РЭ́СКІН, Раскін (Ruskin) Джон (8.2.1819, Лондан — 20.1.1900), англійскі тэарэтык мастацтва, гісторык, публіцыст. Скончыў Оксфардскі ун-т (1839). Выкладаў у 1-м Рабочым каледжы. Быў паслядоўнікам Т.Карлайля. У творах «Сучасныя жывапісцы» (т. 1—5, 1843—60), «Сем светачаў архітэктуры» (1849), «Камяні Венецыі» (т. 1—3, 1851—53), «Палітычная эканомія мастацтва» (1857) развіваў канцэпцыю адзінства прыгажосці і дабрыні А.Шэфтсберы, выступаў з рамант. крытыкай капіталіст. цывілізацыі, варожай мастацтву як сінтэзу прыроды, прыгажосці і высокай маральнасці, заклікаў да адраджэння сярэдневяковай ручной працы, калект. форм маст. творчасці. Паўплываў на фарміраванне эстэт. поглядаў прэрафаэлітаў (кн. «Прэрафаэлітызм», 1851). Быў блізкі да У.Морыса, удзельнічаў у стварэнні яго маст.-прамысл. майстэрняў. Рабіў малюнкі і акварэлі.

т. 14, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)