БАЯНІ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Любанскім раёне Мінскай вобл., у бас. р. Арэса, за 20 км на ПдУ ад г. Любань. Пл. 0,58 км². Вадазбор раўнінны, катлавіна авальнай формы, нязначна выцягнутая з З на У. Цахмінскім каналам злучана з р. Арэса.
т. 2, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕСТЫТУ́РА (ад лац. investio апранаю, надзяваю),
у сярэднія вякі ў Зах. Еўропе юрыд. акт перадачы зямельнага феода (лена), пасады, сана, які замацоўваў васальную залежнасць (гл. Васалітэт). Своеасаблівым яе відам была царкоўная І. — цырымонія зацвярджэння духоўнай асобы на пасаду і ўзвядзення ў сан епіскапа ці абата. Да канца 11 ст. царк. І. належала свецкай уладзе (у Англіі — каралю, у «Свяшчэннай Рым. імперыі» — імператару). У 11—12 ст. за права І. вялася барацьба паміж імператарамі «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ажыццяўлялі І. епіскапаў і абатаў з часоў Атона І) і рым. папамі, якія імкнуліся падначаліць свецкія ўлады і мець права І. Найб. напружанай была барацьба за І. ў Германіі; скончылася ў 1122 заключэннем кампраміснага Вормскага канкардату, які замацаваў права духоўнай І. за папам, а свецкай — за імператарам. У Францыі і Англіі спрэчкі па пытаннях І. скончыліся пагадненнем паміж каралямі і папам.
т. 7, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА імя Марцінаса Мажвідаса.
Засн. ў 1919 на базе Віленскай гар. публічнай б-кі. Пасля акупацыі Вільні Польшчай (1919—39) пераведзена ў г. Каўнас. У 1940 атрымала статус дзярж. б-кі. З 1963 у Вільні. З 1989 сучасная назва. Асн. кніжны фонд налічвае больш за 9 млн. адзінак (1998) на літ. і замежных мовах, у т. л. 57 тыс. экз. рукапісаў, каля 30 тыс. экз. рэдкіх кніг і старадрукаў (выданні ант. аўтараў, кнігі М.Лютэра, Э.Ратэрдамскага і інш.), каля 6 млн. экз. кніг і перыёдыкі, больш за 100 тыс. мікраформ, больш за 2 млн. экз. інш. матэрыялаў (жывапіс, ноты, карты, атласы і інш.); мае калекцыю літуаністыкі (больш за 800 тыс. адзінак), у т. л. «Катэхізіс» у перакладзе М.Даўкшы (1595), калекцыю бел. кніг і перыёдыкі, надрукаваных у розныя часы ў Вільні, выданні ВКЛ на лац., ням., польск., бел. і рус. мовах. Штогод фонды павялічваюцца. Абменьваецца навук. л-рай з б-камі і ўстановамі замежных краін, захоўвае літ. рукапісную і друкаваную спадчыну, вядзе н.-д., выдавецкую і метадалаг. работу; мае аўтаматызаваную інфарм. бібліятэчную сістэму, электронны каталог літ. кнігі, інфарм. цэнтр і г.д. З 1992 б-ка з’яўляецца дэпазітарыем Еўрапейскага супольніцтва. Пры б-цы створаны Цэнтр бібліяграфіі і кнігазнаўства (б. Літ. кніжная палата).
Літ.:
Lietuvos nacionalinė Martyno Mažvydo biblioteka. Vilnius, 1993.
І.І.Курбатава.
т. 9, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЛАЯ РУСЬ»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 19.2(4.3) да 20.6(3.7).1906 у Вільні на рус. мове. Выступала за пануючае становішча ў Паўн.-Зах. краі «рускага насельніцтва», да якога адносіла таксама беларусаў і ўкраінцаў, адмаўляла іх нац. і культ. самастойнасць. Агітавала за выданне «тайных газет на мясцовай гаворцы» і ўвядзенне бел. мовы ў праграму пач. школы для «барацьбы з паланізацыяй краю». З мэтай выхавання вялікадзярж. «патрыятычных пачуццяў» спрабавала выкарыстоўваць спадчыну Ф.Скарыны, В.Цяпінскага і інш. дзеячаў бел. культуры, адмаўляючы пры гэтым іх бел. самабытнасць. З правых пазіцый ацэньвала дзейнасць урада і Дзярж. думы, выступала супраць рэв. і нац.-вызв. руху. Змяшчала агляды маст. жыцця Вільні і губерні.
У.М.Конан.
т. 3, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ КАМА́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Камайка (выцякае з возера), за 17 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 0,25 км², даўж. 1,05 км, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 22 м, даўж. берагавой лініі каля 2,6 км. Пл. вадазбору 9,8 км². Схілы катлавіны выш. 9—14 м, на З і У 5—6 м, пад лугам і пашай. Берагі нізкія, парослыя хмызняком. У падводнай частцы катлавіны вылучаюцца 4 замкнёныя катлавіны з глыб. 8, 14,9, 18,5 і 22 м. Дно пясчанае, глыбей за 2 м выслана глеямі. 26% паверхні возера занята расліннасцю, шыр. паласы 5—30 м. Злучана пратокай з Малым Камайскім возерам.
т. 4, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАМАДЗЯ́НІН»,
газета левай фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Выдавалася 14.1—25.3.1919 у Вільні на бел. мове (з № 5 — лацінкай) 2 разы на тыдзень. Выступала ў абарону інтарэсаў сялян і рабочых Беларусі і Літвы, за самавызначэнне народаў, за стварэнне рэальнага народаўладдзя. Рэзка пратэставала супраць падзелу Беларусі (захавання ў РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і зах. паветаў Смаленскай губ.). Падтрымлівала ідэю стварэння сусв. федэрацыі радавых (савецкіх) рэспублік з умовай, што Беларусь увойдзе ў яе як раўнапраўная адзінка з усімі сваімі этнічнымі землямі. Друкавала творы Я.Купалы, Я.Коласа, Ф.Аляхновіча, тэксты рэв. песень у перакладзе на бел. мову. Выйшла 20 нумароў. Закрыта ў сувязі з наступленнем польскіх легіёнаў і пераездам асн. аўтара (Т.Грыба) у Гродна.
А.С.Ліс.
т. 5, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́СКАВІЧЫ,
возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна, за 5 км на Пд ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,72 км², даўж. 2,8 км, найб. шыр. 750 м, найб. глыб. 30,7 м, даўж. берагавой лініі 8,2 км. Пл. вадазбору 6,2 км². Схілы катлавіны выш. 20—22 м (на Пн і З 14—15 м), параслі хмызняком, на Пн разараныя. У паўд.-ўсх. ч. 2 вузкія залівы. Берагі зліваюцца са схіламі, на З нізкія, забалочаныя. Найб. глыбакаводная паўн. ч. возера, у залівах глыб. не больш за 5—6 м. Дно выслана ілам, уздоўж берагоў пясчанае. На Пд упадаюць ручаі з воз. Разван і возера без назвы, на ПнЗ злучана пратокай з воз. Круглік.
т. 9, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБІ́СТА,
возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 13 км на З ад г. Міёры. Уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёр. Пл. 3,75 км², даўж. 4,8 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі 12,6 км. Пл. вадазбору 152 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 2—5 м, спадзістыя, параслі хмызняком, на Пд і ПдЗ разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, участкамі сплавінныя. Дно плоскае, у прыбярэжнай ч. пясчанае, месцамі ілістае, глыбей сапрапелістае. Празрыстасць больш за 1,5 м, вада з жаўтаватым адценнем, мінералізацыя 150 мг/л. Зарастае. Злучана пратокамі з азёрамі Абстэрна і Падзявы, выцякае р. Хараброўка (верхняе цячэнне р. Вята).
З.І.Гарэлышава.
т. 11, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХМА́Н Муджыбур, шэйх Муджыб (17.3.1920, Тунгіпура, Індыя — 15.8.1975), палітычны і дзярж. дзеяч Бангладэш. Скончыў ісламскі каледж у Калькуце. У 1949 адзін з заснавальнікаў (з 1965 лідэр) Народнай лігі (Авамі ліг, АЛ), якая стаяла за аўтаномію Усх. Пакістана ў складзе адзінай пакістанскай дзяржавы. За сваю дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны ваен. ўладамі Пакістана. Пасля перамогі ў 1970 АЛ на парламенцкіх выбарах у Пакістане і адмовы ваенных перадаць ёй уладу ініцыіраваў абвяшчэнне Усх. Пакістана незалежнай Рэспублікай Бангладэш. З 1972 прэм’ер-міністр, з 1975 прэзідэнт Нар. Рэспублікі Бангладэш. Ажыццяўляў палітыку шырокіх сац. пераўтварэнняў, але не здолеў пераадолець цяжкі эканам. крызіс, у якім апынулася краіна ў сярэдзіне 1970-х г. Забіты ў выніку дзярж. перавароту.
т. 13, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРЫ́КІН (Уладзімір Аляксеевіч) (24.8.1916, в. Сухадол Ліпецкай вобл., Расія — 24.4.1990),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Грозненскае ваен. вучылішча (1941). Політэхн. ін-т у Таронта (Канада, 1950-я г.). У Вял. Айч. вайну з 1941 на 1-м Бел. фронце. Батальён на чале з капітанам С. 1—3.12.1943 у баях за в. Чырвоная Слабада Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. штодзень адбіваў па 10—12 контратак ворага; апынуўшыся ў шчыльнай аблозе ворага, С. выклікаў агонь сав. артылерыі на сябе; палічаны загінуўшым. Цяжка паранены трапіў у палон, з 1946 у Канадзе, за што з 1977 да 1992 сав. ўладамі быў пазбаўлены звання Герой Сав. Саюза. Перапахаваны на месца апошняга бою.
т. 14, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)