напачатку была белая з чырв. палосамі па краях, з 1713 — блакітная. О. меў дэвіз «Pro Fide, Rege et Lege» («За веру, караля і закон»). О. св. Станіслава (1765—93) быў узнагародай за цывільныя заслугі і меў дэвіз «Praemiando inicitat» («Узнагароджваючы, заахвочваю»). Статут патрабаваў ад ордэнскіх кавалераў фін. ахвяраванняў на дабрачыннасць. О. Вайсковага крыжа (1792—94) спачатку меў выгляд медаля «Virtuti Militari» («Ваеннай доблесці») з серабра і золата, пазней уведзены крыж і зорка. У далейшым гэты О. падзелены на 5 ступеней (крыжы вялікі з зоркай, камандорскі шыйны, кавалерскі пятлічны, медалі залаты і сярэбраны); стужка была чырвоная з белымі палосамі па краі, пазней цёмна-блакітная з чорнымі палосамі.
Першы і вышэйшы О. Расіі — О. св. Андрэя Першазванага (1699, афіц. статут 1798) меў 1 ступень, крыж, зорку, блакітную стужку і дэвіз «За веру і вернасць». З 1855 за ваен. заслугі на знакі гэтага і інш.рас. О. дадаваліся мячы. Узнагароджанне О. св. Андрэя Першазванага аўтаматычна рабіла яго ўладальніка кавалерам інш.рас. О., акрамя О. св. Георгія і св. Уладзіміра. О. св. велікамучаніцы Кацярыны (1714) прызначаўся для жанчын імператарскай фаміліі і набліжаных да іх прадстаўніц знаці, меў 2 ступені, белую, з 1797 чырв. з сярэбраным беражком стужку і дэвіз «За каханне і Бацькаўшчыну». О. св. Аляксандра Неўскага (1725) быў узнагародай для асоб з чынам ген.-лейтэнанта або тайнага саветніка і вышэй, меў 1 ступень, чырв. стужку і дэвіз «За працу і Бацькаўшчыну». У 1736 кавалерам гэтага О. стаў кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст III. З 1742 рас. падданых узнагароджвалі шлезвіг-гальштэйнскім О. св. Ганны, які ў 1797 афіцыйна ўведзены ў рас. ўзнагародную сістэму; меў 1 ступень, чырв. стужку з жоўтым беражком (з 1797—3, з 1815—4 ступені) і дэвіз «Тым, хто любіць праўду, набожнасць і вернасць»; знак 4-й ступені насілі на халоднай зброі. Імператарскі ваен. О. св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія (1769) быў выключна вайск. узнагародай для афіцэраў за баявыя заслугі або за выслугу гадоў (да 1855). З 1807 існаваў спец. знак О. св. Георгія для ўзнагароджання салдат і унтэр-афіцэраў (з 1913 Георгіеўскі крыж), які ў сярэдзіне 19 ст. падзелены на 4 ступені; гл.Георгіеўскі кавалер. О. св. роўнаапостальнага кн. Уладзіміра (1782) даваўся за выслугу гадоў і асаблівыя ўчынкі афіцэрам і чыноўнікам; меў 4 ступені, чырв. з чорным беражком стужку і дэвіз «Карысць, гонар і слава». У 1798—1817 рас. падданых узнагароджвалі О. св. Іаана Іерусалімскага (2 ступені, чорная стужка), які меў мальтыйскае паходжанне. О. Белага Арла (1815, 1 ступень, цёмна-сіняя стужка, дэвіз «Pro Fide, Rege et Lege»), св. Станіслава (1815, 4 ступені, чырв. з белымі палоскамі па краях стужка, дэвіз «Praemiando inicitat») і «Virtuti Militari» (1815—31, 5 ступеней, цёмна-блакітная з чорнымі беражкамі стужка, дэвіз «Rex et Patria» («кароль і Радзіма») паходзілі яд адпаведных О. Герцагства Варшаўскага і да 1831 прызначаліся толькі для жыхароў Каралеўства Польскага. У 1870 дазволена насіць ордэнскія знакі ніжэйшых ступеней, атрыманыя за ваен. заслугі, адначасова з вышэйшымі.
У Польскай Рэспубліцы 1919—44 працягваліся папярэднія ордэнскія традыцыі; уведзены О. Белага Арла (1921), «Virtuti Militari» (5 ступеней, 1919) і новы О. Адраджэння Польшчы (5 ступеней, 1921).
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 усе рас. О. скасаваны дэкрэтам ВЦВК ад 23.11.1917 і пачалося стварэнне сав. ордэнскай сістэмы. У 1918—33 у Сав. Расіі і інш.сав. рэспубліках існавалі рэсп. О. (звычайна ў выглядзе чырв. сцяга на ўзор О. Чырв. Сцяга РСФСР), у т. л. О. Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР (1924—32), О. Чырвонага Сцяга і Працоўнага Чырвонага Сцяга Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Украіны і інш. Нашэнне рэсп. О. працягвалася і пасля іх скасавання. Звычайна іх кавалеры мелі права на пэўныя льготы. О. СССР з’явіліся паралельна з рэсп. і ў 1933 выцеснілі іх цалкам. Былі ўведзены О.: Чырвонага Сцяга (1924), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1928), Леніна (1930), Чырвонай Зоркі (1930), «Знак Пашаны» (1935, з 1988 наз. О. Пашаны), Айчыннай вайны (2 ступені, 1942), Суворава (3 ступені, 1942), Кутузава (2 ступені, 1942; 3 ступені, 1943), Аляксандра Неўскага (1942), Багдана Хмяльніцкага (3 ступені, 1943), Славы (3 ступені, 1943), «Перамога» (1943), Ушакова (2 ступені, 1944), Нахімава (2 ступені, 1944), «Маці-гераіня» (1944), «Мацярынская слава» (3 ступені, 1944), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1967), Дружбы народаў (1972), Працоўнай Славы (3 ступені, 1974), «За службу Радзіме ва Узбр. Сілах СССР» (3 ступені, 1974), «За асабістую мужнасць» (1988). Сярод асаблівасцей сав. ордэнскай сістэмы былі фармальная адмова ад прынцыпаў царскіх 0. і фактычнае наследаванне ім, дэклараванне роўнасці і фактычная службовая стратыфікацыя, існаванне «партрэтных» 0., адначасовае нашэнне знакаў усіх ступеней, адсутнасць зорак як дадатковых адзнак вышэйшых ступеней 0., знакі для паўторных узнагароджанняў, адсутнасць ордэнскай стужкі ў 1918—38 і інш. О. СССР захоўваюць сваё значэнне ў Расійскай Федэрацыі, Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш.б.сав. рэспубліках. Законамі ад 13.4.1995 і 2.7.1997 уведзены О. Рэспублікі Беларусь (гл. ў арт.Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь).
У Расіі ў 1990-я г. ўведзены О. «За заслугі перад Айчынай» (4 ступені), Мужнасці, «За ваенныя заслугі», Пашаны, Дружбы, Жукава, св. Андрэя Першазванага, св. Георгія. Аддзеленая ад дзяржавы Руская правасл царква, да якой адносяцца правасл. прыходы Беларусі, мае свае О.: св. роўнаапостальнага кн. Уладзіміра (3 ступені), Прападобнага Сергія Раданежскага (3 ступені), Андрэя Першазванага (1 ступень, 1988), св. роўнаапостальнай кн. Вольгі (3 ступені, 1988), благавернага кн. Данііла Маскоўскага (3 ступені, 1988), св пакутніка Трыфана (3 ступені, 1996), свяціцеля Інакенція (3 ступені, 1997). Па ініцыятыве Бел. экзархата зацверджаны О. Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай (2 ступені, 1998). Польская аўтакефальная правасл царква мае О. роўнаапостальнай Марыі Магдаліны (3 ступені). З узнагарод бел. эміграцыі вядомы О. «Гонар Айчыны», устаноўлены «Камітэтам шанавання» (1997).
З О. ЗША найб. вядомы «Пурпуровае сэрца», Марскі крыж, «Сярэбраная зорка»; з О. Вялікабрытаніі — О. Падвязкі, О. Лазні, «Крыж Вікторыі», «За заслугі», О. Гонару; з О. Польшчы — О. Белага Арла, «Virtuti Militari», Адраджэння Польшчы; з О. Францыі — О. Ганаровага легіёна.
Літ.:
Дуров В.А. Русские и советские боевые награды: [Альбом]. М., 1990;
Яго ж Ордена России: Альбом. М., 1993.
І.І.Сінчук.
Знакі ордэнаўРас. імперыі: 1 — зорка ордэна св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія 1-й ступені; 2 — зорка і крыж ордэна Белага Арла; 3 — крыжы ордэна «Virtuti Militari» 1—5-й ступеней.ОрдэныСССР: 1 — «Маці-гераіня»; 2 — «Мацярынская слава» 1-й ступені.ОрдэныСССР: 1 — Леніна; 2 — Кастрычніцкай Рэвалюцыі; 3 — Чырвонага Сцяга; 4 — Працоўнага Чырвонага Сцяга; 5 — Дружбы народаў; 6 — «Знак Пашаны»; 7 — Славы 1-й ступені; 8 — Славы 2-й ступені; 9 — Славы 3-й ступені; 10 — Працоўнай Славы 1-й ступені.Ордэны савецкіх рэспублік: 1 — Працоўнага Чырвонага Сцяга Украінскай ССР; 2 — Чырвонага Сцяга Грузінскай ССР; 3 — Ваенны Чырвоны Харэзмскай Народнай Савецкай Рэспублікі.Ордэны Рэчы Паспалітай (1), Рас. імперыі (2—9), СССР (10—20): 1 — Вайсковага крыжа (вонкавы і адваротны бакі); 2 — св. Андрэя Першазванага (крыж з брыльянтамі); 3 — св. велікамучаніцы Кацярыны (крыж 1-й ступені); 4 — св. Аляксандра Неўскага (крыж з мячамі); 5 — св. Ганны (крыж 1-й ступені з мячамі і каронай); 6 — св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія (крыж 1-й ступені); 7 — св. роўнаапостальнага князя Уладзіміра (крыж 1-й ступені з мячамі); 8 — Белага Арла (крыж з мячамі); 9 — св. Станіслава (крыж 1-й ступені з мячамі); 10 — «Перамога»; 11 — Суворава 1-й ступені; 12 — Ушакова 1-й ступені; 13 — Кутузава 1-й ступені; 14 — Нахімава 1-й ступені; 15 — Багдана Хмяльніцкага 1-й ступені; 16 — Аляксандра Неўскага; 17 — «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» 1-й ступені; 18 — Айчыннай вайны 1-й ступені; 19 — Айчыннай вайны 2-й ступені; 20 — Чырвонай Зоркі.Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОГ, багі,
у тэалогіі вярхоўная сутнасць, надзеленая вышэйшым розумам, абсалютнай дасканаласцю і ўсёмагутнасцю, што стварыла Сусвет і кіруе ім. У язычніцкай міфалогіі і політэістычных рэлігійных сістэмах багі — увасабленне касм. сіл і грамадска-культурных функцый. Паводле каталіцкай школы прамонатэізму, ва ўсіх язычнікаў поруч з «ніжэйшымі» багамі была вера ў адзінага найвышэйшага Бога. Прыхільнікі эвалюцыянізму прытрымліваліся эўгемерычнай традыцыі (ад імя стараж.-грэч. філосафа Эўгемера), бачылі ў багах сакралізаваных родапачынальнікаў, продкаў і герояў. З.Фрэйд і яго паслядоўнікі тлумачылі веру ў багоў сублімацыяй псіхал. перажыванняў, звязаных з вобразамі бацькоў. У развітых міфалогіях на багоў пераносілі функцыі Дэміурга (стваральніка Сусвету) і культ. героя (пачынальніка культуры).
Асноўны догмат монатэістычных рэлігій — іудаізму, хрысціянства, ісламу — вера ў адзінага Бога. Паводле Свяшчэннага Пісання і царк. паданняў, Бог — найвышэйшая трансцэндэнтная (па-за часам і прасторай) істота, Дэміург, уседзяржыцель, літасцівы айцец, спрадвечны і справядлівы суддзя, крыніца жыцця, увасабленне праўды, дабра і красы. У іудаізме Бог існуе ў адзінай асобе, якая ажыццяўляе свае мэты праз асобныя народы і гіст. асоб, пра сябе сведчыць праз анёлаў і прарокаў, утрымлівае Сусвет і кіруе жыццём не прымусова, а паводле свабоднай волі людзей. Гэта багаслоўская канцэпцыя набыла шматграннае развіццё ў хрысціянстве, аднак на аснове догмату Траістасці, паводле якога адзінасутны Бог існуе ў трох асобах-іпастасях — Бога-Айца (спрадвечны стваральнік Сусвету, яго духоўная сутнасць), Бога-Сына (Логаса, або абсалютнага Сэнсу, які ўвасобіўся ў Ісуса Хрыста) і Бога-Святога Духа — жыватворчага пачатку, духоўнай сутнасці ўсіх праяў касм. быцця на яго вышэйшых (анёльскім і людскім) узроўнях. Асноўнымі аргументамі на карысць быцця Бога ў тэалогіі служыць наяўнасць яго тварэння (Сусвету) і магчымасць цудаў як выніку прамога або ўскоснага ўздзеяння бога на зямное быццё, выхаду за межы яго прычынна-выніковых сувязяў. У іудаізме сувязь чалавека з Богам ажыццяўляецца праз анёлаў, у асобных выпадках — «тварам у твар» (сустрэча Майсея-Багавідца з Богам на Сінайскай гары). У хрысціянстве пра Бога сведчаць анёлы, прарокі, Свяшчэннае Пісанне, царк. паданні, тайна богаўвасаблення, нараджэнне і ўваход у зямную гісторыю Ісуса Хрыста. У ісламе асноўны сведка бога, яго звястун — прарок Мухамед. Гісторыя сусв. культуры ведае тры асн. тыпы рэлігійнай свядомасці — тэізм, дэізм, пантэізм, якія аспрэчваюцца разнастайнымі плынямі безрэлігійнай свядомасці (гл.Атэізм).
На Беларусі хрысціянскае богапазнанне сфарміравалася на аснове праваслаўя (Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Клімент Смаляціч, М.Сматрыцкі, летапісная традыцыя 12—17 ст.), каталіцызму (езуіцкая і асветніцкая школы тэалогіі ў канцы 16 — пачатку 19 ст., А.Доўгірд), пратэстантызму (С.Будны), бел. рэлігійнага асветніцтва (Ф.Скарына, Сімяон Полацкі, А.Станкевіч), уніяцтва (І.Пацей, І.В.Руцкі, Р.Корсак, базыльянскі ордэн). У выніку фалькларызацыі біблейскіх сюжэтаў, евангельскай гісторыі і царк. паданняў вобразы Бога, Хрыста і хрысціянскіх святых набылі прыкметы міфалагічных, казачных і літ. персанажаў. У фальклоры Бог уяўляецца ў абліччы «вельмі гожага сівага дзеда». Калісьці ён «хадзіў па беламу свету, бо раней людзі былі вартыя таго; а цяпер надта грэшныя, Бог выракся іх».
Літ.:
Толковая Библия, или Комментарий на все книги... Ветхого и Нового Завета. Т. 1—3. Пб., 1904—13;
Булгаков С.Н. Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,
мастацкая школа ў графіцы пач. 16—17 ст. Склалася ў Вільні ў 1520-я г., развівалася ў ВКЛ ва ўзаемасувязі з рускім, украінскім, зах.-еўрап. мастацтвам і пад уплывам традыцый аздаблення славянскіх рукапісаў. Тэрмін «Віленская школа гравюры» ў мастацтвазнаўства ўвёў У.В.Стасаў. Школа дала пачатак развіццю гравюры на ўсх.-слав. землях, у т. л.Куцеінскай школы гравюры, Магілёўскай школы гравюры. Гал. ролю ў развіцці Віленскай школы гравюры адыгралі выданні Ф.Скарыны, друкарняў Мамонічаў, Віленскай акадэміі (1576—1773), Еўінскай друкарні і інш.Асн. віды гравюры Віленскай школы дрэварыт (у кірылаўскіх) і медзярыт (у лацінска-польскіх выданнях); развівалася пераважна кніжная гравюра (партрэт, ілюстрацыя, франтыспіс, застаўкі, канцоўкі, геральдычныя выявы, ініцыялы). На гравюры кірылаўскіх выданняў моцна паўплывалі традыцыібел. жывапісу і драўлянай пластыкі. Вобразна-стылістычныя асновы школы закладзены выданнямі Скарыны (застаўкі і канцоўкі «Малой падарожнай кніжыцы», 1522, і «Апостала», 1525) і асабліва П.Мсціслаўца («Евангелле напрастольнае», 1575, «Псалтыр», 1576), пад уплывам якога асноўным у афармленні віленска-еўінскіх выданняў сталі фігурны франтыспіс, тытульны ліст («Новы запавет», Еўе, 1611; «Новы запавет з псалтыром», Вільня, 1623). У дрэварытах «Малой падарожнай кніжыцы» спалучаюцца рысы позняй готыкі і рэнесансу; у больш позніх творах («Грамматіка словенска» Л.Зізанія, 1596, дзе змешчана алегарычная выява граматыкі) пераважаюць рысы рэнесансу. Амаль усе дрэварыты 16 ст. ананімныя, медзярыты 17 ст. падпісаныя. Творы Віленскай школы гравюры вызначаюцца жыццёвасцю вобразаў, якая выразна прабіваецца праз канфесійную тэматыку, простанароднасцю і каларытнасцю тыпажу, дэкаратыўнасцю, дасканаласцю разнастайных прыёмаў тэхнікі гравіравання. Найб. яскрава асаблівасці Віленскай школы гравюры выявіліся ў дрэварытах «Акафістаў» і «Канонаў» (Вільня, 1628), тытульным лісце «Ветраграда душэўнага» (Вільня, 1620) і інш. Аздобы віленскіх выданняў Скарыны выкарыстоўвалі друкары Віленскага Святадухаўскага брацтва да сярэдзіны 17 ст. Разам з арыгіналамі дошак Скарыны яны выкарыстоўвалі і копіі з іх («Новы запавет з псалтыром», Еўе, 1611, «Евангелле вучыцельнае», Еўе, 1616, і інш.). Значнымі маст. якасцямі вылучаюцца тытульныя лісты да выданняў «Трыбунал» (1586), «Статут Вялікага княства Літоўскага» (1588), «Евангелле вучыцельнае» (1616), «Устаў» (1617), «Граматыка» (1621), «Евангелле» (1644). Першыя пастаронкавыя ілюстрацыі з’явіліся ў «Часаслоўцы» (1617), выдадзеным Мамонічамі. Гравюра на медзі атрымала шырокае развіццё ў друкарні Віленскай акадэміі, дзе працавала шмат выхадцаў з Беларусі. Творы акадэмічнай друкарні вылучаліся свецкім характарам і дасканалай тэхнікай выканання, якая давала магчымасць перадаць аб’ёмнасць у выяве рэчаў і перспектыву. Сярод ранніх медзярытаў творы нясвіжскага гравёра Т.Макоўскага (тытул «Панегірыка Казіміру», 1610). Значным майстрам медзярыта быў А.Тарасевіч, творы якога (ілюстрацыі да «Разарыума...», 1672) паўплывалі на творчасць інш. майстроў. Сярод гравёраў школы Л.Тарасевіч, І.Шчырскі, Л.Кршчановіч, замежныя майстры К.Гётке, Д.Пельцэльда, Т.Шнопс, Л.Вілатц і інш. У Віленскай акадэміі вучыўся вядучы майстар Магілёўскай школы гравюры М.Вашчанка.
Літ.:
Стасов В.В. Разбор рукописного сочинения Д.А. Ровинского «Обозрение русского гравирования на металле и на дереве до 1725 года» // Собр. соч. СПб., 1894. Т. 2, отд. 3;
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (12.4.1823, Масква — 14.6.1886),
рускі драматург і тэатр. дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1863). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1840—43). Служыў у маск. судах (1843—50). Літ. дзейнасць пачаў у 1847. Першая камедыя «Свае людзі — паладзім» (1850) пра побыт і норавы купецтва. Супрацоўнічаў у час. «Москвитянин», «Современник», «Отечественные записки». На пач. 1850-х г. зблізіўся са славянафіламі. Пад іх уплывам стварыў сямейна-бытавыя п’есы «Не ў свае сані не садзіся» (1853), «Беднасць не загана» (1854), «Не так жыві, як хочацца» (1855), у якіх ідэалізаваў купецкі побыт і патрыярхальную старасветчыну. Новы этап у яго творчасці звязаны з грамадскім уздымам 1850—60-х г., калі талент Астроўскага ідэйна і эстэтычна пачаў фарміравацца на асновах рэв.-дэмакр. крытыкі і «натуральнай школы». У п’есах «З чужога шалу галава кружыцца» (1856), «Даходнае месца» (1857), «Выхаванка» (1859) паказаў «цёмнае царства» рус. жыцця. У трагедыі «Навальніца» (паст. 1859, выд. 1860) выкрывае грамадскія адносіны, заснаваныя на дзікунскім самавольстве і дэспатызме. У гіст. хроніках «Казьма Захаравіч Мінін-Сухарук» (1862), «Дзмітрый Самазванец і Васіль Шуйскі» (1867) паказаў патрыятызм рус. народа. Сац.-крыт. кірунак у яго творчасці мацнее з канца 1860-х г. У цыкле камедый «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1868), «Гарачае сэрца» (1869), «Лес» (1870), «Ваўкі і авечкі» (1875) сатырычна намаляваў прадстаўнікоў пануючых класаў дваранска-бурж. Расіі. Пра інтэлігенцыю, пошукі шчасця і сэнсу жыцця п’есы «Зароблены хлеб» (1874), «Таленты і паклоннікі» (1882), «Без віны вінаватыя» (1884), казка-утопія «Снягурачка» (1873). Драматургіі Астроўскага характэрны глыбіня і шырыня праблематыкі, народнасць, смелае выкрыццё сац. зла, дынамізм дзеяння, разнастайнасць характараў, выразнасць мовы. Астроўскі творча ўспрыняў і развіў лепшыя традыцыірус. і сусв. драматургіі, стварыў рус.нац. рэпертуар. З яго імем звязаны росквіт Малога т-ра, які наз. «Домам Астроўскага».
Бел. глядач упершыню пазнаёміўся з творамі Астроўскага ў 1865, калі на сцэне Мінскага т-ра была пастаўлена «Навальніца». У папулярызацыі яго творчасці на Беларусі важную ролю адыгралі рус. акцёры М.Савіна, В.Далматаў, Г.Фядотава, А.Яблачкіна. Яго п’есы ставілі і бел. аматарскія тэатр. калектывы, у т. л. Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў («Свае людзі — паладзім», «Вір», «Лес» і інш.). З 1936 п’есы Астроўскага трывала ўвайшлі ў рэпертуар бел. тэатраў. Тэатр імя Я.Купалы ставіў «Ваўкі і авечкі» (1936), «Позняе каханне» (1944), «Таленты і паклоннікі» (1950), «Даходнае месца» (1953), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1962), «Лес» (1994); тэатр імя Я.Коласа — «Беспасажніца» (1936), «Лес» (1940), «Праўда добра, а шчасце лепш» (1950); т-р юнага гледача — «Даходнае месца» (1936), «Не ўсё кату масленіца» (1956). У п’есах Астроўскага выступалі лепшыя майстры бел. сцэны: У.Уладамірскі, Б.Платонаў, І.Ждановіч, А.Ільінскі, Л.Ржэцкая, Л.Рахленка, М.Захарэвіч, В.Тарасаў і інш. На бел. мову п’есы Астроўскага перакладалі К.Чорны, К.Крапіва, У.Ягоўдзік.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—16. М., 1949—53;
Бел.пер. — Гарачае сэрца. Мн., 1937;
Не ўсё кату масленіца. Мн., 1937;
П’есы. Мн., 1939.
Літ.:
Няфёд У. Беларускі тэатр.Мн., 1959;
Лабовіч А. А.М.Астроўскі ў тэатральным жыцці Беларусі дакастрычніцкага перыяду // Бел. мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВА́Н,
мастацкі тэкстыльны выраб, звычайна з шматколерным узорам, прызначаны пераважна для ўпрыгожвання і ўцяплення жылля. Бываюць ворсавыя і бязворсавыя (кілімы, паласы, шпалеры, габелены), маляваныя на тканіне, радзей паперы або цыраце. Вырабляюцца ручным спосабам, з сярэдзіны 19 ст. і машынным з воўны, шоўку, ільну, бавоўны, штучных валокнаў. Маст. асаблівасці вызначаюцца фактурай тканіны, характарам матэрыялу і фарбавальнікаў, фарматам, суадносінамі бардзюра і цэнтра поля Д., характарам і кампазіцыяй арнаменту, колеравым строем.
Найб. раннія Д. выяўлены пры раскопках Пазырыкскіх курганоў Горнага Алтая і датуюцца 5—4 ст. да н.э. Захаваліся звесткі пра Д. ў Асірыі, Вавілоне, Егіпце. З Д. Усходу найб. вядомы іранскія, перс., туркм.. азерб. і інш. У Зах. Еўропе вядомы з 11 ст. (Д. з Баё, Францыя, і інш.). З 16 ст. асаблівае месца займаюць шпалеры (флам., франц., нямецкія), у 17—18 ст. вылучаюцца ворсавыя Д. мануфактуры Саванеры (засн. ў 1624 у Парыжы). У 19 ст. з развіццём фарб. вытворчасці маст. ўзровень рэзка падае і пачынае адраджацца толькі з сярэдзіны 20 ст.
На Беларусі дыванаткацтва мае даўнія традыцыі, нац. характар узораў, кампазіцыі колераў, тэхнікі. Побач з дэкар. посцілкамі ткалі нар. Д., якімі ўпрыгожвалі жылыя памяшканні і інтэр’еры храмаў. Нар. бязворсавыя Д. ткалі ў тэхніцы кіліма, закладання, 2-асноўнай, тыпу габелена (напр., Гродзенскія падвойныя Д.). У розных раёнах мелі сваю традыц. расфарбоўку і арнамент. Ткалі Д. з геам. і раслін. арнаментам, антрапа- і зааморфнымі выявамі. У гарадах і мястэчках ткалі на заказ т. зв. дворскія бязворсавыя Д., блізкія па кампазіцыі да нар., або пераймалі зах.-еўрап. стылі і матывы дэкору. У 18—1-й пал. 19 ст. вылучаюцца вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, магнацкіх мануфактур у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Слоніме і інш., якія вызначаліся высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. З 19 ст. вядомасць набылі маляваныя Д., ствараліся на аснове багатых традыцый узорыстых тканых Д. і посцілак (творы А.Кіш, Я.Драздовіча і інш.). Маст. вобраз такіх Д. аналагічны творам наіўна-рэаліст. кірунку. Сучасныя нар. майстры вырабляюць і бязворсавыя Д. Ворсавыя Д. машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста». Гал. кірунак — стварэнне Д. з бел. арнаментам, што адпавядаюць сучаснаму інтэр’еру па стылявым і колеравым вырашэнні. Бел. Д. экспанаваліся на міжнар. выстаўках у Германіі, Італіі, Польшчы, Інданезіі, дзе адзначаны дыпломамі. Вырабы акц.т-ва «Дываны Брэста» ўзнагароджаны брыльянтавай зоркай у Мексіцы (1994) і «Залатой аркай» у Іспаніі (1995).
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981;
Maríkowski T. Dawnie tkaniny i hafty w Polsce w XVI—XVIII w. Wrocław, 1954;
Моран А. де. История декоративно-прикладного искусства: От древнейших времен до наших дней: [Пер. с фр.]. М., 1982.
Азербайджанскі дыван «куба». 19 ст.Туркменскі дыван «бешыр». 1900.Персідскі дыван «фараган». 19 ст.Да арт.Дыван. У.Гусеў. Дыван «Арнаментальны». 1979. Брэсцкі дывановы камбінат.Дыван маляваны. А.Кіш. Рай. 1930—40-я г.Да арт.Дыван. Л.Цыбульская. Жакардавы дыван. 1984.Турэцкі дыван «кула». 17 ст.Дыван маляваны з Мядзельскага раёна Мінскай вобл. 1950-я г.