ДЫЯГНО́СТЫКА (ад грэч. diagnōstikos здольны распазнаваць),

раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае метады і прынцыпы распазнавання хваробы, пастаноўкі дыягназу, назначэння лячэння і правядзення прафілактычных мерапрыемстваў. Уключае 3 асн. раздзелы: семіётыку (вывучае сімптомы хваробы), метады дыягнастычнага абследавання хворага (дыягнастычную тэхніку), метадалагічныя асновы, якія вызначаюць тэорыю і метады дыягназу. Пры Д. нараўне з анамнезам, мед. аглядам аўскультацыяй, пальпацыяй, перкусіяй выкарыстоўваюць удасканаленыя тэхн. сродкі і метады — ангіяграфію, камп’ютэрную тамаграфію, рэнтгенаграфію, фонакардыяграфію, электракардыяграфію, электраэнцэфалаграфію, эндаскапію, радыеізатопную і ультрагукавую Д. і інш. З дапамогай эндаскапічных, рэнтгеналагічных, ультрагукавых метадаў даследавання, лапараскапіі праводзяць Д. захворванняў гінекалагічнага профілю. Ультрагук выкарыстоўваюць у акушэрстве для прэнатальнай Д. (дае магчымасць удакладніць стан плода, плацэнты, правесці Д. заган развіцця плода). Д. неабходная пры даследаванні нервовай, сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, касцявой, мочавыдзяляльнай сістэм, органаў стрававання. Найб. важная ранняя Д. захворванняў, зыход якіх залежыць ад своечасовасці лячэння (напр., раку, туберкулёзу). Адным са шляхоў ранняй Д. з’яўляецца дыспансернае абследаванне практычна здаровых людзей. Гл. таксама Дыспансерызацыя.

т. 6, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + сенсібілізацыя),

пазбаўленне ад празмернай адчувальнасці (гіперадчувальнасці), змененай рэактыўнасці ў адказ на ўздзеянне «чужога» антыгену (алергена). Дазваляе адысці ад сенсібілізацыі — імуннай рэакцыі, якая пры паўторных сустрэчах з алергенам суправаджаецца пашкоджаннем або праяўленнем хваробы. Павышаная адчувальнасць да антыгену можа быць неадкладнай, ажыццяўляцца праз 1—30 мін з дапамогай спецыфічных антыцел або запаволенай (праз 24—48 і больш гадз) з дапамогай вызначаных клетак імунітэту. Д. значна зніжае рэагаванне ў адказ на ўздзеянне антыгену. Стан Д. набываецца праз мэтанакіраваныя ўздзеянні алергенам на арганізм з павышанай адчувальнасцю. Гіпасенсібілізуючая тэрапія ажыццяўляецца ўрачом алерголагам пры ўвядзенні ў арганізм пацярпелага малых доз алергена, канцэнтрацыю якога з кожным днём павялічваюць, што садзейнічае выпрацоўцы інш. імуннага адказу, з’яўленню «блакіруючых антыцел», якія блакіруюць антыген і не дазваляюць яму выклікаць алергічную рэакцыю. Д. пры алергічных рэакцыях запаволенага (клетачнага) тыпу дасягаецца зняццем прычыны, якая іх правакуе. Дасягнуць Д. ўдаецца рознымі спосабамі, якія забяспечваюць зніжэнне гіперрэактыўнасці ў адказ на ўздзеянне антыгену (алергена).

М.​А.​Скеп’ян.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІ́ПЕЦКАЯ МО́ВА,

асобная галіна семіта-хаміцкіх моў (разам з копцкай мовай). З 5 ст. — мёртвая. Была пашырана на тэр. сучаснага Егіпта, выцеснена егіпецкім дыялектам арабскай мовы. Падзяляецца на стараж.-егіпецкую (32—22 ст. да н.э.), сярэднеегіпецкую і класічную (22—14 ст. да н.э.), новаегіпецкую (14—7 ст. да н.э.), дэматычную (7 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.). Усе звесткі пра Е.м. прыблізныя, што тлумачыцца складанасцю пісьма.

У фанетыцы вядомы зычныя і галосныя (на пісьме не абазначаліся) гукі. Націск — на апошнім ці перадапошнім складзе. У марфалогіі назоўнік меў мужч. і жан. род, адз., парны і мн. лік; склоны выражаліся аналітычна. Прыметнікі падзяляліся на якасныя і адносныя (нісбі), лічэбнікі — на колькасныя і парадкавыя. Дзеясловы мелі незалежны і залежны стан, загадны і неазначальны лад; катэгорыя часу ў ранні перыяд Е.м. адсутнічала. У сінтаксісе асновай класіфікацыі сказаў быў выказнік; адрозніваліся дзеяслоўныя і недзеяслоўныя сказы. Першыя пісьмовыя помнікі, напісаныя егіпецкім пісьмом, датуюцца канцом 4 — пач. 3-га тыс. да н.э.

т. 6, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНУ́СІ ((Zanussi) Кшыштаф) (н. 17.6.1939, Варшава),

польскі рэжысёр, сцэнарыст. Вучыўся ў Варшаўскім (1955—59) і Ягелонскім (у Кракаве 1959—62) ун-тах. Скончыў Вышэйшую школу т-ра, кіно і тэлебачання ў Лодзі (1966). Чл. Польскай АН (1994). Узначальвае Еўрап. федэрацыю кінарэжысёраў (з 1990). З 1977 выкладае ў Нац. кінашколе Вялікабрытаніі. Асн. праблематыка творчасці — маральная. Аналізуе ўплыў цывілізацыі і змен у грамадстве на духоўны стан чалавека («Смерць правінцыяла», 1966, «Структура крышталю», 1970, «За сцяной», 1971, «Імператыў», 1982), трываласць універсальных каштоўнасцей у сутыкненні з рэаліямі грамадскага жыцця («Ілюмінацыя», 1973, «Ахоўныя колеры», 1976, «Спіраль», 1978, «Кантракт», 1980, «Галоп», 1995); супрацьпастаўляе маральнай дэградацыі чалавека ўласныя гуманіст. погляды («З далёкага краю», 1981, «Год спакойнага сонца», 1984, «Жыццё за жыццё. Максімілян Кольбе», 1990, «Дотык рукі», 1992). Сцэнарыі З. выдадзены асобнымі кнігамі (1976, 1979, 1980, 1985, 1992). З 1979 займаецца тэатр. рэжысурай (супрацоўнічае з драм. т-рамі Кракава, Бона, Мілана, опернымі т-рамі Брэмена, Базеля, Палерма). Дзярж. прэмія Польшчы 1984.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРА́ДАВАЯ ЦО́ТНАСЦЬ, C-цотнасць,

квантавы лік сапраўды нейтральнай элементарнай часціцы (сістэмы часціц), які вызначае паводзіны яе хвалевай функцыі пры зарадавым спалучэнні. У працэсах, абумоўленых гравітацыйнымі, эл.-магн. або моцнымі ўзаемадзеяннямі, З.ц. захоўваецца (не мяняецца).

Пры зарадавым спалучэнні хвалевая функцыя сапраўды нейтральнай часціцы не мяняецца (дадатная З.ц.) або мяняе знак (адмоўная З.ц.). Для фатона З.ц. адмоўная: C = −1, гэта вынікае з таго, што пры зарадамі спалучэнні эл. зарады, а значыць, і эл.магн. палі, квантамі якіх з’яўляюцца фатоны, мяняюць знак. Для π​0− і η​0− мезонаў, якія распадаюцца на 2 γ-кванты, C = 1. Сапраўды нейтральнай сістэмай з’яўляецца пазітроній (звязаны стан электрона і пазітрона), для якога C = (−1)​J+l, дзе J — поўны спін сістэмы, l — арбітальны момант іх адноснага руху. Гэтай формулай вызначаецца таксама З.ц. сапраўды нейтральных мезонаў, пабудаваных з кварка і адпаведнага антыкварка.

Літ.:

Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

А.​У.​Астапенка.

т. 6, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦАВА́ННЕ ПТУ́ШАК,

метад прыжыццёвага мечання дзікіх птушак кольцамі для вывучэння іх перамяшчэнняў і біялогіі. З навук. мэтамі ўведзена ў Даніі (1899); на Беларусі ў 1917, рэгулярна робяць К. п. з 1946.

Птушак кальцуюць метал. ці пластмасавымі каляровымі кольцамі (з нумарам, адрасам) на нагах, шыі, дзюбе. Робяць на месцы гнездавання, на шляхах пралёту, у час лінькі або на зімоўцы; рэгіструюць час і месца кальцавання. Пры індывід. К. п. вывучаюць паводзіны асобін, пры масавым выяўляюць месцы зімовак, хуткасць руху пры пералётах, асаблівасці рассялення, стан і пашырэнне папуляцый, прычыны гібелі ў прыродзе, шляхі пераносу птушкамі паразітаў і ўзбуджальнікаў хвароб, вывучаюць пытанні аховы птушак у асобных рэгіёнах і ў сусв. маштабе і інш. З 1963 дзейнічае Еўрап. саюз па К. п. — EURING (Нідэрланды), які каардынуе дзейнасць нац. цэнтраў кальцавання. К. п. на Беларусі кіруе Бел. цэнтр пры Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі.

М.​Я.​Нікіфараў.

Да арт. Кальцаванне птушак: нажныя кольцы.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ СТАТЫ́СТЫКА,

раздзел статыстычнай фізікі, у якім вывучаюцца ўласцівасці сістэм тоесных мікрачасціц. Дала магчымасць тлумачыць многія фіз. з’явы, якія з пункту гледжання класічнай фізікі нельга было тлумачыць, напр., Планка закон выпрамянення абсалютна чорнага цела, электраправоднасць, цеплаёмістасць цвёрдых цел, звышцякучасць, звышправоднасць.

З квантавай механікі вынікае, што энергія такой сістэмы мае дыскрэтныя значэнні, а хвалевыя функцыі, якія апісваюць розныя станы сістэмы мікрачасціц сіметрычныя (гл. Бозе—Эйнштэйна статыстыка) або антысіметрычныя (гл. Фермі—Дзірака статыстыка) адносна перастановак часціц. В.Паўлі даказаў, што тып К.с. вызначаецца спінам часціц: часціцы з паўцэлым спінам (напр., электроны, нейтрына, пратоны) падпарадкоўваюцца К.с. Фермі—Дзірака (ферміёны), з цэлым спінам (напр., фатоны, альфа-часціцы) — Бозе—Эйнштэйна (базоны). Пры высокіх т-рах квантавыя эфекты неістотныя і формулы размеркавання часціц (пры адсутнасці знешніх палёў) пераходзяць у класічнае Максвела размеркаванне. Пры дастаткова нізкіх т-рах амаль усе ніжнія станы ферміёнаў будуць запоўненымі (выраджаны фермі-газ); базоны пры гэтых умовах імкнуцца перайсці ў стан з нулявым імпульсам (Бозе—Эйнштэйна кандэнсацыя).

Л.​І.​Камароў.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ ЭВАЛЮ́ЦЫЯ,

форма эвалюцыі групы арганізмаў, звязаная з рэзкім пераходам яе з адной адаптыўнай зоны ў другую; канцэпцыя, якая тлумачыць высокія тэмпы эвалюцыі пры фарміраванні буйных таксонаў. Тэрмін уведзены амер. біёлагам Дж.​Сімпсанам (1944). У выніку К.э. пры пасрэдніцтве жорсткага натуральнага адбору зыходная група арганізмаў страчвае прыстасаванасць да былой адаптыўнай зоны, потым або пераадольвае няўстойлівы стан («неадаптыўная фаза», «інтэрвал няўстойлівасці») і развівае комплекс прыстасаванняў да новай адаптыўнай зоны, або вымірае. К.э. тлумачыць выбуховы характар эвалюцыі многіх буйных груп арганізмаў, якія нечакана дасягалі бурнага росквіту. Напр., утварэнне ў пачатку трацічнага перыяду вял. раўнін і з’яўленне травяністых пакрытанасенных раслін, асабліва злакаў, садзейнічала прагрэсіўнай змене будовы зубной сістэмы, чэрапа, канечнасцей у капытных млекакормячых, што прывяло да рэзкага павелічэння іх колькасці, разнастайнасці форм і паўсюднага рассялення. Канцэпцыя К.э. падпадае пад сумненне многіх вучоных, якія лічаць больш верагодным паступовае асваенне арганізмамі новага навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Симпсон Дж.Г. Темпы и формы эволюции: Пер. с англ. М., 1948.

т. 8, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫТЫ́ЧНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,

1) тэмпература рэчыва ў яго крытычным стане. Для індывідуальных рэчываў вызначаецца як т-ра, пры якой знікаюць адрозненні фіз. уласцівасцей вадкасці і яе пары, што знаходзяцца ў стане раўнавагі, напр., шчыльнасці вадкасці і пары становяцца аднолькавымі, знікае мяжа падзелу паміж імі. У двайных сістэмах (напр., сумесь прапан—ізапентан) раўнавага вадкасць—пара мае прасторавую крытычную крывую, крайнімі пунктамі якой з’яўляюцца К.т. чыстых кампанентаў.

2) К.т. раствораў — т-ра, пры якой у вадкіх сумесях з абмежавана растваральнымі кампанентамі пачынаецца іх неабмежаваная растваральнасць.

3) Т-ра пераходу шэрагу праваднікоў у звышправодны стан (гл. Звышправоднасць). Вымерана для большасці металаў, сплаваў, хім. злучэнняў. Найб. К.т. выяўлена для сплаваў на аснове ніобію (Тк да 23 К) і для керамікі на аснове ітрыю (Тк да 96 К).

Да арт. Крытычная тэмпература. Крывыя раўнавагі вадкасць—пара і крытычная крывая сістэмы прапан—ізапентан: 1, 2, 3, 4 — крывыя вадкасці (суцэльныя) і пары (пункцір) для сумесі з мольнай доляй ізапентану 0,206, 0,412, 0,607, 0,899 адпаведна.

т. 8, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

гаспадарча-фінансавы стан пазычальніка, які дае ўпэўненасць у эфектыўным выкарыстанні і вяртанні ім пазыкі (крэдыту), што дае яму права на атрыманне крэдыту. Пераход да рыначных адносін прадугледжвае больш жорсткія ўмовы выдачы крэдыту. Таму пры аналізе К. вывучаюцца існуючая і перспектыўная плацежаздольнасць, узровень рэнтабельнасці і абарачальнасць абаротных сродкаў, тэмпы росту рэалізацыі, сумы і тэрміны пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах, дзелавая актыўнасць і інш. Пры ацэнцы К. банкі выкарыстоўваюць і каэфіцыент бягучай ліквіднасці. Лічыцца, што калі ён ніжэйшы за 1, то банк мае справу з неплацежаздольным кліентам і крэдыт можа быць выдадзены на асаблівых умовах; пры яго ўзроўні 1,0—1,5 існуе рызыка своечасовага вяртання доўгу; пры ўзроўні больш як 1,5 гарантыі забяспечанасці доўгу і яго вяртання дастатковыя. Пры аналізе К. вывучаецца і ступень рызыкі банка як крэдытора; пры высокай ступені рызыкі прадугледжваецца і больш высокая працэнтная стаўка. Здольнасць пазычаць і аддаваць грашовыя сродкі вызначаецца прыбытковасцю, стабільнасцю, сітуацыяй на крэдытным рынку, складам і структурай актываў, інш. фактарамі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)