КА́РТЭР ((Carter) Джэймс) (Джымі) Эрл (н. 1.10.1924, г. Плейнс, штат Джорджыя, ЗША),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Чл.Дэмакр. партыі. Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ў г. Анапаліс (1946), да 1953 служыў у ВМС. З 1953 фермер, сенатар заканад. сходу (1962—66) і губернатар штата Джорджыя (1971—75); падтрымліваў рух за грамадз. правы і праграму расавай дэсегрэгацыі ў ЗША. У 1977—1981 прэзідэнт ЗША. У 1977—78 садзейнічаў заключэнню дагавора з Панамай аб будучым статусе Панамскага канала. У 1978 ініцыіраваў егіп.-ізраільскія перагаворы ў Кэмп-Дэвідзе (ЗША), пасрэднічаў у заключэнні мірнага дагавора паміж Ізраілем і Егіптам (1979, гл.Кэмп-Дэвідскія пагадненні). У 1979 заключыў дагавор аб абмежаванні стратэг. зброі з СССР — SALT-II (не падтрыманы сенатам). Праводзіў міжнар. кампанію ў абарону правоў чалавека і абвясціў аб праве ЗША ажыццяўляць іх абарону ў інш. краінах (з гэтага часу элемент афіц.дзярж. дактрыны ЗША). Аўтар кніг «Чаму не самае лепшае?» (1975), «Урад, дастойны свайго народа» (1977), «Захоўваючы веру. Мемуары прэзідэнта» (1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НТАН ((Clinton) Уільям) (Біл) Джэферсан (н. 19.8.1946, г. Хоп, штат Арканзас, ЗША),
палітычны і дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў Джорджтаўнскі (1968) і Іельскі (1973) ун-ты, вучыўся ў Оксфардскім ун-це (Вялікабрытанія, 1968—70). У 1974—76 праф. права ва ун-це штата Арканзас. У 1977—79 ген. пракурор, у 1979—81 і 1983—93 губернатар штата Арканзас. З 1993 прэзідэнт ЗША ад Дэмакр. партыі. 15.1.1994 знаходзіўся з афіц. візітам у Беларусі (наведаў Курапаты, выступіў перад бел. грамадскасцю ў АН Беларусі). Праводзіць курс на ўзмацненне міжнар. ўплыву ЗША, выступае за прыняцце ў НАТО новых членаў з ліку краін Усх. Еўропы, развіццё супрацоўніцтва з Расіяй, вырашэнне Блізкаўсходняга крызісу, канфлікту на Балканах і інш. Пры ім ВПС ЗША прымалі ўдзел у ваен. аперацыях у розных рэгіёнах свету, у т. л. супраць Ірака (1993, 1996, 1998), Югаславіі (1999, у складзе сіл НАТО).
Ва ўнутр. палітыцы выступае за рэфармаванне сістэмы сац. забеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЎШ (Святаслаў Аляксандравіч) (1917, в. Ілья Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1997),
рэлігійны і грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, пісьменнік. Сын А.Каўша. Скончыў Віленскую бел. гімназію і Віленскі ун-т. Пасвячоны ў дыяканы, быў псаломшчыкам у в. Засулле Стаўбцоўскага р-на. З 1939 завуч сярэдняй школы ў Стаўбцоўскім р-не. У 1941—44 супрацоўнічаў з ням.-фаш.акупац. ўладамі, быў старшынёй павета ў Клецку. З 1944 у Германіі, з 1949 у ЗША. У 1969 пасвячоны ў святары, і да 1977 быў настаяцелем бел. прыхода св. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле (Нью-Йорк), у 1976—86 — прыхода св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі). З 1970 чл. епархіяльнай рады Бел.правасл. царквы Паўн. Амерыкі і Канады. У 1976—88 старшыня Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта. Пасля 1976 рэдактар час. «Царкоўны сьветач», выдаваў «Беларускі праваслаўны каляндар». Аўтар кнігі балад і прозы «Русалчына балада», аповесці «На дарогах вайны» і інш.
Тв.:
Шляхам аўтакефаліі // Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭЙН ((Crane) Стывен) (1.11.1871, Ньюарк, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 5.6.1900),
амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ва ун-це г. Сіракузы. Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам Л.Талстога, Э.Заля, Р.Кіплінга. Дэбютаваў цыклам замалёвак «Эскізы з жыцця». Супрацьстаяў пашыранаму ў амер. л-ры 19 ст. «ружоваму рэалізму», належаў да т. зв. разграбальнікаў бруду. У творах узнімаў вострыя сац. праблемы: жыццё гар. беднаты, лёс дзіцяці ў жорсткіх жыццёвых абставінах (аповесці «Мэгі, дзіця вуліц», 1893; «Маці Джорджа», 1896, і інш.), грамадз. вайна паміж амер. Поўднем і Поўначчу («Пунсовы знак доблесці», 1895). Майстар псіхал. навелы: «Пачвара», «Смерць і дзіця» і інш. Аўтар аўтабіягр. рамана «Трэцяя фіялка» (1897), паэт. кніг «Чорныя вершнікі» (1895) і «Вайна добрая» (1899). Адзін з заснавальнікаў жанру ваен. рэпартажу ў амер. л-ры. Творам К. ўласцівы драматызм калізій, пластычнасць апісанняў, спалучэнне рэаліст. і натуралістычных тэндэнцый з імпрэсіянісцкімі.
Тв.:
Рус.пер. — Алый знак доблести. М., 1989;
Полн. собр. стихотворений. Чебоксары, 1994.
Літ.:
Васильевская О.В. Творчество Стивена Крейна. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛС ((Mills)Чарлз Райт) (28.8.1916, г. Уэйка, штат Тэхас, ЗША — 20.3.1962),
амерыканскі сацыёлаг і публіцыст. Скончыў Тэхаскі ун-т (1939). З 1956 праф. Калумбійскага ун-та. Паслядоўнік М.Вебера і К.Мангейма, зведаў уплыў ідэй К.Маркса, аднак лічыў яго тэорыю «ўстарэлай». Распрацаваў тэорыю сац. канфлікту, у якой вызначыў асн. праблемы, вырашэнне якіх будзе садзейнічаць стабілізацыі грамадства. У процівагу марксізму вылучыў канцэпцыю «пануючай эліты», да якой адносіў паліт., эканам. і ваен. колы, якія ўдзельнічаюць у прыняцці важнейшых рашэнняў і ўтвараюць адзіную «карпарацыю багацця» ў амер. грамадстве. Пастаянная цэнтралізацыя ўлады і мэтанакіраванае павелічэнне ваен. расходаў даюць магчымасць, паводле М., гаварыць аб «ваенным дэтэрмінізме», што, на яго думку, больш правільна, чым «эканамічны дэтэрмінізм» Маркса. Надзею на гуманізацыю грамадства звязваў з інтэлігенцыяй, якая здольна валодаць «сацыялагічным уяўленнем» (здольнасцю разумець працэсы, што адбываюцца ў грамадстве). Крытыкаваў эмпірызм амер. сацыялогіі і т.зв. «высокую тэорыю» Т.Парсанса, заклікаў да стварэння новай сацыялогіі. Зрабіў значны ўплыў на фарміраванне ідэалогіі «новых левых» у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́РЫЛЕНД (Maryland),
штат на Атлантычным узбярэжжы ЗША, па абодвух берагах Чэсапікскага заліва. Пл. 27,5 тыс.км². Нас. 5094,3 тыс.чал., у т. л. больш за 85% гарадскога (1997). Адм. ц. — г. Анапаліс, найб. горад, прамысл. цэнтр і порт — Балтымар. На У берагавая нізіна, у цэнтры плато Підмант (да 400 м), на З Апалачы (выш. да 1024 м). Клімат умераны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. 2—3 °C, ліп. 25—27 °C. Ападкаў больш за 1000 мм за год. На схілах Апалачаў захаваліся лісцевыя лясы. Найб. развіта прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (у т. л. аўтазборачнае і суднабудаванне), радыёэлектронная, эл.-тэхн., авіяракетная, хім., нафтахім., харч., паліграф., швейная; выраб металаканструкцый. Вытв-сць электраэнергіі 44,6 млрд.кВт∙гадз (1997). Здабыча буд. каменю, цэм. сыравіны, пяску і жвіру. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Агародніцтва. Цяплічныя гаспадаркі. Вырошчванне соі і кукурузы. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ АЎСТРА́ЛІЯ (South Australia),
штат Аўстралійскага Саюза каля ўзбярэжжа Вял. Аўстралійскага зал. Індыйскага акіяна. Пл. 984,4 тыс.км². Нас. 1479,8 тыс.чал. (1997). Каля 90% насельніцтва жыве ў гарадах. Адм. ц. — г.Адэлаіда. У рэльефе пераважаюць пустынныя раўніны з асобнымі ізаляванымі горнымі масівамі (Масгрэйв, Сцьюарт і інш.) і ўпадзінамі з салёнымі азёрамі (Эйр, Гэрднер, Торэнс і інш.). На ПдУ — раўніна р. Мурэй. Расліннасць пустынная і паўпустынная, месцамі вечназялёныя хмызнякі. Развіты сельская гаспадарка і прам-сць. Здабыча меднай і жал. руд, прыроднага газу, каменнага вугалю. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, у т. л. агульнае, дакладнае, с.-г., эл.-тэхн., судна- і аўтабудаванне; нафтахімія, вінаробства, мукамольная, кансервавая, тэкст., швейная, абутковая. Гал.прамысл. цэнтры Адэлаіда, Уаяла, Порт-Піры. Сеюць пшаніцу, ячмень, авёс. Садоўніцтва і вінаградарства (каля 50% збору вінаграду ў краіне). Гадуюць мерыносавых авечак (пагалоўе каля 20 млн.) і буйн. раг. жывёлу. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Важнейшы порт Адэлаіда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́К (дзявочае Родзька) Галіна
(24.5.1930, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 14.9.2000),
мастачка, мастацтвазнаўца, грамадскі дзеяч бел. дыяспары ў ЗША, удзельніца агульнаамер. руху за правы жанчын. Праф. (1993). З 1949 жыла ў ЗША. Скончыла Ратгерскі ун-т (штат Нью-Джэрсі) са ступенямі магістра бібліятэчных навук (1956) і магістра гісторыі мастацтва (1976). Працавала дырэктарам маст. б-кі гэтага ун-та. Удзельніца маст. выставак з 1969; творы экспанаваліся ў ЗША, Канадзе, Беларусі (1992, адзіная персанальная выстаўка на радзіме). Малявала ў манеры імпрэсіянізму сродкамі жывапісу і графікі пейзажы («Курган», «Папараць—кветка шчасця», «Буслы ў палёце» і інш., 1970—80-я г.), творы, якія адлюстроўваюць постаці і падзеі бел. гісторыі, паданні і легенды, катастрофу на Чарнобыльскай АЭС («Ефрасіння Полацкая», «Пагоня», «Чужанецкія крумкачы», «Голас продкаў», «Неспрыяльныя вятры», 1990-я г.). Уваходзіла ў склад кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў. Аўтар навук. публікацый пра мастацтва жанчын, ахову гіст. спадчыны Беларусі, па гісторыі бел. архітэктуры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНДЖЭРЫ, рэйнджэрс (ад англ. rangers асобы, якія рабілі вялікія пешыя пераходы, — егеры, леснікі і інш.),
асобая катэгорыя ваеннаслужачых армій ЗША і некат. інш. дзяржаў, падрыхтаваныя для дыверсійна-развед. дзейнасці на тэр. праціўніка. Як спец. фарміраванні склаліся ў перыяд каланізацыі еўрапейцамі Паўн. Амерыкі (першыя падраздзяленні створаны ў брыт. каланіяльнай арміі ў 2-й пал. 1750-х г. для дзеянняў супраць індзейскіх плямён). У арміі ЗША падраздзяленні Р. сфарміраваны ў чэрв. 1942. Аналагічныя часці і падраздзяленні меліся ў інш. краінах, войскі якіх у час 2-й сусв. вайны вялі баявыя дзеянні ў складзе англа-амер. кааліцыйных сіл супраць Германіі, Італіі і Японіі. У пасляваен. час Р. некат. краін (ЗША, Вялікабрытаніі і інш.), якія уваходзяць у склад войск спец. прызначэння, удзельнічалі ў шэрагу лакальных войнаў і ваен. канфліктаў. Р. таксама называюць членаў паліцэйскіх фарміраванняў у ЗША (штат Тэхас), створаных для падтрымання законнасці і правапарадку на рэдканаселеных тэрыторыях на мяжы з Мексікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНДЖА́Б, Панджаб (Пяцірэчча),
прыродная і гіст. вобласць у Паўд. Азіі, на тэр. Індыі і Пакістана. Пл. каля 700 тыс.км². Нас. больш за 150 млн.чал. (2000). Займае паўн. частку Інда-Гангскай раўніны. Арашаецца сістэмай рэк Сатледж, Джэлам, Чынаб, Раві і Біяс, якія зліваюцца ў р. Панджнад (левы прыток р. Інд). Пераважаюць выш. 150—350 м. Клімат мусонны, сухі і цёплы. Сярэднія т-ры ў студз. 13—16 °C, у маі каля 35 °C. Ападкаў ад 150 мм (на 3) да 700 мм за год (на У), максімум у перыяд летняга мусону. Натуральная расліннасць (апустыненыя саванны з калючымі хмызнякамі) захавалася месцамі на водападзельных участках. Пераважаюць густанаселеныя культ. ландшафты на арашальных землях. Шырокая сетка арашальных каналаў. Вял. гарады — Лахор (Пакістан), Амрытсар (Індыя) і інш. На тэр. вобласці аднайм. правінцыя Пакістана і штат Індыі, інш.тэр. гэтых дзяржаў.
У 3—1-й пал. 2-га тыс. да н.э. П. уваходзіў у зону Інда даліны цывілізацыі. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. заселены плямёнамі арыяў. У канцы 6—5 ст. да н.э. — ч.Ахеменідаў дзяржавы. У 327—325 да н.э.зах.ч. П. да р. Гіфасіс (Біяс) заваявана Аляксандрам Македонскім, у 4—2 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы Маур’яў, потым — Грэка-Бактрыйскага царства (2—1 ст. да н.э.), Кушанскай дзяржавы (1—3 ст.н.э.), Гуптаў дзяржавы і дзяржавы эфталітаў. Пасля распаду апошняй (567) на тэр. П. існавалі некалькі княстваў. У пач. 11 ст. заваяваны Газневідамі, якія перанеслі ў Лахор сваю сталіцу. У 1186—1206 П. — ч. дзяржавы Гурыдаў. у 13 — пач. 16 ст.Дэлійскага султаната, у 16 — пач. 18 ст.Магольскай імперыі, з сярэдзіны 18 ст. дзяржавы Ахмад-шаха Дурані. У выніку паўстання сікхаў у 1760-я г. ў П. створана некалькі сікхскіх княстваў, якія ў пач. 19 ст. аб’яднаны махараджам Ранджыт Сінгхам [1799—1839] У адзіную дзяржаву. У выніку англа-сікхскіх воінаў 1845—46 і 1848—49 заваяваны англічанамі і далучаны да Брыт. Індыі як асобная правінцыя. Паводле Маўнтбетэна плана 1947 большая ч. П. з пераважна мусульм. насельніцтвам адышла да Пакістана, меншая — з індуска-сікхскім — да Індыі, як правінцыя і штат П.