ЛІСО́ЎСКАЯ (Наталля Сяргееўна) (н. 7.11.1958, в. Забараўе Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Віцебскі тэхнал. ін-т лёгкай прам-сці (1983). З 1983 мастак на Магілёўскім камбінаце шаўковых тканін, з 1988 выкладае ў Віцебскім тэхнал. ун-це. Працуе ў галіне габелена ў тэхніцы ручнога ткацтва. Творы вызначаюцца тонкімі суадносінамі пастэльных колераў, разнастайнасцю кампазіцыйных і фактурных вырашэнняў, спалучэннем традыц. матэрыялаў (лён, воўна) з нетрадыцыйнымі (сінт. валокны, дрот, метал, шкло, сізаль), зваротам да спадчыны нар. мастацтва. Сярод работ: «Два жыцці» (1982), «Забытая вёска» (1989), «Вечар», «Дажджлівае акно», «Вясна» (усе 1991), «Мае вербы» (1993), «Маркотныя кветкі», «У лесе кладуцца цені» (абедзве 1994), «Старажытныя рукапісы», «Зямля квітнее» (абедзве 1996), «Гарадскія рытмы» (1997), «Сярод бяроз, слядоў і цішыні» (1998).

В.​В.​Шамшур.

Н.Лісоўская. У лесе кладуцца цені. 1994.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНГС ((Mengs) Антон Рафаэль) (22.3.1728, г. Усці на Лабе, Чэхія — 29.6.1779),

нямецкі жывапісец і тэарэтык мастацтва. Дырэктар акадэміі св. Лукі ў Рыме (з 1770). Працаваў у Дрэздэне, Рыме, Мадрыдзе. Раннія творы ствараў у традыцыях барока, пазней пад уплывам І.​І.​Вінкельмана ў жывапісных і тэарэт. працах сцвярджаў прынцыпы класіцызму. Яго манум. размалёўкам уласцівы рэмінісцэнцыі ант. мастацтва, ідэалізаванасць кампазіцыі і формы, умоўнасць вобразаў: фрэскі «Парнас» на віле кардынала Альбані ў Рыме (1761), у палацы ў Аранхуэсе (пасля 1762), Ватыканскай б-цы (1770—73), «Апафеоз Траяна» ў Каралеўскім палацы ў Мадрыдзе (1774). Жыццёвасцю трактоўкі вобраза, дакладнасцю малюнка, каларыстычнай гармоніяй вызначаюцца партрэты караля Аўгуста III (1745), папы Клімента XIII (1758), Вінкельмана (паміж 1758—62), Карла III Іспанскага (1761), аўтапартрэт (1755) і інш.

В.​Я.​Буйвал.

Р.Менгс. Алегорыя гісторыі.

т. 10, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОТАРЭНЕСА́НС (ад прота... + Рэнесанс),

этап у гісторыі італьян. мастацтва 13 — пач. 14 ст., які падрыхтаваў глебу для культуры эпохі Адраджэння. Вытокі П. адносяцца да 11—12 ст. і звязаны з уздымам свабодных італьян. гарадоў, дзе хутка развіваліся рамяство і гандаль. Найб. раннія формы выявіліся ў архітэктуры Тасканы, дзе дойліды надавалі формам готыкі ўраўнаважанасць і спакой. Мастацтву П. характэрны тэндэнцыі нагляднага адлюстравання рэчаіснасці, свецкі пачатак і цікавасць да ант. спадчыны, пераканаўчасць прасторавых пабудоў, эмац. выразнасць вобразаў. Сярод прадстаўнікоў П.Арнольфа ды Камбіо, Джота ды Бандоне, П.Каваліні, Н.Пізана і інш. Тэндэнцыі П. часта спалучаліся з традыцыямі т.зв. італа-візант. мастацтва і готыкі (творчасць Дуча ды Буанінсенья, С.Марціні, братоў Ларэнцэці і інш.).

Літ.:

Алпатов М.В. Итальянское искусство эпохи Данте и Джотто. М.; Л., 1939;

Лазарев В.Н. Происхождение итальянского Возрождения. Т. 1. Искусство Проторенессанса. М., 1956.

т. 13, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХМАДЫ́ЕЎ (Еркегалі Рахмадыевіч) (н. 1.8.1932, аул № 9 Семіпалацінскай вобл., Казахстан),

казахскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Казахстана (1975). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1957, кл. кампазіцыі Я.​Брусілоўскага), з 1960 выкладаў у ёй (у 1967—75 рэктар, з 1979 праф.). З 1959 маст. кіраўнік Казахскай філармоніі. З 1961 нач. Гал. ўпраўлення па справах мастацтва Мін-ва культуры Казахстана. З 1966 дырэктар Казахскага т-ра оперы і балета. Творчасць адметная спалучэннем рыс еўрап. прафес. мастацтва і казахскай нац. культуры. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Алпамыс» (1973), «Песня пра цаліну» (1980), «Майра» (1985); творы для салістаў, хору і арк.; канцэрты для скрыпкі з арк. (1986), для трубы (1984); камерна-інстр. творы; песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў і інш. Аўтар кн. «Час і музыка» (1986). Дзярж. прэмія Казахстана 1980.

т. 13, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБА́ЛЬЧАНКА (Аляксандр Аляксеевіч) (н. 5.12.1911, Кіеў),

бел. балетмайстар, дзеяч самадз. мастацтва. Нар. арт. Беларусі (1959). Вучыўся ў тэатр. студыі пры Гомельскім траме (1931—35) пад кіраўніцтвам Е.​Міровіча і К.​Алексютовіча. У 1935—37 акцёр Гомельскага калгасна-саўгаснага т-ра, адначасова ў 1936—41 і 1945—58 кіраўнік танц. калектыву Гомельскага клуба чыгуначнікаў, у 1958—82 балетмайстар і маст. кіраўнік Гомельскага нар. ансамбля песні і танца, у 1945—82 адначасова маст. кіраўнік Гомельскага Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў. Яго пастаноўкі адметныя глыбокім сцэнічным увасабленнем самабытнага нар. мастацтва, пераканальным рэжысёрскім вырашэннем, яркай тэатральнасцю. Сярод іх: вак.-харэагр. кампазіцыі, у т. л. «Над светам голуб міру пралятае», «Беларусь — мая песня», «Непераможная і легендарная», «З песняю — у дарогу»; тэматычныя праграмы; танцы, у т. л. бел. нар. «Лявоніха», «Мяцеліца», «Таўкачыкі».

Ю.​М.​Чурко.

А.А.Рыбальчанка.

т. 13, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́ЙЛАЎ (сапр. Каўфман) Давід Самуілавіч

(1.6.1920, Масква — 23.2.1990),

рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім ін-це філасофіі, л-ры і мастацтва (1938—41). Друкаваўся з 1941. Першая кніга паэзіі — «Блізкія краіны» (1958). У паэт. зб-ках «Другі перавал» (1963), «Дні» (1970), «Хваля і камень» (1974), «Вестка» (1978) успаміны і роздум пра вайну, гіст. мінулае Расіі, тэмы мастацтва, кахання. Позняй лірыцы (зб-кі «Заліў», 1981; «Галасы за ўзгоркамі», 1985) уласцівы медытатыўнасць, элегічнасць._Аўтар кн. мемуарных нататак, літ.-крытычных эсэ, літ.-псіхал. партрэтаў «Памятныя запіскі» (апубл. 1995), перакладаў (зб. «Паэты-сучаснікі. Вершы зарубежных паэтаў», 1963), «Кнігі пра рускую рыфму» (1973), пародый і інш. Дзярж. прэмія СССР 1988.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1989;

В кругу себя. Вильнюс;

М., 1993.

Літ.:

Баевский В.С. Давид Самойлов: Поэт и его поколение. М., 1986.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЗКО́ (Вера Аляксандраўна) (2.3.1916, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл. — 25.3.1999),

бел. музыказнавец, педагог. Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1948). У 1948—74 выкладчык Мінскага муз. вучылішча імя М.​І.​Глінкі (з перапынкам), адначасова ў 1948—68 — Бел. кансерваторыі (з перапынкам), у 1959—64 на Рэсп. радыё (маст. кіраўнік, гал. рэдактар муз. вяшчання, старшыня муз.-рэпертуарнай камісіі). У 1974—89 выкладчык Бел. тэатр.-маст. ін-та. Даследавала бел. опернае мастацтва, творчасць бел. кампазітараў. Складальнік зб-каў арт. пра Р.​Шырму «Песня на ўсё жыццё», песень «Спадчына» на вершы Я.​Купалы і Я.​Коласа (абодва 1983), аўтар муз. радыё- і тэлеперадач.

Тв.:

Белорусская советская опера. Мн., 1959;

И.​М.​Лученок // Они пишут для детей. М., 1980. Вып. 3;

Творчае гарэнне // Мастацтва Беларусі. 1989. №11;

Све. духоўнай музыкі // Там жа. 1999. №10.

І.​М.​Шмелькіна.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТАНАВА́ННЕ (ад франц. détonner фальшыва спяваць),

недакладнае па вышыні выкананне муз. гукаў, што парушае ладавыя адносіны і ўспрымаецца як фальш. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваюць пераважна ў галіне вак. мастацтва, дзе ён абазначае паніжэнне ці павышэнне муз. гуку, а таксама пры ігры на струнных і духавых інструментах.

т. 6, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛЕ́ПАК,

дакладная копія твора скульптуры, прыкладнога і інш. відаў мастацтва аб’ёмнага характару. З. атрымліваюць шляхам зняцця з арыгінала формы, цвёрдай (гіпс) або мяккай (васковай, пластылінавай і інш.), і заліўкі ў яе гіпсу, сінт. масы і інш. Выкарыстоўваецца ў музейных экспазіцыях, рэстаўрацыі, у якасці навучальнага дапаможніка.

т. 7, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́ТКА (ад франц. palette пласцінка, планка),

1) квадратная або інш. сетка ліній вызначаных памераў на празрыстай аснове для вымярэння плошчы ўчасткаў, часцей крывалінейных контураў, на плане і карце, адліку каардынат і інш. 2) Тонкая каменная плітка з рэльефнымі адлюстраваннямі, характэрная пераважна для мастацтва Стараж. Егіпта.

т. 11, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)