НЯМЦЭ́ВІЧ (Кароль Урсын) (1797—9.2.1867),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. Са шляхецкага роду Урсын-Нямцэвічаў. Скончыў Свіслацкую гімназію, вучыўся ў Віленскім ун-це. У 1830 абраны віцэ-маршалкам Гродзенскай губ. У час паўстання 1830—31 на 4 месяцы інтэрніраваны ў Гродне. Уцёк пад Беласток, дзе ўзначаліў невял. атрад, які быў разбіты 16.5.1831, адышоў пад Белавежу, пасля рассеяны. Н. далучыўся да дывізіі ген. М.Рыбінскага. У жн. 1831 увайшоў у склад Сената Каралеўства Польскага як прадстаўнік ад Гродзеншчыны. Пасля капітуляцыі Варшавы эмігрыраваў у Парыж, дзе звязаны з Ю.Нямцэвічам, А.Чартарыйскім. Аўтар мемуараў «Успаміны з 1831 г.» (1863), «Успаміны пра паўстанне ў Брэсце Літоўскім» (1869).
т. 11, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)