НІКІ́ЦІН Леанід Аляксандравіч (14.5.1896, г. Разань, Расія — 20.10.1942),
расійскі мастак тэатра, жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у прыватных студыях у Э.Ліснера, А.Ленскага, скульптара А.Бяссмертнага. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні (1922). З 1920 працаваў у тэатр. сектары Пралеткульта, дзе з С.Эйзенштэйнам аформіў спектаклі «Мексіканец» паводле Дж.Лондана, «Лена» В.Плятнёва, «Зоры Пралеткульта» В.Ігнатава. У 1924—26 кіраўнік курса гісторыі мастацтваў у Бел.драм. студыі ў Маскве. Аформіў спектаклі студыі «Цар Максімілян» у апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча (1924), «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Гавань» Гі дэ Мапасана, «Пільны вартавы» М.Сервантэса, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля, «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (усе 1925), «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «У мінулы час» І.Бэна (абодва 1926); у БДТ-2 — «Эрас і Псіхея» Жулаўскага (1926), «Дуброўскі» паводле А.Пушкіна, «Банкір» А.Карнейчука (абодва 1937). Аўтар афармлення «Вечара бел. танца і песні» (пастаноўка А.Лашчыліна, 1925) у Вял. т-ры. Пісаў партрэты (Бяссмертнага, жонкі, сына), пейзажы («Стары Віцебск», «Дняпро каля Канева» і інш.). Працаваў у кніжнай і прамысл. графіцы.
Літ.:
Никитина В.Р. Дом окнами на закат: Воспоминания. М.,1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬЧЭ́ЎСКІ Алесь (Аляксандр Восіпавіч; 16.1.1905, в. Прусінава Ўздзенскага р-на Мінскай вобл. — 26.4.1979),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у час. «Іскры Ільіча». У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Ніжагародскай вобл. У 1946—48 настаўнічаў на Міншчыне. У 1949 зноў незаконна асуджаны, высланы ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны ў 1954. З 1955 у Мінску, з 1957 працаваў у час. «Вясёлка». Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяданняў «Родныя берагі» (1958), «Разбітае люстэрка» (1965), «Былі ў маці сыны» (1968), аповесцей і апавяданняў «Жнівеньская раніца» (1963), «Запознены пасаг» (1973), «Ноч на вахце» (1979). Пісаў для дзяцей п’есы, апавяданні (кн. «Беражанкі», 1958; «Аля і Галя», 1961; «Дым над лесам», 1964; «Таемная крушня», 1969; «Аднавокі сом», 1974), аповесці («Ты не адзін». 1959; «Данеўцы — нашы знаёмыя», 1965; «Тайна аднаго звяна», 1970; «Сцежкі», 1976). Асн. рысы яго творчасці — улюбёнасць у родны край, добрае веданне псіхалогіі селяніна, сял. побыту, жыцця дзяцей і юнацтва. На бел. мову перакладаў творы рус., укр. і груз. пісьменнікаў.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1975;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980.
Літ.:
Грахоўскі С. Чаго не паспеў сказаць // Маладосць. 1980. № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́ВА Вера Фёдараўна (20.3.1905, г. Растоў-на-Доне, Расія —3.3.1973),
руская пісьменніца. З 1933 пісала п’есы. Першая аповесць — «Сям’я Піражковых» (1945, у новай рэд. «Еўдакія», 1959; аднайм. фільм, 1961). Аповесць «Спадарожнікі» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947; кінафільм «Цягнік міласэрнасці», 1964; тэлефільм «На ўсё астатняе жыццё», 4 серыі, 1975) пра Вял.Айч. вайну. У раманах «Кружыліха» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Поры года» (1953, кінафільм «Высакосны год», 1962), аповесці «Сярожа» (1955, аднайм. кінафільм, 1960) і інш.сац.-маральныя канфлікты, псіхал. аналіз сучасных характараў і адносін. «Сентыментальны раман» (1958, аднайм. фільм, 1976) пра пакаленне 1920-х г. Аўтар аповесці з жыцця пасляваен. вёскі «Ясны бераг» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), цыкла гіст. аповесцей, рамана-казкі «Каторая гадзіна? Сон у зімовую ноч» (апубл. 1981), п’ес «Завея» (1957), «Провады белых начэй» (1961), «Колькі гадоў, колькі зім!» (1966, усе паст.), кн. «Пра маё жыццё, кнігі і чытачоў» (апубл. 1975), апавяданняў, кінасцэнарыяў і інш. Пісала для дзяцей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. Л., 1987—89;
Жизнь Мухаммеда. М., 1991 (разам з Ю.Б.Вахціным).
Літ.:
Нинов А.А. Вера Панова: Жизнь. Творчество. Современники. Л., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў Аляксей Дзмітрыевіч (24.3.1892, г. Пугачоў Саратаўскай вобл., Расія — 18.8.1961),
расійскі рэжысёр, тэарэтык тэатра, педагог. Нар.арт.СССР (1948). Д-р мастацтвазнаўства (1957). Вучыўся ў школе жывапісу ў Казані. З 1912 акцёр МХТ, з 1918 рэжысёр у правінцыяльных т-рах, з 1923—3-й Студыі МХАТ (з 1926 Т-р імя Я.Вахтангава), з 1930 маст. кіраўнік Т-ра Рэвалюцыі. У 1935—58 гал. рэжысёр Цэнтр.т-раСав. Арміі. З 1919 выкладаў у тэатр. студыях, з 1935 у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1940 праф., у 1961 маст. кіраўнік). Стварыў нар.-гераічныя спектаклі. Тыповыя рысы сучасніка раскрываў праз беражлівую перадачу кожнага вобраза і адначасова праз насычаныя думкай і пачуццём масавыя сцэны. Паставіў спектаклі: «Зойчына кватэра» М.Булгакава (1926), «Змова пачуццяў» Ю.Алешы (1929), «Паэма пра сякеру» (1931), «Мой сябар», «Пасля балю» (1934) М.Пагодзіна, «Рамэо і Джульета» (1935), «Утаймаванне свавольніцы» (1937), «Сон у летнюю ноч» (1941) У.Шэкспіра, «Даўным-даўно» А.Гладкова (1942), «Рэвізор» М.Гогаля (1951), «Паднятая цаліна» паводле М.Шолахава (1957). Аўтар прац па тэорыі т-ра. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1950, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-САХАЛІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя сав. войск па вызваленні паўд.ч. в-ва Сахалін у час 2-й сусв. вайны 1939—45. Праведзена 11—25.8.1945 войскамі 16-й арміі 2-га Далёкаўсх. фронту ва ўзаемадзеянні з караблямі і часцямі марской пяхоты Паўн.-Ціхаакіянскай флатыліі. У наступленні ўдзельнічалі 56-ы стралк. корпус і інш. злучэнні і часці, да 30 караблёў, суднаў і катэраў, 186 самалётаў. Яп. войскі ў складзе 88-й пях. дывізіі, інш. часцей і рэзервістаў (каля 30 тыс.чал.) займалі доўгачасовыя абарончыя збудаванні, цэнтрам якіх быў Катонскі ўмацаваны раён. У ноч перад наступленнем марская авіяцыя нанесла бомбавыя ўдары па апорных пунктах праціўніка Наступленне пачалося 11 жн. пры падтрымцы 2 авіяц. дывізій. 16 жн. на зах. ўзбярэжжы ў раёне Тора (цяпер Шахцёрск) высадзіўся марскі дэсант. Да 18 жн.сав. войскі авалодалі ўсімі ўмацаванымі пунктамі ў прыгранічнай паласе. 19—25 жн. сумесным ударам з фронту і высадкай дэсантаў у портах Маока (цяпер Холмск), Атамары (цяпер Карсакаў) яп. групоўка войск была ліквідавана (пасля капітуляцыі больш за 18 тыс.чал. трапіла ў палон). Паўд. Сахалін, які з 1905 належаў Японіі (гл.Руска-японская вайна 1904—05), зноў стаў састаўной ч.СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА АБАРО́НА 1941,
абарончыя баі сав. войск супраць ням.-фаш. захопнікаў 27 чэрв. — 15 ліп. ў Вял.Айч. вайну. Вялася 6 дывізіямі 22-й арміі (ген.-лейт. Ф.А.Ершакоў) Зах. фронту. Лінія абароны праходзіла на рубяжы Дзісна—Ула з уключэннем дотаў Полацкага ўмацаванага раёна, які абараняла 174-я стралк. дывізія (камбрыг А.І.Зыгін, з 29 чэрв.нач. Полацкага баявога ўчастка). У паласе 260 км гітлераўцы сканцэнтравалі 16 дывізій. Насельніцтвам Полацка былі падрыхтаваны траншэі і абарончыя ўмацаванні, створаны ахоўны батальён, пярэдні край абароны быў умацаваны процітанк. збудаваннямі. З 29 чэрв. пачаліся масіраваныя атакі на горад, з 3 ліп. — бамбардзіроўкі. З боку Даўгаўпілса і Маладзечна былі затрыманы гал. калоны ворага, 6 ліп. адкінуты на паўд. бераг Зах. Дзвіны з вял. стратамі тэхнікі часці 3-й танк. групы Гота. 7—9 ліп. ў абыход умацаванага раёна абарона месцамі была прарвана, стварылася пагроза акружэння полацкага гарнізона. У ноч на 16 ліп. Зыгін пачаў выводзіць дывізію з акружэння і 20 ліп. прарваў яго, збярогшы людзей і тэхніку. П.а. затрымала прасоўванне захопнікаў на У больш як на 2 тыдні, што паспрыяла зрыву гітлераўскага плана «маланкавай вайны».
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 500.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙЗМАН Юлій Якаўлевіч (15.12.1903, Масква — 10.12.1994),
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт. Латвіі (1949). Нар.арт.СССР (1964). Герой Сац. Працы (1973). Праф. (1960). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1924 літ. кансультант на кінастудыі «Міжрабпом-Русь». Быў асістэнтам рэж. Я.Пратазанава. Першыя рэжысёрскія работы: «Круг» (1927), «Катарга» (1928), «Зямля чакае» (1930), «Апавяданне пра Умара Хапцока» (1932). Грамадз. пафас, уменне ствараць характары герояў у іх непарыўнай сувязі з духам часу, рэальным асяроддзем у фільмах: «Лётчыкі» (1935), «Апошняя ноч» (1937; гал. прэмія Міжнар. выстаўкі ў Парыжы 1937), «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава (1940), «Машачка» (1942), «Кавалер Залатой Зоркі» (1951, гал. прэмія Міжнар. кінафестывалю ў г. Карлавы Вары), «Урок жыцця» (1955), «Камуніст» (1958), «А калі гэта каханне?» (1962), «Твой сучаснік» (1968), «Візіт ветлівасці» (1973), «Дзіўная жанчына» (1978), «Прыватнае жыццё» (1982), «Час жаданняў» (1984) і інш. Аўтар дакумент. фільмаў: «Да пытання пра перамір’е з Фінляндыяй» (1944), «Берлін» (1945), «Райніс» (1949). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946 (двойчы), 1950, 1952, 1983.
Тв.:
Когда фильм окончен. М., 1964;
Вчера и сегодня: [Рассказ о творческом пути]. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕАБО́РГСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1906,
узброенае выступленне 31 ліп. —2 жн. салдат і матросаў крэпасці Свеаборг у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. Рыхтавалася фінл.ваен. арг-цыяй РСДРП як ч. агульнага паўстання Балт. флоту, але пачалося стыхійна і заўчасна. Адбывалася пад заклікамі звяржэння самадзяржаўя, свабоды народа, перадачы зямлі сялянам. Салдаты і матросы (каля 2 тыс.чал.), якіх узначалілі афіцэры-бальшавікі падпаручнікі А.П.Емяльянаў і Я.Л.Каханскі, авалодалі шэрагам умацаваных астравоў і пачалі артыл. абстрэл цэнтр. часткі крэпасці, дзе знаходзіліся камендант і верная ўраду ч. гарнізона (3 роты з 10). Да паўстанцаў далучыліся атрады фін.Чырв. гвардыі (каля 200 чал.). Разлікі кіраўнікоў С.п., што на дапамогу яму хутка прыйдуць рэв. караблі Балт. флоту з Кранштата, дзе таксама мела адбыцца паўстанне, не спраўдзіліся. Кранштацкае паўстанне пачалося са спазненнем (у ноч на 2 жн.) і было адразу задушана, флот застаўся пад кантролем урада. 1 жн. браняносец «Цэсарэвіч» і крэйсер «Багатыр» пачалі жорсткую бамбардзіроўку пазіцый паўстанцаў, якія 2 жн. спынілі супраціўленне. З удзельнікаў С.п. 43 чал., у т. л. Емяльянаў і Каханскі, расстраляны, каля 1 тыс.чал. прыгавораны да катаргі, турмы і дысцыплінарных рот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІБНЕ́ЎСКІ Аляксандр Браніслававіч (8.4.1903, Масква — 21.4.1978),
рэжысёр і педагог. Засл. дз. маст. Удмурціі (1945). Засл. дз. маст. Беларусі (1952). Скончыў Дзярж. эксперыментальныя тэатр. майстэрні ў Маскве (1926, клас А.Таірава). З 1927 працаваў у розных тэатрах. У 1958—70 выкладаў у Харкаўскім ін-це мастацтваў. У 1949—58 гал.рэж.Бел.т-ра імя Я.Коласа. Пастаноўкі С. вызначаліся яснасцю рэжысёрскай задумы, дакладным адборам выяўл. сродкаў, глыбокай псіхал. характарыстыкай персанажаў, маштабнасцю сац. абагульненняў. З лепшых спектакляў бел. драматургіі: «Раскіданае гняздо» Я Купалы (1951), «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка (1953), «Машэка» В.Вольскага (1954), «На крутым павароце» К.Губарэвіча (1956), «Людзі і д’яблы» К.Крапівы (1958). Сярод інш. пастановак: «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна (1949), «Жывы труп» Л.Талстога, «Тры сястры» А.Чэхава, «На дне» М.Горкага (усе 1951), «Настаўнік танцаў» Лопэ дэ Вэгі (1952), «Шторм» У.Біль-Белацаркоўскага (1953), «Ноч памылак» О.Голдсміта (1954), «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай (1956), «Чужы цень» (1949) і «Гісторыя аднаго кахання» (1954) К.Сіманава. Аўтар тэатразнаўчых прац.
Тв.:
Народны артыст СССР А.К.Ільінскі. Мн., 1954.
Літ.:
Няфёд У. Аляксандр Скібнеўскі // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978. Кн. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАНЕ́ННЕ,
1) катэгарыяльная адзнака іменных часцін мовы; змяненне па склонах, абумоўленае сінтаксічнымі сувязямі адпаведных слоў у пэўным кантэксце.
2) Тып формазмянення. Сістэма склонавых форм у пэўным тыпе наз.парадыгмай С. Вылучаюць субстантыўнае (назоўнікавае) і ад’ектыўнае (прыметнікавае) С.
С. ад’ектыўных разрадаў слоў (прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, абагульнена-якасных займеннікаў, дзеепрыметнікаў) у параўнанні з субстантыўнымі (назоўнікамі, колькаснымі лічэбнікамі, абагульнена-прадметнымі займеннікамі) больш уніфікаванае і менш разнастайнае па формах выражэння склонавых значэнняў.
3) Група назоўнікаў, аб’яднаных агульнасцю ўтварэння склонавых форм.
Вылучаюць 3 тыпы С. Да 1-га С. адносяцца назоўнікі мужчынскага і ніякага роду (тыпу «дол», «сяло»), да 2-га — назоўнікі жаночага роду (тыпу «вада», «зямля»), да 3-га — назоўнікі жан. роду (тыпу «ноч», «даль»). Асобныя групы складаюць назоўнікі агульнага і мужчынскага роду (тыпу «сірата», «ваявода»), рознаскланяльныя (тыпу «дзіця», «імя») і нескланяльныя назоўнікі (іншамоўнага паходжання, некат. прозвішчы асоб жаночага і мужчынскага полу і інш.), склонавыя значэнні якіх вызначаюцца грамат. формамі дапасаваных да іх слоў ці сінтакс. сувяззю кіравання («маё амплуа», «нашага аташэ», «сустрэў Гурло», «пазнаёміўся з Баранавых» і інш.).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.