Ю́КАН (Yukon),
плато ў сістэме Унутр. пояса Кардыльераў Паўн. Амерыкі, у ЗША (штат Аляска) і Канадзе. Буйныя масівы з плоскімі вяршынямі (выш. да 1500—2000 м), асобныя тэктанічныя катлавіны. Горныя масівы складзены пераважна з крышт. парод і маладых вулканічных покрываў. Дно катлавін размешчана на выш. 200—500 м, укрыта рыхлымі антрапагенавымі адкладамі. Радовішчы медзі, свінцу, кам. вугалю, нафты, золата. Клімат субарктычны, кантынент., на З больш мяккі. Сярэдняя т-ра студз. да -30 °C, ліп. 10—15 °C. Ападкаў да 300 мм за год. Разгалінаваная сетка рэк бас. Юкан і Кускаквім. На тэрасах і прыдалінных схілах да выш. 400 м — хвойныя лясы, вышэй рэдкалессі і гарнатундравая расліннасць.
т. 18, кн. 1, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)