ТАБО́ЛЬСК,

горад у Цюменскай вобл. Расіі, порт на р. Іртыш, каля ўпадзення ў яе р. Табол. 97 тыс. ж. (1999). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Прам-сць: дрэваапр., лёгкая, харчовая; нафтахім. і ёдавы камбінаты; суднаверф, суднарамонтны з-д; прадпрыемствы: мэблевая, дыванаткацкая ф-кі, маст. разьбы па косці, па вытв-сці буд. матэрыялаў. Пед. ін-т, філіял Казанскага тэхнал. ун-та. Драм. тэатр (з 1705). Гіст.-арх. музей-запаведнік (з 1870).

Засн. ў 1587 атрадам казакоў Д.​Чулкова. Да 1590 адміністрацыйна падпарадкаваны г. Цюмень. У 1606—09 пабудаваны драўляны горад, які поўнасцю знішчаны пажарамі 1643, 1677, 1680. У 17—18 ст. Т. — гал. ваенна-адм., паліт., культ. (тут пісаліся летапісы, адкрыты першыя ў Сібіры школы, тэатр. друкарня, выдаваўся час. «Иртыш, превращающийся в Ипокрену») і царк. (у 1620 створана Сібірская епархія, у далейшым — Табольская мітраполія) цэнтр Сібіры. З 1708 горад, цэнтр Сібірскай губ., з 1782 — Табольскага намесніцтва, у 1796—1917 — Табольскай губ. Горад меў гандл. сувязі з Бухарой, Джунгарыяй, Кітаем. У 1773—74 апорны пункт урада пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. Месца паліт. ссылкі, у т. л. Авакума, П.С. і М.С. Бабрышчавых-Птушкіных, А.М.Радзішчава, В.К.Кюхельбекера, М.М.Мураўёва, М.А.Фанвізіна і інш. У канцы 19 ст. эканам. значэнне Т. паменшала. У жн. 1917 — крас. 1918 тут пад арыштам знаходзіўся апошні рас. імператар Мікалай II з сям’ёй.

Напачатку ў Т. пераважала драўляная забудова. З канца 17 ст. пачалося мураванае будаўніцтва: у нагорнай яго частцы ўзведзены першы ў Сібіры мураваны крэмль (17—пач. 18 ст.), Сафійска-Успенскі (1681—86) і Пакроўскі (1743—46) саборы. Захаваліся комплекс Гасцінага двара (1703—05), «Шведская палата» (1714—16); Святыя вароты (1748), цэрквы Спаская (1709—13), Андрэеўская (1744—59), Раства Багародзіцы (1744—61), Міхаіла Архангела (1745—54), Крыжаўзвіжанская (1754—71), Захарыя і Лізаветы (1759—76), Параскевы Пятніцы (1762), Пятра і Паўла (1768—88), жылыя і адм. будынкі ў стылі барока, класіцызму, эклектыкі і мадэрна. Помнік Ермаку (1839).

З Т. звязаны лёс многіх беларусаў, якія траплялі сюды пераважна прымусова ў выніку рус.-польскіх войнаў 17 ст. Яны адыгралі вял. ролю ў культ. развіцці Т., адрозніваліся больш высокай пісьменнасцю. Адзін з паплечнікаў Ермака полацкі шляхціц Корсак на мяжы 17 ст. склаў т.зв. Пагодзінскі спіс Есіпаўскага летапісу. Барысаўскі шляхціц С.​Станкевіч, сасланы ў Т. у 1659, склаў летапіс «Сібірская гісторыя» задоўга да летапісу С.У.Рэмезава, якога лічаць першым гісторыкам Сібіры. Беларус І.​Даніловіч быў у 1673 табольскім стралецкім галавой. У 18 ст. царскі ўрад працягваў выкарыстоўваць ваеннапалонных з ВКЛ з мэтай фарміравання ў Т. казацкіх атрадаў для Сібірскіх і Калыванскіх ліній. Праз перасыльную турму ў Т. ў 19 ст. прайшлі ссыльныя дзекабрысты. у т. л. ўраджэнцы Беларусі, на катаргу і пасяленне ў Сібір з Беларусі адпраўлена 12 483 удзельнікі паўстання 1863—64. Доўгі час у Т. жылі сасланыя А.Петрашкевіч, удзельнікі паўстання 1863—64 К.​Кастравіцкі (у 1868 у яго нарадзіўся тут сын, вядомы бел. паэт К.​Каганец). Я.​Ф.​Ястржэмбскі. Я.​Дамель і інш.

Літ.:

400 лет Тобольску: Сб. док. и материалов. Свердловск, 1987;

Заварихин С.П. В древнем центре Сибири. М., 1987;

Белорусы в Сибири. Новосибирск, 2000;

Очерки истории белорусов в Сибири в XIX—XX вв. Новосибирск, 2001.

Г.​А.​Лаўрэцкі (архітэктура), В.​А.​Ярмоленка (беларусы ў Т.).

Да арт. Табольск. Сафійска-Успенскі сабор. 17 ст.

т. 15, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)