НГУЕ́НЫ,

дынастыя правіцеляў (16—18 ст.) Паўд. і Цэнтр. В’етнама, імператараў В’етнама (1802—1945). З сярэдзіны 16 ст. фактычныя правіцелі Паўд. і Цэнтр. В’етнама пры намінальнай уладзе імператараў дынастыі Ле. У 17—18 ст. вялі войны з домам Чыняў, які правіў на Пн В’етнама, за кантроль над усёй краінай. У пач. 19 ст. пры дапамозе французаў задушылі паўстанне тэйшонаў (1771—1802) і аб’ядналі пад сваёй уладай увесь В’етнам. У 1802 Нгуен Ань (Зя Лонг) абвясціў сябе імператарам [1802—20], У 1884 прызналі франц. пратэктарат, застаючыся намінальнымі імператарамі Паўн. і Цэнтр. В’етнама. Пасля ўзяцця ўлады В’етмінем у жн. 1945 апошні з Н. — Бао Дай [1926—45] — адрокся ад прастола.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)