РЫ́ХТЭР (Андрэй Аляксандравіч) (15.8.1871, г.п. Кураўской Калужскай вобл, Расія — 9.4.1947),
расійскі вучоны ў галіне батанікі і фізіялогіі раслін. Акад. АН СССР (1932; чл.-кар. 1929), акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1893) і працаваў у ім. З 1917 праф. Пермскага, Саратаўскага, Маскоўскага ун-таў. У 1934—38 дырэктар Ін-та фізіялогіі раслін АН СССР. Навук. працы па фотасінтэзе, засуха- і зімаўстойлівасці раслін, устойлівасці іх да засольвання глебы, па біяхіміі тэхн. культур, імунітэце раслін да грыбковых хвароб, па пытаннях браджэння. Распрацаваў метад вызначэння інтэнсіўнасці фотасінтэзу, выкарыстаў перарывістае (мігальнае) святло для вывучэння яго механізму. Эксперыментальна праверыў і ўдасканаліў тэорыю храматычнай адаптацыі В.Т.Энгельмана.
т. 13, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́ЛЬНЫ ГАЗ,
газ, уласцівасці якога вызначаюцца ўзаемадзеяннем яго малекул. Пры звычайных умовах (T ≈ 300 К, p = 100 кПа) Р.г. сваімі ўласцівасцямі нагадваюць ідэальны газ і іх стан прыблізна апісваецца Мендзялеева—Клапейрона ўраўненнем. Наяўнасць міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ўлічваецца вірыяльным ураўненнем стану Р.г.: pV = RT(1 + B(T)/V + C(T)/V2 + ...), дзе p — ціск, V — малярны аб’ём газу, T — абс. т-ра, R — газавая пастаянная, B(T), C(T) і г.д. — вірыяльныя каэфіцыенты, якія залежаць ад т-ры і характарызуюць парныя, трайныя і г.д. узаемадзеянні малекул у газе. Пры павышэнні ціску і паніжэнні т-ры ўласцівасці Р.г. апісваюцца Ван-дэр-Ваальса ўраўненнем.
т. 13, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́СКІН, Раскін (Ruskin) Джон (8.2.1819, Лондан — 20.1.1900), англійскі тэарэтык мастацтва, гісторык, публіцыст. Скончыў Оксфардскі ун-т (1839). Выкладаў у 1-м Рабочым каледжы. Быў паслядоўнікам Т.Карлайля. У творах «Сучасныя жывапісцы» (т. 1—5, 1843—60), «Сем светачаў архітэктуры» (1849), «Камяні Венецыі» (т. 1—3, 1851—53), «Палітычная эканомія мастацтва» (1857) развіваў канцэпцыю адзінства прыгажосці і дабрыні А.Шэфтсберы, выступаў з рамант. крытыкай капіталіст. цывілізацыі, варожай мастацтву як сінтэзу прыроды, прыгажосці і высокай маральнасці, заклікаў да адраджэння сярэдневяковай ручной працы, калект. форм маст. творчасці. Паўплываў на фарміраванне эстэт. поглядаў прэрафаэлітаў (кн. «Прэрафаэлітызм», 1851). Быў блізкі да У.Морыса, удзельнічаў у стварэнні яго маст.-прамысл. майстэрняў. Рабіў малюнкі і акварэлі.
т. 14, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́БІНА ((Sabina) Карал) (29.12.1813, Прага — 9.11.1877),
дзеяч чэш. нац.-вызв. і рэв. руху, літаратар. Вучыўся ў Пражскім і Венскім ун-тах. Адзін з арганізатараў тайнага радыкальнага гуртка «Чэшскі рыпіл» (1844, на ўзор ірл. Асацыяцыі рыпілераў). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Чэхіі лідэр радыкальных дэмакратаў, рэдактар шэрагу іх газет і часопісаў, член Сватавацлаўскага к-та, яго ваен. арг-цыі «Сворнасць» і паліт. саюза «Слав. ліпа». У 1849 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на 18 гадоў зняволення), у 1857 амнісціраваны. У 1859—72 быў інфарматарам аўстр. паліцыі. Аўтар літ.-крытычных і літ.-тэарэт. твораў, рамантычных апавяданняў і раманаў сац. зместу, лібрэта оперы Б.Сметаны «Прададзеная нявеста».
т. 14, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВА́Р ((Savart) Фелікс) (30.6.1791, г. Шарлевіль-Мезьер, Францыя — 16.3.1841),
французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1827). Скончыў Страсбурскі ун-т (1816). Працаваў ваен. хірургам. З 1828 прафесар эксперым. фізікі ў Калеж дэ Франс. Навук. прац па акустыцы, электрамагнетызме, оптыцы і гідрамеханіцы. Вывучаў акустычны рэзананс і заканамернасці распаўсюджвання гуку ў розных асяроддзях, распрацаваў фіз. асновы канструявання струнных інструментаў. Разам з Ж.Б.Біо эксперыментальна вызначыў індукцыю магн. поля, створанага эл. токам (гл. Біо—Савара закон). Вынайшаў прыладу для вызначэння частаты гуку (кола С.), кварцавую пласцінку для вывучэння палярызаванага святла, палярыскоп. Яго імем названа адзінка частотнага інтэрвалу ў акустыцы — савар.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.
т. 14, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САГІЯ́Н (Амо) (сапр. Грыгаран Амаяк Саакавіч; 14.4.1914, с. Лор, Арменія — 16.7.1993),
армянскі паэт, перакладчык. Скончыў Бакінскі пед. ін-т (1940). У 1945—67 працаваў у перыяд. друку. Друкаваўся з 1930-х г. У зб-ках лірычных вершаў «Арменія ў песнях» (1962), «Перад захадам сонца» (1964), «Сезам, адчыніся» (1972), «Вячэрняя трапеза» (1977), «Зялёна-чырвоная восень» (1980), «Кліч роду» (1981), «Кветка мяты» (1986) і інш. тэмы прыроды, кахання, філас. асэнсавання ўнутр. свету чалавека. Перакладаў рус. і замежных паэтаў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў К.Камейша. Дзярж. прэмія Арменіі 1976.
Тв.:
Рус. пер. — Зеленый тополь Наири. М., 1969.
Літ.:
Поэзия поможет человеку. Ереван, 1974.
С.Арзуманян.
т. 14, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАДУ́ХА (Аляксандр Антонавіч) (н. 18.1.1959, с. Каменка Сергіева-Пасадскага р-на Маскоўскай вобл.),
бел. эстрадны спявак. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1982). Працаваў урачом (1982). З 1987 саліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі, з 1989 — т-ра песні Я.Паплаўскай і А.Ціхановіча. З 1991 працуе са створанай ім групай «Карусель». Валодае голасам прыгожага тэмбру; яго выкананне вылучаецца шчырасцю і эмац. выразнасцю. У творчасці пераважае стрыманы рас.-бел. шансон з бардаўскім ухілам. У рэпертуары песні бел. і рас. кампазітараў, у т. л. Э.Ханка, А.Марозава, А.Елісеенкава, І.Капланава, С.Сухамліна. Дыпламант Міжнар. фестывалю «Шлягер-90» (1990, Ленінград).
т. 14, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМА́ХА (Уладзімір Пятровіч) (н. 24.3.1949, в. Бераснёўка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). Працаваў у Дзярж. камітэце Беларусі па кінематаграфіі (1975—83). З 1983 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1966. Аўтар зб-каў прозы «На ўзмежку радасці» (1980), «Заўтра ў дарогу» (1985), «Кавалёк — лесавая былінка» (1988), «Цяпло чужога сэрца» (1990), «Прывід у скураным крэсле» (1994), «Апазнаецца асоба мужчыны...» (1998), «Напрадвесні» (2001). Героі яго твораў — сучаснікі, якія шукаюць сваё месца ў жыцці. Напісаў шэраг сцэнарыяў дакумент. і мультфільмаў.
Тв.:
Званыя і выбраныя. Мн., 1999.
Літ.:
Гардзей В. Зямное і зорнае ў творчасці Уладзіміра Саламахі // Бел. думка. 2000. № 1.
І.У.Саламевіч.
т. 14, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААРГАНІЗА́ЦЫЯ,
працэс узнікнення, узнаўлення і ўдасканальвання складанай дынамічнай сістэмы. Ажыццяўляецца шляхам перабудовы ранейшых ці стварэння новых сувязей паміж элементамі сістэмы. Уласцівасці С. выяўляюцца ў аб’ектах рознай прыроды (жывая клетка, арганізм, біял. папуляцыя, чалавечы калектыў і інш.). Працэсы С. маюць мэтанакіраваны, але натуральны, спантанны характар; працякаюць ва ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем, але адносна незалежныя ад яго. Адрозніваюць 3 тыпы працэсаў С.: самазараджэнне арганізацыі (узнікненне новай цэласнай сістэмы з шэрагу аўтаномных аб’ектаў); падтрымліванне сістэмы на пэўным узроўні арганізацыі пры змене ўнутр. і знешніх умоў яе функцыянавання; удасканальванне і самаразвіццё сістэм. Праблемы С. даследуюцца ў кібернетыцы і сінергетыцы. Гл. таксама Самаарганізавальная сістэма, Самарух, Развіццё.
т. 14, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАРА́НЧ ТАРЭ́ЛЬЁ ((Samaranch Torello) Хуан Антоніо) (н. 17.7.1920, г. Барселона, Іспанія),
іспанскі дзеяч міжнар. алімп. руху, дыпламат. Маркіз. Скончыў каледж у Германіі і Вышэйшы ін-т бізнесу ў Барселоне. З 1954 чл. Ісп. алімп. к-та (у 1967—70 яго старшыня), займаў пасаду міністра па справах моладзі і спорту ісп. ўрада. У 1973—77 старшыня муніцыпальнага савета Барселоны. У 1977—80 пасол Іспаніі ў СССР і Манголіі. З 1966 чл. Міжнар. алімп. к-та (МАК). У 1980—2001 прэзідэнт МАК. За гады свайго прэзідэнцтва ажыццявіў кардынальную перабудову алімп. руху, што выявілася ў прафесіяналізацыі Алімпійскіх гульняў, пераходу іх на камерцыйную аснову.
т. 14, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)