тое, што ўласцівасць; у вузкім сэнсе — уласцівасць асобнага прадмета, у шырокім — адносіны, г.зн. уласцівасць некалькіх прадметаў. У арыстоцелеўскай і традыц. логіцы разумеўся толькі як адзін з двух тэрмінаў суджэння — той, у якім нешта гаворыцца аб суб’екце. Больш агульная трактоўка П. звязана з разглядам прэдыкацыі як прыватнага выпадку функцыянальнай залежнасці. У сучаснай логіцы П. — лагічная (або прапазіцыянальная) функцыя — выраз з нявызначанымі тэрмінамі (пераменнымі), які пры выбары канкрэтных значэнняў для гэтых тэрмінаў пераўтвараецца ў асэнсаванае (ісціннае або памылковае) выказванне. У лагічнай структуры суджэння традыц. паняцці П. і суб’екта замяняюцца адпаведна на дакладныя матэм. паняцці функцыі і яе аргумента.
У адпаведнасці з гэтым П. вызначаюцца на мноствах (абласцях прадметаў); элементы якіх служаць аргументамі, або значэннямі адпаведных пераменных. Пры функцыянальнай форме запісу П. ад η пераменных выражаюць формулай P(x1, ... xn), дзе η ≥ 0. Пры η = 0 П. супадае з выказваннем, пры η = 1 П. з’яўляецца ўласцівасцю ў вузкім сэнсе (аднамесны П.), пры η = 2 — уласцівасцю «пары» (двухмесны П.), пры η = 3 — уласцівасцю «тройкі» (трохмесны П.) і г.д.Гл. таксама Логіка прэдыкатаў, Функцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАПРА́ЎЕ ГРАМАДЗЯ́Н,
адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму і дэмакратыі, які азначае афіцыйна прызнаную роўнасць грамадзян перад дзяржавай, законам, судом. Р.г. — гэта роўнасць правоў, свабод і абавязкаў грамадзян адной дзяржавы незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства, адносін да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў і інш. Прынцып Р.г. устаноўлены ў эпоху бурж. рэвалюцый, змяніў саслоўныя адносіны ў феад. грамадстве. Канстытуцыйная дактрына сучасных дзяржаў прызнае магчымасць існавання некаторых адрозненняў у правах і абавязках грамадзян, якія маюць натуральны характар: напр., абавязак праходзіць ваен. службу ў большасці дзяржаў свету ўскладаецца толькі на грамадзян мужчынскага полу; асобыя канстытуц. правы з 2-й пал. 20 ст. сталі замацоўвацца за інвалідамі, дзецьмі, прадстаўнікамі нешматлікіх карэнных народаў і да т.п. У шэрагу дзяржаў прыроджаныя грамадзяне валодаюць больш шырокімі правамі, чым натуралізаваныя. Напр., у Беларусі, ЗША, Эстоніі, на Філіпінах прэзідэнтам дзяржавы можа быць толькі грамадзянін па нараджэнні; у Румыніі і Эстоніі натуралізаваныя грамадзяне, у адрозненне ад грамадзян па нараджэнні, могуць быць у шэрагу выпадкаў пазбаўлены грамадзянства. Р.г. замацавана ў раздз. II Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАРТЫЗА́ЦЫЯ (ад позналац. amortisatio пагашэнне),
паступовы перанос кошту асноўных вытворчых фондаў на кошт атрыманай на гэтых фондах гатовай прадукцыі. Абумоўлена неабходнасцю кампенсацыі зносу фондаў і забеспячэння поўнай іх замены пры выбыцці з вытв-сці. На гэта робяцца амартызацыйныя адлічэнні — уключэнне часткі кошту асн. фондаў у сабекошт прадукцыі. Яны вызначаюцца пераважна як працэнт (норма амартызацыі) ад кошту асн. фондаў і налічваюцца на працягу амартызацыйнага перыяду. Такія адлічэнні паступова назапашваюцца на рахунках прадпрыемства і разам з прыбыткам з’яўляюцца крыніцай фонду для набыцця новых машын, абсталявання, павышэння тэхн. ўзроўню вытв-сці, каб забяспечыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі і прадпрыемства. Нарматывы амартызацыі і метады яе налічэння зацвярджаюцца органамі дзярж. кіравання. У якасці нарматываў выкарыстоўваюцца норма амартызацыі і патонная стаўка. Норма амартызацыі — цэнтралізавана ўстаноўлены гадавы працэнт пагашэння кошту асн. фондаў ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і практычна для ўсіх відаў асн. фондаў. Залежыць ад нарматыўнага тэрміну службы асн. фондаў: чым ён карацейшы, тым большая норма амартызацыі. У здабыўных галінах тэрмін службы некаторых асн. фондаў (спецыялізаваныя будынкі, горныя выпрацоўкі і інш.) вызначаецца не фізічным зносам, а памерамі запасаў карысных выкапняў. Для гэтых відаў асн. фондаў у якасці нарматыву амартызацыі выкарыстоўваецца патонная стаўка — велічыня кошту асн. фондаў у разліку на 1 т запасаў карысных выкапняў. Гадавыя амартызацыйныя адлічэнні пры гэтым вызначаюцца як здабытак патоннай стаўкі на гадавы аб’ём здабычы карысных выкапняў.
У залежнасці ад метадаў налічэння адрозніваюць раўнамерную, паскораную і ўзрастаючую амартызацыю. Пры раўнамернай амартызацыі кошт асн. фондаў пераносіцца на сабекошт прадукцыі роўнымі часткамі на працягу ўсяго амартызацыйнага перыяду, што не адпавядае дынаміцы фізічнага і маральнага зносу асн. фондаў, не забяспечвае своечасовае фарміраванне фін. сродкаў прадпрыемства для абнаўлення тэхнікі. Пры паскоранай амартызацыі ў першы год службы асн. фондаў на сабекошт прадукцыі пераносіцца найб. частка іх кошту. Пры ўзрастаючай амартызацыі сума амартызацыйных адлічэнняў штогод павялічваецца і дасягае макс. велічыні ў апошні год амартызацыйнага перыяду. Гэта стымулюе замену старой тэхнікі на новую, таму што к канцу амартызацыйнага перыяду яе эксплуатацыя становіцца не эфектыўнай.
Адносіны дзяржавы да амартызацыі характарызуюць яе адносіны да навукова-тэхн. прагрэсу. Пры паскоранай (5 гадоў і менш) амартызацыі ў развітых краінах тэрміны спісання абсталявання перавышаюць тэрміны яго рэальнага зносу, што азначае падатковую субсідыю прадпрыемствам. Гэта павышае ўзровень накаплення і самафінансавання, спрыяе нарошчванню асн. капіталу ў навукаёмістых галінах, прагрэс. структурным зрухам у эканоміцы. На паскарэнне тэмпаў навукова-тэхн. прагрэсу накіраваны і інш. метады амартызацыі ў гэтых краінах: вытв. метад, метад раўнамернага прамалінейнага спісання кошту абсталявання, метад спец. амартызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЦА,
мэтазгодная свядомая дзейнасць чалавека, накіраваная на захаванне, відазмяненне, прыстасаванне асяроддзя пражывання для задавальнення сваіх патрэб, на вытв-сць тавараў і паслуг. Як працэс гіст. адаптацыі чалавека да знешняга асяроддзя характарызуецца развіццём і ўдасканаленнем падзелу працы, яе прылад і сродкаў. Як абмен паміж чалавекам і прыродай азначае, што чалавек выкарыстоўвае мех., фіз. і хім. якасці прадметаў і з’яў прыроды і прымушае іх узаемна ўплываць адно на аднаго для дасягнення загадзя вызначанай мэты. Прац. дзейнасці ўласцівы апасродкаваныя рэгулюючая і кантралюючая функцыі, якія змяняюцца ў адпаведнасці з развіццём навукі і тэхнікі. Выкарыстаннем саматужнай, рамеснай тэхнікі і эмпірычных пазнанняў чалавек устанаўліваў новыя ўзаемасувязі паміж прадметамі прыроды і т.ч. ажыццяўляў абмен рэчываў з прыродай (апасродкаваная функцыя). Машынная тэхніка і прыродазнаўчыя веды далі магчымасць чалавеку ўплываць на ўзаемадзеянне паміж рознымі прыроднымі з’явамі і прадметамі (рэгулюючая функцыя), а сучасная навук.-тэхн. рэвалюцыя дае яму магчымасць кантраляваць унутр. механізм з’яў і прадметаў прыроды. У гэтым выпадку змест П. выяўляецца ў канкрэтнай акрэсленасці прац. функцый, абумоўленых тэхнікай, тэхналогіяй, арганізацыяй вытв-сці і майстэрствам работніка; адлюстроўвае спосаб спалучэння вытворцы са сродкамі вытв-сці, абумоўлены ўзроўнем развіцця прадукц. сіл, цэнтр. звяно якіх — чалавек.
Асн. законамі, што кіруюць развіццём грамадскай П., з’яўляюцца законы падзелу і перамены П., а таксама закон канкурэнцыі, які ўзмацняе іх. Змест закону падзелу П. ў тым, што грамадскі лад параджае свае спосабы падзелу П., а кожны новы грамадскі лад дабаўляе ўласцівыя яму новыя віды падзелу П., што вынікаюць з узроўню развіцця прадукц. сіл і прыроды эканам. адносін. Гэты закон пракладвае сабе дарогу стыхійна і ў той жа час з’яўляецца аб’ектыўнай неабходнасцю. Ён вызначае дынаміку падзелу П. на розныя віды (фіз. і разумовая, прамысл. і с.-г., кваліфікаваная і некваліфікаваная, выканаўчая, кіраўніцкая і інш.) і адначасова аснову падзелу грамадства на сац. групы занятых пэўнымі відамі П., адносіны паміж групамі ў залежнасці ад іх сац. статуса і прэстыжу П. З законам падзелу П. звязаны закон перамены П., які стаў дзейнічаць у працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай, калі ўзнікла неабходнасць фарміравання гнуткай, універсальнай, шматбакова развітой рабочай сілы, здольнай да навучання і перанавучання ў ходзе змены вытв. працэсаў. Аб’ектыўным законам, які ўплывае праз адносіны суб’ектаў уласнасці на ўзаемадзеянне законаў падзелу і перамены П., выступае закон канкурэнцыі, які прымушае капітал напружваць прадукц. сілы П. Гл. таксама Псіхалогія працы, Арганізацыя працы, Ахова працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛА́ХІЯ (Valahia),
гістарычная вобласць у Паўд. Румыніі, паміж Карпатамі і р. Дунай; падзяляецца р. Олт на Мунтэнію і Алтэнію. У 106—271 Валахія, якую насялялі гета-дакійскія плямёны, у складзе Рымскай імперыі. У канцы 3 ст. заваявана готамі і гепідамі, у 4—6 — гунамі і аварамі, у 6 ст. — слав. плямёнамі. У канцы 8—10 ст. значная частка Валахіі ў складзе 1-га Балгарскага царства. З 14 ст.самаст.феад. дзяржава. У 15 ст. ў залежнасці ад Турцыі, з 16 ст. пад яе прыгнётам. Пры Міхаю Храбрым на непрацяглы час аб’ядналася з Малдовай і Трансільваніяй у адну дзяржаву (распалася на залежныя ад Турцыі княствы). У канцы 16 ст. ўзмацніліся паліт. сувязі з Расіяй, у канцы 17 — пач. 18 ст. ўстаноўлены дыпламат.адносіны. З 18 ст. Турцыя назначала гаспадарамі ў Валахіі пераважна грэкаў-фанарыётаў. У 1820—50 разгарнуўся нац.-вызв. рух. Валашскае паўстанне 1821 на чале з Т.Уладзімірэску паклала канец фанарыёцкаму рэжыму. Паводле Акерманскай канвенцыі 1826 Валахія атрымала самакіраванне, паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 — аўтаномію (пад пратэктаратам Расіі да 1856). У 1829—34 пад кіраўніцтвам Расіі. У 1859—61 аб’ядналася з Малдовай у адзіную дзяржаву (з 1862 Румынскае княства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ БРА́ЦТВА,
тайная нацыянальна-адраджэнская арг-цыя, што, па некаторых звестках, існавала на пач. 1920-х г. у Коўне (сучасны Каўнас, Літва). Паводле матэрыялаў сфальсіфікаванай АДПУБССР справы «Саюза вызвалення Беларусі» («СВБ»), Беларускае брацтва заснавалі ў 1921 В.Ластоўскі, В.Захарка, П.Крачэўскі (кіраўнікі Рады БНР), чл. арг-цыі: П.Бадунова, К.Езавітаў, У.Ігнатоўскі, І.Краскоўскі, М.Маркевіч, П.Мядзёлка, І.Цвікевіч, Я.Чарапук і інш. Намаганні Беларускага брацтва, якое нібыта будавалася і дзейнічала па прынцыпе масонскіх ложаў, былі скіраваны на пераадоленне супярэчнасцяў і рознагалоссяў у Радзе БНР, каардынацыю бел. нац адраджэнскіх сіл на эміграцыі і ў БССР. Паводле слоў Ластоўскага, Беларускае брацтва спыніла існаванне ў маі 1923. АДПУ імкнулася звязаць Беларускае брацтва з «Саюзам адраджэння Беларусі», які быццам бы ўзнік на пач. 1920-х г. за мяжой і каардынаваў дзейнасць бел.паліт. эміграцыі Літвы, Латвіі, Польшчы і Чэхаславакіі, а з пераездам Ластоўскага ў Мінск у 1926 быў нібыта ператвораны ў «СВБ». У 2-й пал. 1950-х г. у ходзе рэабілітацыі рэпрэсіраваных па справе «СВБ» дакумент. пацвярджэнняў існавання Беларускага брацтва не знайшлося. Захаваўся адзіны дакумент — праект статута Бел.нар. брацтва, які, верагодна, мае адносіны да дзейнасці Беларускага брацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНАЯ СПРА́ВА,
галіна навукі і тэхнікі, звязаная з дабычай з нетраў зямлі карысных выкапняў. Пошук радовішчаў, вызначэнне колькасці, якасці і ўмоў залягання выкапняў робіцца пры правядзенні геолагаразведачных работ (уключаюць геал. здымку, пошукавыя работы, папярэднюю, дэталёвую, эксплуатацыйную разведку і інш.). Цвёрдыя карысныя выкапні здабываюць адкрытай распрацоўкай радовішчаў і падземнай распрацоўкай радовішчаў на прадпрыемствах-рудніках (шахтах), аснашчаных горнымі камбайнамі, інш. машынамі і механізмамі.
Пры адкрытым спосабе здабычы будуюць прадпрыемствы-кар’еры (разрэзы) і выкарыстоўваюць розныя горныя вырабаткі (траншэі, рудаспускі, катлаваны, дрэнажныя шахты і інш.). Укараняюцца сродкі і метады геатэхналогіі. Вадкія і газападобныя карысныя выкапні (нафта, мінер. вада, прыродны газ і інш.) здабываюць з дапамогай буравых свідравін (гл.Нафтаздабыча), газіфікацыяй паліва, вышчалочваннем і інш. Удасканальваюцца спосабы падводнай здабычы (пераважна нафты). Завяршальны працэс горнай тэхналогіі — абагачэнне карысных выкапняў. Радовішчы распрацоўваюць паводле праекта, які вызначае тэхналогію горных работ і сістэму распрацоўкі пакладу. Вял. ўвага аддаецца выбухованебяспечнасці, горнавыратавальнай справе, горнаму нагляду. Фіз.-мех. ўласцівасці горных парод, з’явы, што адбываюцца пры здабычы карысных выкапняў, спосабы здабычы, арганізацыі вытв-сці і інш. вывучаюцца горнай навукай. Адносіны, звязаныя з выкарыстаннем і аховай нетраў рэгулююцца горным заканадаўствам. Гл. таксама Горнахімічная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НДЗІ (Індзіра Прыядаршыні) (19.11.1917, г. Алахабад, Індыя — 31.10.1984),
палітычны і дзярж. дзеяч Індыі. Дачка Дж.Нэру. Вучылася ў Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Індыі. З 1938 чл. партыі Інд.нац. кангрэс (ІНК), у 1959—60 яе старшыня. У 1946—64 паліт. кансультант Нэру. Міністр інфармацыі і радыё (1964—66). Дэп.Нар. палаты парламента (1967—77, 1978, 1980—84). У 1966—77 і 1980—84 прэм’ер-міністр Індыі, адначасова міністр па справах атамнай энергіі (1967—77), замежных спраў (1967—69), фінансаў (1969—70), унутр. спраў (1970—73). Урад Гандзі нацыяналізаваў 14 буйнейшых банкаў (1969—70), заключыў дагавор аб дружбе з СССР (1971), пасля інд.-пакістанскага канфлікту 1971 палепшыў адносіны з Пакістанам (сустрэча Г. і З.А.Бхута ў г. Шымла ў 1972, абмен пасламі ў 1976) і інш. З 1978 кіраўнік заснаванай прыхільнікамі Гандзі партыі Інд.нац. кангрэс (Індзіра). У 1983—84 старшыня Руху недалучэння. Забіта сваімі целаахоўнікамі, якія належалі да адной з сікхскіх арг-цый. Аўтар твораў «Мая праўда» (1981), «Народы і праблемы» (1982) і інш.
Літ.:
Горев А.В. Роса на лотосе: Индира Ганди: мечты и свершения. М., 1987;
Ульяновский Р.А. Три лидера великого индийского народа. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́ФЕРСАН ((Jefferson) Томас) (11.4.1741, Шадвел, штат Віргінія, ЗША — 4.7.1826),
дзеяч амерыканскага нац.-вызв. руху, адзін з заснавальнікаў ЗША, паліт. філосаф, асветнік. Адвакат, плантатар. Член заканад. сходу брыт. калоніі Віргінія (1769—74), выступаў за вызваленне неграў-рабоў. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83дэп. 2-га Кантынент. кангрэса (1775—76, 1783), распрацаваў праект Дэкларацыі незалежнасці 1776 (у ёй значнае месца адвёў канцэпцыі правоў чалавека); член заканад. сходу (1776—79) і губернатар штата Віргінія (1779—82), падрыхтаваў «Статут аб рэлігійнай свабодзе». Пасланнік ЗША у Францыі (1785—89). Лідэр (разам з П.Генры) антыфедэралістаў. Ініцыіраваў прыняцце кангрэсам ЗША закону аб забароне рабства на ПнЗ краіны (1787). Дзярж. сакратар ЗША у 1-м урадзе Дж.Вашынгтона (1790—93). Віцэ-прэзідэнт (1797—1801) і прэзідэнт ЗША (1801—09). У часы прэзідэнцтва Дж. скасаваны антыдэмакр. законы папярэдняга ўрада Дж.Адамса аб іншаземцах і здрадзе, скарочаны ўзбр. сілы і дзярж. апарат, набыта Луізіяна (1803), устаноўлены дыпламат.адносіны з Расіяй (1808—09) і інш. Садзейнічаў развіццю архітэктуры і сістэмы адукацыі ў ЗША, у т. л. буд-ву Віргінскага ун-та ў г. Шарлатсвіл (1817—26).
Літ.:
Печатнов В.О. Гамильтон и Джефферсон. М., 1984;
Согрин В.В. Джефферсон: Человек. мыслитель, политик. М., 1989.
Т.Джэферсан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЖБА,
форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на добраахвотнасці, узаемнай прыхільнасці, павазе і трываласці. Этыка вывучае Д. як абсалютную, самадастатковую каштоўнасць. У гісторыі філасофіі Д. разглядалася пераважна ў этычным плане, падкрэсліваўся яе эмацыянальны аспект (М.Мантэнь) або ў аснову ўзнікнення Д. ставілася агульнасць інтарэсаў і разумны эгаізм (К.Гельвецый). Сапраўдны культ Д. быў створаны ням. рамантыкамі, якія бачылі ў ёй выратаванне ад эгаізму; сацыялісты-утапісты прапаведавалі ўстанаўленне Д. ўсіх людзей. Псіхал. змест, асн. функцыі, заканамернасці развіцця Д. залежаць ад полаўзроставых і індывід.-асобасных асаблівасцей чалавека. На кожным з жыццёвых этапаў Д. мае сваю маральна-псіхал. каштоўнасць, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў фарміравання асобы, падтрымкі стабільнасці Я-канцэпцыі. Найб. значнасць і выключнасць Д. набывае ў юнацтве. Пазней мяняецца структура адносін, яны становяцца больш дыферэнцыраванымі і цесна звязанымі з колам інш. прыхільнасцей і сувязей (сямейных, роднасных, прафес. і інш.). Паняцце «Д.» блізкае, але не тоеснае паняццям любові, таварыскасці, дзелавых узаемаадносін. У шырокім сэнсе Д. азначае і міжасобасныя і сац.адносіны. Д. звязвае паміж сабой групы людзей (калектывы, нацыі, народы). Д. народаў грунтуецца на ўзаемнай павазе да традыцый, культуры кожнага народа, на прызнанні іх самабытнасці і унікальнасці, правоў на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу.