МІТЭЛЬШНА́ЎЦЭР (ад ням. mittel сярэдні + Schnauze морда),
сярэдні шнаўцэр, парода шарсткашэрсных сабак. Выведзена ў Германіі ў 19 ст. У інш. краіны завозілася з 1920—30-х г. На Беларусі з 1980-х г.
Канстытуцыя моцная, кампактная. Выш. ў карку (40—50 см) прыблізна роўная даўж. тулава. Грудзі сярэдне шырокія, выпуклыя. Спіна моцная. Шыя высока пастаўленая, з моцнай асновай. Галава масіўная, з характэрным вуглаватым профілем. Мочка носа буйная, чорная. Вушы і хвост высока пасаджаныя, купіраваныя, стаячыя. Шэрсць густая, няшчыльная, больш доўгая на канечнасцях і галаве (утварае характэрныя вусы, бараду і бровы). Масць чорная або шэрая (т. зв. «перац з соллю») з цёмнай маскай на мордзе. Тып паводзін тэмпераментны, рухавы. Трывалыя, пільныя, добра дрэсіруюцца. Службовыя (выкарыстоўваюцца як вартавыя і суправаджальныя); дэкар.-пакаёвыя сабакі.
Да М. блізкія паводле паходжання, экстэр’еру і паводзін рызеншнаўцэр, або гіганцкі шнаўцэр (выш. ў карку 60—70 см; выкарыстоўваюцца ў вартавой і вышуковай службах), і цвергшнаўцэр, або мініяцюрны (карлікавы) шнаўцэр (выш. ў карку 30—35 см; дэкар.-пакаёвыя сабакі; таксама выкарыстоўваюцца на мытнях для адшукання наркотыкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІНЕ́ЙНАЯ АКУ́СТЫКА,
галіна акустыкі, якая вывучае гукавыя ваганні і хвалі настолькі высокай інтэнсіўнасці, што ўзнікае ўзаемадзеянне паміж палямі гукавога і інш.паходжання.
Пры распаўсюджванні магутнага гукавога выпрамянення наглядаюцца скажэнне формы хвалі і ўзнікненне ўдарных хваль, змена спектра і ўзнікненне хваль камбінацыйных частот, дадатковае паглынанне і своеасаблівае насычэнне інтэнсіўнасці, прамянёвы ціск, акустычнае цячэнне вадкасцей і інш. Характэрная асаблівасць нелінейных эфектаў — іх залежнасць ад амплітуды хвалі. Для апісання гэтых з’яў Н.а. зыходзіць з нелінейных ураўн.механікі суцэльных асяроддзяў. Пры ўліку затухання хваль Н.а. карыстаецца вынікамі тэрмадынамікі неабарачальных працэсаў і статыстычнай механікі. Пры мікраскапічным апісанні акустычныя хвалі і цеплаабмен разглядаюцца як розныя выяўленні аднаго працэсу (мех. ваганняў) і Н.а. зліваецца з малекулярнай і квантавай акустыкай, асабліва ў дыяпазоне ультрагукавых частот. Прыклады спецыфічных нелінейных эфектаў — ціск гукавога выпрамянення, акустычная кавітацыя. Узаемадзеянне акустычных і эл.-магн. хваль адначасова вывучаецца Н.а. і нелінейнай оптыкай.
Літ.:
Такер Дж., Рэмптон В. Гиперзвук в физике твердого тела: Пер. с англ.М., 1975;
Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РФАЛК (Norfolk),
уладанне Аўстраліі на аднайм. востраве ў паўд.-зах.ч. Ціхага ак.Пл. 36 км². Нас. 2,2 тыс.чал. (1996), пераважна англа-палінезійскія метысы (нашчадкі перасяленцаў з в-ва Піткэрн), а таксама нядаўнія перасяленцы з Аўстраліі і Новай Зеландыі. Афіц. мова — англійская. Вернікі пераважна англікане. Больш за палавіну насельніцтва звязана з абслугоўваннем турыстаў. Адм. ц. і порт — пасёлак Кінгстан. Востраў вулканічнага паходжання. Паверхня — невысокае базальтавае плато. На Пн горны масіў выш. да 317 м. Клімат субтрапічны. Т-ра паветра ад 20 °C у ліп. да 24 °C у студзені. За год выпадае 1300 мм ападкаў. Часткова захаваліся эндэмічныя расліны: норфалкская хвоя, вечназялёныя цвердалістыя дрэвы і хмызнякі. Больш як палавіна тэр. вострава пад садамі, палямі, лугамі. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў. Частка насельніцтва займаецца земляробствам (цытрусавыя, бананы, кава, бульба, батат, ямс, агародніна), малочнай жывёлагадоўляй, птушкагадоўляй, рыбалоўствам. Невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Востраў звязаны рэгулярнымі рэйсамі суднаў і самалётаў з Аўстраліяй і Новай Зеландыяй, ёсць аэрапорт і 80 км аўтадарог. Аснова экспарту — насенне мясц. эндэмічных раслін, кава, бананы. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНІ́ЗМ,
слова, запазычанае з польскай мовы. У бел. мову пачалі пранікаць з канца 14 ст. Працэс актыўнага папаўнення слоўніка бел. мовы П. працягваўся да 1930-х г. Запазычанне іх адбывалася 2 шляхамі: вусным (у выніку зносін беларусаў з палякамі як з суседнім народам і з прадстаўнікамі польск. народа, што жылі на Беларусі) і пісьмовым (праз пераклады твораў з польск. мовы на бел.). Сярод П. выдзяляюцца грамадска-паліт. тэрміны («айчына», «братэрства»), ваен. («моц», «палкоўнік»), бытавыя словы («пярсцёнак», «сукенка»), прастамоўныя («быдла», «лямант»). Праз польск. мову ў бел. лексіку прыйшла значная колькасць слоў з інш. моў (лац. «колер», ням. «карэта»). Лексіцы польск. паходжання ў сучаснай бел. мове ўласцівыя: спалучэнні «ен» («эн»), «ён»(«он»), «ан» на месцы насавых галосных ę, ą («парэнчы», «маёнтак», «вандроўка»); «-дл-» («кавадла», «страшыдла»); «-лу-» паміж зычнымі («слуп», «тлусты»); суфіксы «-іск-а» («вятрыска»); «-унак» («пакунак»); «-ізн-а» («бялізна»); цвёрдае вымаўленне зычных перад галоснымі «е» («э»): «бэз», «пэўны»; «я» («а») на месцы ўсх.-слав. «е» («э»): «жалязка», «бляск»; гук «ц» (на месцы «ч»): «цудоўны» (рус. «чудесный»), «цурацца» (рус. «чуждаться»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕЛІ́ЗМ (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),
у біялогіі, паралельнае развіццё, парафілія, незалежнае развіццё падобных адзнак у эвалюцыі блізкароднасных груп арганізмаў. У выніку П. другасна набытае падабенства розных груп быццам бы накладваецца на іх падабенства, якое абумоўлена агульнасцю паходжання. Узнікае асобая катэгорыя падабенства органаў і розных відаў — гамаялогія. П. пашыраны ў філагенезе розных груп арганізмаў. Напр., шляхам П., відаць, развіваліся прыстасаванні да воднага спосабу жыцця ў 3 лініях эвалюцыі ластаногіх (маржы, вушастыя і сапраўдныя цюлені); у розных груп кісцяпёрых рыб развіваліся прыкметы земнаводных; у некалькіх груп зверападобных паўзуноў (тэрапсід) — прыкметы млекакормячых. Прыкметы пакрытанасенных раслін незалежна і паралельна развіваліся ў розных лініях эвалюцыі іх продкаў — праангіяспермаў. Узнікненне П. звязана з захаваннем роднаснымі групамі арганізмаў пэўнай генет. супольнасці і падабенства працэсаў антагенезу і яго рэгуляцыі. У генафондах роднасных відаў заканамерна з’яўляюцца падобныя (гамалагічныя) мутацыі (закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці, які ўстанавіў М.І.Вавілаў). П. тлумачыцца падобным напрамкам натуральнага адбору, які дзейнічае на групы продкаў, што разышліся першапачаткова (гл.Дывергенцыя). Часам П. вызначаюць як канвергенцыю блізкароднасных груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТЫў хіміі,
тонкадысперсныя афарбаваныя парашкі, нерастваральныя ў вадзе і плёнкаўтваральных рэчывах. Паводле паходжання П. падзяляюць на прыродныя і сінт., паводле складу — на мінер. (неарган.) і арган., паводле колеру — на ахраматычныя (белыя, шэрыя, чорныя) і храматычныя (інш. колераў), паводле прызначэння — на дэкар., ахоўныя, мэтавага прызначэння (сігнальныя, тэрмаіндыкатарныя, бактэрыцыдныя і інш.).
П. неарганічныя — пераважна аксіды, сульфіды і солі пераходных металаў (жалеза, кобальту, хрому і інш.), парашкі каляровых металаў (алюмінію, медзі, цынку, нікелю) і сплаваў (бронзы, латуні), сажа. Прыродныя (напр., жалезны сурык, вохра, умбра) атрымліваюць з мінералаў, сінт. — хім. асаджэннем з водных раствораў і суспензій (напр., кроны), награваннем (напр., аксід хрому Cr2O3 — з хромпіку), рэакцыямі ў паравой ці газавай фазе з наступнай кандэнсацыяй прадуктаў (напр., бялілы). П. арганічныя — найб. пашыраны азапігменты (гл.Азафарбавальнікі), азалакі (нерастваральныя солі азазлучэнняў), трыфенілметанавыя, поліцыклічныя (спец. формы кубавых фарбавальнікаў) і фталацыянінавыя П. (комплексныя злучэнні фталацыяніну). Выкарыстоўваюць для вырабу лакафарбавых матэрыялаў і паліграф. фарбаў, фарбавання неарган. буд. матэрыялаў, пластмас, хім. валокнаў, гумы, паперы, штучнай скуры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ТКЭРН (Pitcairn),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 46,5 км². Складаецца з 4 астравоў, у т. л.в-аў Піткэрн (пл. 4,5 км², адзіны населены). Нас. каля 50 чал. (2000), англа-палінезійскія метысы. Адзіны нас. пункт, адм. ц. — паселішча Адамстаўн. Афіц. мова — англійская. В-аў Піткэрн вулканічнага паходжання, выш. да 335 м, астатнія астравы каралавыя. Клімат і расліннасць субтрапічныя. Асн. занятак насельніцтва — земляробства. Вырошчваюць батат, ямс, тара, маніёк, хлебнае дрэва, дыні, гарбузы, бананы, цукр. трыснёг, бабовыя, кукурузу, цытрусавыя, ананасы і інш. Гадуюць коз і курэй. Рыбалоўства. Саматужная вытв-сць сувеніраў. Гал. крыніца даходаў — продаж мясц. паштовых марак, якія карыстаюцца вял. попытам у філатэлістаў. Марскія сувязі пераважна з Новай Зеландыяй. Грашовая адзінка — долар Піткэрна.
У старажытнасці П наведвалі палінезійцы. Адкрыты ў 1767 брыт. капітанам Ф.Картэрэтам. У 1790 на П. знайшлі прытулак 9 маракоў з мяцежнага брыт.ваен. карабля «Баўнці». Яны прывезлі з сабой некалькі палінезійскіх жанчын; іх нашчадкі складаюць сучаснае насельніцтва П. У 1839 абвешчаны брыт. калоніяй, да якой у 1902 далучана некалькі суседніх астравоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЁНКАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, плёнкаўтваральнікі,
рэчывы (звычайна алігамеры ці палімеры), здольныя ўтвараць шчыльныя, трывалыя плёнкі пры нанясенні іх на цвёрдую паверхню; асн. кампаненты лакафарбавых матэрыялаў. Паводле паходжання адрозніваюць прыродныя (напр., высыхальныя алеі, смолы прыродныя) і сінтэтычныя. Найб. пашыраны сінт. П.р., на аснове якіх атрымліваюць лакафарбавыя пакрыцці з больш стабільнымі і разнастайнымі характарыстыкамі, чым на аснове прыродных.
Большасць П.в. — рэакцыйназдольныя алігамеры разгалінаванай ці лінейнай будовы (алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, меламіна-фармальдэгідныя, поліэфірныя і эпаксідныя смолы, некаторыя супалімеры акрылатаў). У якасці П.р. выкарыстоўваюць таксама параўнальна нізкамалекулярныя (напр., поліакрылаты, хлорзмяшчальныя палімеры) і высокамалекулярныя палімеры (гл.Парашковыя фарбы). Паводле рэакцыйнай здольнасці падзяляюць на П.р. неператваральныя, ці абарачальныя (тэрмапластычныя), якія ўтвараюць плёнку ў выніку выпарэння растваральніку, і ператваральныя, ці неабарачальныя (тэрмарэактыўныя), якія пры фарміраванні пакрыцця ператвараюцца ў сеткавыя палімеры ў выніку рэакцый полікандэнсацыі ці полімерызацыі па функц. групах (гл.Ацвярдзенне палімераў). Выкарыстоўваюць пераважна ў выглядзе раствораў у лятучых арган. растваральніках, водных раствораў і дысперсій.
Літ.:
Сорокин М.Ф., Кочнова З.А., Шодэ Л.Г. Химия и технология пленкообразующих веществ. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬКА (чэш. polka ад půlka палавіна),
бел.нар. танец чэш.паходжання. Муз. памер 2/4. Выконваецца па крузе ў парах. Асноўны рух — паўкрокі з паваротам, якія ўпрыгожваюцца разнастайнымі дробнымі па (падскокамі, прысядкай, прытупамі, выстаўленнем нагі на пятку і інш.). У 1840-я г. быў пашыраны ў Еўропе як бальны танец. У розных рэгіёнах узнікалі лакальныя варыянты П., якія асіміляваліся з мясц. харэагр. фальклорам і станавіліся народнымі. Лёгкасць пранікнення П. ў бел. харэаграфію абумоўлена пэўнай блізкасцю яе да нац.танц. традыцый (2-дольнасць метра, хуткі тэмп, прастата рухаў і кампазіцыйнай будовы, жыццярадасны настрой). Бытуе ў мностве муз., харэагр. і тэкставых (у выглядзе прыпевак) разнавіднасцей. У назвах бел. П. адлюстраваны тэрыторыя пашырэння («Барысаўская», «Смаргонская», «Віцябчанка»), асаблівасці харэагр. будовы («Рассыпуха», «Вязанка»), характар лексікі і выканання («Трасуха», «Крутуха», «Ківуха», «З прысюдамі», «Драбней маку», «Паважна», «Какетка»), эмац. (гумарыстычны) настрой («Шэльма», «Расцяпа», «Гопсясюся», «Злодзей»), звычкі і рухі жывёл і з’явы прыроды («Зайчык», «Чыжык», «Дожджык»), імёны дзейных асоб («Альбіна», «Янка»), назвы старадаўніх танцаў, з якімі злілася П. («Трасуха», «Мазур-полька») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭСТА́НЦКІ ХАРА́Л,
духоўны гімн нямецкай пратэстанцкай царквы. Спяваўся ўсёй абшчынай на роднай (ням.) мове, напачатку аднагалосна, пазней на 4 галасы ў строгім акордава-гарманічным складзе. Асн. крыніцамі П.х. былі ням. і лац. духоўныя песні, грыгарыянскія спевы ў ням. перакладах; ужывалася тэхніка кантамінацыі (стварэнне новага тэксту да вядомай мелодыі рэлігійнага ці свецкага паходжання).
Узнік у Германіі ў 16 ст. ў эпоху Рэфармацыі і Сялянскай вайны 1524—25. Выконваў ключавую функцыю ў кульце рэфармацыйнай царквы. аналагічную грыгарыянскаму харалу ў каталіцкай царкве. П.х. роднасны духоўным гусіцкім (Чэхія), фламандскім, гугеноцкім (Францыя), пурытанскім (Англія), і інш. песням рэфармацыйных плыней. Найважнейшую ролю ў фарміраванні і прапагандзе рэпертуару П.х. адыгралі М.Лютэр і І.Вальтэр, распачаўшы друкаванне зб-каў П.х. «Erfurter Enchiridien» («Эрфурцкія Энхірыдыёны»), «Geystliches Gesangk Büchleyn» («Кніжачка Духоўных спеваў», 1524). За першыя дзесяцігоддзі Рэфармацыі з’явілася больш за 200 канцыяналаў (Г.Люфта, І.Клюга, Г.Рау, В.Бабста і інш.). У 16—18 ст. П.х. стаў асновай стварэння жанраў харальнай апрацоўкі: харальная прэлюдыя, матэт, кантата, канцэрт і інш.