ЛЫНЬКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Ціханавіч; 30.11.1899, в. Зазыбы Віцебскага р-на — 21.9.1975),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1962). Акад.АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1936). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). У грамадз. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім р-нах (1917—19 і 1922—25). У 1919—22 у Чырв. Арміі. З 1925 працаваў адказным сакратаром, рэдактарам бабруйскай акр.газ. «Камуніст». З 1930 у Дзярж. выд-ве «Беларусь», у 1933—41 гал. рэдактар час. «Полымя рэвалюцыі». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (1938—48). Рэдактар газ. «Беларуская звязда» (1939), «За Савецкую Беларусь» (1941—42). У 1943-46 і 1949—52 дырэктар Ін-та л-ры, мовы і мастацтва АН Беларусі. Друкаваўся з 1919. Асабліва моцны ўплыў зрабілі на Л. рамант. стылёва-выяўл. традыцыі рус. л-ры. У апавяданнях 1920—30-х г. (зб-кі «Апавяданні», 1927; «Гой», 1929, «Андрэй Лятун», 1930, «Саўка-агіцірнік», 1933, «На вялікай хвалі», 1934, і інш.) пераважна на аснове асабістага жыццёвага вопыту пісаў пра рэвалюцыю і грамадз. вайну, паказваў барацьбу за новы грамадскі лад («Над Бугам», «Крот», «Манчжур», «Кватармайстар Бадай», «Сінія галіфэ» і інш.), як змяняліся міжнац. адносіны («Гой»), усталёўваўся новы побыт («У мястэчку»), Паэтызаваў працу простых людзей, асэнсоўваў яе як крыніцу сапраўднай духоўнасці («Андрэй Лятун»). Шмат увагі аддаваў паказу гарадскога і местачковага жыцця, рабочага асяроддзя («Гома», «Чыгунныя песні», «Журавель мой, журавель» і інш.). Рэалістычны паказ старой бел. вёскі складае асн. змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах» (1934). У аповесцях для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935) і «Міколка-паравоз» (1936, кінафільм 1957) створана дынамічная і займальная падзейная плынь, у якой яркая і маляўнічая апавядальнасць атрымала лірыка-гумарыстычную афарбоўку. Жыццё працоўных Зах. Беларусі паказаў у зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Гераізм і самаахвярная мужнасць народа ў барацьбе з фашызмам у перыяд Вял.Айч. вайны паказаны ў напоўненых драматызмам і трагедыйнасцю апавяданнях са зб. «Астап» (1944). У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фаш. акупацыяй дзяцінства («Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). Яркія эпізоды партыз. вайны на Беларусі супраць ням.-фаш. акупантаў атрымалі эмацыянальна-ўсхваляванае адлюстраванне ў рамане «Векапомныя дні» (кн. 1—4, 1-е поўнае выд. 1958; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1968). На матэрыяле замежных паездак напісаў кн. замалёвак, нарысаў і апавяданняў «За акіянам» (1962). Публіцыстычнае майстэрства Л. найб. выявілася ў артыкулах і сатыр. замалёўках перыяду Вял.Айч. вайны («Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў...», «Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю...» і інш.), у нарысах «Шляхамі вайны» (1945), «Пад сонцам Індыі» (1957). У літ.-знаўчых і крытычных работах абараняў праўдзівасць, даследчы пафас л-ры, змагаўся супраць спрошчанага, вульгарызатарскага яе разумення. Пісаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, К.Крапівы, К.Чорнага, І.Мележа, Я.Брыля, І.Шамякіна і інш.бел. пісьменнікаў, Т.Шаўчэнку, рус. і зарубежных класікаў (А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Някрасава, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, М.Горкага, Р.Тагора), дзеячаў сусв. культуры (Я.Каменскага і інш.). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага і М.Ціханава. Помнікі Л. ў в. Крынкі Лёзненскага р-на і на магіле ў Мінску (на Усходніх могілках); музеі ў Крынкаўскай і Бронніцкай (Буда-Кашалёўскі р-н) школах.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1967—68;
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1981—85;
Летапіс эпохі. Мн., 1968;
Літаратура і жыццё. Мн., 1978;
Публіцыстыка. Мн., 1980;
Насустрач жыццю: Апавяданні. Мн., 1988;
Міколка-паравоз: Аповесці і апавяданні. Мн., 1989.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шчодрае сэрца пісьменніка. Мн., 1963;
Яго ж. Чалавечнасць. Мн., 1985;
Куляшоў Ф.І. Міхась Лынькоў. Мн., 1979;
Яго ж. Міхась Лынькоў: Семінарый. Мн., 1963;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1964;
Пашкевіч Н.Е. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965;
Святло яго душы. Мн., 1979;
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд.Мн., 1990;
Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;
Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;
Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я — першая палавіна 60-х гг.Мн., 1985;
Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ВО́ДАЎ,
комплекс міжнар., дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў; састаўная частка аховы прыроды. Накіравана на ліквідацыю і папярэджанне адмоўнага ўплыву гасп. дзейнасці на стан паверхневых і падземных водаў, на захаванне воднага балансу тэрыторый, а таксама ў мэтах чалавека і як жыццёвага асяроддзя для мноства жывых арганізмаў. Уключае мерапрыемствы па вывучэнні рэсурсаў водаў і ўстанаўленні навукова абгрунтаваных прававых патрабаванняў да ўсіх водакарыстальнікаў, дзярж. і грамадскі кантроль за станам і рацыянальным выкарыстаннем водных рэсурсаў.
На Беларусі ахова водаў рэгулюецца нормамі і палажэннямі воднага заканадаўства, а таксама шэрагу інш.яго раздзелаў, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш.Арганізац.-тэхн. мерапрыемствы па ахове водаў прадугледжваюцца ў планах эканам. і сац. развіцця: выяўленне крыніц забруджвання паверхневых і падземных водаў і яго прадухіленне, арганізацыя даследаванняў і ўкараненне новых метадаў ачысткі сцёкавых водаў, буд-ва ачышчальных збудаванняў, зваротных сістэм водакарыстання, укараненне безадходных тэхналогій, размяшчэнне гасп. аб’ектаў з улікам водаахоўных патрабаванняў і інш., а таксама стварэнне запаведнікаў, спецыялізаваных гідралаг. заказнікаў (гл.Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты), выдзяленне спец. водаахоўных зон, тэр., лясоў і гэтак далей. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове водаў ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Галоўгідрамет і інш.дзярж. ўстановы з залучэннем грамадскасці. Праблемы аховы водаў даследуюцца ў Комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Цэнтральным НДІ, Меліярацыі і лугаводства Беларускім НДІ, Бел.дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. будаўніцтва і інш.
Да арт.Ахова водаў: ачышчальныя збудаванні на Гродзенскім вытворчым аб яднанні «Азот» (злева); водаахоўны лес на беразе Свіслачы ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЙ (ваен.),
арганізаваная ўзбр. сутычка падраздзяленняў, часцей і злучэнняў бакоў, якія ваююць; асн. тактычная форма баявых дзеянняў з мэтай дасягнення перамогі над праціўнікам. Вядзецца з выкарыстаннем усіх наяўных відаў агню і манеўру на зямлі, у паветры і на моры.
Формы і спосабы вядзення бою мяняліся з развіццём баявой тэхнікі і якаснага складу войскаў. Да вынаходства пораху баі вяліся кіданнем стрэлаў, дзідаў, дроцікаў, камянёў і завяршаліся рукапашнай сутычкай пяхоты і конніцы. Са з’яўленнем у Еўропе ў 14 ст. агнястрэльнай зброі — агнём ружжаў і артылерыі і завяршаўся штыкавой рукапашнай сутычкай пяхоты. З аснашчэннем войскаў хуткастрэльнай артылерыяй, кулямётамі, з выкарыстаннем танкаў і авіяцыі вырашальнае значэнне для поспеху бою набыла каардынацыя дзеяння ўсіх родаў войскаў.
Сучасны наземны бой, у якім удзельнічаюць усе роды сухапутных войскаў пры падтрымцы авіяцыі (часам і ВМФ), наз.агульнавайсковым. Ён характарызуецца выкарыстаннем найноўшай зброі і разнастайнай тэхнікі, высокай манеўранасцю, хуткімі і рэзкімі зменамі становішча, вял. прасторавым размахам. Яго найважнейшыя прынцыпы: раптоўнасць нападу, актыўнасць і бесперапыннасць баявых дзеянняў, разгрупаванне сіл, канцэнтрацыя сродкаў на напрамку гал. ўдару, зладжанае ўзаемадзеянне родаў войскаў, якое дасягаецца выкарыстаннем радыёэлектронных сродкаў, у т. л. і касмічных. Асн. віды сучаснага бою: наступленне, сустрэчны бой, абарона, адыход. Спланаваная сістэма бою вял. маштабу і стратэг. значэння наз. бітвай ці аперацыяй. Паветраны бой — проціборства ў паветры самалётаў (або іх груп), верталётаў, якія знішчаюць праціўніка або адбіваюць яго атакі. Проціпаветраны бой вядуць часці ППА і інш. роды войскаў з мэтай знішчэння паветраных сіл праціўніка і прыкрыцця сваіх войскаў і аб’ектаў. Марскі бой — баявыя дзеянні караблёў флоту на моры і ў прыбярэжных раёнах дзеля знішчэння сіл флоту праціўніка або нанясення яму паражэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАГЕНЕ́З [ад грэч. on (ontos) існае + ...генез],
індывідуальнае развіццё арганізма ад яго зараджэння да смерці (у аднаклетачных арганізмах да дзялення клеткі і ўтварэння новых асобін). Уключае паслядоўныя марфал., біяхім., функцыян. пераўтварэнні, што ўзнікаюць на працягу існавання арганізма. З’яўляецца сціслым, кароткім паўторам (рэкапітуляцыяй) філагенезу (паводле Э.Гекеля, ням. заолага, які ўвёў тэрмін у 1866). Паводле сучасных уяўленняў, антагенез рэалізуецца па пэўнай праграме, закладзенай у кодзе спадчыннай інфармацыі. Усе новыя ў эвалюц. адносінах прыкметы ўзнікаюць у раннім антагенезе і могуць перадавацца наступным пакаленням. Найбольш распаўсюджаны 3 тыпы антагенезу жывёл: лічынкавы (развіццё з метамарфозай, непрамое), нелічынкавы (прамое развіццё, калі фарміраванне арганізма з зіготы адбываецца ў яйцы), унутрывантробнае развіццё (пры жыванараджэнні, калі фарміраванне дзіцяняці да нараджэння адбываецца ў яйцаводах і матцы мацярынскага арганізма). У кожным з тыпаў антагенезу вылучаюць перыяды, якія адрозніваюцца формамі жыццёвай дзейнасці. Пераход з аднаго перыяду ў другі — пераломны момант у жыцці асобін. У жывёл, што размнажаюцца палавым шляхам, і ў чалавека адрозніваюць асн. перыяды: перадзародкавы (утварэнне палавых клетак у працэсе гаметагенезу), эмбрыянальнае развіццё (драбленне, гаструляцыя, аргана- і гістагенез) і пасляэмбрыянальнае развіццё. У рэгуляцыі антагенезу ў шматклетачных жывёл і чалавека вял. роля належыць нерв. і эндакрыннай сістэмам. У раслін, якія размнажаюцца палавым шляхам, антагенез пачынаецца з развіцця аплодненай яйцаклеткі; характэрная яго асаблівасць — чаргаванне бясполага (спарафіт) і палавога (гаметафіт) пакаленняў. Пры вегетатыўным размнажэнні антагенез пачынаецца з дзялення саматычных клетак, у т. л. клетак спецыялізаваных органаў (клубняў, цыбулін, карэнішча і інш.). Цэласнасць раслін у антагенезе забяспечваюць фітагармоны і абмен метабалітамі паміж рознымі іх органамі. Залежна ад умоў навакольнага асяроддзя ў антагенезе раслін магчымы перыяды спакою, інтэнсіўнага росту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ТЭН ((Britten) Эдвард Бенджамін) (22.11.1913, г. Лоўстафт, Вялікабрытанія — 4.12.1976),
англійскі кампазітар, піяніст, дырыжор, адзін з буйнейшых кампазітараў 20 ст. З яго творчасцю звязана адраджэнне англ.муз.т-ра. Вучыўся (1929—33) у Каралеўскім муз. каледжы ў Лондане. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнік т.зв.Англ. опернай трупы, малой опернай трупы лонданскага т-ра «Ковент-Гардэн» (з 1947). Аўтар 11 опер, у т. л. «Пітэр Граймс» (1945), «Альберт Херынг» (1947), «Сон у летнюю ноч» (1960), «Блудны сын» (прысвечана Дз.Шастаковічу, 1968), дзіцячай «Маленькі камінар, або Давайце ставіць оперу» (1949), балета «Прынц пагад» (1957). Найб. дасягненні Брытэна ў галіне камернай оперы («Паварот вінта», 1954, і інш.). Ягосцэн. музыка вылучаецца своеасаблівасцю, вастрынёй драм. калізій, глыбінёй псіхал. характарыстык. Муз. стыль адметны спалучэннем традыцый 17—18 ст. (Г.Пёрсел, І.С.Бах і інш.) і сучасных муз. сродкаў (араторыя «Ваенны рэквіем», 1961). Сярод інш. твораў: вак.-сімф. — «Балада аб героях» (1939), «Кантата міласэрнасці» (1963) і інш.; для арк. — «Варыяцыі на тэму Фрэнка Брыджа», «Сімфонія-рэквіем», 1940; сімфаньета для камернага складу (1932); канцэрты, сімфонія для віяланчэлі з арк. (прысвечана М.Растраповічу, 1963); камерна-інстр. і вак. — песенныя цыклы, у т. л. «7 санетаў Мікеланджэла», 1940; на сл. Пушкіна, прысвечаны Г.Вішнеўскай (1965), і інш.; апрацоўкі нар. песень, музыка для драм.т-ра, кіно, радыё. Выступаў як акампаніятар са спеваком П.Пірсам.
Тв.:
The story of music. London, 1958 (разам з І.Холст).
Э.Б.Брытэн.
Літ.:
Таурагис А. Бенжамин Бриттен. М.; Л., 1965;
Ковнацкая Л. Бенджамин Бриттен. М., 1974;
White E.W. B.Britten. His life and operas. 2 ed. Berkeley, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВЫ́ ЎНУ́ТРАНЫ ПРАДУ́КТ (ВУП),
абагульняльны эканам. і статыст. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг, вырабленых на тэр. краіны, у дзеючых рыначных цэнах без уліку сальда плацежнага балансу. Уваходзіць у сістэму нацыянальных рахункаў. Вызначаецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. Яго даходы, як і валавога нац. даходу, — гэта сума заработнай платы ўсіх наёмных работнікаў (да выплаты падаткаў), рэнтных плацяжоў, працэнтаў па пазыках, амартызацыйных адлічэнняў, прыбытку фірмаў, карпарацый і асобных прадпрыемстваў, даходаў ад індывід.прац. дзейнасці, даходаў творчых, навук. і інш. работнікаў, ускосных падаткаў на бізнес. У матэрыяльна-рэчыўнай форме ВУП — сукупнасць вырабленых у краіне тавараў і паслуг, якія на працягу года выкарыстоўваюцца на спажыванне і накапленне. Падлічваецца ВУП у маштабе краіны ў разліку на душу насельніцтва, што дае магчымасць параўноўваць асобныя краіны і рэгіёны па ўзроўні сац.-эканам. развіцця. Важнае значэнне мае і структура выкарыстання ВУП: якая яго доля на якія мэты затрачваецца — на харчаванне, адукацыю, ахову здароўя, навуку і культуру, кіраванне, ваен. і інш. Такія паказчыкі адлюстроўваюць узровень жыцця ў пэўнай краіне і характар яе сац. палітыкі. На Беларусі ў сувязі з крызісам у пераходны да рыначнай эканомікі перыяд агульны аб’ём вытв-сці ВУП змяншаецца. У разліку на душу насельніцтва Беларусь адносіцца да групы краін, дзе гэты паказчык ніжэйшы за сярэдні. Істотныя змены адбываюцца і ў структуры ВУП. Доля расходаў на канчатковае спажыванне ў 1994 склала 84,4%, у 1995 — 71,9 (з іх адпаведна на дамашнюю гаспадарку 56,5 і 50,5, на дзярж. кіраванне 21,3 і 21,9%, на валавыя накапленні 28,9 і 25,2%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ КРАЙ,
назва тэрыторыі паўн.-зах. Беларусі і паўд.-ўсх. Літвы, якая ў крас.—чэрв. 1919 і кастр. 1920 захоплена польск. войскамі і да вер. 1939 знаходзілася ў складзе Польшчы. 21.4.1919 Польшча захапіла Віленскі край. 14.7.1920 яго заняла Чырв. Армія. Паводле дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) Вільня і Віленскі край прызнаны часткай Літвы. Дзярж. мяжа паміж Расіяй і Літвой праводзілася па лініі Друя — Браслаў — усх. ўзбярэжжа воз. Нарач — Маладзечна — Валожын — вярхоўе Нёмана — Масты — Лунна — Індура; да Літвы меркавалася далучыць гарады Бельск і Беласток. Аднак наступленне польск. войск у 2-й пал. 1920 спыніла ўстанаўленне такой мяжы. У сувязі з уступленнем польск. войск у Віленскі край у Сувалках адбыліся польска-літ. перагаворы і 7.10.1920 падпісаны дагавор, паводле якога Вільня заставалася за Літвой. Аднак 9.10.1920 войскі ген. Л.Жалігоўскага захапілі Вільню і Віленскі край, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39 і ўтварэнне т.зв.Сярэдняй Літвы. У лют. 1922 сейм Сярэдняй Літвы прыняў пастанову, у якой сцвярджалася, што «Віленскі край без усякіх умоў і агаворак становіцца неад’емнай часткай Польшчы». Савет Лігі Нацый ухваліў гэта рашэнне. 24.3.1922 яго зацвердзіў польскі сейм. У снеж. 1925 у выніку уніфікацыі адм.-тэр. падзелу Польшчы Віленскі край з часткай Заходняй Беларусі быў падзелены паміж Віленскім, Навагрудскім і Беластоцкім ваяв. У пач. 2-й сусв. вайны 19.9.1939 Віленскі край занялі сав. войскі. У адпаведнасці з сав.-літ. дагаворам аб узаемадапамозе ад 10.10.1939 большая частка краю і г. Вільня перададзены Літве (6909 км² з нас. 490 тыс.чал.). У жн. і ліст. 1940 Літ. ССР перададзена яшчэ больш за 2600 км²тэр.БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае княства, якое вылучылася з Полацкага княства пасля смерці Усяслава Брачыславіча (1101). Цэнтр — г. Віцебск. У 1130—40-я г. належала, верагодна, полацкаму кн.Васільку Святаславічу, потым полацкім князям Васількавічам, з 1165 — Давыду Расціславічу, у 1170-я г. — Усяславу Васількавічу. У пач. 1180-х г. належала Брачыславу Васількавічу і выйшла з-пад уплыву Смаленска. З 1186 Віцебскае княства зноў пад уплывам Смаленска, што выклікала незадаволенасць полацкіх і чарнігаўскіх князёў, якія ў 1195 выступілі супраць смаленскіх князёў, у выніку Віцебск трапіў пад уладу Полацка. У пач. 13 ст. Віцебскае княства зблізілася з Уладзіміра-Суздальскім княствам. У 1220—30-я г. яно падпарадкоўвалася полацкаму кн.Брачыславу. У 1229, верагодна, знаходзілася пад паліт. уплывам Смаленска, князь якога Мсціслаў падпісаў пагадненне з Рыгай ад імя полацкага і віцебскага князёў. У 1262 віцебскі кн.Канстанцін з наўгародцамі ўдзельнічаў у паходзе на Юр’еў. У 1263—65 княства залежала ад полацкіх князёў Гердзеня, потым Ізяслава, які быў васалам новагародскага кн.Войшалка. У 1280 Віцебскае княства ўпамінаецца як тэрыторыя, залежная ад смаленскага кн. Фёдара Расціславіча. У канцы 13 — пач. 14 ст. тут княжыў Міхаіл Канстанцінавіч, каля 1318 — Яраслаў. Пасля смерці Яраслава (1320) віцебскім князем стаў яго зяць Альгерд, пасля смерці апошняга з 1377 Віцебскае княства належала яго ўдаве Ульяне. Пасля смерці Ульяны (каля 1393) вял.кн.ВКЛВітаўт скасаваў Віцебскае княства і накіраваў у Віцебск намесніка. Малодшы сын Альгерда Свідрыгайла хацеў аднавіць княжанне і ўзняў мяцеж, які падтрымалі Орша і Друцк. Мяцеж быў задушаны, а Віцебскае княства ператворана ў намесніцтва. У пач. 16 ст. на тэр. Віцебскага княства ўтворана Віцебскае ваяводства.
французскі жывапісец, графік, скульптар. У юнацтве служыў мараком, у 1871—83 — біржавым клеркам у Парыжы. З 1870-х г. пачаў самаст. займацца жывапісам, карыстаўся парадамі К.Пісаро. Працаваў у Понт-Авене (Брэтань), Арлі (разам з В. ван Гогам): «Ave Maria» (1887), «Прывід пасля пропаведзі», «Старыя дзеўкі» (абедзве 1888), «Брэтонскія могілкі» (1889). Пошукі сродкаў на існаванне і месца ў жыцці нарадзілі мару аб трапіканскай ідыліі — «майстэрні тропікаў», у 1891—94 Гаген з’ехаў на в-аў Таіці, дзе імкнуўся знайсці культурную глебу, стварыць выяўл. міфалогію астравіцян («А, ты раўнуеш?», 1892; «Таіцянскія пастаралі», 1893; «Цудоўная крыніца», 1894). Творы таго перыяду вылучаюцца непасрэднасцю, узаемапранікненнем старажытнасці і сучаснасці, рэліг. традыцый Захаду і Усходу, павышанай дэкаратыўнасцю. Пасля кароткачасовага вяртання ў Францыю (1893—95) Гаген назаўсёды пасяліўся на а-вах Акіяніі. Творчасць 2-га таіцянскага перыяду (1895—1903) набліжаецца да сімвалізму і прыводзіць Гагена і групу мастакоў, якія працавалі пад яго ўплывам (т.зв. понт-авенская школа), да ўзнікнення адмысловай жывапіснай сістэмы — т.зв. «сінтэтызму» (спрашчэнне і абагульненне формаў і ліній і г.д.). Гаген імкнуўся ўвасобіць сваю утапічную мару аб жыцці чалавека ў гармоніі з прыродай, удалечыні ад цывілізаванага грамадства («Жонка караля», 1896; «Збор пладоў», 1899). Карціны Гагена падобныя на пано па плоскаснасці, дэкаратыўнасці колеру, манументальнасці кампазіцыі, абагульненасці стылізаванага малюнка, мелі рысы стылю мадэрн. Яго творчасць істотна паўплывала на майстроў групы «Набі» і жывапісцаў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́Ў (Іван Аляксандравіч) (18.6.1812, г. Сімбірск, цяпер г. Ульянаўск, Расія — 27.9.1891),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1834). Служыў у Мін-ве фінансаў, быў цэнзарам Пецярбургскага цэнзурнага к-та (1855—60), гал. рэдактарам газ. «Северная почта» (1862—63) і інш. У ранніх аповесцях «Ліхая болесць» (1838) і «Шчаслівая памылка» (1839) адчуваецца ўплыў пушкінскай і гогалеўскай прозы. У аснове першага рамана «Звычайная гісторыя» (1847) сутыкненне марнай летуценнасці правінцыяльнага дваранства з практыцызмам бурж. дзелавітасці, якая і перамагае. У 1852—54 прыняў удзел у экспедыцыі на ваен. фрэгаце «Палада» ў якасці сакратара адмірала Я.В.Пуцяціна. Яго пуцявыя нататкі, напісаныя з трапнай назіральнасцю, дасціпным гумарам і яскравай мовай, склалі цыкл нарысаў «Фрэгат «Палада» (1858). У рамане «Абломаў» (1859) Ганчароў вывеў вельмі характэрны тып рас. дваранства, жыццё якога няўмольна паглынаецца прыгонніцкім укладам, што падпарадкоўвае не толькі грамадскія адносіны, але і лёс асобнага чалавека. «Абломаўшчына» стала абагульняльным паняццем для такіх з’яў жыцця, як бяздзейнасць, марнатраўства, разлад паміж словам і справай. Своеасаблівую трылогію рус. жыцця 1840—60-х г. завяршае раман «Абрыў» (1869), прысвечаны лёсу новага пакалення, што шукае свайго шляху ў жыцці. У творах Ганчарова глыбінныя фундаментальныя працэсы — разбурэнне патрыярхальнага ўкладу і непазбежная замена яго новым стылем жыцця, новымі адносінамі — перадаюцца праз сутыкненне характараў герояў, кожны з якіх з’яўляецца носьбітам сваёй праўды. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў «Мільён пакут» (1872), «Лепш позна, чым ніколі» (1879) і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзены раманы Ганчарова «Абломаў» (1939) і «Звычайная гісторыя» (1955).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1977—80.
Літ.:
Недзвецкий В.А. И.А.Гончаров — романист и художник. М., 1992.