СТАІЦЫ́ЗМ,

школа ў антычнай філасофіі, прадстаўнікі якой імкнуліся абгрунтаваць унутр. незалежнасць, непахіснасць, нязломнасць асобы. Засн. каля 300 да н.э. Зянонам з Кітыёна ў Афінах; першапачаткова школа размяшчалася ў афінскім порціку Стоя (адсюль назва). У развіцці С. вылучаюць 3 перыяды: стараж. Стоя (3—2 ст. да н.э.; Зянон, Клеанф з Аса, Хрысіп Солскі і іх вучні Арыстон з Кеаса, Герыл Карфагенскі, Эратасфен Кірэнскі і інш.); сярэдняя Стоя (2—1 ст. да н.э.; Баэт, Панетый, Пасідоній) і позняя Стоя (рымскі С.; 1—2 ст. н.э.; Сенека, Эпіктэт, Марк Аўрэлій, Мусоній Руф і інш.). Некат. даследчыкі вылучаюць 4-ы перыяд у развіцці С., да якога адносяць эклектычных платонікаў і піфагарэйцаў 1—2 ст. н э., а таксама Філона Александрыйскага. Стараж. Стоя характарызуецца жорсткасцю, рыгарызмам этычнага вучэння, сярэдняя — памякчэннем вучэння С. і выкарыстаннем метадаў Платона і Арыстоцеля, позняя — тэндэнцыяй да сакралізацыі. Філас. сістэма С. складаецца з 3 частак: фізікі (натурфіласофіі), этыкі і логікі. У аснове натурфіласофіі С. — вучэнне Арыстоцеля пра матэрыю і форму, адноўлены і значна перагледжаны касмалагізм Геракліта. Натурфілас. погляды стоікаў адрозніваюцца тэалагічнай, правідэнцыяльнай, фаталістычнай арыентаванасцю і эклектычнасцю. На іх думку, сусвет уяўляе сабой адушаўлёнае сферычнае цела, а першаасновай усяго існага з’яўляецца агонь («пнеўма», «дух», «дыханне»), іманентная ўласцівасць якога Логас. Паводле С., сусвет стварае і кіруе ім Першаагонь (Бог-Логас). Стоікі прызнавалі існаванне сусв. плана і ўсеагульнай мэтазгоднасці; лічылі, што свет развіваецца цыклічна. С. прызнае ўсеагульную цялеснасць, у т. л. Бога і душы. Душа чалавека разглядалася стоікамі як частка сусв. душы, якая са смерцю пакідае цела. У цэнтры С. — этычнае вучэнне. Дабрадзейнасць, паводле С., — гэта жыццё ў адпаведнасці з законамі прыроды, Логасу, але толькі мудрацы бяруць прыклад з прыроды з яе «бясстраснасцю». Гал. задачу філасофіі стоікі бачылі ў выпрацоўцы ў людзях «бясстраснасці» (стану, калі адсутнічаюць афекты) і маральнага абавязку. Лёс у С. разглядаецца як дадзенасць, непахісны факт, які пашыраецца і на чалавека, і на ўвесь космас, а свабода — як добраахвотнае падпарадкаванне чалавека знешнім абставінам. Стоікі ўпершыню ўвялі тэрмін логіка, пад якім разумелі навуку аб славесным выказванні. Логіка ў С. падзяляецца на рыторыку і дыялектыку, якая складаецца з вучэнняў пра гукі мовы (паэтыка, тэорыя музыкі і граматыка) і пра значэнне, сэнсавы бок мовы. Вучэнне С. паўплывала на неаплатанізм і хрысц. філасофію; этычныя погляды стоікаў развіваліся ў 17—18 ст.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики: Ранний эллинизм. М., 1979;

Яго ж. Эллинистически-римская эстетика 1—11 вв. н.э. М., 1979;

Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов: Пер. с др.-греч. М., 1995;

Ренан Э.Ж. Марк Аврелий и конец античного мира: Пер. с фр. М., 1991;

Этика стоицизма: традиции и современность: [Сб. ст.]. М., 1991;

Аврелий Марк. Размышления: Пер. с греч. Магнитогорск, 1994;

Степанова А.С. Философия Древней Стои. СПб., 1995;

Столяров А.А. Стоя и стоицизм. М., 1995;

Асмус В.Ф. Античная философия. 3 изд. М., 2001.

Т.​І.​Адула.

т. 15, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭАТРАЛІЗАВА́НЫЯ СВЯ́ТЫ,

калектыўныя мастацка-магічныя дзеі, прадстаўленні, карнавалы, інсцэніроўкі і падобныя да іх мастацкія формы, што ўзніклі на аснове міфалагічнага мыслення, сістэмы каляндарных рытуалаў і абрадаў стараж. эпохі.

Вытокі Т.с. у першабытных скоках як магічна-рытуальных прадстаўленнях да і пасля паляванняў, як адлюстраванне ўрачыстых родава-племянных падзей — радзін, ініцыяцый, шлюбна-любоўных звычаяў і інш. Пашыраны ў сярэдневякоўі на аснове абрадавага фальклору. З прыняццем хрысціянства пачаўся працэс уключэння ў структуру Т.с. хрысціянскіх элементаў. Некаторыя з іх (Каляды — Раство Хрыстова, Вялікдзень — Пасха, Тройца — Сёмуха) сталі арган. спалучэннямі сімвалізуемых імі з’яў; другія ў большай ступені набылі хрысціянскі характар — Спас, Пакровы; многія захавалі прыродна-дахрысціянскую сутнасць — Гуканне вясны, Юр’я, Дзяды і інш.

Каляндарныя Т.с. беларусаў захавалі падпарадкаванасць гадавому колу сонца. Найважнейшыя з іх: веснавыя — Стрэчанне-Грамніцы, Масленіца, Гуканне вясны, Саракі, Камаедзіца, Звеставанне (гл. Дабравешчанне), Вялікдзень, Юр’я, Ушэсце; летнія — Зялёныя святкі, Купалле, Пятро, Зажынкі—Жніво—Дажынкі; восеньскія — Жаніцьба коміна, Багач, Пакровы, Дзяды; зімовыя — Піліпаўка, Каляды, Жаніцьба Цярэшкі, Шчодрык, Вадохрышча. На аснове светапогляду беларусаў, быццам душы нябожчыкаў могуць уплываць на дабрабыт, здароўе і лёс кроўных родзічаў, узніклі штосуботнія ўшанаванні памерлых — Дзяды. З традыцыі Дзядоў на Беларусі ўзніклі разнастайныя па змесце сямейныя Т.с. радзін, вяселля, памінак. У сярэдневякоўі на іх аснове ўзніклі прадстаўленні местачкоўцаў, гараджан, шляхты, паноў, баяр, пазней рэкрутаў, салдат, прыгонных і інш. Сучасныя святы — гістарычныя, прафесійныя, ваенныя, узроставыя ініцыяцыі (пасвячэнні, юбілеі) — набываюць тэатралізаваны характар. Папулярнымі ўсенароднымі карнаваламі на Беларусі застаюцца Каляды і Купалле. Сучасныя народныя Т.с. захавалі элементы фалькл. спадчыны. Самае распаўсюджанае — Навагодняе (1 студз. і 14 студз. ў праваслаўі). Сярод сучасных Т.с. дзяржаўных: Свята працы, Дзень Перамогі, Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), Дзень Кастр. рэвалюцыі, а таксама Дажынкі (гл. Святы і святочныя дні); юбілейных: рэспубліканскія, абласныя. раённыя, гарадскія (напр., 900-годдзе Барысава — 29.6.2002), пасёлкаў і вёсак, прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў, ВНУ, сярэдніх спец. навуч. устаноў, школ, гімназій, ліцэяў; дзеячаў навукі, мастацтваў, культуры. Зараджаюцца і развіваюцца і інш. Т.с.: «Багрымава восень» у Крошыне, «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах, «Траецкі кірмаш» у Мінску, «Славянскі базар у Віцебску», «Тэатральная вясна» ў Маладзечне, рэгіянальнае свята «Пявучае поле» на возеры Нарач; ваенныя, гістарычныя, дзіцячыя, юнацкія; усталявалася свята Дзень бел. пісьменства і друку. У сучасных Т.с. назіраецца тэндэнцыя выкарыстання ўсіх відаў нар. і прафес. мастацтваў і паяднанне прафес. і аматарскага тэатр. мастацтваў. Сярод бел. рэжысёраў—стваральнікаў сучасных народных Тс. вылучаюцца М.​Макарцоў, П.​Гуд, В.​Ліцьвінка.

Літ.:

Аляхновіч А., Лозка А. Зімовыя святы. Мн., 1999: Іх жа. Веснавыя святы. Мн., 2000;

Лозка А. Восеньскія святы Мн., 1995;

Яго ж Летнія святы. Мн., 2001;

Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў 3 выд. Мн., 2001;

Адамовіч Я. Рана на Івана ... 2 выд. Мн., 2002;

Żygulski K. Święto i kultura. Warszawa, 1981.

В.​Дз.​Ліцьвінка, Я.​К.​Адамовіч.

Да арт. Тэатралізаваныя святы. Праводзіны зімы. Мінск.
Тэатралізаванае свята «Звіняць цымбалы і гармонік». Паставы. 1992.

т. 16, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧ (Mickiewicz) Адам (24.12.1798, в. Завоссе Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; паводле інш. крыніц, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 26.11.1855),

польскі паэт беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Паходзіў са старадаўняй збяднелай бел. шляхты роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай». Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), Віленскі ун-т (1819). У час вучобы ва ун-це — адзін з лідэраў тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Настаўнічаў у Коўне (1819—23). Быў арыштаваны, з кастр. 1824 у ссылцы. Жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. Зблізіўся з дзекабрыстамі і А.​Пушкіным. З мая 1829 у эміграцыі. Жыў пераважна ў Рыме, часам у Швейцарыі. З 1832 у Парыжы, разам з І.Лялевелем — адзін з лідэраў левага дэмакр. крыла польск. эміграцыі, рэдагаваў час. «Pielgrzym Polski» («Польскі пілігрым»), які быў трыбунай свабодалюбівых ідэй. У 1839 праф. Лазанскага ун-та. З 1840 узначальваў кафедру слав. л-р у Калеж дэ Франс у Парыжы. У гэты час на М. моцна паўплывалі містычна-месіянскія ідэі і настроі А.​Тавянскага. У 1848 далучыўся да рэв. падзей, што ўскалыхнулі ўсю Еўропу. Выехаў у Італію, дзе ўзначаліў польскі легіён, які змагаўся поруч з войскамі італьян. паўстанцаў. Для польск. легіёна напісаў «Звод прынцыпаў», у якім адбіліся яго дэмакр. і нац.-вызв. ідэі. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў прагрэс. дэмакр. газ. «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»), у сваіх артыкулах выступаў як духоўны лідэр еўрап. дэмакратыі. З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855 выехаў у Турцыю, дзе ствараў польск. атрады для барацьбы супраць царскай Расіі. Памёр раптоўна ў Канстанцінопалі. Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці М. знайшлі адлюстраванне яго грамадска-паліт. погляды на гісторыю і лёс роднага краю, ролю нац.-вызв. барацьбы ў гіст. працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамант. вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асн. тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс...», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага краю, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыят. абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нац.-вызв. пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» М., у якіх змешчаны «Балады і рамансы» (1822), паэмы «Гражына» і «Дзяды» (ч. 2 і 4, 1823). Са з’яўленнем гэтых твораў постаць М. ў польск. л-ры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літ. жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага маст. кірунку — рамантызму, асн. прынцыпы народнасці і нац. самабытнасці якога М. сфармуляваў у літ. маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на бел. гіст. і фалькл. матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыят. пафасам, а ў аснове сюжэта «Дзядоў» стараж.-бел. язычніцкі абрад памінання продкаў. У перыяд рас. ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыят. пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусв. л-ры. У іх паэт. майстэрства М. дасягнула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гіст. змагання стараж. ліцвінаў-беларусаў супраць крыжакоў. У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне М. пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардока», а таксама 3-ю частку драм. паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрап. народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны маст. твор М., вял. нац. эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834; аднайм. кінафільм 1999, рэж. А.​Вайда). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясц. шляхты, дадзены шырокая панарама нар. жыцця на Беларусі пач. 19 ст., яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы. Маст. спадчына М. завяршаецца невял. цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі слав. л-р. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на ўсё далейшае развіццё бел. л-ры. У 19 ст. ён адчуваецца ў творчасці В.​Дуніна-Марцінкевіча, У.​Сыракомлі, А.​Вярыгі-Дарэўскага, В.​Каратынскага, Я.​Лучыны, Ф.​Багушэвіча, у пач. 20 ст. — Я.​Купалы, Я.​Коласа, у сучаснай л-ры — у творчасці У.​Караткевіча. З сярэдзіны 19 ст. да сучаснасці яго творы актыўна перакладаліся і перакладаюцца на бел. мову Дуніным-Марцінкевічам (першы перакладчык), А.​Ельскім, А.​Гурыновічам, Я.​Купалам, Я.​Коласам, М.​Танкам, А.​Куляшовым, П.​Панчанкам, І.​Багдановіч, У.​Мархелем, К.​Цвіркам і інш. Балады «Тры Будрысы» і «Удагонку» пераклаў Я.​Купала, баладу «Пані Твардоўская» — Я.​Купала, В.​Сёмуха, паэму «Гражына» — С.​Дзяргай, П.​Бітэль, паэму «Конрад Валенрод» — Вярыга-Дарэўскі, Бітэль, паэму «Мешка, князь Навагрудка» — Караткевіч, паэму «Дзяды» — С.​Мінскевіч. Паэма «Пан Тадэвуш» у пер. Б.​Тарашкевіча выдадзена ў 1981, у пер. Я.​Семяжона — у 1985, у пер. Бітэля — у 1998. У Навагрудку створаны Міцкевіча Адама дом-музей, на Замкавай гары ў яго гонар насыпаны мемарыяльны курган. У Завоссі створаны музей-сядзіба М. і пастаўлены абеліск. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў («Даліна Міцкевіча» М.​Калачынскага, «Адаму Міцкевічу» Я.​Пушчы, «Вадаспад Адама Міцкевіча» М.​Танка і інш.), творы мастакоў. У 1998 грамадскасць Беларусі шырока адзначыла 200-гадовы юбілей М.: адбыліся міжнар. навук.-тэарэт. канферэнцыі ў Гродне, Брэсце, Навагрудку, Мінску, выйшлі новыя выданні яго твораў.

Тв.:

Dzieła. T. 1—16. Warszawa, 1955;

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1955;

«Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мн., 1969;

У кн.: Ажэшка А. Зімовым вечарам;

Міцкевіч А. Свіцязанка: Вершы, балады, паэмы. Мн., 1996;

Да Нёмна. Мн., 1998;

Санеты=Sonety. Мн., 1998;

Дзяды=Dziady. Т. 1—2. Мн., 1999;

Рус. пер. — Ода к молодости: Стихотворения. Поэмы. Мн., 1997.

Літ.:

Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;

Мірачыцкі Л.П. Светлым ценем Адама Міцкевіча. Мн., 1994;

Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;

Мархель У.І. «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел. літ. Мн., 1998;

Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар. навук. канф. Мн., 1998. Witkowska A. Mickiewicz: Słowo i czyn. Warszawa, 1998.

І.​Э.​Багдановіч.

А.Міцкевіч.

т. 10, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБО́ЎКА Уладзімір Мікалаевіч (15.7.1900, в. Агароднікі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 20.3.1976),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю (1918), Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.​Брусава (1924). У 1922—25 адказны сакратар пастпрэдства БССР пры Урадзе СССР. У 1924—27 выкладчык бел. л-ры ў Камуніст. ун-це народаў Захаду, у 1926—30 рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР». У 1930 арыштаваны і асуджаны на высылку ў Яранск, у 1937 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобл., Чувашыі, на Д.​Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў вершаў «Строма» (1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (1927), паэм «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Браніслава» (1929). Паэзія Д. вырасла на здабытках бел. фальклору, традыцыях Я.​Купалы, М.​Багдановіча, Т.​Шаўчэнкі, А.​Блока, В.​Брусава і інш. Яна вызначаецца ўслаўленнем чалавека працы, патрыят. пафасам, увагай да гераічных старонак нац. гісторыі, актыўнасцю маст. пошукаў, высокай творчай культурай (вобразная асацыятыўнасць, глыбіня падтэксту, дасканаласць гукавой інструментоўкі, рытмічная гнуткасць, багацце рыфмы, моўная вынаходлівасць). Яго паэзія пашырыла выяўленчыя магчымасці бел. вершаванага слова, узбагаціла рамант. стылявую плынь у л-ры свайго часу. Філас. заглыбленасць, складаная сюжэтна-кампазіц. структура ўласцівы яго трылогіі (паэмы «Кругі», 1927; «І пурпуровых ветразей узвівы», 1929; «Штурмуйце будучыні аванпосты!», нап. 1929, апубл. 1965) — маштабнаму твору паэт. эпасу аб часе, лёсе мастацтва і шляхах яго развіцця, аб індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У 1920-я г. паэзія Д. вызначала істотныя асаблівасці літ. працэсу, рабіла плённы ўплыў на многіх бел. паэтаў. Пра мужнасць жанчыны, яе нялёгкі лёс у Вял. Айч. вайну, маральную чысціню і самаахвярнасць пісаў у шэрагу балад і паэмах «Перад іменем Любові» (1958), «Беларуская Арыядна» (1960). Поліфанічнай песняй пра Беларусь і яе народ стала кн. «Палеская рапсодыя» (1961, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1962). Аўтар навук.-прыгодніцкіх аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967) і «Ганна Алелька» (1969), якія займальна папулярызуюць доследніцтва, вучаць па-гаспадарску ставіцца да прыроды. Аўтабіягр. апавяданні-абразкі склалі кн. «Пялёсткі» (1973). З высокім майстэрствам рабіў апрацоўкі фальклорных сюжэтаў (зборнікі «Цудоўная знаходка», 1960; «Кветкі — сонцавы дзеткі», 1963; «Казкі», 1968; «Залатыя зярняты», 1975). На бел. мову перакладаў творы У.​Шэкспіра («Санеты», 1964), Дж.​Байрана (вершы, паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыя «Каін»), І.​В.​Гётэ, У.​Сыракомлі, Ю.​Славацкага, Ду Фу, Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані, А.​Пушкіна, Брусава, С.​Ясеніна, А.​Пракоф’ева, П.​Тычыны, У.​Сасюры, М.​Рыльскага і інш. Аўтар артыкулаў пра бел. л-ру, фальклор, мову і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1965;

[Вершы]. Мн., 1970;

Як Алік у тайзе заблудзіўся. Мн., 1974.

Літ.:

Бугаёў Дз. Уладзімір Дубоўка. Мн., 1965;

Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979. С. 3—49;

Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981. С. 86—117;

Лойка А., Пшыркоў Ю. Пясняр высокіх дум і глыбокіх пачуццяў // На высокай хвалі. Мн., 1980;

Гардзіцкі А. Дыялогі. Мн., 1968. С. 47—62.

Дз.​Я.​Бугаёў.

У.М.Дубоўка.

т. 6, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МУЖЫ́ЦКАЯ ПРА́ЎДА»

(«Mużyckaia praūda»),

нелегальная рэв.-дэмакр., першая беларускамоўная газета (друкавалася лацінкаю). Выдавалася ў 1862—63 на Гродзеншчыне (апошні нумар, відаць, надрукаваны ў Вільні) К.Каліноўскім з Ф.Ражанскім, С.Сангіным (Сонгіным), В.Урублеўскім. Мела невял. фармат у выглядзе лісткоў і значны тыраж. Выйшла 7 нумароў: № 1—6 (ліп.—снеж. 1862), № 7 (чэрв. 1863); кожны нумар падпісваўся псеўданімам «Яська—гаспадар з-пад Вільні». Захаваліся асобныя нумары-перадрукі (№ 5 і 7), пра што сведчаць пэўныя адрозненні ў тэксце і шрыфце. Распаўсюджвалася па ўсёй Беларусі, у Польшчы, Літве, Латвіі, а таксама ў паўн.-зах. рэгіёнах Расіі. Вызначалася вострай сац. прапагандысцка-агітацыйнай накіраванасцю. Артыкулы пабудаваны ў форме гутаркі, сваім зместам нагадвалі творы тагачаснай рус. л-ры рэв.-дэмакр. кірунку. Разглядала пераважна пытанні зямлі і волі, паліт. і сац.-эканам. няроўнасці, нац. самастойнасці. Праводзіла ідэю ўсеагульнай узбр. барацьбы за лепшае жыццё, вызначала яе шляхі, сцвярджала, што «...мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымся разам!» (№ 1). Паслядоўна выступала з крытыкай антынар. царскага маніфеста 1861, адзначала, што «ніякай у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці» (№ 1). Выкрываючы грабежніцкі характар сял. рэформы 1861, адзначала, што народу патрэбны не маніфест, а рэальная воля, і не тая, «якую цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо» (№ 3). Адстойвала права бел. народа самастойна вырашаць свой лёс, атрымліваць адукацыю, выдаваць падручнікі на роднай мове. Закранала пытанні існавання розных канфесій, больш прыхільна ставілася да уніяцтва, з асуджэннем — да праваслаўя, якое выражала інтарэсы царскіх улад (№ 6). Выказвала негатыўныя адносіны да тагачаснай сістэмы рэкруцкіх павіннасцей тэрмінам у 25 гадоў. Асобныя пытанні (паходжанне прыгоннага права, існаванне канфесій) трактаваліся ў газеце спрошчана, аднабакова. Мова «М.п.» глыбока народная, эмацыянальна-вобразная, насычаная фалькл. сімволікай, маст. тропамі (эпітэтамі, метафарамі, параўнаннямі), узбагачаная новымі лексемамі і паняццямі; у ёй вытокі публіцыстычнага жанру, што пачынаў развівацца ў новай бел. л-ры.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Жыві ў свабодзе: Кн. пра Каліноўскага. Мн., 1996;

Каліноўскі К.: За нашую вольнасць: Тв., дак. Мн., 1999.

Літ.:

Лушчыцкі І.Н. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст. Мн., 1958;

Смирнов А.Ф. «Мужицкая правда» // Восстание 1863 г. и русско-польские революционные связи 60-х гг. М., 1960;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960;

Баршчэўскі А. Агляд публіцыстычна-літаратурнай спадчыны Кастуся Каліноўскага // Навукова-літаратурны зборнік і беларускі каляндар 1961. Беласток, 1960;

Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Маляўка М.А. Аб ідэйна-тэматычным і структурным адзінстве «Мужыцкай праўды» // Беларуская літаратура. Мн., 1979. Вып. 7;

Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Стр. биогр. Мн., 1988;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1—2. 2 выд. Мн., 1989;

Станкевіч А. Кастусь Каліноўскі: «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі. Вільня, 1933.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МЕНКА Іван Якаўлевіч (н. 16.2.1925, г. Васілевічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1995). Акад. Нац. АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1972), д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1950). Працаваў у газ. «Бальшавік Палесся» (1946—51), «Звязда» (1951—52). З 1954 на кафедры бел. л-ры БДУ, з 1973 дырэктар Ін-та л-ры імя Я.​Купалы, з 1982 віцэ-прэзідэнт, з 1992 саветнік пры прэзідыуме Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1955. У першым зб. апавяданняў «Семнаццатай вясной» (1957) у рамантычна прыўзнятых фарбах адлюстраваў духоўны свет і лёс юнакоў, што прайшлі праз выпрабаванні вайны. Гэтая ж тэма развіта і ў зб-ках апавяданняў «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Таполі юнацтва» (1966, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967), адзначаных вернасцю праўдзе жыцця, глыбокім пранікненнем ва ўнутр. свет герояў, майстэрствам дэталі, лірызмам. У аповесцях «Снежань», «Мой сябар Пятрусь», «Пераломны ўзрост» (усе нап. 1958), «Бульба» (1964), «Трымценне дубовага лісця» (1965), «У бары на світанні» (1971) і інш. праблемы станаўлення людскіх характараў на матэрыяле вайны і ў абсягу сучаснасці. Адметныя рысы творчасці Н. — лірычная пранікнёнасць пачуцця і даверлівасць інтанацыі, дакладнасць учынкаў герояў, праўдзівасць дэталей і маст. абагульненняў. Раманы «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973) падсумавалі вопыт аўтара па стварэнні эпічна насычанай карціны жыцця і барацьбы ва ўмовах жорсткай фаш. акупацыі. Яго ўвагу прыцягвалі і праблемы сучаснага жыцця, што ўнеслі шмат новага ў традыц. адносіны чалавека з людзьмі, грамадствам, гісторыяй. Аповесцям «Развітанне ў Кавальцах» (1974), «Апошняя восень», «Замяць жаўталісця» (абедзве 1976), «Інтэрнат на Нямізе» (1978), раманам «Смутак белых начэй» (1979), «Летуценнік» (1984), «Асеннія мелодыі» (1987), п’есе «Птушкі між маланак» (1982), многім апавяданням уласціва ўсё больш глыбокае асэнсаванне рэчаіснасці, усведамленне сэнсу жыцця, складаных праблем сучаснасці, выяўленне духоўнага патэнцыялу асобы. Пераасэнсаванне гісторыі вяртае героя пісьменніка ў часы дзяцінства і юнацтва ў трылогіі «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» (1997) і яе працягу «Любімы горад» (1999). Гады калектывізацыі, сталінскія рэпрэсіі асвятляюцца аўтарам з пункту гледжання сучасніка. Для дзяцей напісаў аповесць «Вайна каля Цітавай копанкі» (1957). Аўтар літ.-знаўчых манаграфій «Янка Купала. Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968, за абедзве Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1972), «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч» (1992), «Змітрок Бядуля» (1995), «Максім Багдановіч» (1997), «Ранні Кузьма Чорны (1923—1929)» (2000). У працах па гісторыі бел. л-ры «З глыбінь жыцця» (1960) і «Пісьменнікі-дэмакраты» (1967) разглядае канцэпцыю чалавека і свету ў бел. л-ры.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—6. Мн., 1981—84;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1995—97;

Гасцініца над Прыпяццю. Мн., 1994;

Хатняе зайчанё. Мн., 1998.

Літ.:

Сіненка Г. Іван Навуменка: Нарыс творчасці. Мн., 1981;

Піскун Л. Іван Навуменка. Мазыр, 1997;

Яе ж. Феномен мастацкай індывідуальнасці: Агляд творчасці Івана Навуменкі // Роднае слова. 1995. № 2—3;

Кароткая Л. Жывое, роднае... Мн., 1989. С. 6—37.

У.​В.​Гніламёдаў, І.​У.​Саламевіч.

І.Я.Навуменка.

т. 11, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКІ РАЁН.

На Пн Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,1 тыс. км². Нас. 70 тыс. чал. (2000), гарадскога 51%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Рагачоў. Уключае г.п. Беліцк, 211 сельскіх нас. пунктаў, 19 сельсаветаў: Азяранскі, Балатнянскі, Беліцкі, Гадзілавіцкі, Гарадзецкі, Дварэцкі, Доўскі, Журавіцкі, Забалацкі, Запольскі, Збароўскі, Званецкі, Кісцянёўскі, Курганскі, Лучынскі, Побалаўскі, Старасельскі, Стаўпнянскі, Ціхініцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, б.ч. тэрыторыі ў зоне з радыяцыйным забруджваннем да 15 Кі/км².

Тэр. раёна размешчана ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны (б.ч.), Чачорскай раўніны, Гомельскага Палесся. Паверхня пераважна пласкахвалістая, з нязначнымі ўчасткамі дэнудаваных марэнных узгоркаў, 90% яе на выш. 125—150 м. Найвыш. пункт 173 м (каля в. Званец). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, мел, пяскі фармовачныя, буд. і сілікатныя, гліны і суглінкі, сапрапель. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. Найб. рэкі Дняпро з прытокамі Друць (з Дабрыцай), Добасна (з Беліцай), Ракатун, Ржаўка, Гутлянка, Вузлянка. Азёры: Крушынаўскае, Святое, Добрае. Меліярац. каналы: Дзяніскавіцкі (частка), Драгунскі, Фалевіцкі, Турскі, Барсукоўскі і інш. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (39%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (37,2%). поймавыя (алювіяльныя, 11,4%). Пад лесам 35% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, трапляюцца чорнаальховыя, яловыя, асінавыя, дубовыя, грабавыя і інш. Найб. лясныя масівы на Пн. Штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя, складаюць каля 22%. Пад балотамі 2% тэрыторыі. Найб. балоты Луцкае, Беліцкае, Гарадзецкае. У межах раёна ахоўныя тарфянікі: Бадзеева, Белая, Вял. Балота, Вял. Мох, Гладышы, Доўгія, Друць, Захоцкі Мох, Лужкоўскае, Пожанькі, Прудзішча, Пустыя Баркі, Рогаўскае, Румкаўскае, Рэчкі, Святое возера. Помнік рэсп. значэння — геал. агаленне Збароў каля в. Збароў. Зоны адпачынку: Вярэйскае. Кісцянёўскі парк, Лужкі.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 115,5 тыс. га, з іх асушаных 18,4 тыс. га. На 1.1.2000 у раёне 17 калгасаў, 6 саўгасаў, 45 фермерскіх гаспадарак, эксперым. базы «Доўск» і «Турск», птушкафабрыка «Рагачоўская». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, кукурузы на насенне, бульбы і інш. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла, піламатэрыялы і інш.), харч. (цэльнамалочныя вырабы, малочныя кансервы — Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, пладова-агароднінныя і мясныя кансервы, сокі, напіткі пладовыя моцныя, безалкагольныя, віно, мінер. вада), паліўнай (торфабрыкет), першаснай апрацоўкі воўны, мэблевай прам-сці; з-д «Дыяпраектар» (прадукцыя спец. прызначэння, мед. тэхніка і інш.); лясгас (нарыхтоўка драўніны, дрэваапр.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Санкт-Пецярбург (Расія) — Адэса (Украіна), аўтамагістраль Брэст—Масква. Райцэнтр звязаны аўтадарогамі з гарадамі Быхаў, Магілёў, Гомель, Жлобін, Слаўгарад, Бабруйск. Суднаходства па р. Дняпро. У раёне 31 сярэдняя, 8 базавых, 5 пач., вочна-завочная школы, Гарадзецкая школа-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, школа тэхнал. профілю, 2 спарт. і 1 муз. школы, 2 школы мастацтваў, пед. вучылішча, ПТВ прыборабудавання, вышэйшае ПТВ будаўнікоў, 41 дашкольная ўстанова, 37 клубаў, 47 б-к, 11 бальніц, тубдыспансер, радзільны дом, 2 паліклінікі, станцыя пералівання крыві, вет. станцыя, Рагачоўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, санаторый «Прыдняпроўскі». Музеі: народнай славы і «Лёс салдата». Помнікі архітэктуры: касцёл (пач. 19 ст.) у в. Антушы, Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Дварэц, царква (пач. 20 ст.) у в. Доўск, паркі ў в. Забалацце (2-я пал. 19 ст.) і в. Кісцяні (канец 18 — пач. 19 ст.). Выдаецца газ. «Свабоднае слова».

Г.​С.​Смалякоў, Р.​Г.​Ястрэмская.

т. 13, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАБО́ЛЬСК,

горад у Цюменскай вобл. Расіі, порт на р. Іртыш, каля ўпадзення ў яе р. Табол. 97 тыс. ж. (1999). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Прам-сць: дрэваапр., лёгкая, харчовая; нафтахім. і ёдавы камбінаты; суднаверф, суднарамонтны з-д; прадпрыемствы: мэблевая, дыванаткацкая ф-кі, маст. разьбы па косці, па вытв-сці буд. матэрыялаў. Пед. ін-т, філіял Казанскага тэхнал. ун-та. Драм. тэатр (з 1705). Гіст.-арх. музей-запаведнік (з 1870).

Засн. ў 1587 атрадам казакоў Д.​Чулкова. Да 1590 адміністрацыйна падпарадкаваны г. Цюмень. У 1606—09 пабудаваны драўляны горад, які поўнасцю знішчаны пажарамі 1643, 1677, 1680. У 17—18 ст. Т. — гал. ваенна-адм., паліт., культ. (тут пісаліся летапісы, адкрыты першыя ў Сібіры школы, тэатр. друкарня, выдаваўся час. «Иртыш, превращающийся в Ипокрену») і царк. (у 1620 створана Сібірская епархія, у далейшым — Табольская мітраполія) цэнтр Сібіры. З 1708 горад, цэнтр Сібірскай губ., з 1782 — Табольскага намесніцтва, у 1796—1917 — Табольскай губ. Горад меў гандл. сувязі з Бухарой, Джунгарыяй, Кітаем. У 1773—74 апорны пункт урада пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. Месца паліт. ссылкі, у т. л. Авакума, П.С. і М.С. Бабрышчавых-Птушкіных, А.М.Радзішчава, В.К.Кюхельбекера, М.М.Мураўёва, М.А.Фанвізіна і інш. У канцы 19 ст. эканам. значэнне Т. паменшала. У жн. 1917 — крас. 1918 тут пад арыштам знаходзіўся апошні рас. імператар Мікалай II з сям’ёй.

Напачатку ў Т. пераважала драўляная забудова. З канца 17 ст. пачалося мураванае будаўніцтва: у нагорнай яго частцы ўзведзены першы ў Сібіры мураваны крэмль (17—пач. 18 ст.), Сафійска-Успенскі (1681—86) і Пакроўскі (1743—46) саборы. Захаваліся комплекс Гасцінага двара (1703—05), «Шведская палата» (1714—16); Святыя вароты (1748), цэрквы Спаская (1709—13), Андрэеўская (1744—59), Раства Багародзіцы (1744—61), Міхаіла Архангела (1745—54), Крыжаўзвіжанская (1754—71), Захарыя і Лізаветы (1759—76), Параскевы Пятніцы (1762), Пятра і Паўла (1768—88), жылыя і адм. будынкі ў стылі барока, класіцызму, эклектыкі і мадэрна. Помнік Ермаку (1839).

З Т. звязаны лёс многіх беларусаў, якія траплялі сюды пераважна прымусова ў выніку рус.-польскіх войнаў 17 ст. Яны адыгралі вял. ролю ў культ. развіцці Т., адрозніваліся больш высокай пісьменнасцю. Адзін з паплечнікаў Ермака полацкі шляхціц Корсак на мяжы 17 ст. склаў т.зв. Пагодзінскі спіс Есіпаўскага летапісу. Барысаўскі шляхціц С.​Станкевіч, сасланы ў Т. у 1659, склаў летапіс «Сібірская гісторыя» задоўга да летапісу С.У.Рэмезава, якога лічаць першым гісторыкам Сібіры. Беларус І.​Даніловіч быў у 1673 табольскім стралецкім галавой. У 18 ст. царскі ўрад працягваў выкарыстоўваць ваеннапалонных з ВКЛ з мэтай фарміравання ў Т. казацкіх атрадаў для Сібірскіх і Калыванскіх ліній. Праз перасыльную турму ў Т. ў 19 ст. прайшлі ссыльныя дзекабрысты. у т. л. ўраджэнцы Беларусі, на катаргу і пасяленне ў Сібір з Беларусі адпраўлена 12 483 удзельнікі паўстання 1863—64. Доўгі час у Т. жылі сасланыя А.Петрашкевіч, удзельнікі паўстання 1863—64 К.​Кастравіцкі (у 1868 у яго нарадзіўся тут сын, вядомы бел. паэт К.​Каганец). Я.​Ф.​Ястржэмбскі. Я.​Дамель і інш.

Літ.:

400 лет Тобольску: Сб. док. и материалов. Свердловск, 1987;

Заварихин С.П. В древнем центре Сибири. М., 1987;

Белорусы в Сибири. Новосибирск, 2000;

Очерки истории белорусов в Сибири в XIX—XX вв. Новосибирск, 2001.

Г.​А.​Лаўрэцкі (архітэктура), В.​А.​Ярмоленка (беларусы ў Т.).

Да арт. Табольск. Сафійска-Успенскі сабор. 17 ст.

т. 15, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТВАРДО́ЎСКІ Аляксандр Трыфанавіч (21.6.1910, б. хутар Загор’е, Пачынкаўскі р-н Смаленскай вобл., Расія — 18.12.1971),

рускі паэт і грамадскі дзеяч. Скончыў Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры і гісторыі (1939). У час вызвалення Зах. Беларусі ў 1939, сав.-фінляндскай 1939—40 і Вял. Айч. войнаў ваен. карэспандэнт. У 1950—54, 1958—70 гал. рэдактар час. «Новый мир». Друкаваўся з 1924. У даваен. зб-ках «Сельская хроніка» (1939), «Загор’е» (1941) тэмы перабудовы вёскі. У паэме «Краіна Муравія» (1936; Дзярж. прэмія СССР 1941) з вял. маст. сілай адлюстраваў складанасць калектывізацыі і выкліканыя ёю змены ў лёсе і псіхалогіі сялянства. У паэме «Васіль Цёркін: Кніга пра байца» (1942—45; Дзярж. прэмія СССР 1946) створаны вобраз бывалага салдата, у якім увасоблены лепшыя духоўныя і маральныя рысы народа. Чаргаванне трагічных і побытавых малюнкаў, лірычных адступленняў і вясёлага досціпу, трапнасць і выразнасць мовы дазволілі шматгранна выявіць атмасферу нар. вайны, думкі і пачуцці людзей. Лірыка Т. ваен. гадоў перадавала перажыванні народа, захоўваючы канкрэтнасць падзей і абставін, сувязі з уяўленнямі радавога салдата, учарашняга працаўніка; спалучала душэўную пранікнёнасць і публіцыст. страснасць з эпічным размахам. У пасляваен. час паглыбляў і развіваў асн. праблематыку творчасці, працягваў асэнсаванне ваен. выпрабаванняў і нар. подзвігу (паэма «Дом ля дарогі», 1946; Дзярж. прэмія СССР 1947), у сац.-маральным і філас. плане раскрываў гіст. лёс народа, паказваў сучасніка ў складаных калізіях часу. У лірыка-публіцыст. паэме «За даллю — даль» (1953—60; Ленінская прэмія 1961) абагульнены найб. істотныя з’явы ў жыцці краіны, грамадскія настроі 1950-х г. У зб-ках «Вершы з запісной кніжкі» (1961) і «З лірыкі гэтых гадоў, 1959—1967» (1967; Дзярж. прэмія СССР 1971) унутр. свет чалавека, узбагачанага вял. вопытам падзей 20 ст. Аўтар сатыр. паэмы «Цёркін на тым свеце» (1963), ліра-эпічнага цыкла вершаў «Па праву памяці» (1968—69; выд. 1987), нарысаў, апавяданняў і аповесцей («Дзённік старшыні калгаса», 1932: «З Карэльскага перашыйка», нап. 1939—41; «У родных мясцінах», 1946; «Печнікі», 1958; «Нататкі з Ангары», 1959), літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць А.​Пушкіна, М.​Някрасава, І.​Буніна, М.​Ісакоўскага, А.​Куляшова і інш. Творчасці Т. ўласцівы далучанасць да нар. жыцця, прастата і яснасць стылю, сувязь з фальклорам і класічнай традыцыяй. Высока цаніў бел. л-ру, удзельнічаў у рабоце многіх з’ездаў пісьменнікаў Беларусі. Беларусі прысвяціў вершы «Слова пра зямлю», «Запрашэнне гасцей», «Мінская шаша» і інш., нарысы ў кн. «Радзіма і чужына» (1947). Перакладаў на рус. мову бел. нар. песні, творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Куляшова, М.​Засіма, М.​Сурначова і інш., рэдагаваў «Анталогію беларускай паэзіі» (М., 1952), складальнік зб. «Паэты Заходняй вобласці» (Мн., 1935). На бел. мову творы Т. пераклалі Э.​Агняцвет, П.​Броўка, А.​Бялевіч, М.​Калачынскі, К.​Крапіва, Куляшоў, М.​Лужанін, Р.​Няхай, А.​Русак, Г.​Пашкоў, М.​Танк, і інш.; яму прысвечаны паэма Куляшова «Варшаўскі шлях» (1973), верш Ю.​Голуба «Аляксандр Твардоўскі ў Гродне», артыкулы Броўкі, В.​Быкава, А.​Зарыцкага, Куляшова і інш. Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР (1950—54, 1959—71).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М. 1976—83;

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1953;

За даллю — даль. Мн., 1962;

Вершы. 1931—1970. Мн 1989.

Літ.:

Македонов А.В. Творческий путь Твардовского. М., 1981;

Воспоминания о А.​Твардовском. 2 изд. М., 1982;

Кондратович А.И. «Ровесник любому поколению»: Док. повесть. М., 1984.

В.​Л.​Бечык.

А.Т.Твардоўскі.

т. 15, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЕ́ЙНА-АБРА́ДАВАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

від бел. фальклору; творы, што суправаджалі абрады, звязаныя з асн. этапамі жыцця чалавека: нараджэннем, шлюбам, смерцю. Адлюстравала нар. ідэал сямейных узаемаадносін, працоўнай дзейнасці селяніна, яго побыт і жыццё. С.-а.п., як і абрады, павінна была ўздзейнічаць на звышнатуральныя сілы, прыроду і грамадства, каб палепшыць лёс чалавека, яго дабрабыт, аберагчы ад бяды і няшчасцяў. Узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу, пазней набыла спецыфічныя нац. рысы, выяўленыя ў жанрава-вобразнай сістэме, ідэйна-тэматычным змесце і маст. форме. Адметнае месца ў С.-а.п. займала радзінная паэзія (гл. Радзінныя песні): песні, прыпеўкі, зычэнні, якімі суправаджаліся пэўныя абрады (найб. поўна захаваліся ў бел. фальклоры). Абрадам і песням прыпісвалася магічная сіла, здольнасць абараніць парадзіху і дзіця ад злых сіл. Вылучаліся велічальныя, жартоўныя і застольна-бяседныя песні. У велічальных услаўляліся парадзіха і бацька дзіцяці, бабка-павітуха, кума і кум. Глыбокай пашанай прасякнуты песні пра маладую маці; клапатлівым і старанным, спагадлівым да жонкі і дзіцяці паказваўся гаспадар. Шмат песень прысвячалася бабцы: шанаванне яе ў песнях спалучалася з дасціпным гумарам. Паступова радзінныя абрады і звязаная з імі паэзія страцілі сакральны, магічны характар і сталі выконваць пераважна эстэтычна-маст. функцыю. Вял. папулярнасць набылі жартоўныя песні, выканаўцы якіх добразычліва пацяшаліся з бабкі і кумоў. У бяседных песнях з лёгкім гумарам абмалёўваліся ўдзельнікі ўрачыстасці, славілася гасціннасць і шчодрасць гаспадароў, выказвалася радасць з нагоды нараджэння новага чалавека. Найб. захаваліся жартоўныя песні, многія з якіх бытуюць і ў наш. час. Асаблівым багаццем і паэтычнасцю вылучалася вясельная паэзія (гл. Вясельныя песні): песні, прыпеўкі, прыгаворы, прамовы, якія гучалі на працягу ўсяго вяселля, пачынаючы з абраду сватання. Выконваліся яны ў пэўным парадку асн. ўдзельнікамі шлюбнай урачыстасці, ролі якіх былі рэгламентаваны традыцыяй. Песні, якія суправаджалі суборную суботу, пасад, выпечку каравая, шлюбавіны, пярэзвы і інш., паэтызавалі вясельныя абрады, стваралі ўрачысты настрой і разам з тым служылі пэўным юрыдычным замацаваннем кожнага этапу вяселля. Багатая нар. сімволіка, персаніфікацыя, антытэза, трапныя параўнанні, яркія эпітэты і інш. маст. сродкі і прыёмы стваралі вобразы надзвычайнай выразнасці. Глыбокай эмац. узрушанасцю вылучаліся сіроцкія песні, у якіх нявеста-сірата прасіла бацькоў устаць з магілы і благаславіць яе шлюб. У час застольнай бяседы спявалі таксама песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам: велічальныя, лірычныя, жартоўныя і інш. Песні стваралі ідэальныя вобразы маладых, параўноўваючы іх з сімвалічнымі вобразамі сонца, зорак, месяца, паказвалі ўзаемаадносіны жаніха і нявесты, іх стаўленне да бацькоў. У жартоўных вясельных песнях з дасціпным нар. гумарам абмалёўваліся сват, свацця, дружкі, інш. ўдзельнікі вяселля. Завяршальны цыкл С.-а.п. складалі пахавальныя галашэнні — імправізаваныя песенна-рэчытатыўныя творы, у якіх аплаквалася смерць блізкага чалавека. Галашэнні, вядомыя з глыбокай старажытнасці, грунтаваліся на веры ў бессмяротнасць душы, на ўяўленнях аб тым, што чалавек і пасля смерці можа дапамагаць або шкодзіць жывым. Смутак, бязмернае гора і душэўны боль гучалі ў галашэннях маці па дзіцяці, жонкі па мужу. Цесна звязаныя з вуснай нар. традыцыяй устойлівыя славесныя формулы, кранальныя вобразы ўзмацнялі эмац. ўздзеянне. Звязаная з жыццём і працай чалавека, С.-а.п. адлюстравала сац.-эканам., быт. і культ. ўмовы яго існавання ў розныя гіст. эпохі.

Публ.:

Беларускі фальклор: Хрэстаматыя. 3 выд. Мн., 1985. С. 202—310;

Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба: обряд, песенно-мелодические типы. Мн., 1988;

Яе ж. Традыцыйныя вяселлі Віцебшчыны. Мн., 1988;

Яе ж. Традыцыйнае вяселле Гродзеншчыны Мн., 1992;

Радзінная паэзія. Мн., 1971;

Радзіны: Абрад. Песні. Мн., 1998; Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986.

Літ.:

Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 192—229;

Фядосік А.С. Беларуская сямейна-абрадавая паэзія Мн., 1997;

Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр. Мн., 2001.

А.​С.​Фядосік.

т. 15, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)