ГАРЫЗО́НТ [ад грэч. horizōn (horizontos) літар. які абмяжоўвае],

1) уяўная лінія, па якой здаецца, што неба мяжуе з зямной паверхняй (бачны гарызонт). Павялічваецца з вышынёй месца назірання. На вышыні вока дарослага чалавека ва ўмовах раўніны складае 4,5—5 км. Гарызонт таксама наз. частка зямной паверхні, якая назіраецца на адкрытай мясцовасці. Сапраўдны (матэматычны) гарызонт — вял. круг нябеснай сферы, плоскасць якога перпендыкулярная да адвеснай лініі ў месцы назірання.

2) У геалогіі рэгіянальнае стратыграфічнае падраздзяленне, якое аб’ядноўвае на пэўнай плошчы аднаўзроставыя слаі і світы. Вылучаецца паводле пастаянства палеанталагічнай характарыстыкі з улікам літалагічных, фацыяльных і інш. асаблівасцей. Мае прыкладна аднолькавую магутнасць у межах пашырэння (ад дзесяткаў да соцень і больш метраў). Адпавядае звычайна ярусу або яго частцы агульнай стратыграфічнай шкалы. Мае геагр. назву, якую атрымлівае ад наймення найб. поўнай і вывучанай світы або апорнага (стрататыповага) разрэзу. У чацвярцічнай геалогіі гарызонт ахоплівае адклады ледавіковай (напр., у Беларусі бярэзінскі, нараўскі) або міжледавіковай (александрыйскі, белавежскі) эпох.

3) У горнай справе гарызонт — сукупнасць горных вырабатак на адным узроўні, у якіх вядуцца горныя работы. У шахтах вылучаюць гарызонт адкатачны (для перамяшчэння грузаў і людзей), вентыляцыйны выпуску (выпуск адбітай пароды), падсечкі (агаленне і абрушэнне горнага масіву) і скрэперавання (дастаўка карыснага выкапня на пагрузку). Пры адкрытай здабычы карысных выкапняў на гарызонт устанаўліваюць асн. горнае абсталяванне для распрацоўкі аднаго ўступа. Гл. таксама Ваданосны гарызонт, Маркіроўны гарызонт.

Да арт. Гарызонт. Расшырэнне бачнага гарызонту з павышэннем пункта назірання.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭЛЬЕ́Ф (франц. bas-relief літар. нізкі рэльеф),

від рэльефнай скульптуры, дзе пукатая частка выявы выступае над плоскасцю фону не больш як на палову свайго аб’ёму. Барэльеф (выяўленчы і арнаментальны) — пашыраны від аздаблення архітэктурных збудаванняў і твораў дэкар. мастацтва. Часам барэльефы ўпрыгожваюць пастаменты помнікаў, стэлы, мемар. дошкі, манеты, медалі, гемы.

На Беларусі вядомы з даўніх часоў. У барэльефе выкананы віслыя пячаткі, каменныя і драўляныя абразкі («Канстанцін і Алена», 12 ст.; «Премудрость созда себе храм. Праздники» Ананія, 15—16 ст.); выявы евангелістаў на Віцебскіх царскіх варотах, у Міхайлаўскім касцёле ў в.Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., М.​К.​Радзівіла Сіроткі ў надмагіллі (17 ст., фарны касцёл у Нясвіжы). Развіццё барэльефу ў 19 — пач. 20 ст. звязана з імёнамі скульптараў В.​Смакоўскага, К.​Ельскага, К.​Барычэўскага, Р.​Слізеня, І.​Цэйзіка і інш. Барэльефныя выявы часам уключаюць у мемар. помнікі (Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, 1969, А.​Бембель; помнік воінам і партызанам на воз. Нарач у Мядзельскім раёне, 1968, Б.​Маркаў, Я.​Печкін; стэла з мемар. комплексу Рыленкі, 1973, М.​Рыжанкоў; помнік І.​Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на, 1976, І.​Міско, і інш.). Барэльефы ствараюць самадзейныя разьбяры па дрэве: І.​Лук, А.​Пупко, Дз.​Сталяроў.

А.​К.​Лявонава.

Да арт. Барэльеф. Стэла з мемарыяльнага комплексу Рыленкі. 1973. Скульптар М.​Рыжанкоў.
Да арт. Барэльеф. Барэльефная кампазіцыя ў інтэр’еры Міхайлаўскага касцёла ў вёсцы Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. 2-я пал. 17 ст.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць геал. будову мясцовасці. Складаюцца на тапаграфічнай аснове паводле матэрыялаў геалагічнай здымкі. Служаць падставай для ўсіх відаў геал. даследаванняў рэгіёнаў, прагнозу і пошукаў карысных выкапняў, інж.-геал. і інш. работ.

Паводле зместу і прызначэння падзяляюцца на ўласна геал. (агульнагеал.) карты (дачацвярцічных і чацвярцічных адкладаў, крышт. фундамента, глыбіннай геал. будовы, палеагеагр., шэльфавай зоны мораў, акіянскага дна), карты, якія раскрываюць асобныя геал. характарыстыкі тэрыторыі (тэктанічныя, палеатэктанічныя, навейшай тэктонікі, структурныя, літолага-фацыяльныя, геафіз. і геахім. анамалій і інш.), і карты, што адлюстроўваюць звесткі аб карысных выкапнях (карысных выкапняў, металагенічныя, рудных фармацый, рудных палёў, нафтагазаноснасці і інш.). На геалагічных картах пэўнымі колерамі і індэксамі з літар і лічбаў і інш. знакамі, якія складаюць легенду карты, пазначаюцца межы пашырэння (контуры) асадкавых горных парод, якія падзяляюцца паводле ўзросту ў адпаведнасці з агульнай (міжнар.) стратыграфічнай шкалой, вылучаюцца інтрузіўныя, эфузіўныя і метамарфічныя пароды, а таксама петраграфічны састаў горных парод, разрыўныя парушэнні і інш. дэталі. Да геалагічных картаў дадаюцца геалагічныя разрэзы і тлумачальная запіска з апісаннем геал. будовы тэрыторыі і гісторыі яе фарміравання. Паводле маштабу геалагічныя карты падзяляюць на аглядныя (драбней за 1:1 000 000) і рэгіянальныя сярэднемаштабныя (1:500 000, 1:200 000, 1:100 000), буйнамаштабныя (1:50 000, 1:25 000) і дэталёвыя (1:10 000 і буйнейшы).

Для тэр. Беларусі складзены геалагічныя карты маштабаў 1 : 1 000 000, 1 : 500 000, 1 : 200 000 і 1 : 100 000.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧАСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, якая ўзыходзіць да фінікійскага пісьма. Верагодна ўзнікла ў 9—8 ст. да н.э. У грэчаскім пісьме, акрамя літар, якія абазначаюць зычныя, былі ўведзены самаст. літары для перадачы галосных гукаў, што было новым этапам у развіцці пісьменства. Класічны агульнагрэч. алфавіт склаўся ў 5—4 ст. да н.э. Напрамак пісьма — злева направа. Кожная літара мела і лічбавае значэнне. Знакі «стыгма», «копа» і «сампі» выкарыстоўваліся толькі для абазначэння лічбаў і пазней выйшлі з ужытку. Новагрэч. алфавіт мае 24 літары.

Алфавітнае грэчаскае пісьмо падзялялася на 2 галіны: усх.-грэч. і зах.-грэч. пісьмо. Усх.-грэч. развілося ў класічнае стараж.-грэч. і візантыйскае пісьмо, стала асновай копцкага, гоцкага, слав. кірылічнага (гл. Кірыліца), а магчыма, армянскага і часткова груз. пісьма (гл. адпаведныя арт.). Зах.-грэч. пісьмо было зыходным для этрускага, стараж.-герм. рунічнага і лацінскага пісьма. Найб. стараж. помнікі грэчаскага пісьма датуюцца 8—7 ст. да н.э. Грэчаскае пісьмо прадстаўлена некалькімі тыпамі: манум. пісьмо на цвёрдых прадметах — камені, метале, кераміцы (з 8 ст. да н.э.); уніцыяльнае — на папірусе (з 4 ст. да н.э.), на пергаменце (з 2 ст. да н.э.); курсіўнае (з 3 ст. да н.э.). У 13 ст. развіваецца малодшы мінускул (гл. Мінускульнае пісьмо), які паслужыў узорам для першага грэч. друкарскага шрыфту (15 ст.). Сучасныя друкаваныя грэч. літары створаны ў 17 ст.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987;

Guarducci M. Epigrafia greca. Vol. 1—2. Roma, [1967—69].

А.​М.​Рудэнка.

Да арт. Грэчаскае пісьмо. Грэчаскі алфавіт.

т. 5, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНД (санскр. Сіндху; пушту Аба-Сін, літар. бацька рэк),

рака ў Кітаі, Індыі, Пакістане. Даўж. 3180 км, пл. бас. 980 тыс. км². Пачынаецца на паўд.зах. схілах хр. Кайлас (Тыбецкае нагор’е) на выш. 5300 м. У вярхоўі цячэ на ПнЗ у міжгорнай даліне паралельна гал. ланцугу Гімалаяў. Ніжэй вусця р. Гілгіт паварочвае на ПдЗ і перасякае адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша. Сярэдняе цячэнне ў нізкагорнай і ўзгорыстай мясцовасці, ніжняе — у зах. ч. Інда-Гангскай раўніны (ускраіны пустынь Тхал і Тар), у шырокай даліне з шматлікімі рукавамі і пратокамі. Пасля г. Хайдарабад пачынаецца дэльта (пл. 8 тыс. км²), дзе вылучаюцца 11 асн. рукавоў. Упадае І. у Аравійскае м. Гал. прытокі — Сатледж (Панджнад, злева), Шаёк, Гілгіт, Кабул (справа). У верхнім цячэнні жыўленне снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Вясенне-летнія паводкі (сак.—вер.), пад’ём узроўню вады на раўніне 5—7 м, рэчышча на вял. працягласці абвалавана. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Хайдарабад 3850 м³/с, ніжэй ён памяншаецца ад выпарэння і выкарыстання вады на арашэнне. Сцёк завіслых часцінак у вусці 450 млн. т. На І. плаціны (у т. л. каля г. Сукур) і інш. ірыгацыйныя збудаванні. Бас. І. — адзін з буйнейшых ірыгацыйных раёнаў свету, пл. арашальных зямель больш за 11 млн. га (гал. чынам у Пенджабе і ў дэльце). Суднаходны ад вусця да г. Дэраісмаілхан, для малых суднаў да г. Аток, каля вусця р. Кабул. Найб. гарады на І. — Хайдарабад, Сукур, паблізу дэльты — марскі порт Карачы (Пакістан).

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КСНЕС (Laxness; сапр. Гудзьёўнсан; Guðjónsson) Хальдаўр Кільян

(23.4.1902, Рэйк’явік —8.2.1998),

ісландскі пісьменнік. Дэбютаваў раманам «Дзіця прыроды» (1919). У 1919—24 падарожнічаў па Еўропе. Вынік яго духоўных пошукаў — раман «Каля Святой гары» (1924). Паступовы адыход ад рэлігійнасці ў філас. рамане «Вялікі ткач з Кашміра» (1927). У 1927—29 жыў у ЗША і Канадзе, пазней наведаў СССР.

Яго светапогляд эвалюцыяніраваў да сацыяліст. ідэй: раманы «Салка Валка» (т. 1—2, 1931—32), «Самастойныя людзі» (т. 1—2, 1934—35), кнігі эсэ і публіцыстыкі «Шлях на Усход» (1933) і «Руская казка» (1938). У рамане «Святло свету» (т. 1—4, 1937—40) пошукі гармоніі паміж рэалізмам і ідэалізмам. Аўтар раманаў: гіст. «Ісландскі звон» (т. 1—3, 1943—46), патрыят. і антываен. «Атамная база» (1948), «Герпла» (1952), «Летапіс хутара Брэкукат» (1957), п’есы «Срэбны месяц» (паст. 1954). З 1960-х г. у яго творах схільнасць да эксперым. форм, шырокае ўжыванне сімволікі, гратэску: раманы «Вернуты рай» (1960), «Хрысціянская апека пад ледавіком» (1968), «Вымольванне Божых дароў» (1972), аўтабіягр. трылогія («На лужку каля роднай хаты», 1975, «Я быў малады», 1976; «Гісторыя сямі мудрацоў», 1978), зб. навел «Буквар з сямі літар» (1964), драмы «Банкет са смажанымі галубамі» (1966) і інш. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклаў І.​Пташнікаў. Нобелеўская прэмія 1955.

Тв.:

Бел. пер. — Атамная база. Мн., 1991;

Рус. пер. — Салка Валка. 2 изд. Л., 1985;

Самостоятельные люди. Исландский колокол. М., 1977;

Свет мира. М., 1994.

Літ.:

Крымова Н., Погодин А. Халлдор Лакснесс. М., 1970.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Х.Лакснес.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАГО́ГА (ад грэч. synagogē сход, месца сходу),

бет-кнесет (іўрыт, літар. — дом сходу), шул (ідыш, літар. — школа), культавы будынак у іудаізме, прызначаны для набажэнстваў і рытуальнага чытання Торы. Часам тэрмін «С.» выкарыстоўваецца для абазначэння іудзейскай абшчыны.

Дакладны час узнікнення С. не высветлены. Паводле талмудычных крыніц, у 5 ст. да н.э. ў Палесціне легендарны іудзейскі святар Ездра з мэтай адраджэння нац. самасвядомасці яўр. народа ва ўмовах іншаземнага заваявання стварыў згуртаванне вучоных і знаўцаў нар. традыцый, якое атрымала назву Вял. С. Магчыма, у гэты час узніклі і збудаванні С. Патрэбнасць у С. звязана з усталяваннем традыцыі чытання Пяцікніжжа па суботах і святочных днях. Да пач. н.э. С. існавалі ва ўсіх рэгіёнах рассялення яўр. насельніцтва. Найб. іх колькасць (480) знаходзілася ў Іерусаліме. Акрамя Палесціны С. будавалі ў г. Дамаску, Александрыі, Антыёхіі, Эфесе, Карынфе, Афінах, Рыме. Гал. месца ў С. займае святы каўчэг (арон-кадзеш), у якім захоўваюцца скруткі Торы (Сефер-Тора); ён знаходзіцца каля ўсх. сцяны. Вернікі моляцца на ўсх. напрамак С. (мізрах) — у бок Іерусаліма. Тора чытаецца са спец. ўзвышэння — бімы. У артадаксальных С. жанчынам адводзіцца асобнае месца (часта галерэя). Часам у С. і яе прыбудовах знаходзяцца ўстановы, якія адыгрываюць важную ролю ў абшчынным жыцці: школы, дабрачынныя арг-цыі, рабінскі суд, зала сходаў і інш.

На фарміраванне арх. аблічча С. паўплывалі традыцыі і прыёмы культавага дойлідства Міжземнамор’я эпохі элінізму і Рым. імперыі. Асновай першых будынкаў С. стаў базілікальны план, у аснове якога прасторнае памяшканне, падзеленае калонамі на падоўжныя нефы. З боку ўвахода і па баках рабілі порцікі з каланадай. Гал. (алтарная) сцяна арыентавалася на Іерусалім (у еўрап., у т. л. бел., яўрэяў на У), каля яе невял. ўзвышэнне (альмэ-мор). У цэнтры залы — кафедра (біма). У некат. С. меўся арган. Алтары багата ўпрыгожвалі разьбяным арнаментам, узорамі маст. кавальства і ліцця з расл. і зааморфнымі матывамі. Па меры рассялення яўрэяў па краінах Еўропы, С. набывалі стылёвыя рысы пэўных народаў і эпох.

На бел. землях С. з’явіліся ў 14 ст. Будавалі С. драўляныя і мураваныя. Архітэктура бел. С. ўвасабляе стылізаваны і пераасэнсаваны вобраз жытла, каўчэга. Усе С. складаюцца з цэласнага, значных памераў аб’ёму пад дахам, блізкім да шатровага (у гарадах Ашмяны Гродзенскай, Столін Брэсцкай абласцей, 18 ст.). Слонімская сінагога арганічна ўпісалася ў гар. арх. ансамбль стылю барока. Архітэктура некат. мураваных С. з рысамі абарончага дойлідства (Быхаўская сінагога). С. ў г. Іўе (Гродзенская вобл.) эклектычная, складаецца з 3 будынкаў для розных слаёў насельніцтва — гандляроў, рамеснікаў і купцоў. Найб. арыгінальныя драўляныя С., якім уласціва адзінства вобраза, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, у аснове якога — пераход рытуальнага памяшкання ў шатровы, часта складанай формы, дах. Формы абыходных галерэй, прыбудоў паўтараюць у мініяцюры форму асн. аб’ёму (С. ў Заблудаве, цяпер Падляскае ваяв., Польшча; не захавалася). С. былі ў гарадах Гродна, Глыбокае, Нароўля, г.п. Сапоцкін, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на і інш. Да 1917 ва ўсх. Беларусі былі 704 С. У сувязі з антырэліг. дзейнасцю сав. улад у 1936 засталася 71 С. Шмат С. знішчана ням.-фаш. акупантамі ў Вял. Айч. вайну. У пач. 1990-х г. на Беларусі дзейнічалі 2 С., на 1.1.2001—8 С.

А.​І.​Лакотка.

Сінагога ў г. Столін Брэсцкай вобл.

т. 14, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАНІ́М (ад псеўда... + грэч. onyma імя),

подпіс ці імя, якімі асоба замяняе сваё сапраўднае прозвішча (імя). Найб. пашыраны ў літаратараў, журналістаў, мастакоў, дзеячаў т-ра, кіно і інш. Прычыны з’яўлення П. розныя: праследаванні цэнзуры, немілагучнасць сапр. прозвішча, наяўнасць аднолькавых прозвішчаў, саслоўныя забабоны, боязь правалу ў маст. творчасці, жаданне захаваць інкогніта, падкрэсліць якія-н. свае асабістыя якасці ці прадставіць сябе іншым, чым ў сапраўднасці (літ. маска). Літ. П. можа лічыцца адным з відаў літ. містыфікацый.

Вядомы са старажытнасці. У некат. асоб акрамя асн. было шмат інш. П. (у Вальтэра болей за 160, у Кацусікі Хакусая болей за 10). Часам П. далучаліся да асн. прозвішча (М.​Салтыкоў-Шчадрын), многія сталі сталым аўтарскім імем (Мальер, Стэндаль, М.​Горкі, Чымабуэ). П. могуць паказваць на нацыянальнасць (Леся Украінка), месца нараджэння асобы або яе жыхарства (Дз.​Мамін-Сібірак, Леанарда да Вінчы), рысу характару і перакананні (Павел Беспашчадны) або творчасці (Наваі, г.зн. меладычны). Існуюць калектыўныя П. (Казьма Пруткоў, Кукрыніксы). Ёсць П. з мэтай маскіроўкі, каб прыпісаць асобам неўласцівыя ім якасці: жанчынам — мужчынскі пол (Жорж Санд), інш. нацыянальнасць (Гіём Апалінэр — В.​А.​Кастравіцкі), іншую прафесію (Пасічнік Руды Панько — М.​Гогаль) і інш. Вядомы гумарыстычныя П. (Зубаскал — Ф.​Дастаеўскі, Гайка №6 — А.​Чэхаў, Кабзар Дармаграй — Т.​Шаўчэнка).

На Беларусі П. пачалі ўжывацца з 16 ст. ў палемічнай л-ры: Стафана Куколя (Тустаноўскага) — Стафан Зізаній, Марціна Бранеўскага — Хрыстафор Філалет, Мялеція Сматрыцкага — Тэафіл Арфалог і інш. Інтэнсіўнае пашырэнне П. ў прэсе Беларусі назіраецца з 2-й пал. 19 ст. А.​Вярыга-Дарэўскі выдаў у Магілёве паэму «Гутарка пра сваяка» (1858), падпісаную «Białoruska Duda», газ. «Мужыцкая праўда» К.​Каліноўскі падпісваў «Jaśko — haspadar s pad Wilni». Шмат П. у народніцкіх выданнях 1880-х г., у газ. «Минский листок» (1886—1902). Ф.​Багушэвіч свае кнігі, выдадзеныя за мяжою, падпісваў «Мацей Бурачок» і «Сымон Рэўка з-пад Барысава», А.​Абуховіч падпісваўся «Граф Бандынэлі», А.​Лявіцкі — Ядвігін Ш. Шмат П. выкарыстоўвалася ў газ. «Наша ніва» (1906—15), у прэсе Зах. Беларусі, на Беларусі з 1920-х г. і да сённяшняга дня.

Існуе больш за 50 відаў П. Асноўныя: уласна П. (сапраўдныя П.), ці фіктонімы, абагульняльныя П., крыптанімы. Уласна П. — формы, утвораныя па законах якой-н. мовы, даюць поўнае ўражанне імя і прозвішча аўтара: І.​Луцэвіч — Янка Купала, Марка Бяздольны, Цімох Каруза; К.​Міцкевіч — Якуб Колас, Тарас Гушча, Тамаш Булава; А.​Луцкевіч — Антон Навіна; В.​Ластоўскі — Власт; М.​Раманоўскі — Кузьма Чорны; З.​Жылуновіч — Цішка Гартны, Сымон Друк, Янка Кліч; М.​Касянкоў — Міхась Зарэцкі; Я.​Скурко — Максім Танк; І.​Навуменка — Яўхім Цыбук і інш. Абагульняльныя П. — тыя, у якіх імя і прозвішча аўтара заменена на паказанне яго нацыянальнасці (Беларус — М.​Янчука і П.​Дземідовіча, Максім Беларус — М.​Гарэцкага, Litwin (г.зн. беларус) — А.​Рымшы; тэрытарыяльнай прыналежнасці (С.​Пятроўскага-Сітніяновіча — Сімяон Полацкі, К.​Міцкевіча — Мікалаевец, І.​Луцэвіча — Янук з-пад Мінска); сац. становішча (З.​Жылуновіча — Бэйгар, С.​Крыўца — Сярожа Пастушок) і інш. Калі да такіх П. дадаецца поўнае імя або ініцыял, яны набываюць форму сапраўдных П. (З.​Жылуновіча — Змітро Капылянін, Дз.​Бяспалага — Зм.Вялікаборац). Вельмі пашыраная форма П. — крыптанімы, якія ўтвараюцца з ініцыялаў імя або прозвішча, імя і прозвішча, часам імя, імя па бацьку і прозвішча, пачатковых літар П. аўтара (ІЛ., Я.К. — І.​Луцэвіч, М.Б. — М.​Багдановіч, Я.С. — Я.​Сіпакоў), з літар розных алфавітаў (A.D. — Ф.​Багушэвіч, *S — І.​Неслухоўскі), з розных скарачэнняў імя або прозвішча аўтара ці яго П. (К—а, К-А-А — І.​Луцэвіч, Б—ч — М.​Багдановіч), анаграм, змешвання літар і складоў імя і прозвішча (А.​Рэка — А.​Бабарэка). Своеасаблівая форма П. — псеўдаандронімы, г.зн. мужчынская форма П. для аўтара-жанчыны (Гаўрыла з Полацку — Алаіза Пашкевіч) і псеўдагінімы, жаночыя формы П., выкарыстаныя мужчынамі (Ганна Крум — К.​Міцкевіча, Ек.Февралёва — М.​Багдановіч, Ганна Аршыца — У.​Дубоўка, Ганна Галубянка — І.​Канчэўскі). Часам за П. хаваецца не адна асоба (Лукаш Бандылевіч — П.​Броўка і Я.​Скрыган; І.​Сібарсач — Я.​Сіпакоў, Р.​Барадулін, Б.​Сачанка; Я.​Лупаты — Я.​Брыль, М.​Лужанін, П.​Панчанка, М.​Танк). П. карыстаюцца акцёры (Юрка Куртаты — М.​Кудзелька, Г.​Глебаў — Г.​Сарокін, У.​Уладамірскі — У.​Малейка, В.​Галіна — В.​Александроўская, Л.​Рахленка — Л.​Г.​Рахлін і інш.), мастакі (Эль Лісіцкі — Л.​Лісіцкі, Ксёндз — А.​Ксяндзоў, Мара — А.​Марачкін, А.​Эроціч — А.​Тарановіч і інш.). Пераважная большасць П. не дае ніякіх звестак пра іх носьбітаў: прозвішчы (І.​Іваноў — А.​Пушкін), літары лац. алфавіта (N., г.зн. Nemo, — ніхто), таксама друкарскія абазначэнні — зорачкі (астронімы), знакі прыпынку, матэм. знакі, геам. фігуры (стыгмонімы). Паводле заканадаўства кожны аўтар мае права карыстацца П. Рэдакцыі газет і часопісаў абавязаны захоўваць таямніцу П.

Літ.:

Масанов Ю.И. В мире псевдонимов, анонимов и литературных подделок. М., 1963;

Дмитриев В.Г. Замаскированная литература. М., 1973;

Яго ж. Скрывшие свое имя: (Из истории анонимов и псевдонимов). 2 изд. М., 1977;

Яго ж. О псевдонимах и их классификации // Филол. науки. 1975. № 5;

Старущенко Г.П. Отечественные труды по библиографированию псевдонимов // Вопросы истории методики универсальной и отраслевой библиографии. Л., 1980;

Масанов И.Ф. Словарь псевдонимов русских писателей, ученых и общественных деятелей. Т. 1—4. М., 1956—60;

Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.). Мн., 1983;

Świerczyńska D. Polski pseudonim literacki. Warszawa, 1983;

Słownik pseudonimów pisarzy polskich. T. 1—4. Wrocław etc., 1994—96.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФО́РТ (франц. eau-forte літар. азотная кіслата),

від гравюры на метале, у якой паглыбленыя элементы друкарскай формы ствараюцца траўленнем металу кіслотамі.

Металічную пласціну («дошку») пакрываюць кіслотаўстойлівым лакам, потым гравіравальнай іголкай, якая знімае лак і агаляе метал, наносяць малюнак. Змясціўшы «дошку» ў кіслату, пратраўліваюць метал, што паглыбляе след ад іголкі. Малюнак запаўняюць фарбай. Адбіткі з дапамогай спец. станка пераносяць на вільготную паперу. У шырокім сэнсе афорт уключае і інш. віды гравюры з траўленнем: акватынту, лавіс, мяккі лак; можа спалучацца з «сухой іголкай» і гравюрай разцом. Афорт узнік у Зах. Еўропе на пач. 16 ст. (Д.​Хопфер, А.​Дзюрэр у Германіі, У.​Граф у Швейцарыі). Развіццё атрымаў у творчасці мастакоў 17—19 ст.: Ж.​Кало (Францыя), Рэмбранта, Дж.​Піранезі (Італія), Ф.​Гоі (Іспанія). Да афорта звяртаюцца ў 20 ст. Ф.​Брэнгвін (Вялікабрытанія), К.​Кольвіц (Германія) і інш.

На Беларусі першыя афортныя творы (медзярыт) з’явіліся ў 16 ст. (Карта Полацкай зямлі і План Полацка, абодва 1579). У 1980—90-я г. ў тэхніцы афорта выконваюцца асобныя творы і цыклы, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці (Л.​Ран, А.​Кашкурэвіч, Л.​Асецкі, А.​Паслядовіч, Г.​Паплаўскі, М.​Басалыга, М.​Барздыка, В.​Баранаў, С.​Герус, С.​Балянок, Ю.​Падолін і інш.).

М.​М.​Паграноўскі.

Да арт. Афорт. Г.​Паплаўскі. Ілюстрацыя да паэмы Я.​Купалы «Яна і Я». 1979.
Да арт. Афорт. Ю.​Падолін. Пакінуты. 1994.
Да арт. Афорт. Л.​Ран. Партрэт дзяўчыны. 1959.
Да арт. Афорт. Ф.​Гоя. Бравісіма! З серыі «Капрычас». 1793—1803.
Да арт. Афорт. А.​Кашкурэвіч. Смага. 1970.
Да арт. Афорт. Ж.​Кало. Два камедыянты. 1620-я г.

т. 2, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ГРАФІЯ (ад грэч. kalligraphia прыгожы почырк),

мастацтва прыгожага і дакладнага пісьма. Вылучаецца кампазіцыйнай дасканаласцю, стылявым адзінствам, вобразнасцю, спалучэннем традыц. і нац., высокім выканаўчым майстэрствам (віртуознасць росчыркаў, выразнасць аўтарскай індывідуальнасці, інструмента і інш.).

Вытокі К. ў глыбокай старажытнасці Яе развіццё звязана з гісторыяй пісьма, шрыфту, пісьмовых прылад, эвалюцыяй маст. стыляў. Асаблівасці К. ў розных краінах абумоўлены сац. запатрабаваннямі, нац культ. і маст. традыцыямі, рэлігіяй і інш. Вял. значэнне аддавалася К. ў краінах з іерагліфічным пісьмом (Японія, Кітай і інш.; гл. Іерогліф) і арабскім, дзе мусульм. веравызнанне абмяжоўвае выяўл. творчасць. У працэсе развіцця К. вылучыліся 2 тэндэнцыі: адна абумоўлена функцыян. патрабаваннямі (зручнасць пісьма, яснасць і макс. распазнавальнасць знакаў, магчымасць чытаць на адлегласці), другая — падпарадкаваннем формы літар, слоў, тэксту маст. або дэкар. мэтам (дэкар. ўзорыстасць, якая набліжае пісьмо да арнаменту).

На Беларусі К. вядома з 10—11 ст. у рукапісных богаслужэбных кнігах. Развівалася на аснове кірыліцы ад устава і паўустава да скорапісу. Вял. ўвага аддавалася афармленню пач. старонак (змяшчалі арнамент, застаўкі, ініцыялы). 15—16 ст. — росквіт бел. К. (курсіў, у якім адчувальны ўплыў зах.-еўрап. познагатычнага пісьма). Традыцыі К. паўплывалі на шрыфты кніг Ф.​Скарыны, якія ўяўляюць сабой творчы сінтэз бел. і зах.-еўрап. К. З’яўленне кнігадрукавання абмежавала выкарыстанне К. З развіццём машынапісу яна захавалася ў афармленні кніг, плакаце, рэкламе і інш. галінах, дзе выкарыстоўваюцца маст. маляваныя шрыфты, часам выступае як твор станковай графікі (Ю.​Тарэеў і інш.).

Юсеф Сеід, Рамзі Мустафа, Саад Кяміль, Абу Халіль Лютфа. Карціна на тэму арабскай каліграфіі.
Да арт. Каліграфія. Ю.​Тарэеў. З трыпціха «Галасы». 1997.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)