ГЛА́СТАНБЕРЫ (англ. Glastonbury),

помнік археалогіі, умацаванае паселішча апошніх вякоў да н.э. на аднайм. возеры ў графстве Сомерсет (Англія). Размяшчалася на драўлянай платформе, замацаванай у торфе, было абкружана драўляным частаколам. У выніку раскопак выяўлена больш за 60 круглых жытлаў з глінянай і драўлянай падлогай. Добра захаваліся драўляныя вырабы: кошыкі, выдзеўбаны човен, фрагменты колаў са спіцамі, келіхі, зробленыя на такарным станку, кадушкі, арнаментаваныя ў стылі латэн. Ёсць звесткі пра ткацкую, керамічную, кавальскую вытворчасць.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ КЛІ́МАТ,

кліматычныя асаблівасці горных мясцовасцей. Залежаць ад вышыні над узроўнем мора і рэзкай кантрастнасці прыродных умоў на невял. прасторы. Адрозніваюць горны клімат на вышыні да 2—3 км і высакагорны клімат. Агульныя асаблівасці горнага клімату: паніжаны атм. ціск, павышаная інтэнсіўнасць сонечнай радыяцыі, у т. л. ультрафіялетавых прамянёў, чысціня паветра (па-за межамі горных катлавін), паніжаныя т-ра і абсалютная вільготнасць паветра, павелічэнне з вышынёй (да пэўнай мяжы) колькасці ападкаў, наяўнасць горна-далінных вятроў.

т. 5, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Івацэвіцкім р-не Гомельскай вобл., за 16 км на ПнУ ад г. Івацэвічы, каля в. Даманава. Створана ў 1954. Пл. 1,82 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,5 м, аб’ём вады 1,82 млн. м³. Чаша вадасховішча — ч. поймаў Шчары і Грыўды, агароджана дамбай даўж. 6,75 км. Напаўняецца вадой р. Шчара, якая паступае праз шлюзы з Чамялынскага вадасх., размешчанага вышэй па цячэнні. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт і рыбагадоўлі.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭРГЕ́НТЫ (ад лац. detergeo ачышчаю),

група паверхневаактыўных рэчываў, што выкарыстоўваюцца пераважна як мыйныя сродкі. Маюць дэзінфіцыруючыя ўласцівасці, некат. выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай, харч. і інш. галінах прам-сці, Д. з зараджанымі (дадэцылсульфат натрыю) або незараджанымі (трытоны) палярнымі канцамі — у біяхіміі пры растварэнні і ачыстцы мембранных бялкоў. Ачышчальны эфект Д. дасягаецца за кошт парушэння іх амфіпатычнымі малекуламі гідрафобных уласцівасцей малекул бялкоў, ліпідаў і інш. рэчываў. Прамысловыя Д., што трапляюць са сцёкавымі водамі ў прыроднае асяроддзе, — небяспечныя забруджвальнікі.

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГУЛЯ́НКА, Жыгулянскі канал,

рака ў Івацэвіцкім і Бярозаўскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Ясельда (бас. р. Прыпяць). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 595 км². Пачынаецца за 4 км на ПдЗ ад в. Заполле Івацэвіцкага р-на, цячэ ў межах паўн.-зах. ч. Прыпяцкага Палесся па забалочанай і лясістай мясцовасці, працякае праз Чорнае воз. (пасля выхаду з яго называецца Дарагабуж). Даліна і пойма невыразныя. Рэчышча на працягу 26 км да ўпадзення ў возера каналізаванае.

т. 6, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАКАНАДА́ЎЧЫЯ А́КТЫ ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА XV—XVI стст.»

(«Законодательные акты Великого княжества Литовского XV—XVI вв.»),

зборнік заканадаўчых і нарматыўных актаў, прывілеяў і суд. спраў ВКЛ. Выдадзены ў 1936 Ленінградскім ун-там. Змешчана больш за 20 дакументаў, у т. л. Прывілей 1447, Судзебнік 1468, Устава дзяржаўцам 1529, урыўкі з «Уставы на валокі» 1557, фрагменты Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. Правапіс крыніц адаптаваны. У дадатку — кароткая храналагічная табліца па гісторыі ВКЛ, тлумачальны слоўнік.

т. 6, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРУ́ЖАННЕ, Ружына,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 20 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,37 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 9,44 км². Схілы катлавіны выш. да 10 м (на У да 2 м), пад хмызняком, на Пн, ПнЗ і У разараныя. Берагі нізкія, пераважна забалочаныя. Злучана ручаём з воз. Несіна. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 6, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАУРА́ЛЬСКАЯ РАЎНІ́НА,

раўніна, якая ўключае ўсх. перадгор’і Сярэдняга і Паўд. Урала, у Расіі. Шыр. да 100 км на Пн і больш за 200 км на Пд. Выш. 200—300 м, асобныя астанцовыя горы да 500—600 м. Слаба нахіленая на У. Складзена з вывергнутых, асадкавых і метамарфічных горных парод палеазойскага ўзросту, шмат гранітаў. Рэкі Пышма, Ісець, Міяс і інш. (бас. р. Табол). Шмат азёр. На Пн — тайга, балоты, на Пд — разнатраўныя і дзярнова-злакавыя стэпы.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-САСНО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,

у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., за 18 км на ПдЗ ад г. Светлагорск. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1984, распрацоўваецца з 1988. Паклады нафты пл. каля 2,2 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Глыб. залягання нафтаноснага гарызонта 2812 м. Пароды-калектары — порыста-кавернозна-трэшчынаватыя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, маласмалістая, сярэднепарафінавая.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗНА́МЯ Ю́НОСТИ»,

грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 10.4.1938 у Мінску 5 разоў на тыдзень на рус. мове. Да чэрв. 1956 (№ 120) наз. «Сталинская молодежь» (у час Вял. Айч. вайны не выдавалася). Асвятляе жыццё моладзі на Беларусі і за яе межамі. Расказвае пра вучобу і адпачынак студэнтаў, жыццё бел. арміі, сучасныя маладзёжныя рухі і аб’яднанні. Змяшчае матэрыялы для жанчын, вернікаў. Закранае праблемы экалогіі, аховы здароўя, сям’і. Друкуе навіны папулярнай музыкі, спорту і інш.

Т.​А.​Меляшкевіч.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)