ГУДО́Н, Удон (Houdon) Жан Антуан (20.3.1741, г. Версаль, Францыя — 15.7.1828), французскі скульптар; адзін з буйных майстроў еўрап. скульптурнага партрэта 18 ст. Вучыўся ў Ж.Б.Пігаля. У 1764—68 пенсіянер Франц. акадэміі ў Рыме. У 1805—23 выкладаў у парыжскай Школе прыгожых мастацтваў. Надаючы вял. значэнне анатоміі як аснове скульптуры, выканаў анат. Фігуру «Экаршэ» (1767), якая стала навуч. дапаможнікам многім пакаленням скульптараў. Стварыў галерэю вобразаў вядомых гіст. асоб: бюсты Кацярыны II (1773), Ж.Ж.Русо (1778), А.Г.Мірабо (1791), Напалеона I (1806), помнік Дж.Вашынгтону (1778), бюст (1778) і статую (1781) Вальтэра і інш. Натуральнай прастатой і лірычнасцю вызначаюцца жаночыя і дзіцячыя партрэты («Партрэт жонкі», 1787).
Літ.:
Арнасон Г.Г. Скульптура Гудона: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАК ((Braque) Жорж) (13.5.1882, г. Аржанцёй, Францыя — 31.8.1963),
французскі жывапісец, графік, скульптар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Гаўры і Парыжы (1902—04). З 1905 пісаў пейзажы ў духу фавізму; у 1908 разам з П.Пікаса стаў заснавальнікам кубізму. У амаль манахромных кубістычных кампазіцыях («Кларнет і бутэлька рому на каміне», 1911, «Жанчына з гітарай», 1913) імкнуўся да абстрагавання формаў і разнастайнасці фактуры, шырока выкарыстаў калаж. У 1920-я г. паступова адышоў ад кубізму, пісаў разнастайныя па колеры, дэкар. па характары творы («Чорныя рыбы», 1942). Выканаў цыкл каляровых літаграфій («Сшыткі Жоржа Брака», 1947), размалёўку царквы ў Асі (1945), плафоны залаў у Луўры (1953). У апошнія гады галоўнай тэмай творчасці стала прырода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНТ (Brant, Brandt) Себасцьян (1457, г. Страсбур, Францыя — 10.5.1521), нямецкі пісьменнік-гуманіст.Д-р права (1489). Аўтар сатыр.-дыдактычнай паэмы «Карабель дурняў» (1494), у вобразах якой персаніфікаваў разнастайныя праяўленні чалавечага глупства. Выступаючы ў ролі аднаго з герояў паэмы, Брант не толькі выкрываў заганы, уласцівыя як чалавечаму роду ўвогуле, так і яго сучаснікам, але і заклікаў да пераадолення чалавечага глупства з дапамогаю розуму. Паэма напісана жывой нар. мовай. Яе праілюстраваў А.Дзюрэр. Брант апублікаваў таксама шэраг юрыд., тэалагічных і літ. тэкстаў, у т. л. творы Ф.Петраркі і інш. У традыцыях «л-ры пра дурняў», ля вытокаў якой стаіць Брнт, тварылі Эразм Ратэрдамскі, Т.Мурнер, Г.Сакс і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРДЭ́ЛЬ ((Bourdelle) Эміль Антуан) (30.10.1861, г. Мантабан, Францыя — 1.10.1929),
французскі скульптар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Тулузе (1876—84) і Парыжы (1884—86). Працаваў у майстэрнях Ж.Далу і А.Радэна (1893—1908). Выкладаў у студыі Гранд-Шам’ер (1909—29). Ад прасякнутых бурнай экспрэсіяй ранніх твораў («Помнік тым, хто загінуў», 1893—1902) перайшоў да больш ураўнаважаных кампазіцый, дзе творча пераасэнсаваў традыцыі стараж.-грэч. архаікі і ранняй класікі, імкнуўся да гераізацыі і манументалізацыі вобразаў («Геракл, які страляе з лука», 1909; «Пенелопа», 1909—12; «Сафо», 1924—25). Аўтар помнікаў А.Міцкевічу ў Парыжы (1909—29), К.Альвеару ў Буэнас-Айрэсе (1914—17), партрэтаў А.Радэна (1909), А.Франса (1919) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯЛІ́КАЯ СЯМЁРКА»
(англ. Group of Seven, G7),
прынятая з сярэдзіны 1970-х г. назва 7 найб. развітых краін свету: Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Канады, Францыі і Японіі. Назва ўзнікла ў сувязі са штогадовымі сустрэчамі кіраўнікоў гэтых дзяржаў для абмеркавання надзённых глабальных праблем паліт. і эканам. развіцця і выпрацоўкі ўзгодненай палітыкі па іх вырашэнні. Першая сустрэча адбылася ў 1975 у Рамбуе (Францыя), удзельнічалі лідэры 6 краін. У 1976 да іх далучыўся прэм’ер-міністр Канады, з 1977 — прадстаўнік ЕЭС. З 1992 да ўдзелу ў сустрэчах «вялікай сямёркі» запрашаюць і прадстаўніка Расіі. На пач. 1990-х г. на долю краін «сямёркі» прыпадала больш за 50% сусв. валавога нац. прадукту і прамысл. вытв-сці, больш за 25% с.-г. прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТО́ ((Watteau) Жан Антуан) (10.10.1684, г. Валансьен, Францыя — 18.7.1721),
французскі жывапісец. Працаваў таксама ў галіне графікі і дэкар. жывапісу. Вучыўся ў Парыжы ў К.Жыло і К.Адрана. Зазнаў уплыў П.П.Рубенса. У 1717 атрымаў званне акадэміка за твор «Паломніцтва на востраў Кіферу». Пісаў жанравыя карціны («Бівак», «Саваяр з сурком», 1716, і інш.). Пазней у творах на тэмы «галантных урачыстасцей» і тэатр. сцэн («Цяжкае становішча», «Свецкае кола ў парку», «Свята кахання», «Жыль» і інш.) канчаткова сфарміраваўся яго своеасаблівы стыль, адметны вытанчанай грацыёзнасцю вобразаў і інтымнымі настроямі. Паэтычнасцю вылучаюцца і яго малюнкі (аловак, сангіна).
Літ.:
А.Ватто. Старинные тексты / Сост. Ю.К.Золотов. М., 1971;
Герман М. Антуан Ватто. 2 изд. Л., 1984.
А.Вато.А.Вато. Паломніцтва на востраў Кіферу. 1717.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ БЕЛЕ́ ((Du Bellay) Жаашэн) (1522, Лірэ, каля г. Шале, Францыя — 1.1.1560),
французскі паэт. Адзін з кіраўнікоў літ. групы «Плеяда», у маніфесце якой «Абарона і праслаўленне французскай мовы» (1549) сфармуляваў шляхі абнаўлення франц. паэзіі — заснаванне новых жанраў, узбагачэнне моўных сродкаў, наследаванне ант. паэтам і інш. Аўтар зб. санетаў «Аліва» (1549—50) і зб. од «Лірычныя вершы» (1549). У 1553—57 жыў у Рыме, дзе стварыў свае лепшыя зб-кі санетаў «Старажытнасці Рыма» і «Шкадаванні», зб. од і элегій «Сельскія гульні» (усе апубл. 1558), якія перадаюць італьян. ўражанні паэта — яго адмоўнае стаўленне да каталіцкага Рыма, погляд на гісторыю развіцця чалавецтва, асуджэнне войнаў, туга па радзіме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮКЛО́ ((Duclos) Жак) (2.10.1896, г. Луэ, Францыя — 25.4.1975),
палітычны дзеяч Францыі, дзеяч міжнар.камуніст. руху, журналіст. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Чл. (з 1921) і адзін з кіраўнікоў (1926—64) Франц.камуніст. партыі (ФКП). Чл. Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала (1935—43). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў франц. Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. Віцэ-старшыня Устаноўчага сходу (1945—46). Дэп. ніжняй палаты парламента (1926—32, 1936—39, 1946—58), сенатар (з 1959). Кандыдат у прэзідэнты Францыі ад ФКП на выбарах 1969. Быў сувыдаўцом газ. «L’Humanité» («Чалавецтва») і дырэктарам газ. «Voix de l’Est» («Голас Усходу»), Аўтар мемуараў (т. 1—6, 1968—72), кніг «Будучыня дэмакратыі» (1962), «Бакунін і Маркс: цень і святло» (1974) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮЛЕ́Н ((DuUin) Шарль) (12.5.1885, г. Ен, Францыя — 12.12.1949),
французскі рэжысёр, акцёр, педагог. У 1907—21 удзельнічаў у спектаклях парыжскіх т-раў пад кіраўніцтвам рэжысёраў А.Антуана, Ж.Капо, Ф.Жэм’е, Г.Баці і інш. У 1922 заснаваў у Парыжы т-р «Атэлье», дзе працаваў да 1940. У 1940-я г. акцёр і рэжысёр «Тэатра дэ Пары» і «Тэатра Сары Бернар» (Парыж), «Тэатра Селесцінцаў» (Ліён). Сярод пастановак: «Марыя Магдаліна» Ф.Гебеля (1912), «Асалода жыцця» Л.Пірандэла (1922), «Вальпоне» Б.Джонсана (1928; і гал. роля). З лепшых акцёрскіх работ: Гарпагон («Скупы» Мальера), Смердзякоў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага). Выхаваў плеяду выдатных акцёраў і рэжысёраў франц.т-ра (Ж.Вілар. Ж.Баро, М.Марсо, Р.Руло і інш.). Аўтар кн. «Успаміны і нататкі акцёра» (1946).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮПІНЭ́ (Dupiney) Вінсент, французскі мастак-картаньер 18 ст. Нарадзіўся ў г. Ліёне (Францыя). Працаваў на ткацкіх прадпрыемствах Ліёна і Берліна. Вырабляў «узорнікі» для тканых паясоў. З 1768 ткач Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, дзе на «французскі манер» арганізаваў вытворчасць узорыстых тканін і паясоў (кіраўнік мануфактуры да 1780, у 1770—77 з Ж.Л.Унардам). Пры ім за першыя 2 гады колькасць варштатаў мануфактуры павялічылася з 6 да 60. Яму належыць шэраг паясоў з дэкорам па канцах у выглядзе 2 дрэў, паміж якімі кошык з кветкамі, над імі вянок, знізу ягня; таксама прыпісваюцца тканіны ў палосы з рэдкімі і дробнымі кветкавымі бутаньеркамі.
Літ.:
Pasy kontuszowe z polskich manufaktur i pracowni w zbiorach Museum Narodowego w Warszawe. Warszawa, 1995.