антырэспубліканскія мяцяжы раялістаў у зах.ч. Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. Назва ад дэпартамента Вандэя — гал. цэнтра раялістаў. Пачаліся ў сак. 1793 у гіст. абласцях Брэтань, Анжу, Пуату пасля выдання дэкрэта Канвента ад 24.2.1793 аб прызыве ў армію 300 тыс.чал. Удзельнікі — дваранства, духавенства, частка сялян. У маі—чэрв. 1793 мяцежнікі занялі гарады Туар, Фантэнэ, Анжэ, Самюр, 29 чэрв. пацярпелі паражэнне каля г. Нант. У кастр. 1793 рэсп. войскі разбілі вандэйцаў каля г. Шале. Вандэйцы рушылі на Пн, за Луару, але, пацярпеўшы няўдачу каля Гранвіля, павярнулі назад і 12 і 23 снеж. былі разбіты каля гарадоў Ле-Ман і Саўнэ. На дапамогу мяцежнікам у ліп. 1795 англ. флот высадзіў у Брэтані атрад франц. эмігрантаў, які таксама быў разбіты рэсп. войскамі ген. Л.Л.Гоша. Спробы новых мяцяжоў адбыліся ў 1799, 1813, 1815, 1832. У ходзе вандэйскіх войнаў з абодвух бакоў загінула больш за 600 тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЯ́Н ПАТРЫКЕ́ЕЎКасы
(свецкае імя кн.Патрыкееў Васіль Іванавіч, каля 1470 — пасля 1531),
расійскі царк. і паліт. дзеяч, публіцыст. Прамы нашчадак Гедзіміна (па бацьку) і Васіля I Дзмітрыевіча (па маці). Удзельнік вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94, перагавораў аб міры. У рус.-швед. вайну 1495—99 ваявода, узначальваў паход на Выбарг (1496). За ўдзел у дынастычнай барацьбе на баку Дзмітрыя (унука Івана III) сасланы вял.кн. Васілём III Іванавічам у Кірыла-Белазерскі манастыр і прымусова пастрыжаны ў манахі (1499). Пасля смерці Ніла Сорскага (1508) кіраўнік несцяжацеляў. Вернуты са ссылкі каля 1509. Саветнік Васіля III. На царк. саборы 1531 асуджаны і абвінавачаны ў ерасі. Сасланы ў Іосіфа-Валакаламскі манастыр, дзе і памёр. Аўтар 5 твораў («Збор нейкага старца», «Адказ кіраўскіх старцаў» і інш.), у якіх выступаў супраць манастырскага землеўладання, за дараванне віны ерэтыкам, што пакаяліся, і інш.
Літ.:
Казакова Н.А. Вассиан Патрикеев и его сочинения. М.; Л., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я НІ́ЖНЯЯ,
прыродная вобласць у Цэнтр. Афрыцы, уздоўж узбярэжжа Гвінейскага зал. і Атлантычнага ак., паміж зал. Біяфра на Пн і нізоўямі р. Кванза на Пд. Уключае вузкую (50 — 100 км) прыморскую нізіну і стромка ўзнятае над ёю Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Пераважныя выш. ад 700 да 2000 м, найб. — 4070 м (дзеючы вулкан Камерун). Клімат пераходны ад экватарыяльнага на Пн да трапічнага пасатнага на Пд. Вільготнасць памяншаецца зПн на Пд пад уплывам халоднага Бенгальскага цячэння. Ападкаў на б.ч.тэр. 1000—1500 ммза год, на наветраных схілах гор 3000—4000 мм (на зах. схілах г. Камерун больш за 10 000 мм — самае вільготнае месца Афрыкі). На тэр. Гвінеі Ніжняй у акіян упадае р. Конга (Заір). На Пн — вечназялёныя экватарыяльныя лясы, на Пд ад вусця р. Конга пераважаюць саванны. На крайнім Пд знаходзяцца прыморскія нізіны — паўпустыні і пустыні. У межах Гвінеі Ніжняй поўнасцю або часткова размешчаны Камерун, Экватарыяльная Гвінея, Габон, Конга, Заір, Ангола.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГАНТЫ́ЗМ [ад грэч. gigas (gigantos) гігант],
клінічны сіндром, абумоўлены вял. ростам ці выражаным павелічэннем асобных частак цела. Гігантамі лічаць мужчын, якія вышэй за 200 см, жанчын, што вышэй за 180 см (1—3 выпадкі на 1 тыс.чал.). Гігантызм як паталагічны стан узнікае з прычыны гіперпрадукцыі самататропнага гармону (гармон росту) ці павышанай адчувальнасці да яго рэцэптараў эпіфізарных храсткоў у дзіцячым і юнацкім узросце пры незакончаным акасцяненні шкілета. Прычыны гігантызму: пухліны гіпофіза, запаленчыя, траўматычныя і іншыя пашкоджанні гіпаталама-гіпафізарнай вобласці. Павелічэнне росту адбываецца пераважна ў 10—16-гадовым узросце, потым можа праяўляцца акрамегалія, павелічэнне ўнутр. органаў (спланхнамегалія). Пры гігантызме парушаецца абмен рэчываў, з’яўляюцца псіханеўралагічныя расстройствы (агульныя слабасць, стамляльнасць, зніжэнне памяці, мускульнай сілы, болі галавы і ў канечнасцях), у мужчын — затрымка развіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет, у жанчын — першасная аменарэя ці спыненне менструальнага цыкла, бясплоднасць. Пры частковым (парцыяльным) гігантызме адбываецца рэзкае павелічэнне асобных частак ці палавіны цела (трапляецца рэдка). Лячэнне: прамене- і гармонатэрапія, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎКА (Potentilla),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Больш за 300 відаў. Пашырана пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі больш за 20 дзікарослых і 3 інтрадукаваныя віды. Найб. вядомыя Д. гусіная, або гусіная лапка (P. anserina), прамастойная, або калган (P. erecta), серабрыстая (P. argentea), нарвежская (P. norvegica), паўзучая (P. reptans), радзей трапляюцца Д. белая (P. alba), прамая (P. recta), пясчаная (P. arenaria); Д. скальная (P. rupestris) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі. Растуць на сухіх сонечных мясцінах, у лясах, на балотах, каля жылля, як пустазелле. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны Д. цёмна-крывава-чырвоная (P. atrosanguinea), пурпуровая (P. purpurea) і непальская (P. nepalensis).
Шмат-, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны, паўкусты і паўкусцікі. Сцяблы прамастойныя, прыўзнятыя або сцелюцца. Лісце пальчата- або перыста-складанае. Кветкі жоўтыя або пурпуровыя, з 5—4 пялёсткамі, адзіночныя або ў шчыткападобнамяцёлчатых суквеццях. Плод — шматарэшак. Лек., меданосныя, дубільныя, фарбавальныя, харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЕ́КТЫКУТ (Connecticut),
штат на ПнУ ЗША у групе штатаў Новай Англіі. Пл. 14,4 тыс.км², нас. 3274,2 тыс.чал. (1996). Адм. ц. — г. Хартфард, найб. гарады і гал.прамысл. цэнтры — Брыджпарт, Уотэрберы, Нью-Хейвен, Стамфард. У гарадах жыве больш за 90% насельніцтва. На Пн адгор’і Апалачаў (выш. каля 600 м), на Пд рачныя даліны і прыморская нізіна. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. -3 °C, ліп. 21—24 °C. Ападкаў каля 1500 ммза год. Каля 2/3 штата пад лесам. Адзін знайб. развітых прамысл. штатаў ЗША. Прам-сць: авіяц.-ракетная (верталёты, ракеты, авіяц. абсталяванне і рухавікі), эл.-тэхн., электронная (ЭВМ, электронныя кампаненты), металаапр., машына-, станка-, прылада- і станкабудаўнічая, суднабуд. (у т. л. падводныя лодкі), гумавая, хімічная. Гал.с.-г. культуры — тытунь і сеяныя травы. Развіты вырошчванне агародніны і фруктаў, малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Пд Штата ўваходзіць у прыгарадную зону Нью-Йорка. Транспарт марскі, чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па р. Канектыкут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
сканцэнтраванне вытв-сці падобных відаў прадукцыі на буйных прадпрыемствах, у межах невял. рэгіёна. Адрозніваюць тэхналагічную форму К.в. — павелічэнне адзінкавай магутнасці асн.тэхнал. абсталявання; заводскую — узбуйненне прадпрыемства за кошт павелічэння колькасці адзінак абсталявання; арганізацыйна-гаспадарчую — адм. і гасп. аб’яднанне некалькіх дробных прадпрыемстваў у адно вытворчае аб’яднанне. У залежнасці ад узроўню канцэнтрацыі прадпрыемствы падзяляюцца на дробныя, сярэднія і буйныя. У буйных прадпрыемствах зніжаюцца капітальныя ўкладанні на адзінку вытв. магутнасці; расце прадукцыйнасць працы, зніжаецца сабекошт адзінкі прадукцыі за кошт памяншэння ўмоўна-пастаянных выдаткаў, паўней вырашаюцца пытанні сац. развіцця калектыву. У той жа час буд-ва буйных прадпрыемстваў патрабуе вял. аднаразовых інвестыцый і тэрмінаў іх будаўніцтва, што прыводзіць да «замарожвання» аддачы інвестыцый. З ростам К.в. павялічваюцца трансп. расходы, узнікае абмежаванасць сыравінных рэсурсаў у гэтым раёне, памяншаецца патрэбнасць у дадзенай прадукцыі, што зніжае эфект К.в. Тэндэнцыяй развіцця К.в. ва ўмовах рыначнай эканомікі з’яўляецца павелічэнне долі малых прадпрыемстваў, якія садзейнічаюць стабілізацыі спажывецкага рынку, пераадоленню манапалізму, стварэнню канкурэнцыі, дадатковых рабочых месцаў, вырашэнню экалагічных праблем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ПРАГРА́МА ААН ПА НАВАКО́ЛЬНЫМ АСЯРО́ДДЗІ (United Nations Environment Program; ЮНЕП),
міжурадавая праграма, створаная па ініцыятыве Стакгольмскай канферэнцыі ААН па праблемах навакольнага асяроддзя і рашэнні Ген. асамблеі ААН (1972). У праграме ўдзельнічаюць прадстаўнікі 113 краін і 40 міжнар. арг-цый. Забяспечвае і каардынуе ў міжнар. маштабе мерапрыемствы па ахове і паляпшэнні навакольнага асяроддзя. Асн. кірункі дзейнасці: ахова сусв. акіяна і паветра ад забруджвання, ахова і рацыянальнае выкарыстанне глеб і павышэнне іх урадлівасці, перапрацоўка і утылізацыя прамысл. адходаў, распрацоўка метадаў назірання за біясферай па ўплыве на яе гасп. дзейнасці (маніторынг) і інш. Супрацоўнічае зМіжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, Навуковым камітэтам па праблемах навакольнага асяроддзя, ЮНЕСКА і інш. ЮНЕП каардынуецца адм. саветам, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі больш як 60 краін. Штаб-кватэра ў г. Найробі (Кенія). У 1984 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі ўзнагароджана сярэбраным медалём ЮНЕП за прапаганду прыродаахоўнай дзейнасці і актыўнае пашырэнне прыродазнаўчых ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРНААБНАЎЛЕ́НЦЫ,
«Партыя мірнага абнаўлення», партыя ў Рас. імперыі ў 1906—12. Займала месца на правым флангу ліберальнага лагера. Гал. яе ядро складалі дэпутаты-прагрэсісты 1-й Дзярж. думы (1906); заснавальнік і гал. ідэолаг П.А.Гейдэн. Выступала за стварэнне канстытуцыйна-манархічнай дзяржавы, запаліт. і грамадз. роўнасць для ўсіх народаў Рас. імперыі. Па многіх пунктах праграма М. супадала з кадэцкай (гл.Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя). У час выбараў у 2-ю Дзярж. думу ў ліст. 1906 у Вільні і Мінску былі створаны к-ты М., але сваіх прадстаўнікоў у Думу яны не правялі. У 3-й Дзярж. думе адзіным прадстаўніком М. ад Беларусі быў ляснічы Пружанскага пав. В.А.БІЧ, выбраны ад Гродзенскай губ. У сваіх выступленнях у Думе Біч прапаноўваў рэарганізаваць усё мясц. кіраванне Паўн.-Зах. краю, увесці земскае самакіраванне. У студз. 1912 узнік к-т прагрэсістаў у Вільні, у які пазней увайшлі і М. Пасля 1912 М. як самастойная паліт. сіла не выступалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШЫ́НЫЯ, мышападобныя,
мышы (Muridae),
сямейства млекакормячых атр. грызуноў. 5 (6) падсям., 100—120 родаў, больш за 480 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у разнастайных прыродных і антрапагенных ландшафтах, у памяшканнях, стагах сена, саломы і інш. Актыўныя на змярканні і ноччу. Шкодзяць збожжавым, лясным і садовым культурам. Удзельнікі цыркуляцыі інфекц. хвароб. 8 відаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 4 роды, 7 відаў (пацукі чорны і шэры; мыш дамавая — Mus musculus; мыш жаўтагорлая — Apodemus flavicollis; мыш лясная — A. silvaticus; мыш-малышка — Micromys minutus; мыш палявая, або жытнік — A. agrarius).
Даўж. цела 5—50 см, хваста да 45 см. Морда выцягнутая, завостраная, вочы і вушы вялікія. Поўсць бурая або шэрая з рыжым ці чорным адценнем. Хвост голы. Кормяцца пераважна насеннем, некат. ўсёедныя. Нараджаюць да 22 дзіцянят, да 10 разоў за год. М. — корм для многіх звяроў, птушак, паўзуноў. Многія віды — аб’ект генетыка-папуляцыйных, фізіял. і эталагічных даследаванняў.