князь крэўскі і віцебскі, вял. князь ВКЛ [1345—77]. Сын Гедзіміна. Атрымаў ад бацькі Крэўскае княства. Каля 1318 ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і ў хуткім часе стаў віцебскім князем. Пасля смерці Гедзіміна, калі Вільня і велікакняжацкі пасад дасталіся яго малодшаму брату Яўнуту, арганізаваў супраць яго змову з братам Кейстутам. Кейстут заняў Вільню і захапіў Яўнута, аднак велікакняжацкі пасад дастаўся Альгерду, што сведчыла аб прызнанні Кейстутам дамінуючага месца бел. зямель у дзяржаве. Альгерд паспяхова вёў палітыку, накіраваную на канчатковае аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у адзінай дзяржаве. Да ВКЛ было далучана Чарнігава-Северскае княства (1340-я г.), у паліт. залежнасці ад яго апынулася Смаленскае (1350-я г.). Імкнуўся пашырыць свой уплыў на Цвярское княства, што абвастрыла яго адносіны з Масквой. Ажыццявіў 3 паходы на Маскву (1368, 1370, 1372). У бітве каля Сініх Водаў 1362 разбіў татараў і далучыў да ВКЛ Падолле. Авалодаў Кіевам і пасадзіў там князем свайго сына Уладзіміра. У выніку барацьбы з польск каралём Казімірам III за Галіцкую і Валынскую землі яму дасталася (1377) апошняя. Шмат разоў узначальваў войска для адпору агрэсіі Тэўтонскага ордэна. За час яго княжання тэр.ВКЛ павялічылася больш як у 2 разы, што было на карысць бел. землям, забяспечвала ім вядучае месца ў дзярж. жыцці, спрыяла развіццю эканомікі і культуры ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́ВІНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1707—09,
антыфеадальнае сялянска-казацкае паўстанне пад кіраўніцтвам К.А.Булавіна (1671—1708) на Доне, у Паволжы і ў суседніх з імі раёнах. Непасрэдным штуршком да Булавінскага паўстання стала імкненне рас. ўрада вярнуць з Пд беглых сялян памешчыкам. У ноч на 9.10.1707 атрад паўстанцаў з 200 чал. на чале з Булавіным знішчыў каля Шульгінскага гарадка на р. Айдар частку карнікаў Ю.У.Далгарукага. Паўстанне хутка пашырылася ўверх па цячэнні Дона, да яго далучыліся казацкая галота і сяляне Тамбоўскага і Казлоўскага пав., Левабярэжнай і Слабадской Украіны. 1.5.1708 Булавін заняў Чаркаск, дзе 9.5.1708 яго выбралі атаманам «усевялікага войска Данскога». Яго атаманы І.Паўлаў, І.Някрасаў, Л.Хахлач авалодалі Дзмітрыеўскам і Царыцынам, асадзілі Саратаў. На Северскім Данцы і ў Слабадской Украіне паспяхова змагаліся атрады С.Дранага, М.Голага, С.Бяспалага. Для задушэння Булавінскага паўстання ўрад стварыў спец. армію (32 тыс.чал.) пад камандаваннем В.У.Далгарукага. У ліп. 1708 Булавін асадзіў Азоў, але не авалодаў ім. У гэты час былі разбіты атрады Дранага і інш. Вярхі казацтва, незадаволеныя няўдачамі, арганізавалі змову супраць Булавіна. Каб не трапіць у палон, ён застрэліўся. Асобныя атрады паўстанцаў змагаліся да пач. 1709. Царскі ўрад жорстка задушыў Булавінскае паўстанне. Дон страціў незалежнасць.
Літ.:
Буганов В. Булавин. М., 1988;
Лебедев В.И. Булавинское восстание (1707—1708). М., 1967. З.І.Каршакова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́К-БАЛАХО́ВІЧА ПАХО́Д 1920,
ваенная акцыя Рус.нар. добраахвотніцкай арміі (з рус. і бел. вайсковых часцей) на чале з ген. С.Н.Булак-Балаховічам у ліст. 1920 на Палессі. Паліт. кіраўнік акцыі — старшыня Рус.паліт.к-та ў Польшчы Б.В.Савінкаў. Акцыя была разлічана на падтрымку сялянства, незадаволенага палітыкай «ваеннага камунізму». Меў на мэце стварэнне незалежнай Бел. дзяржавы і саюзнай з ёй Рас.дэмакр. рэспублікі. Падтрыманы начальнікам Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім.
Сканцэнтраваўшы свае сілы ў раёне Лунінец—Мікашэвічы—Тураў, армія Булак-Балаховіча (20 тыс.чал.) 6.11.1920 пачала наступленне ўздоўж р. Прыпяць. Разбіўшы часці Чырв. Арміі, яна заняла Петрыкаў, Калінкавічы, Мазыр, падышла да Рэчыцы. У Мазыры Булак-Балаховіч абвясціў сябе «начальнікам Беларускай дзяржавы», галоўнакамандуючым усімі ўзбр. сіламі Беларусі і пракламаваў незалежнасць Беларусі; выдаў загад пра фарміраванне бел.войска, назначыў «урад Беларусі» на чале з П.П.Алексюком і абвясціў «звергнутымі» ўрады БССР і Бел.Нар. Рэспублікі. 16 ліст.Чырв. Армія пачала контрнаступленне і 20.11.1920 узяла Мазыр. Асн. сілы Булак-Балаховіча прабіліся на польскі бок фронту, большасць арміі была раззброена польск. ўладамі; інтэрніраваныя ў Белавежскай пушчы асобныя атрады ўдзельнічалі ў нападах на БССР да 1922.
Літ.:
Историко-стратегический очерк XVI-й армии. Могилев, 1921. С. 148—160;
Simanskij P. Kampanja białorusko-rosyjskiej armji ludowo-ochotniczej gen. Bułak-Bułachowicza w r. 1920 // Bellona. Warszawa, 1931. Т. 37, z. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ (Міхаіл Львовіч) (мянушка Мажны, каля 1470 — 1534),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ і Маскоўскага вял. княства. З роду Глінскіх. Вучыўся ў Зах. Еўропе, служыў у войску герм. імператара Максіміляна I. У канцы 1490-х вярнуўся ў ВКЛ, стаў набліжанай асобай вял.кн. Аляксандра. Маршалак дворны літоўскі (1500) намеснік мерацкі (1502), бельскі (1505). Атрымаў буйныя маёнткі на Падляшшы, Мажэйкава (пад Лідай), Тураў і інш. У 1506 на чале войскаВКЛ разбіў татар у Клецкай бітве 1506. Узвышэнне Глінскага і яго братоў выклікала востры канфлікт са старой знаццю, непрыязна паставіўся да Глінскага і новы вял.кн. Жыгімонт I Стары. Глінскі імкнуўся паказаць сябе абаронцам праваслаўя і заклікаў бел. і ўкр. шляхту падтрымаць яго (хоць сам яшчэ ў маладосці прыняў каталіцтва і вярнуўся ў праваслаўе толькі значна пазней у Маскве). Усе гэтыя супярэчнасці прывялі да Глінскіх мяцяжу 1508. Пасля няўдалага выступлення ўцёк у Маскву, атрымаў у Расіі ўладанні (Малаяраславец, Бароўск) замест канфіскаваных у ВКЛ. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. За намер вярнуцца на радзіму зняволены ў турму, дзе прабыў да 1527 (паводле інш. звестак да 1526). Вызвалены па просьбе пляменніцы Алены, жонкі вял. князя маскоўскага Васіля III, стаў ваяводам. У 1533 увайшоў у склад Вярхоўнай думы. У 1534 у выніку інтрыг зноў кінуты ў турму, дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКАГА МЯЦЕ́Ж 1918,
антысавецкае ўзбр. выступленне 1-га польск. корпуса на чале з Ю.Р.Доўбар-Мусніцкім.
Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 са згоды сав. ўрада корпус (3 дывізіі, 25—29 тыс. легіянераў) пачаў канцэнтравацца ў раёне Рагачоў—Жлобін—Бабруйск. Аднак яго камандаванне не выконвала пастановы новай улады аб дэмакратызацыі войска, не дазваляла канфіскацыю памешчыцкіх маёнткаў і нацыяналізацыю прадпрыемстваў, легіянеры рабавалі мясц. насельніцтва. Сав. ўлады ў снеж. 1917 часова арыштавалі Доўбар-Мусніцкага і некат. афіцэраў, у студз. 1918 выдалі загад аб расфарміраванні корпуса.
У адказ 25.1.1918 Доўбар-Мусніцкі аб’явіў вайну Сав. рэспубліцы, 26.1.1918 захапіў Рагачоў, 3.2.1918 — Бабруйск. Супраць мяцежнікаў накіраваны атрад чырвонагвардзейцаў (каля 10 тыс.чал.) на чале з І.Вацэцісам. 13.2.1918 1-я польск. дывізія цалкам разбіта пад Рагачовам, горад вызвалены. 2-я дывізія адышла да Бабруйска, куды рухаліся астатнія часці корпуса. Большасць польск. палкоў былі раззброены па дарозе на Бабруйск. У выніку праведзенай бальшавікамі і палякамі-інтэрнацыяналістамі агітац. работы значная колькасць легіянераў перайшла ў сав.ваен. фарміраванні. З іх утвораны 1-ы польскі рэв. батальён у Віцебску, польскі батальён рэв. палка імя Мінскага Савета і інш. У лют. 1918 часці корпуса па дамоўленасці з вярх. камандаваннем герм. войск пачалі наступленне на Мінск, нанеслі паражэнне сав. войскам каля чыг. станцый Ясень і Асіповічы, 20.2.1918 захапілі Мінск. 26.2.1918 у Бабруйску заключана пагадненне аб падпарадкаванні 1-га польск. корпуса немцам. У маі 1918 корпус расфарміраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ННА Д’АРК (Jeanne d’Arc; 1410 ці 1412, Дамрэмі-ла-Пюсэль, Францыя — 30.5.1431),
нацыянальная гераіня Францыі, якая ўзначаліла адзін з этапаў вызв. барацьбы франц. народа супраць англічан у Стогадовую вайну 1337—1453. З сял. сям’і. Апантаная містычнай верай у сваё прызначэнне вызваліць Францыю ад англічан, 4.3.1429 прыбыла ў г. Шынон, дзе дамаглася падтрымкі дафіна Карла. 8.5.1429 франц.войска на чале з Ж.д’А. зняло аблогу англічан з Арлеана (у народзе яе сталі называць Арлеанскай дзевай). Пасля шэрагу перамог яна павяла армію ў Рэймс, дзе 17.7.1429 адбылася каранацыя Карла VII. У вер. 1429 франц. войскі на чале з Ж.д’А. няўдала штурмавалі Парыж. 23.5.1430 у час дапамогі г. Камп’ен, абложанаму саюзнікамі англічан бургундцамі, Ж.д’А. узята ў палон і выдадзена англічанам. У лют. — маі 1431 на царк. судзе ў Руане яна абвінавачана ў ерасі і вядзьмарстве і спалена на кастры. 7.7.1456 рэабілітавана, 16.5.1920 кананізавана. Вобраз Ж.д’А. шырока адлюстраваны ў л-ры (У.Шэкспір, Вальтэр, Ф.Шылер, М.Твэн, Б.Шоу, Ж.Ануй), выяўл. мастацтве (Ж.Басцьен-Лепаж, П.Дэларош, Я.Матэйка і інш.), музыцы (Ф.Ліст, Дж.Вердзі, П.І.Чайкоўскі, А.Анегер).
Літ.:
Перну Р., Клэн М.-В. Жанна д’Арк:Пер. с фр.М., 1992.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.Жанна д’Арк. Спаленне Жанны д’Арк 30.5.1431 на плошчы Старога Рынку ў Руане. Фрагмент фрэскі ў Пантэоне. Парыж. Мастак Ж.Ланепво. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́БАВА,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. За 23 км на З ад Ваўкавыска, за 1 км ад чыг. ст. Мсцібава на лініі Ваўкавыск — Бераставіца, 81 км ад Гродна. 364 ж., 182 двары (1999). Базавая школа, б-ка, аптэка, магазін, клуб. Помнік архітэктуры Мсцібаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Каля вёскі гарадзішча 12—13 і 15—17 ст.
Першае паселішча на месцы М. — гарадзішча — сфарміравалася ў 12—13 ст. У 15 ст. велікакняжацкія двор і вёска пад назвай Мсцібогаў. У 1492 згадваецца ў дакументах як М. Ваўкавыскага пав. У 1572 і 1576 у М. адбываліся з’езды шляхты Рэчы Паспалітай, на апошнім з якіх вырашана абраць каралём Стафана Баторыя. У 17—18 ст. цэнтр староства ў Ваўкавыскім пав., складалася з мястэчка і замка. У 1744 атрымала магдэбургскае права. У 1792 каля М. адбылася бітва войскаВКЛ з кааліцыяй рас. войск і атрадаў Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст.дзярж. мястэчка, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886—1040 ж., 103 двары, 2 царквы, касцёл, сінагога, пошта, багадзельня, 6 крам, 5 корчмаў, 3 кірмашы штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. З 28.7.1967 у Гнезнаўскім с/с, у складзе саўгаса «Гнезна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЗІН (Сцяпан Цімафеевіч) (каля 1630, б. станіца Зімавейская на Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 16.6.1671),
кіраўнік Сялянскай вайны 1670—71 у Расіі, данскі казак. Вызначаўся розумам, энергіяй, ваен. і дыпламат. здольнасцямі, валодаў 8 мовамі. У 1661—62 удзельнічаў у перагаворах дэлегацыі Войска Данскога і афіц. маскоўскага пасольства з калмыкамі пра сумесныя дзеянні супраць нагайскіх татар. У 1662—63 камандзір атрада данскіх казакоў у паходах супраць крымскіх татар. Удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1667 узначаліў грабежніцкі паход казацкай беднаты на рэкі Волгу і Яік (Урал), у 1668—69 — паход казацкай флатыліі па Каспійскім м.: разрабаваны прыбярэжныя гарады і правінцыі Ірана, вызвалены рас. нявольнікі. Новы яго паход на Волгу вясной 1670 перарос у сял. вайну. Выступаючы нібыта ў абарону правоў царэвіча Аляксея Аляксеевіча і б. патрыярха Нікана, Р. абяцаў простаму народу «свабоду і збаўленне» ад «дрэнных» баяр, у занятых гарадах усталёўваў кіраванне на казацкі ўзор, распраўляўся з прадстаўнікамі царскай адміністрацыі. Пасля паражэння пад Сімбірскам (кастр. 1670) паранены вярнуўся на Дон, дзе ў крас. 1671 схоплены казацкай старшынай і выдадзены царскім уладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве. Р. — герой нар. паданняў і песень, яму прысвечаны творы л-ры і мастацтва.
Літ.:
Сахаров А.Н. Степан Разин. 2 изд. М., 1987;
Чистякова Е.В., Соловьев В.М. Степан Разин и его соратники. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬДЖУ́КСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА Існавала на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 11—12 ст.Засн. качавымі цюркскімі плямёнамі агузаў на чале з родам Сельджукідаў, якія ў пач. 1030-х г. знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад Газневідаў. У 1038 яны паўсталі супраць Газневідаў, у 1040 сельджукскі правадыр Тагрул-бек разбіў войска газневідскага султана Масуда; да 1043 заваяваны Харасан, потым — Буідаў дзяржава. У 1055 яго войскі захапілі Багдад, пасля чаго абасідскі халіф Каім надаў правіцелю С.дз. тытул султана. Пры султане Алп-Арслане [1063—72] да С.дз. далучаны Арменія, Сірыя, Палесціна, Маверанахр, у 1071 разбіты візант. войскі ў бітве пры Манцыкерце (Маназкерце). Найб. магутнасці С.дз. дасягнула пры султане Мелік-шаху [1072—92], візірам (гал. міністрам) якога быў Нізам-аль-Мульк. Пры ім да С.дз. далучана б.ч. Малой Азіі, а Караханідаў дзяржава прымушана плаціць даніну (1089). Асновай землеўладання С.дз. была сістэма ікта (ваен. лена). Найбольшыя ікты станавіліся асобнымі княствамі, што прывяло да пераўтварэння С.дз. ў аморфнае дзярж. ўтварэнне. У 1077 адасобіўся Румскі султанат (гл.Канійскі султанат), пасля смерці Мелік-шаха адзінства С.дз. стала намінальным. Унутрыпаліт. становішча дзяржавы ўскладнялася дзейнасцю секты ісмаілітаў. Пасля 1-га крыжовага паходу (1096—99) С.дз. страціла Палесціну, прыбярэжныя тэр. М. Азіі і Сірыі. Султан Санджар [1118—57] пацярпеў паражэнне ад каракітаяў (1141), а ў 1153 узяты ў палон балхскімі агузамі. З яго смерцю (1157) С.дз. распалася на асобныя княствы, пасля чаго ў Сярэдняй Азіі і Іране пачалося ўзвышэнне харэзмшахаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1380, Мамаева пабоішча. Адбылася паміж войскамі Залатой Арды на чале з Мамаем і вял.кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Куліковым полі каля ўпадзення р. Няпрадва ў Дон (цяпер Куркінскі р-н Тульскай вобл. Расіі) 8.9.1380. Пасля паражэння ардынскіх сіл на р. Вожа (1378) Мамай летам 1380 на чале сабранага ім войска (паводле розных падлікаў 40—150 тыс.чал.) з мангола-татараў, генуэзскіх наёмнікаў, чэркесаў, асецінаў і інш. рушыў да р. Ака на злучэнне з сіламі саюзнікаў — вял.кн.ВКЛ Ягайлы і вял.кн. разанскага Алега Іванавіча (выдаў Дзмітрыю Іванавічу планы Мамая і фактычна супраць яго не дзейнічаў). На чале маскоўскіх і саюзных сіл (яраслаўскія, растоўскія, белазерскія, мяшчэрскія, невял. наўгародскі атрад), да якіх пазней далучыліся кн. пскоўскі Андрэй Альгердавіч з атрадам палачан і пскавічоў і кн. старадубскі і трубчэўскі Дзмітрый Альгердавіч з дружынай, Дзмітрый Іванавіч рушыў насустрач праціўніку ў вярхоўі Дона. 8 вер. яго войска (паводле розных падлікаў 70—150 тыс.чал.) пераправілася на правы бераг Дона і размясцілася на Куліковым полі, укрыўшы свае флангі ў непрыдатных для дзеянняў конніцы далінах рэчак Смолка (левы фланг) і Ніжні Дубяк (правы фланг). Адначасова сюды падышоў з войскам Мамай. Уперадзе гал.рус. і саюзных ім сіл размясціўся Вартавы палк на чале з кн. Дзмітрыем Друцкім (паводле некаторых крыніц, ззаду Вартавога стаяў і Перадавы полк), за ім у цэнтры — Вял. полк пераважна з масквічоў, на флангах — палк Правай рукі пад камандаваннем Андрэя Альгердавіча (паводле адной з рэдакцый «Сказання пра Мамаева пабоішча» адным з ваяводаў гэтага палка быў кн. Глеб Друцкі, асоба якога не высветлена) і полк Левай рукі на чале з белазерскімі князямі, у рэзерве — конніца Дзмітрыя Альгердавіча і схаваны ў дуброве за левым флангам конны Засадны полк пад камандаваннем князёў Уладзіміра Андрэевіча Храбрага і Дзмітрыя Міхайлавіча Баброк-Валынскага. Войскі Мамая стаялі разгорнутым фронтам (уперадзе конніца, за ёю наёмная пяхота) і не мелі значных рэзерваў. Бітва пачалася двухбаковым паядынкам воінаў Перасвета і Чэлубея (абодва загінулі). Конніца Мамая разбіла Вартавы палк, намагалася разграміць палкі Правай рукі і Левай рукі і, пацясніўшы апошні, зайшла ў фланг і тыл Вял. палка. Зыход бітвы вырашыў раптоўны ўдар Засаднага палка і адначасовы ўдар коннай дружыны Дзмітрыя Альгердавіча, што прывяло да поўнага паражэння Мамая. У выніку бітвы рус. і саюзныя ім войскі страцілі каля паловы свайго складу, у т. л. «30 паноў літоўскіх» (верагодна, з дружын Альгердавічаў). Пасля яе Дзмітрый Іванавіч атрымаў ганаровае празванне Данскі. Вял.кн.ВКЛ Ягайла спазніўся да бітвы і адступіў у Літву. К.б. аслабіла манг.-тат. панаванне на землях Паўн.-Усх. Русі, садзейнічала ўзмацненню ролі Масквы ў стварэнні Рус. дзяржавы. Пра яе напісаны літ. творы («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.), яна стала тэмай твораў выяўл. і музычнага мастацтваў. На Куліковым полі мемарыял.