НГУЕ́НЫ,
дынастыя правіцеляў (16—18 ст.) Паўд. і Цэнтр. В’етнама, імператараў В’етнама (1802—1945). З сярэдзіны 16 ст. фактычныя правіцелі Паўд. і Цэнтр. В’етнама пры намінальнай уладзе імператараў дынастыі Ле. У 17—18 ст. вялі войны з домам Чыняў, які правіў на Пн В’етнама, за кантроль над усёй краінай. У пач. 19 ст. пры дапамозе французаў задушылі паўстанне тэйшонаў (1771—1802) і аб’ядналі пад сваёй уладай увесь В’етнам. У 1802 Нгуен Ань (Зя Лонг) абвясціў сябе імператарам [1802—20], У 1884 прызналі франц. пратэктарат, застаючыся намінальнымі імператарамі Паўн. і Цэнтр. В’етнама. Пасля ўзяцця ўлады В’етмінем у жн. 1945 апошні з Н. — Бао Дай [1926—45] — адрокся ад прастола.
т. 11, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЦЭ́ВІЧ Кароль Урсын (1797—9.2.1867),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. Са шляхецкага роду Урсын-Нямцэвічаў. Скончыў Свіслацкую гімназію, вучыўся ў Віленскім ун-це. У 1830 абраны віцэ-маршалкам Гродзенскай губ. У час паўстання 1830—31 на 4 месяцы інтэрніраваны ў Гродне. Уцёк пад Беласток, дзе ўзначаліў невял. атрад, які быў разбіты 16.5.1831, адышоў пад Белавежу, пасля рассеяны. Н. далучыўся да дывізіі ген. М.Рыбінскага. У жн. 1831 увайшоў у склад Сената Каралеўства Польскага як прадстаўнік ад Гродзеншчыны. Пасля капітуляцыі Варшавы эмігрыраваў у Парыж, дзе звязаны з Ю.Нямцэвічам, А.Чартарыйскім. Аўтар мемуараў «Успаміны з 1831 г.» (1863), «Успаміны пра паўстанне ў Брэсце Літоўскім» (1869).
т. 11, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДЗЕКАБРЫ́СТАЎ,
тайная рэв. арг-цыя дзекабрыстаў. Засн. ў 1821 у Пецярбургу членамі б. дзекабрысцкай арг-цыі «Саюз дабрабыту» (распалася ў пач. 1821) М.М.Мураўёвым, М.С.Луніным, С.П.Трубяцкім, Я.П.Абаленскім, М.І.Тургеневым. У 1823 прыняты статут. Узначальвала т-ва дума з 3 чал. Частка членаў т-ва на чале з Мураўёвым выступала за канстытуцыйна-манархічны федэратыўны дзярж. лад Расіі, радыкальна настроеныя члены на чале з К.Ф.Рылеевым падтрымлівалі рэсп. праграму Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў. Пасля смерці Аляксандра I у абставінах міжцаравання т-ва ўзняло 14(26).12.1825 у Пецярбургу паўстанне. Спыніла існаванне пасля задушэння паўстання.
Літ.:
Мемуары декабристов: Северное общество. М., 1981.
т. 12, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАГРА́ДСКАЯ АБАРО́НА 1919.
Адбывалася ў маі—ліст. 1919 у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22. Сав. войскі 7-й і 15-й армій Зах. фронту (каманд. Дз.М.Надзёжны, потым У.М.Гіціс) пры падтрымцы Балт. флоту (А.П.Зеляной) задушылі антыбальшавіцкае паўстанне на фартах Красная Горка і Шэры Конь (чэрв. 1919), адбілі 2 наступленні (май—жн. і вер.—кастр.) арміі белай гвардыі ген. М.М.Юдзеніча, якая пры падтрымцы войск Эстоніі, Фінляндыі і брыт. флоту імкнулася авалодаць г. Петраград (асн. ўдар з тэр. Эстоніі) і ў кастр. выйшла на блізкія подступы да горада. Потым сав. войскі перайшлі ў контрнаступленне, да канца ліст. адкінулі войскі Юдзеніча ў Эстонію.
т. 12, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРУШЭ́ЎСКІ Дзмітрый Майсеевіч (13.9.1863, с. Кобрынава Чаркаскай вобл., Украіна — 12.12.1942),
расійскі гісторык-медыявіст. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1924), засл. праф. (1925). Скончыў Кіеўскі ун-т (1886). Праф. Варшаўскага (1897—1906), Петраградскага (1914—17), Маскоўскага (1906—11 і 1917—42) ун-таў. Прадстаўнік сац.эканам. кірунку ў рас. медыявістыцы. Даследаваў гісторыю агр. адносін сярэдневяковай Англіі, у прыватнасці крызіс англ. манара. Сац.-эканам. адносіны ў Англіі 14 ст. разглядаў як капіталістычныя, генезіс феадалізму паказваў як мірны эвалюц. працэс. Асн. працы: «Паўстанне Уота Тайлера» (ч. 1—2, 1897—1901), «Нарысы з гісторыі сярэдневяковага грамадства і дзяржавы» (1907), «Нарысы з гісторыі англійскай дзяржавы і грамадства ў сярэднія вякі» (1903).
т. 12, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫСА́ЛЬ, Рысаль-і-Алонса (Rizal y Alonso) Хасэ (19.6.1861, г. Каламба, Філіпіны — 3.12.1896), філіпінскі грамадска-паліт. дзеяч, урач, этнограф, лінгвіст, гісторык, паэт, празаік (пісаў на ісп. мове), скульптар, мастак. Вучыўся ў Манільскім ун-це, у Іспаніі і Германіі. У 1892 стварыў Філіпінскую лігу, якая выступала за рэформу калан. адміністрацыі. Арыштаваны ісп. ўладамі і сасланы. У 1896 адхіліў прапанову патрыят. арг-цыі Каціпунан узначаліць паўстанне супраць ісп. панавання, тым не менш у час паўстання арыштаваны іспанцамі і пакараны смерцю. Аўтар раманаў «Не дакранайся да мяне» (1887), «Флібусцьеры» (1891), памфлетаў па грамадска-паліт. пытаннях.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1961.
Літ.:
Губер А., Рыковская О. Хосе Рисаль. М., 1937.
т. 13, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕНТАРЖЭ́ЦКІ Баляслаў Часлававіч [1831, маёнтак (цяпер вёска) Багушэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 1888], адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Вучыўся ў Віленскім дваранскім ін-це, Пецярбургскім ун-це; у час эміграцыі — у ваен. школе ў Францыі. Служыў у Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе. З 1860 знаходзіўся пад сакрэтным наглядам паліцыі. Як член Мінскага губ. к-та ўдзельнічаў у распрацоўцы ўмоў сялянскай рэформы 1861. У 1863 паўстанцкі камісар Мінскай губ. Знаходзіўся пры атрадзе С.Ляскоўскага. Увосень 1863 эмігрыраваў. Сядзіба Свентаржэцкіх у Багушэвічах была знішчана паводле загаду М.М.Мураўёва.
Літ.:
Кісялёў Г.В. На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне. Мн., 1990.
Г.В.Кісялёў.
т. 14, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СПАРТАКА́ САЮ́З»
(«Spartakusbund»),
арганізацыя германскіх леварадыкальных сацыял-дэмакратаў, якая існавала ў пач. 20 ст. Пераемнік узніклай на мяжы 1915—16 унутры Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі леварадыкальнай групы вакол Р.Люксембург, К.Лібкнехта і Ф.Мерынга (з 1916 наз. «Група Спартак»; з крас. 1917 у складзе Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі, НСДПГ). Утвораны 11.11.1918 у час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі на базе «Групы Спартак». Выступаў за радыкалізацыю рэвалюцыі (укараненне сістэмы саветаў і інш.), удзельнічаў у арганізаваным ім няўдалым паўстанні («Паўстанне Спартака») у снеж. 1918 — студз. 1919. Пасля выхаду з НСДПГ (снеж. 1918) спартакісты і інш. заснавалі 30.12.1918—1.1.1919 Камуніст. партыю Германіі.
т. 15, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАУ́ЛІ ПІЕТО́МІН, Ваўлё Ненянге,
кіраўнік паўстання ненецкай беднаты ў 1830—40-я г. Аленявод нізавой тундры з р. Таз. На чале ўзбр. дружыны вёў барацьбу супраць мясц. князькоў, багатых аленяводаў, купцоў і царскіх чыноўнікаў. У студз. 1841 з атрадам (400 чал.) падышоў да г. Абдорск (цяпер г. Салехард). Быў схоплены, дастаўлены ў г. Бярозаў, пасля ў г. Табольск і сасланы на катаргу ва Усх. Сібір, дзе памёр. Паўстанне Ваулі Піетоміна ўпершыню апісала ў сваім дзённіку ўраджэнка Беларусі Е.Фялінская, якая адбывала ў Бярозаве ссылку за рэв. дзейнасць.
Літ.:
История Сибири с древнейших времен до наших дней. Т. 2. Л., 1968;
Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 188—203.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 4, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДРО́ЙЦ Рамуальд Тадэвуш (7.2.1750, в. Бобчын Браслаўскага пав. — 15.10.1824),
удзельнік паўстання 1794. З роду Гедройцаў. На баку Барскай канфедэрацыі змагаўся пад Гроднам, Моўчаддзю (1769), Бездзежам (1771), Сталовічамі (1773). Удзельнік падрыхтоўкі паўстання 1794, чл. Найвышэйшай Літоўскай рады, адзін з бліжэйшых паплечнікаў яе кіраўніка Я.Ясінскага. Пасля паражэння паўстання на тэр. ВКЛ з 5-тысячным атрадам прыбыў у Варшаву і ўдзельнічаў у яе абароне. Пасля ў эміграцыі. У 1796 рыхтаваў паўстанне ў Жамойціі. У час Варшаўскага герцагства чл. Ваеннага к-та (1812), пазней яго старшыня. У 1813 трапіў у палон і высланы ў Архангельск. Праз 2 гады вярнуўся ў Варшаву, ген. дывізіі ў арміі Каралеўства Польскага, чл. Ваеннага к-та.
Н.К.Мазоўка.
т. 5, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)