прылада для вымярэння міжцэнтравай (міжвосевай) адлегласці ў зубчастых колах. Мае вымяральную карэтку (рэйку) і вымяральнае кола, якое счапляецца з кантралюемым колам. М. наз. таксама прылада для вымярэння адлегласці паміж цэнтрамі адтулін або восямі валоў (напр., штангенцыркуль-М.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДУКТААБМЕ́Н,
форма эканам. сувязей паміж вытворцамі, якая характарызуецца абменам прадуктамі працы і рознага віду паслугамі без пасрэдніцтва грошай. Выкарыстоўваўся на розных этапах развіцця чалавечага грамадства. У сучаснай эканоміцы П., асабліва ў міжнар. гандлі, ажыццяўляецца праз бартэрныя здзелкі (гл.Бартэр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАРАГАЦЫ́ЙНЫЯ ПАГАДНЕ́ННІў міжнародным праве,
пагадненні, якія ўстанаўліваюць падсуднасць: суд або арбітраж якой краіны кампетэнтны вырашаць спрэчкі па знешнегандлёвых здзелках, што могуць узнікнуць паміж дагаворнымі бакамі. У выпадках, калі ўзнікае спрэчка, бакі могуць выбраць шляхам пагаднення любую падсуднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭО́Н (ад грэч. osteon косць),
гаверсава сістэма, структурная адзінка кампактнага губкаватага рэчыва касцей пазваночных жывёл і чалавека. Утвараецца пры замяшчэнні храсткоў касцявой тканкай, што суправаджаецца іх разбурэннем, урастаннем у іх крывяносных сасудаў і адкладаннем вакол іх астэабластамі міжклетачнага рэчыва, якое пасля мінералізуецца. У выніку фарміруецца сістэма з 5—20 касцявых пласцінак, складзеных з калагенавых валокнаў, рознанакіраваных (пад вуглом) у кожнай з сумежных пласцінак, што надае косці высокую мех. трываласць. Пласцінкі канцэнтрычна акружаюць цэнтральны (гаверсаў) канал, праз які праходзяць крывяносны сасуд і нерв. валокны. У поласці паміж пласцінкамі месцяцца астэацыты. Сістэма рацыянальных трафічных канальцаў у астэоне забяспечвае жыўленне косці і сувязь (апастамоз) цэнтр. крывяносных сасудаў астэона з сасудамі надкосніцы і касцявога мозга. Паміж суседнімі астэонамі ёсць т.зв. ўставачныя, або прамежкавыя, касцявыя пласцінкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКАМУНІКА́ЦЫЯ (ад бія... + камунікацыя),
сувязі паміж асобінамі аднаго або розных відаў жывёл, якія складаюцца праз перадачу і прыём сігналаў, што ўтвараюцца імі. Адрозніваюць сігналы спецыфічныя — хім., мех., аптычныя, акустычныя, эл. і інш. і неспецыфічныя, якія спадарожнічаюць жыццядзейнасці жывёл, успрымаюцца органамі зроку, слыху, нюху, смаку, дотыку, бакавой лініі, тэрма- і электрарэцэптарамі. Інфармацыя, якая паступае па розных каналах сувязі, перапрацоўваецца нерв. сістэмай, дзе фарміруецца рэакцыя арганізма ў адказ. Біякамунікацыя аблягчае пошукі ежы і спрыяльных умоў жыцця, ахову ад ворагаў і шкодных уздзеянняў, сустрэчу асобін рознага полу (асабліва ў перыяд размнажэння), узаемадзеянне дарослых і моладзі, фарміраванне груп (чарод, зграй, статкаў, калоній і інш.) і рэгуляцыю адносін паміж асобінамі ўнутры іх (тэр. паводзіны, іерархія і інш.). Кожны від жывёл мае свой арсенал біякамунікацыі, які перадаецца ў спадчыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Ну эканоміцы,
узаемны абмен дзейнасцю (таварамі, паслугамі) паміж людзьмі, як правіла, на эквівалентнай аснове. Адбываецца непасрэдна ў вытв-сці (абмен вытв. дзейнасцю або загатоўкамі, паўфабрыкатамі) і ў форме абмену прадуктамі працы і паслугамі. З аднаго боку, абмен — састаўная ч.вытв. працэсу, з другога — адна з самаст. стадый грамадскага ўзнаўлення, якая спалучае вытв-сць з размеркаваннем і спажываннем.
Неабходнасць абмену абумоўлена грамадскім падзелам працы. У першабытным грамадстве звязаны з падзелам працы ўнутры абшчыны (абмен паміж абшчынамі быў выпадковы). З развіццём вытв-сці абмен набываў рэгулярны характар і асабліва пашырыўся з усталяваннем машыннай індустрыі. Са з’яўленнем грошай непасрэдны абмен тавараў (Т—Т) перарос у абарачэнне, але захаваўся ў вытв-сці, а таксама ў бартэрных здзелках (гл.Бартэр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,
шырата і даўгата, якія вызначаюць становішча пункта на зямной паверхні. Геагр. шырата φ — вугал паміж лініяй адвеса ў дадзеным пункце і плоскасцю экватара, які адлічваецца ад 0 да 90° у абодва бакі ад экватара: на Пн — паўночная шырата, на Пд — паўднёвая. Геагр. даўгата λ — вугал паміж плоскасцю мерыдыяна, які праходзіць праз дадзены пункт, і плоскасцю пач. мерыдыяна (гл.Грынвіцкі мерыдыян). Даўготы ад 0° да 180° на У ад пач. мерыдыяна наз. ўсходнімі, на З — заходнімі. Геаграфічныя каардынаты абагульняюць астр. і геад. каардынаты пры вырашэнні задач інж. геадэзіі, калі няма патрэбы ўлічваць несупадзенне астр. і геад. каардынат.
Геаграфічныя каардынаты пункта M: шырата φ (вугал MCN); даўгата λ (вугал OCN); P і P′ — Паўночны і Паўднёвы полюсы Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОД,
прамежак часу, блізкі па працягласці да перыяду абарачэння Зямлі вакол Сонца. У астраноміі вылучаюць: сідэрычны (зорны) год, які адпавядае аднаму бачнаму абароту Сонца па нябеснай сферы адносна нерухомых зорак, складае 365,2564 сярэдніх сонечных сут; трапічны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі цэнтра Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (365,2422 сут); анамалістычны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі Сонца праз перыгей яго бачнай геацэнтрычнай арбіты (365,2596 сут); драканічны год — час, за які Сонца вяртаецца да таго ж (узыходнага і сыходнага) вузла арбіты Месяца на экліптыцы (346,620 сут); працягласць гэтых гадоў прыведзены для 1900; каляндарны год мае 365 сут для звычайных гадоў і 366 сут для высакосных гадоў; месячны год роўны 12 сінадычным месяцам (у сярэднім 354,367 сут).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІ ДАГАВО́Р,
тэорыя паходжання дзяржавы, прапанаваная галандскім вучоным Г.Гроцыем. Упершыню трактоўка дзяржавы як дагавору паміж людзьмі прапанавана Эпікурам. Асаблівае пашырэнне мела ў эпоху бурж. рэвалюцый 18—19 ст. (Д.Дзідро, Т.Гобс, Ж.Ж.Русо). Прыхільнікі грамадскага дагавору лічылі, што дзяржава ўзнікла ў выніку дагавору паміж людзьмі, у якім прадугледжвалася добраахвотнае адмаўленне асобных з іх ад сваіх натуральных правоў на карысць дзярж. улады, закліканай абараняць уласнасць і бяспеку грамадзян. У розных варыянтах гэту ідэю развівалі Дж.Лілберн і Дж.Мільтан у Вялікабрытаніі, І.Кант і І.Фіхтэ ў Германіі, Т.Пейн у Амерыцы. Ідэя грамадскага дагавору ляжыць у аснове паліт. поглядаў А.М.Радзішчава. Яна значна паўплывала на фарміраванне паліт. светапогляду дзекабрыстаў («Руская праўда» П.Пестэля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГАЖЭ́ЛЦКІ ДАГАВО́Р 1950,
дагавор паміж Польскай Рэспублікай і Герм.Дэмакр. Рэспублікай аб дэмаркацыі ўстаноўленай і існуючай польска-ням.дзярж. граніцы. Падпісаны 6 ліп. ў г. Згажэлец (Польшча) прэм’ер-міністрамі Ю.Цыранкевічам і О.Гротэвалем. Пацвердзіў рашэнні, прынятыя на Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945, паводле якіх Польшча атрымала б. нямецкія землі на У ад лініі, што ідзе ад Балтыйскага мора, уздоўж р. Одра да вусця р. Ныса-Лужыцка, далей па Нысе-Лужыцкай да граніцы з Чэхаславакіяй, а таксама ч.Усх. Прусіі і тэр.б. вольнага горада Гданьска. Да заключэння ў 1970 дагавора аб асновах нармалізацыі ўзаемаадносін паміж Польскай Нар. Рэспублікай і ФРГ выкарыстоўваўся ў прапагандысцкіх мэтах як сімвал змен пасляваенных граніц Германіі.