БАБУ́Р (Захірэддзін Мухамед) (15.2.1483, г. Фергана, Узбекістан — 26.12.1530),

узбекскі і індыйскі правіцель, палкаводзец, заснавальнік дзяржавы Вялікіх Маголаў (1526) у Індыі. Нашчадак Цімура па мужчынскай і Чынгісхана па жаночай лініі. У 1494 атрымаў у спадчыну ад бацькі прастол Ферганы. У 1504 узбекі-качэўнікі выгналі яго з Сярэдняй Азіі. У тым жа годзе ён заваяваў Кабул і Кандагар. У 1526 пад Паніпатам разбіў армію дэлійскага правіцеля Ібрагіма Лодзі і захапіў Дэлі і Агру. У 1527—29 авалодаў далінай Інда. Уладанні Бабура ўключалі Усх. Афганістан, Пенджаб і даліну Ганга да граніц Бенгаліі. Захаваліся вершы Бабура на чагатайскай (цюркскай) мове і мове фарсі, а таксама аўтабіягр. нататкі «Бабурнамэ». у якіх апісаны звычаі народаў Сярэдняй Азіі, Афганістана і Індыі.

Бабур. Малюнак 16 ст.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВАЎНАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства па вырошчванні бавоўніку і вытв-сці бавоўны-сырцу. Асн. пояс вырошчвання бавоўніку знаходзіцца ў межах сухіх субтропікаў і тропікаў паміж 20° і 40° паўн. шыраты. Найлепшы ўраджай атрымліваюць на арашальных землях. Па аб’ёме валавой прадукцыі і памерах пасяўной плошчы важнейшыя баваўнаводчыя краіны — Кітай, ЗША, Індыя, Пакістан, Узбекістан, Турцыя, Бразілія, Туркменістан, Аўстралія, Грэцыя, Егіпет (гал. вытворца тонкавалакністай бавоўны), Мексіка, якім належыць больш за 85% сусв. збору бавоўны. Баваўнаводствам займаюцца таксама яшчэ прыкладна ў 70 краінах свету (большасць краін Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Паўд. і Зах. Азіі, Паўд. Еўропы). Прыкладна ⅓ сусв. экспарту бавоўны паступае з ЗША. Беларусь атрымлівае неабходную для тэкст. прам-сці бавоўну пераважна з Узбекістана і Туркменістана (у 1993 адпаведна 18,1 і 6,7 тыс. т пры агульным імпарце 31,1 тыс. т).

т. 2, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ ПАСТАЯ́ННЫЯ,

універсальныя параметры, якія характарызуюць арбіты, масы, памеры, форму, арыентацыю і рух касмічных целаў. Вызначаюцца са шматлікіх астр. назіранняў, некаторыя — тэарэтычна.

Сістэма астранамічных пастаянных уключае: 2 вызначальныя (гаўсава гравітацыйная пастаянная k = 0,017202009895, скорасць святла ў вакууме c = 299792458 м/с), 9 асноўных (напр., гравітацыйная пастаянная Ньютана-Кавендыша G = 6,6720∙10​−11 м³/кг∙с, экватарыяльны радыус Зямлі ae = 6378140 м і інш.), шэраг вытворных пастаянных (напр., астранамічная адзінка A = 1,49597870∙10​11 м, пастаянная аберацыі x = 20,49552 і інш.), а таксама масы і экватарыяльныя радыусы вял. планет і Сонца. Астранамічныя пастаянныя выкарыстоўваюцца пры рашэнні задач дынамікі Сонечнай сістэмы, дастасавальных задач геадэзіі, картаграфіі, касманаўтыкі, навігацыі, вылічэнні эфемерыд, апрацоўцы астр. назіранняў у адзінай сістэме каардынат.

В.​К.​Абалакін.

т. 2, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАДРО́М (ад аўта... + грэч. dromos месца для бегу),

тэрыторыя з комплексам дарог і збудаванняў для выпрабавання аўтамабіляў і правядзення аўтаспаборніцтваў. Тэр. для спарт. спаборніцтваў і выпрабаванняў аўтамабіляў і матацыклаў наз. аўтамотадромам. Адзін з першых аўтадромаў (трэкаў) пабудаваны ў Англіі — Бруклінскі (1906).

Аўтадром складаецца з замкнёнай (асноўнай) дарогі і дапаможных дарог. Замкнёная дарога (трэк) мае бетоннае пакрыццё і нахіл на віражах, што дае магчымасць развіваць макс. скорасць. Дапаможныя дарогі маюць розныя тыпы пакрыццяў: асфальтабетонныя, гравійныя, грунтавыя, на асобных участках з калдобінамі, крутымі пад’ёмамі і з’ездамі, рабрыстымі бетоннымі пакрыццямі і інш. перашкодамі для выпрабавання аўтамабіляў на трываласць, надзейнасць, устойлівасць. У склад аўтадрома ўваходзяць таксама трыбуны для гледачоў, пляцоўкі для спаборніцтваў, гаражы, памяшканні для тэхн. абслугоўвання машын, метэаралагічная станцыя і інш.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЭНЦ (Barents, Barentsz) Вілем (каля 1550, в-аў Тэрсхелінг, Нідэрланды — 20.6.1597), галандскі мараплавец. У 1594—97 здзейсніў 3 плаванні па Паўн. Ледавітым ак. ў пошуках Паўн.-ўсх. праходу з Атлантычнага ў Ціхі ак. 1-я экспедыцыя дасягнула паўн. ўзбярэжжа Новай Зямлі, 2-я — в-ва Вайгач; у час 3-й (1596—97) паўторна (пасля нарманаў і рус. памораў) адкрыў а-вы Мядзведжы і Шпіцберген. Непраходныя льды прымусілі экспедыцыю зімаваць на паўн. ўзбярэжжы Новай Зямлі. Барэнц склаў карту Новай Зямлі, упершыню правёў гадавы цыкл метэаралагічных і акіянаграфічных назіранняў у моры, якое пазней было названа яго імем. У час зваротнага падарожжа памёр, пахаваны на Новай Зямлі. У гонар Барэнца названы таксама адзін з а-воў Шпіцбергена, пасёлак і порт Барэнцбург на в-ве Зах. Шпіцберген.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАС (італьян. basso літар. нізкі),

1) самы нізкі мужчынскі голас. Вылучаюць высокі, або пявучы, і нізкі, або глыбокі, у оперы таксама характарны, камічны буфонны бас. Высокі бас бывае лірычны, больш мяккі, з дыяпазонам G—f​1, і драматычны, больш моцны, з дыяпазонам F—e​1. Для высокага баса характэрныя сіла і моц на верхніх гуках і больш слабае гучанне нізкіх гукаў. Нізкі (цэнтральны) бас вылучаецца глыбокім, поўным гучаннем у нізкім рэгістры і напружаным — у верхнім, дыяпазон (C, D) E — d​1 (e​1). Самы нізкі від баса — т.зв. бас-актавіст, дыяпазон (A1) B1 — a (c​1).

2) Муз. інструменты нізкага (басовага) рэгістра (туба, кантрабас, саксафон-бас, домбра-бас, бас-кларнет).

3) Самая нізкая партыя шматгалосага муз. твора.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГТ),

Беларускае рэспубліканскае навукова-тэхнічнае геалагічнае таварыства, добраахвотная незалежная творчая грамадская арг-цыя. Засн. ў 1991. Аб’ядноўвае спецыялістаў па вывучэнні і выкарыстанні нетраў Рэспублікі Беларусь, выкладчыкаў і навучэнцаў вышэйшых і сярэдніх спец. геал. навуч. устаноў. Асн. мэты: стварэнне спрыяльных умоў для творчасці геолагаў і нафтавікоў; абарона навук., прафес. і сац. інтарэсаў членаў т-ва; развіццё творчых і дзелавых кантактаў з вучонымі і спецыялістамі ў галіне геалогіі і нафтаздабычы з інш. дзяржаў. У БГТ уваходзяць (1996) т-вы мінералагічнае і палеанталагічнае, секцыі нафтавай геалогіі, водных рэсурсаў, геатэхналогіі, дыстанцыйных даследаванняў, карысных выкапняў, распрацоўкі геафіз. апаратуры, геаэкалагічнага картавання, работы з моладдзю, а таксама антрапагенавая, тэктанічная, геахім., геамарфалагічная камісіі і рэдакцыйна-выдавецкі савет. З 1994 выдае навук. час. «Літасфера» (сумесна з АН Беларусі).

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ ПРЭС-БЮРО́,

інфармацыйныя бюро і карэспандэнцкія пункты, якія ствараліся ўрадам Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) для інфармавання замежнай грамадскасці пра Беларусь, бел. пытанне і дзейнасць урада БНР. 1-е прэс-бюро існавала з лета 1919 да 1925 пры Надзвычайнай місіі БНР у Берліне. Выдавала інфарм. бюлетэнь на бел. і ням. мовах. Беларускія прэс-бюро дзейнічалі таксама ў Рызе пры Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі (1919—21; кіраўнік У.​Грунтоў), Капенгагене (1919—21; І.​Лур’е), Коўне (пры дыпламат. прадстаўніцтве БНР у Літве, 1921—24; выдавала свой бюлетэнь), Нью-Йорку (1921; Бубешка), Таліне (наз. інфарм. аддзел, 1921—22; М.​Чарвякоў). Карэспандэнцкія пункты ў розны час існавалі ў Парыжы, Празе, Варшаве, Вене, Бялградзе, Сафіі, Вільні, Гданьску, Канстанцінопалі.

Р.​А.​Лобаў.

т. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НСКІ ПА́КТ 1940,

пакт аб ваенным саюзе, падпісаны Германіяй, Італіяй і Японіяй 27 вер. ў Берліне. Прадугледжваў падзел свету паміж саюзнікамі, быў этапам у падрыхтоўцы агрэсіі супраць СССР. Бакі пагадзіліся, каб Германія і Італія ўсталявалі «новы парадак» у Еўропе, Японія — у Азіі, дамовіліся пра ўзаемадапамогу ў паліт., эканам і ваен. галінах. Да Берлінскага пакта далучыліся Іспанія, Тайланд, Фінляндыя, залежныя ад Германіі ўрады Венгрыі, Румыніі, Славакіі, Балгарыі, Югаславіі (27.3.1941 урад Цветкавіча быў скінуты, новы югасл. ўрад адмовіўся зацвердзіць акт пра далучэнне), марыянетачныя ўрады Маньчжоу-Го, Харватыі, створаны Японіяй на тэр. акупіраванага Кітая ўрад Ван Цзін-вэя. Берлінскі пакт страціў значэнне пасля паражэння дзяржаў фаш. блоку ў 2-й сусв. вайне. Гл. таксама «Вось Берлін—Рым» і «Антыкамінтэрнаўскі пакт».

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,

умоўны тэрмін, які абазначае здольнасць жывых арганізмаў арыентавацца ў часе. У аснове такой арыентацыі ляжыць перыядычнасць фіз.-хім. і фізіял. працэсаў у клетках (гл. Біялагічныя рытмы). Склаўся ў выніку эвалюц. адаптацыі да цыклічнасці працэсаў, што адбываюцца ў навакольным асяроддзі (змена дня і ночы, пораў года) і абумоўлены таксама цыклічнымі ваганнямі геафіз. фактараў (сутачная і сезонная перыядычнасць эл.-магн. поля Зямлі, сонечнай і касм. радыяцыі і інш.). Біялагічны гадзіннік дазваляе прыводзіць фізіялагічныя рытмы ў адпаведнасць з рытмам навакольнага асяроддзя і дае арганізмам і ўнутрыклетачным працэсам магчымасць «прадбачыць» сутачныя, сезонныя, гадавыя або шматгадовыя ваганні асветленасці, т-ры, прыліваў і інш. змен. Найб. яскрава гэта выяўляецца ў сутачных рытмах. У жывёл вымярэнне часу звязана з выпрацоўкай умоўных рэфлексаў на змену ўмоў навакольнага асяроддзя.

т. 3, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)