АБ’ЁМНАЯ ШТАМПО́ЎКА,

від штампоўкі, пры якой загатоўка прымае аб’ёмную форму рабочай поласці штампа. Пры гарачай аб’ёмнай штампоўцы матэрыял награваюць да 200—1300 °C у полымных печах, індукцыйных або інш. тыпу ўстаноўках, затым апрацоўваюць на штамповачных молатах і прэсах (пры вырабе, напр., зубчастых колаў, каленчатых валоў). Пры халоднай аб’ёмнай штампоўцы атрымліваюць вырабы з гладкай паверхняй (заклёпкі, цвікі, загатоўкі балтоў і інш.) пераважна на прэсавых аўтаматах.

Аб’ёмная штампоўка: 1 — верхняя частка штампа; 2 — выраб ва ўнутранай частцы штампа; 3 — завусенец (лішак металу); 4 — ніжняя частка штампа.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗО́К,

малая празаічная форма ў бел. л-ры — замалёўка з слабаразгорнутым сюжэтам або без яго. У абразку павялічваецца вобразна-экспрэсіўная нагрузка слова, яму ўласціва больш цеснае адзінства выказвання і настраёвасці. Як асобны від эпасу ўзнік на хвалі ажыўлення рамантызму ў канцы 19 — пач. 20 ст. Асн. разнавіднасці абразка: рэалістычна-бытавы («Пяць лыжак заціркі» З.​Бядулі), алегарычна-сімвалічны («Камень» Я.​Коласа), сатырычны («Сведка» Ф.​Багушэвіча). У сучаснай л-ры да жанру абразка часта звярталіся М.​Стральцоў, Ф.​Янкоўскі, А.​Карпюк, Я.​Брыль, Б.​Сачанка і інш.

т. 1, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРО́К,

від феад. рэнты, якую землеўласнікі атрымлівалі ад прыгонных сялян. Спаганяўся прадуктамі с.-г. вытворчасці і промыслаў (натуральны аброк) або грашыма (грашовы аброк). Найб. ранняй формай быў прадуктовы аброк, які прыйшоў на змену раннесярэдневяковай даніне. У краінах Зах. Еўропы аброк усталяваўся ў 12—13 ст. На Беларусі катэгорыя сялян-аброчнікаў вядома па гіст. крыніцах 14—16 ст., але аброк тут быў мала пашыраны, пераважала паншчына. У Расіі аброк быў адной з асн. формаў эксплуатацыі сялян, хоць часта спалучаўся з паншчынай. Пасля сялянскай рэформы 1861 заменены выкупнымі плацяжамі.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАКУ́М (Пятровіч) (1620 або 1621—14.4.1682),

пратапоп, адзін з заснавальнікаў рус. стараверства (гл. Раскол), пісьменнік. У 1646—47 чл. «Гуртка рупліўцаў набожнасці». У 1652 пратапоп у г. Юр’евец Павольскі, потым святар Казанскага сабора ў Маскве. Выступаў супраць рэформаў патрыярха Нікана, за што неаднаразова быў сасланы ў Табольск, Даурыю, Мезень. У 1667 асуджаны на царк. саборы і сасланы ў Пустазерскі астрог. Аўтар «Жыція пратапопа Авакума» (1672—75), «Кнігі гутарак» (1669—75), «Кнігі тлумачэнняў» (1673—76), «Кнігі выкрыванняў» (1679), «Слоў плачэўных» (1676) і інш. Паводле царскага ўказа спалены.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́МЫ (Agamidae),

сямейства яшчарак атр. лускаватых. 35 родаў, больш за 300 відаў. Найб. вядомыя круглагалоўкі (Phrynosephalus), драконы (Draco), яшчаркі плашчаносныя (chlamydosaurus), калоты (Calotes). Водзяцца пераважна ў стэпавых і пустынных зонах Афрыкі (акрамя Мадагаскара), Паўд.-Усх. Еўропы, Азіі, Аўстраліі і Новай Гвінеі. Жывуць на зямлі, скалах або дрэвах.

Даўж. да 45 см. Галава і шыя ўкрытыя дробнымі рагавымі шчыткамі, у некат. уздоўж спіны грэбень. Хвост звычайна доўгі, няломкі. Могуць мяняць афарбоўку цела. Кормяцца насякомымі, зрэдку раслінамі. Кладуць яйцы, некат. жывародныя.

Агамы: 1 — руінная; 2 — камянёвая.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААГЕНЕ́З (ад аа... + ...генез),

паслядоўны працэс развіцця жаночай гаметы ад першаснай палавой клеткі да спелага яйца. Ахоплівае стадыі: размнажэння (павелічэнне колькасці дыплоідных палавых клетак — аагоніяў), росту аацытаў (павольны ў першай фазе, якая ў чалавека і жывёл можа працягвацца гадамі, у другой фазе — хуткі, з інтэнсіўным павелічэннем аб’ёмаў клетак) і іх выспявання (меятычнае дзяленне з утварэннем гаплоідных яйцаклетак, здольных да апладнення). У губак, некаторых кішачнаполасцевых і чарвей аагенез адбываецца ў любой частцы цела, у астатніх жывёл і чалавека лакалізаваны ў яечніках, у раслін — у аагоніях, архегоніях або зародкавым мяшку.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬКЕ́Ж (польск. alkierz),

вуглавая частка будынка або прыбудова, накрытая асобным дахам, якая знадворку выступае за плоскасць сцен. Алькеж атрымаў пашырэнне ў палацава-замкавым дойлідстве і сядзібных дамах Беларусі і Польшчы ў 16—19 ст. Напачатку гэта былі 2 ці 4 вежападобныя прыбудовы ў тарцах дома, накрытыя самастойнымі шатровымі дахамі (ад замкавых вежаў 16—17 ст.). З сярэдзіны 18 ст. відазмяніліся, ператварыліся ў развітыя крылы дома-сядзібы (г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.). Выкарыстоўваліся як спальні ці дапаможныя памяшканні.

Алькеж сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЕ СКРЫЖАВА́ННЕ,

скрыжаванне гібрыда 1-га пакалення з бацькоўскай формай-«аналізатарам», якая мае рэцэсіўныя прыкметы (гомазіготная па рэцэсіўных алелях). Праводзіцца з мэтай вызначэння генатыпу гібрыднай асобіны па характары атрыманага патомства. Патомкі ад аналітычнага скрыжавання абавязкова нясуць адзін рэцэсіўны алель ад «аналізатара», на фоне якога павінны праявіцца алелі, атрыманыя ад аналізуемага арганізма. Для аналітычнага скрыжавання (за выключэннем выпадкаў узаемадзеяння генаў) характэрна супадзенне расшчаплення па фенатыпе з расшчапленнем па генатыпе сярод патомкаў. З дапамогай аналітычнага скрыжавання можна вызначыць, да якога тыпу належыць праведзенае скрыжаванне: да мона- або дыгібрыднага. Гл. таксама Скрыжаванне.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАРГАЗМІ́Я (ад ан... + аргазм),

адсутнасць аргазму пры палавых зносінах; адна з формаў зніжэння сексуальнасці ў жанчын. Анаргазмія часта спалучаецца са зніжэннем палавой цягі або з поўнай яе адсутнасцю. Частата ўзнікнення залежыць ад узросту жанчыны і рэгулярнага палавога жыцця. Адрозніваюць анаргазмію першасную (з пачатку палавога жыцця) і другасную (страта аргастычных адчуванняў пасля пэўнага перыяду нармальных сексуальных адносін). У аснове анаргазміі ляжаць парушэнні псіхасексуальнага развіцця, некаторыя асаблівасці асобы, псіхагенныя фактары, захворванні. Анаргазмія можа выклікаць адчуванне павышанага крованапаўнення палавых органаў, боль, эмацыянальныя парушэнні, расстройства сну. Лячэнне строга індывідуальнае, праводзіцца сексапатолагам.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАГАНІ́СТЫ,

1) у анатоміі і фізіялогіі — органы з процілеглымі функцыямі і дзеяннем. Прыклады антаганістаў: мышцы і іх групы, што дзейнічаюць адначасова (або па чарзе) у двух процілеглых напрамках (напр., згінальнікі і разгінальнікі канечнасцяў — біцэпс і трыцэпс рукі чалавека), пара нерваў, якія пры ўзбуджэнні аказваюць процілеглы ўплыў на орган, што інервуецца. Антаганісты наз. таксама зубы верхняй і ніжняй сківіц, якія процістаяць адзін аднаму пры змыканні.

2) У мікрабіялогіі — мікраарганізмы, якія прыгнечваюць рост, развіццё і інш. праяўленні жыццядзейнасці інш. мікробаў і арганізмаў (гл. ў арт. Антаганізм).

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)