ЛАБРАДО́РА ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ ПО́ЯС,
жалезарудны басейн у Канадзе. Цягнецца праз п-аў Лабрадор на 1300 км. Прымеркаваны да пратэразойскай вулканагенна-асадкавай тоўшчы Лабрадорскага прагіну. Радовішчы па паходжанні метамарфізаваныя (руды — магнетыт-гематытавыя кварцыты). Разведаныя запасы больш за 21 млрд. т руды, у якой жалеза 30—40%, багатай руды больш за 700 млн. т., у якой жалеза 51—66%. Эксплуатуецца з 1954. Цэнтры здабычы — гарады Шэфервіл, Уобуш, Маўнт-Райт, Ганьёнвіл.
т. 9, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я, ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ І ЦЭЛЮЛО́ЗНА-ПАПЯРО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
сукупнасць галін прам-сці па нарыхтоўцы драўніны, яе апрацоўцы і перапрацоўцы. Уключае лесанарыхтоўчую прамысловасць, дрэваапрацоўчую прамысловасць, мэблевую прамысловасць, лесахімічную прамысловасць, цэлюлозна-папяровую прамысловасць. Выпускае дзелавую драўніну, піламатэрыялы, мэблю, клееную фанеру, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты, паперу, кардон, запалкі, каніфоль, шкіпінар і інш. На Беларусі (1999) больш за 1200 прадпрыемстваў і вытв-сцей, на якіх занята больш за 100 тыс. чал.
т. 9, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЕЦ,
возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч (цячэ праз возера), за 42 км на ПдУ ад г. Докшыцы, на тэр. Бярэзінскага біясфернага запаведніка, сярод забалочанага лесу. Пл. 1,44 км², даўж. больш за 2,7 км, найб. шыр. 750 м, даўж. берагавой лініі 6,1 км. Пл. вадазбору 188 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае.
т. 10, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́Я ВАСІ́ЛЬКАЎНА (12 ст.),
князёўна, дачка полацкага кн. Васількі Святаславіча, пляменніца Ефрасінні Полацкай, праўнучка Усяслава Брачыславіча. У 1143 аддадзена замуж за Святаслава Усеваладавіча, князя чарнігаўскага, ноўгарад-северскага, вял. кн. кіеўскага (з 1177). Аказвала на мужа вял. ўплыў як пастаянная дарадчыца ў справах палітыкі. Паводле летапісу, паход 1180 Святаслаў «сдумав с княгинею своею». Выступала за стабільнасць адносін паміж Кіевам і Полацкам. Аўдавела ў 1194.
І.А.Масляніцына.
т. 10, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА РАМЕ́СНЫХ ВУЧНЯЎ.
Існавала ў 1896—1918 у Мінску пры гар. кіраўніцтве. Утрымлівалася за кошт казны і платы за навучанне. Мела 3 аддзяленні: слясарна-кавальскае, сталярна-такарнае і ліцейнае. Апрача слясарнага, сталярнага, чыгуналіцейнага майстэрства вывучаліся рус. і лац. мовы, законавучэнне правасл. і каталіцкага веравызнання, матэматыка, геаграфія, гісторыя, чыстапісанне, спевы, геаметрыя, фізіка, чарчэнне, маляванне. У 1915 вучылася 108 юнакоў. Восенню 1915 эвакуіравана ў Тулу.
т. 10, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТКЕ́ВІЧ (Рыгор Мікалаевіч) (6.5.1923, в. Дваранінавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 18.10.1959),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1941 на 1-м Бел. фронце. Камандзір стралк. аддзялення сяржант М. вызначыўся на тэр. Польшчы ў жн. 1944 у баях за плацдарм на левым беразе р. Вісла, на тэр. Германіі ў 1945 у лютым пры фарсіраванні р. Одэр і сак. ў баі за населены пункт.
т. 10, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ІРЛА́НДЫЯ (New Ireland),
вулканічны востраў у Ціхім ак., у Бісмарка архіпелагу. Тэр. Папуа—Новая Гвінея. 8,6 тыс. км². Нас. (з прылеглымі астравамі) 87 тыс. чал. (1990). Горныя масівы выш. да 2150 м акаймаваныя берагавымі нізінамі. Клімат гарачы, вільготны. Сярэднія месячныя т-ры 25—28 °C. Ападкаў больш за 2000 мм за год. Вільготныя экватарыяльныя лясы. Асн. культура — какосавая пальма. Гал. горад і порт — Кавіенг.
т. 11, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ТАР,
вёска ў Чачэрскім с/с Чачэрскага р-на Гомельскай вобл., каля р. Сож. Цэнтр калгаса. За 5 км на Пн ад г. Чачэрск, 70 км ад Гомеля, 42 км ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская. 329 ж., 141 двор (2000). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. За 1,5 км ад вёскі насыпаны курган на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 11, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́ВЕЦ,
рака ў Віцебскім і Лёзненскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Вымнянка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 158 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Куракі Лёзненскага р-на, цячэ ў межах Віцебскага ўзвышша. Вусце за 500 м ад г.п. Янавічы Віцебскага р-на. У верхнім цячэнні называецца Гарна. Рэчышча на працягу 7,5 км уверх ад вусця каналізаванае.
т. 12, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-АМЕРЫКА́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
падводная катлавіна ў Атлантычным ак., паміж падводным Паўн.-Атлантычным хр., мацерыковым схілам Паўн. Амерыкі і падводным узвышэннем дугі Вест-Індскіх а-воў. Даўж. з Пн на Пд больш за 2200 км. Пераважаюць глыбіні больш за 5000 м, найб. — 7110 м. На ПдЗ глыбакаводны жолаб Пуэрта-Рыка з найб. глыб. Атлантычнага ак. 8742 м. У цэнтр. ч. Бермудскае ўзв., на якім размешчаны Бермудскія астравы.
т. 12, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)