вытканы ўручную дыван-карціна (шпалера). На пачатку — вырабы парыжскай мануфактуры, заснаванай у 1662 (існуе і цяпер) і вядомай у гісторыі як мануфактура Габеленаў (ад прозвішча майстроў-фарбавальшчыкаў 15 ст., у будынку якіх размяшчалася ткацкая майстэрня). У 17—18 ст.маст. якасці габеленаў зрабілі іх настолькі папулярнымі, што габеленамі сталі называць высокамаст. шпалеры інш.франц., а пазней і еўрап. мануфактур, а ў 19 ст. наогул шпалеры і шчыльныя абівачныя тканіны нават машыннага вырабу, т.зв. габеленавыя тканіны.
Ткалі габелены з каляровых ваўняных і шаўковых, часам сярэбраных і залатых нітак на спец. ручных станках метадам выбарачнага ткацтва (асобнымі часткамі, якія сшывалі танюсенькай шаўковай ніткай). Габелены ўзнаўлялі ўзор або карціну з малюнка (кардону), зробленага мастаком. Асаблівасць габелена — рубчастая паверхня правага боку, якая ствараецца ніткамі асновы, і няроўная паверхня адваротнага боку, створаная швамі і ніткамі ўтку. З-за працаёмкасці вырабу кошт габеленаў быў вельмі высокі, таму аздаблялі імі інтэр’еры каралеўскіх палацаў, асабнякі знаці. Габелены ўзнаўлялі сцэны з жыцця святых і сюжэты рыцарскіх раманаў, у 16 ст. пашыраны сюжэты на біблейскую тэматыку, у 18 ст. — міфалагічныя сцэны і пастаралі, а таксама партрэты і копіі са станковых карцін. У 19 ст.маст. ўзровень габеленаў рэзка знізіўся. З 1930-х г. пачалося адраджэнне габелена на новай мастацка-стылявой аснове. З сярэдзіны 1940-х г. развіццю мастацтва габелена значна садзейнічалі кардоны мастака Ж.Люрса.
На Беларусі ў 17—18 ст. бязворсавыя дываны-карціны выраблялі на ткацкіх мануфактурах у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Альбе, Слоніме, Гродне і інш. Ткачы былі з мясц. прыгонных, майстры і мастакі мясц. і замежныя. Ткалі габелены з раслінным арнаментам, геральдычнымі матывамі, сюжэтнымі кампазіцыямі і партрэтнымі выявамі; выраблялі і абівачную габеленавую тканіну. У 2-й пал. 18 ст. створана серыя габеленаў, прысвечаная роду Радзівілаў («Бітва на рацэ Славечна», «Паланенне Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе» і інш.). На пач. 19 ст. вытворчасць дываноў-карцін спынілася. Адраджэнне бел. габелена прыпадае на 1960-я г. Мастакі стварылі новы тып сучаснага габелена — манументальна-дэкаратыўны: «Чалавек, які пазнае свет» (А.Кішчанка, А.Бельцюкова, Г.Гаркуноў), «Музыка», 6 габеленаў для фае Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, «Чарнобыль», «Габелен стагоддзя» (усе Кішчанкі). Выпускнікі Бел. акадэміі мастацтваў Гаркуноў, В.Грыдзіна, В.Дзёмкіна, Г.Крываблоцкая, В.Крывашэева, В.Маркавец-Бартлава, Л.Пятруль, Н.Пілюзіна, Л.Пуцейка, А.Салохіна, С.Свістуновіч, Л.Сівакова, Л.Скрыпнічэнка, Г.Стасевіч, Н.Сухаверхава, Г.Юзеева-Шаблоўская, Т.Хацановіч-Дарбінян і інш. працуюць пераважна ў галіне дэкар.нац. габелена.
Літ.:
Трызна Д.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.
Да арт.Габелен. П.Бондар і Н.Пілюзіна. Беларусь. 1982.Да арг.Габелен. В.Дзёмкіна. Дажынкі. 1994.Да арт.Габелен. Г.Стасевіч. Купалле. 1982.Габелен у інтэр’еры базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў г. Бергама (Італія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́СНАСЦЬ, публічнасць,
права чалавека выражаць публічна свае погляды і перакананні, свабода вуснага і пісьмовага слова; адкрытасць і даступнасць для насельніцтва інфармацыі аб тым, што адбываецца ў дзяржаве і грамадстве. Патрабаванні да галоснасці, яе межы вызначаюцца адпаведнымі міжнар. прававымі актамі і заканадаўствам кожнай краіны. Ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (прынята ААН у 1948) абвяшчаецца, што кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на іх свабоднае выражэнне, свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзярж. межаў. Элементы галоснасці як адной з формаў рэалізацыі правоў грамадзян існавалі ўжо ў Стараж. Грэцыі (раз у месяц у Афінах адбываўся нар. сход і кожны з яго ўдзельнікаў мог выказваць сваю думку, пастаянна праводзіліся праверкі і публічныя справаздачы выбарных службовых асоб). Палажэнні пра адкрытасць і публічнасць у вырашэнні грамадскіх праблем знайшлі адлюстраванне ў хрысц. веравучэнні, англ. Вялікай Хартыі Вольнасцей (1215), Статуце ВКЛ 1588, «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), у працах Дж.Лока, Т.Гобса, Ж.Ж.Русо, Ш.Л.Мантэск’ё, Ф.Скарыны, С.Буднага, М.Літвіна, А.Волана, Т.Джэферсана, Ф.Міранды, А.І.Герцэна, К.Каліноўскага і інш.Спец. пастановай урада Расіі 1859 дазвалялася публікацыя ў друку пра факты беспарадкаў і злоўжыванняў чыноўнікаў, іншых матэрыялаў з неафіц. крыніц. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 спец. Дэкрэтам аб друку абвяшчалася адмена ўсякіх адм. уздзеянняў на друк. Але ва ўмовах цэнтралізацыі ўсіх сфер жыцця ў СССР галоснасць была значна абмежавана, перш за ўсё ў адносінах да вышэйшых уладных структур; свабоднае выказванне думак было небяспечна па палітычных, ідэалагічных і інш. меркаваннях. Некаторае пашырэнне галоснасці назіралася ў перыяд паміж XX—XXII з’ездамі КПСС (1956—61). Пазней яна падтрымлівалася гал. чынам дысідэнцкім рухам і «самвыдатам». На афіц. узроўні пытанне пра галоснасць як неабходную перадумову дэмакратызацыі сав. грамадства ўпершыню пастаўлена ў спец. рэзалюцыі 19-й Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (1988).
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме 1996, гарантуе грамадзянам свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, непасрэдны ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы. Законам Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (1995) устаноўлена, што ўшчамленне свабоды масавай інфармацыі ў якой-небудзь форме, у т. л. праз цэнзуру, павінна цягнуць за сабой дысцыплінарную, крымін. і інш. адказнасць, устаноўленую заканадаўствам. Рэалізацыя правоў і свабод, звязаных з палітыкай галоснасці, забяспечваецца гарантыямі ад незаконных і адвольных абмежаванняў і забарон, строгім захаваннем прынцыпаў законнасці, справядлівага і публічнага разбору ў судзе розных відаў парушэнняў (гл.Галоснасць судаводства).
Літ.:
Гласность: Насущные вопр. и необходимые ответы. М., 1989;
50/50: Опыт словаря нового мышления. М., 1989;
Международные документы по правам человека. Франкфурт-на-Майне, 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́К (сапр.Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч
(15.5.1882, ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),
бел.тэатр. дзеяч, драматург, рэжысёр, акцёр, мастак. Буйны дзеяч нац. сцэны, першы нар.арт. Беларусі (1928). У 1908 пачаў літ. дзейнасць як паэт і празаік. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. Выдаў зб. «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). Пісаў таксама гумарэскі, сатыр. апавяданні. З 1917 выступаў як драматург. Аўтар каля 40 п’ес з жыцця бел. народа (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), якія шырока ставіліся ў бел.прафес. і самадз. т-рах. Значнае месца яны займалі ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, дзе Галубок у 1917—20 выступаў як акцёр і рэжысёр. Былі пастаўлены: «Апошняе спатканне» і «Пісаравы імяніны» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (1919). У Бел.дзярж. т-ры (цяпер Нац.т-р імя Я.Купалы) ставіліся яго «Залёты дзяка» («Пісаравы імяніны»), «Ганка», «Апошняе спатканне», «Бязродны» (усе 1921). Яго шматгранны талент найб. ярка і поўна раскрыўся ў арганізаваным ім у 1920 у Мінску калектыве — Трупе бел. артыстаў (гл.Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). Аснову рэпертуару складалі п’есы Галубка: «За мураванай сцяной» (1920), «Душагубы», «Пісаравы імяніны», «Залаты бог» (1921), «Ганка», «Мужычае шчасце», «Былое», «Ліхадзеі» (1922), «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Падкідыш» і «Ветрагоны» (1923), «Пан-князь» (1924), «Беларускія зажынкі» (1925), «Пінская мадонна» і «Краб» (1928), «Рыкашэт» (1935); рэж. усіх, акрамя апошняй, быў сам Галубок. Яго пастаноўкі вызначаліся сакавітасцю нар. гумару, маляўнічасцю, былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі. Сам Галубок з жыццёвай верагоднасцю, бытавой і псіхал. дакладнасцю выконваў драм., характарныя і камедыйныя ролі ў сваіх п’есах: Авечка («Суд»), Дзяк («Пісаравы імяніны»), Ксёндз («Пінская мадонна»), Пан Сурынта (аднайм. п’еса) і інш. У сцэн. творчасці ён наследаваў традыцыі стараж.бел.нар.т-ра, што ішлі ад скамарохаў, батлейшчыкаў, выканаўцаў нар. драмы; творча развіваў вопыт Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Галубок стварыў глыбока самабытны, непаўторны свой т-р, выхаваў вял. групу бел. акцёраў (А.Бараноўскі, С.Бірыла, Б.Бусел, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш.). Праводзіў вял.культ.-асв. работу сярод насельніцтва, дапамагаў маст. самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, выпускаў баявыя лісткі і насценгазеты, выступаў у перыяд. друку з публіцыст. і тэатразнаўчымі артыкуламі. Як мастак-дэкаратар ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. Вядомы як пейзажыст (карціны «Раніцай», «Туманы», «На рацэ Бярозе», «Сож»; удзельнічаў у шэрагу рэсп. выставак). У канцы 1920-х г. на Галубка пачаліся ганенні і абвінавачанні ў нацыяналізме. У 1931 яго адхілілі ад маст. кіраўніцтва т-рам, працаваў дырэктарам і акцёрам. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.
Літ.:
Звонак А. Уладзіслаў Галубок // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;
Сабалеўскі А. Уладзіслаў Галубок // Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1969. Кн. 1;
Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок Мн., 1969;
Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Ўладзіслава Галубка. Мн., 1979;
Карабанава Л.В. Драматургія Уладзіслава Галубка. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКІЯ,
старажытны княжацкі род герба «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр») у ВКЛ. Магчыма, паходзілі ад кагосьці з родзічаў вял. князя ВКЛТрайдзеня [1270—82], пазбаўленых улады дынастыяй Гедзімінавічаў. Радавым гняздом Гальшанскіх быў Гальшанскі палац недалёка ад Ашмян. Валодалі таксама Глускам і Парэччам на р. Пціч, Раманавам у Аршанскім пав., Станькавам, Жыцінам, Сутокамі, Заазер’ем у Менскім пав., Воўпай у Гарадзенскім пав., Хожавам, Лебедзевам, Далькевічамі, Дунілавічамі ў Ашмянскім пав., Свіранамі, Шашоламі, Кроштамі ў Літве, Сцяпанню, Дубровіцай на Украіне і інш.Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Іван (упамінаецца ў 1379—1401), сын Альгімонта, першы вядомы прадстаўнік роду. Актыўны прыхільнік Вітаўта ў час яго барацьбы за велікакняжацкую ўладу, уваходзіў у гаспадарскую раду. З 1396 намеснік у Кіеве. Меў сыноў Андрэя Вязынскага, Сямёна Лютага, Аляксандра Нялюба, Міхаіла і дачку Ульяну (1378—1448), якая другім шлюбам з 1418 была жонкай вял.кн. Вітаўта Андрэй Вязынскі (каля 1365—каля 1410). Меў 3 дачок, з якіх сярэдняя Соф’я была польск. каралевай. Сямён Люты (?—1433), удзельнік барацьбы паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам за вял. княжанне. Намеснік Вітаўта ў Вял. Ноўгарадзе (каля 1420), у 1432 удзельнічаў у змове супраць Свідрыгайлы на карысць Жыгімонта. Верагодна, у жн. 1433 трапіў у палон да Свідрыгайлы і пакараны смерцю. Міхаіл (?—1433), намеснік кіеўскі ў 1422. На чале войска Свідрыгайлы ў чэрв. 1433 разграміў войскі Жыгімонта Кейстутавіча, аднак пасля перайшоў на яго бок. Верагодна, быў пакараны смерцю Свідрыгайлам. Соф’я (1405?—21.9.1461) у 1422 выйшла замуж за польскага караля Уладзіслава II (Ягайлу), нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Юрый (каля 1410—каля 1457), сын Сямёна Лютага. Адзін з арганізатараў выбрання вял. князем Казіміра IV Ягелончыка ў 1440, аднак у 1456 далучыўся да апазіцыі, якая хацела абраць вял. князем Сямёна Алелькавіча. Аляксандр (каля 1440—1511), сын Юрыя, крайчы ВКЛ да 1488, падчашы з 1488, кашталян віленскі з 1493, намеснік гродзенскі ў 1486—1505, староста берасцейскі з 1506. Сямён (каля 1445—1505), сын Юрыя, староста луцкі з 1490, маршалак валынскі з 1494, часовы спраўца пасад найвышэйшага гетмана ВКЛ і ваяводы новагародскага (1500—01). Юрый (каля 1480—1536), сын Івана Дубровіцкага, ваявода кіеўскі ў 1508—10. Павел (каля 1490—1555), сын Аляксандра. У 1504 вучыўся ў Кракаўскім ун-це, пазней у Рыме. Пасля вяртання ў ВКЛ стаў прэлатам-архідыяканам касцёла св. Станіслава ў Вільні. Выхавацель будучага вял. князя Жыгімонта Аўгуста. З 1530 біскуп луцкі, з 1536 — віленскі. Адыгрываў значную ролю ў дзярж. і грамадскім жыцці ВКЛ, актыўна супрацьдзейнічаў Рэфармацыі. Януш Дубровіцкі (каля 1505—1549), сын Юрыя, дзяржаўца горвальскі з 1531, стольнік ВКЛ з 1540, ваявода кіеўскі з 1542 і трокскі з 1544, адначасова дзяржаўца магілёўскі з 1547. Сямён (каля 1515—1556), апошні мужчынскі прадстаўнік роду Гальшанскіх. Пасля яго смерці вялізныя вотчыны роду былі падзелены паміж 6 яго сёстрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБУРГ (Freie und Hansestadt Hamburg),
горад на ПнФРГ, на р. Эльба, за 110 км ад Паўночнага м. Утварае самаст.адм. адзінку — зямлю Гамбург (пл. 755,3 км²). Нас. 1702,9 тыс.ж., разам з прыгарадамі (у т. л. па-за адм. межамі зямлі) больш за 2 млн.ж. (1994). Трансп. вузел (аўтадарогі, чыгункі). Гал. марскі порт краіны (больш за 50% суднаў марскога флоту ФРГ; грузаабарот каля 85 млн.т штогод). Міжнар. аэрапорт Фульсбютэль. Другі па колькасці жыхароў горад ФРГ, важны прамысл., гандл., фін. і культ.цэнтр.Прам-сць: суднабудаванне і дапаможныя яму галіны машынабудавання, авіябудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная; каляровая металургія, дакладная механіка, нафтаперапр., хім. і гумавая, лёгкая, паліграф. і дрэваапр., харчасмакавая (у т. л. мукамольная, алейная, тытунёвая, піваварная, маргарынавая, шакаладная, кансервавая, перапрацоўка кавы, чаю); вытв-сцьмуз. інструментаў (раялі). Кінапрамысловасць. Цэнтр газетна-выдавецкай справы. Буйныя гандл. прадпрыемствы, біржы, у т. л. фондавая і таварныя (кавы, чаю, цукру, каўчуку), банкі. Метрапалітэн. Ін-т ядзерных даследаванняў. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Дзярж. опера. Заапарк Гагенбека.
Узнік каля 825 як умацаваны замак. З 831 цэнтр епіскапства, у 843—45 і 1043—72 — архіепіскапства. У 1215 аб’яднаны старая і новая ч. горада. Адзін з першых (з 1241) і найб. уплывовых (пасля Любека) чл.Ганзы. У 1376, 1458, 1483, 1685, 1693 адбыліся цэхавыя і плебейскія паўстанні супраць патрыцыяту, які канцэнтраваў уладу ў гар. савеце. З 1510 вольны імперскі горад. У 1529 у Гамбургу праведзена Рэфармацыя. У 1558 тут засн. першая ў Паўн. Еўропе біржа. Культ. росквіт у 17—18 ст. (у 1678 засн. першы ў Германіі оперны т-р, у 1767 — Гамбургскі нац.т-р). У 1806 акупіраваны франц. войскамі. Вольны горад у складзе Германскага (з 1815) і Паўн.-германскага (з 1867) саюзаў, Герм. імперыі (1871—1918, яе «марскія вароты»). У Гамбургу адбылося Гамбургскае паўстанне 1923. У 1938 у склад Гамбурга ўключаны гарады Альтана, Гарбург-Вільгельмсбург, Вандсбек і шэраг сельскіх раёнаў. У 2-ю сусв. вайну дзейнічалі антыфаш групы, горад амаль цалкам зруйнаваны бамбардзіроўкамі ў 1943—45. Пасля паражэння фат. Германіі ў брыг. зоне акупацыі. З 1949 мае статус зямлі ФРГ.
Сярод арх. помнікаў: у стылі т.зв. цаглянай готыкі — Катарыненкірхе (каля 1380—1426; вежа 1658) і Якабікірхе (2-я пал. 14 ст.), барока — Міхаэліскірхе (1751—78) з вежай «Вялікі Міхель» (1777—86; выш. 132 м). Захавалася некалькі кварталаў з будынкамі 17—19 ст. Пабудовы 20 ст.: дамы «Чылегаўз» (1922—23) і «Шпрынкенгоф» (1922, арх. абодвух Ф.Гёгер), парк для выставак і адпачынку «Плантэн ун Бломен» (1953), оперны т-р (1954—55, арх. Г.Вебер; у сааўт.), мост цераз Эльбу (1955, Б.Гермкес), царква св. Тройцы (1956, Р.Рымершмід) і інш. Помнікі: Бісмарку ў гавані (1906, скульпт. Г.Ледэрэр), ахвярам бамбардзіровак Гамбурга на могілках Ольсдорф (1949—52, скульпт. Г.Маркс). Музеі: Альтонскі, Кунстгале, этнаграфіі, мастацтва і рамёстваў, Дом Эрнста Барлаха і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РДЗІ ((Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска) (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.Гюго («Эрнані», 1844), У.Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзі — муз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст.муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв.муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян.нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз. стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасць вак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».
Тв.:
26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);
«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;
вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);
струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;
песні, рамансы і інш.
Літ.тв.: Рус.пер. — Избр. письма. М., 1959.
Літ.:
Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;
Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;
Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;
Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯГРАФІ́ЧНЫЯ ЧАСО́ПІСЫ,
перыядычныя выданні, у якіх вядзецца ўлік і рэферыраванне твораў друку і аўдыёвізуальных матэрыялаў, асвятляюцца пытанні гісторыі, тэорыі, методыкі і арганізацыі бібліягр. дзейнасці. Падзяляюцца на міжнар. і нац., універсальныя і галіновыя.
Бібліяграфічныя часопісы, якія адлюстроўваюць нац. друк, выдаюцца ў большасці краін свету: у Францыі («Bibliographie de la France», «Бібліяграфія Францыі», з 1811), Італіі («Bibliografia nationale Italiana», «Нац. бібліяграфія Італіі», з 1886), ЗША («Cumulative Book Index», «Кумулятыўны паказальнік кніг», з 1898), Расіі («Книжная летопись», з 1907), на Украіне («Літопис книг», «Летапіс кніг», з 1924), у Польшчы («Przegodnik bibliograficzny», «Бібліяграфічны даведнік», з 1946), Кітаі («Цюаньго сінь шуму», «Усекітайскі паказальнік новых кніг», з 1951) і інш. сярод міжнародных бібліяграфічных часопісаў выданні ЮНЕСКА «Index translatonum» («Паказальнік перакладаў», з 1949), «Библиография, документация, терминология» (з 1961). Акрамя універсальных выходзяць галіновыя бібліяграфічныя часопісы: «World list of social science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА з 1980), «Humanities index» («Паказальнік па гуманітарных навуках», ЗША з 1975), «British technology index» («Паказальнік брытанскай тэхналогіі», Вялікабрытанія, з 1962) і інш.
У СССР выходзілі бібліяграфічныя часопісы, у якіх адлюстроўваліся друкаваныя творы на ўсіх мовах народаў СССР: «Нотная летопись» (з 1931), «Летопись периодических и продолжающихся изданий» (з 1933), «Летопись изоизданий» (з 1934) і інш., а таксама бібліяграфічныя часопісы з інфармацыяй (у т. л. і бел.) аб матэрыялах з часопісаў і газет на рус. мове: «Летопись газетных статей» (з 1936), «Летопись рецензий» (з 1935) і інш. Цяпер гэтыя выданні, у т. л. і тэарэтыка-метадычны час. «Библиография», працягваюць выдавацца ў Расіі з расійскімі матэрыяламі. На Беларусі з 1924 Нац. кніжнай палатай Беларусі выдаецца «Летапіс друку Беларусі», які складаецца з 7 тыпаў летапісаў па відах выданняў: «Кніжны летапіс» (з 1924), «Летапіс нотаў» (з 1924), «Летапіс рэцэнзій» (з 1932), «Беларусь у сусветным друку» (з 1946), «Летапіс выяўленчага мастацтва» (з 1955), «Летапіс нарматыўна-тэхнічнай, тэхнічнай дакументацыі і выданняў вузкага прызначэння» (з 1985), «Летапіс картаграфічных выданняў» (з 1994). З 1995 з «Летапісу друку Беларусі» ў самастойныя выданні вылучаны «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца» (з 1925), «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934) і «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937). У 1932 у БССР выходзіў штомесячны час. «Кніга масам». Нац.б-ка Беларусі (да 1992 Дзярж.б-каБССР) у 1934 выдала 10 нумароў «Крытыка-бібліяграфічнага бюлетэня», у 1954—55 і 1958—59 — бюлетэнь «Новыя кнігі». Выдае штомесячны бюлетэнь «Новыя кнігі. Па старонках беларускага друку» (з 1960), шматгаліновыя бібліяграфічныя часопісы: «Зводны паказальнік замежных перыядычных выданняў, выпісаных бібліятэкамі Рэспублікі Беларусь на... год» (з 1945), «Зводны каталог новых замежных кніг, якія паступілі ў бібліятэкі Рэспублікі Беларусь у ... годзе» (з 1969), «Грамадскія навукі» (з 1969), «Беларуская мова, літаратура, мастацтва» (з 1970), «Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках Беларусі» (з 1972), «Новая літаратура па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1972), «Сістэматычны паказальнік неапублікаваных дакументаў па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1978), «Штотыднёвы агляд літаратуры па культуры і мастацтву» (з 1986), «Чарнобыль» (з 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́РЫ МІЖНАРО́ДНЫЯРэспублікі Беларусь,
дагаворы (пагадненні, канвенцыі, хартыі, акты, статуты, пакты, мемарандумы, дэкларацыі, пратаколы) паміж Рэспублікай Беларусь і суб’ектам міжнар. права (іншай або некалькімі інш. дзяржавамі ці міжнар. арг-цыяй), якія рэгулююць іх адносіны шляхам стварэння ўзаемных правоў і абавязкаў у паліт., эканам., ваен., гуманітарнай і інш. галінах. Як суверэнная незалежная дзяржава і суб’ект міжнар. права Рэспубліка Беларусь заключае і выконвае дагаворы міжнародныя ў адпаведнасці з агульнапрынятымі нормамі міжнар. права і законамі Рэспублікі Беларусь. Не дапускаецца заключэнне дагавораў міжнародных, якія супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У залежнасці ад узроўню дагаворных бакоў дагаворы міжнародныя падзяляюцца на міждзяржаўныя (заключаюцца ад імя Рэспублікі Беларусь), міжурадавыя (заключаюцца ад імя ўрада), а таксама міжведамаснага характару (заключаюцца мін-вамі і дзярж. к-тамі); адпаведна колькасці бакоў дагаворы міжнародныя бываюць двух- і шматбаковыя. Рашэнні аб правядзенні перагавораў і падпісанні міждзярж. дагавораў міжнародных прымае Прэзідэнт, адносна дагавораў міжнародных міжурадавых і міжведамаснага характару — урад. Прэзідэнт, Прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў праводзяць перагаворы і падпісваюць дагаворы міжнародныя без прад’яўлення спец. паўнамоцтваў. Да 1991 Рэспубліка Беларусь як член ААН з’яўлялася удзельніцай 156 двух- і шматбаковых дагавораў міжнародных. На вер. 1997 дагаворна-прававую базу Беларусі складаюць больш за 1680 міждзярж. і міжурадавых дагавораў міжнародных, у т. л. каля 970 шматбаковых і 710 двухбаковых з міжнар. арг-цыямі і 53 краінамі. Найб. значныя з іх: Статуты ААН і Міжнар. суда (Беларусь — удзельніца з 1945), мірныя дагаворы з Балгарыяй, Венгрыяй, Італіяй, Румыніяй і Фінляндыяй (1947), Статуты Сусв. арг-цыі аховы здароўя (1948) і ЮНЕСКА і МАП, МАГАТЭ (1957), Сусв. паштовага саюза (1978), Арг-цыі па прамысл. развіцці (1985); Жэнеўскія канвенцыі 1949 (1955), Венскія канвенцыі аб дыпламат. зносінах (1964), аб праве міжнар. дагавораў (1986), аб консульскіх зносінах (1989), Канвенцыі аб прывілеях і імунітэтах Аб’яднаных Нацый (1953), аб заснаванні Сусв. арг-цыі інтэлектуальнай уласнасці (1970), аб дарожным руху (1977), аб правах дзіцяці (1990), аб міжнар. грамадзянскай авіяцыі (1993), Еўрап. культурная канвенцыя (1993); Міжнар. пакты аб эканам., сац. і культ. правах (1976), аб грамадзянскіх і паліт. правах (1976) і Факультатыўны пратакол да яго (1992); Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД, 1991); Статут СНД (1993); Пагадненне аб Мытным саюзе (1995); Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь, Рэспублікай Казахстан, Кыргызскай Рэспублікай і Расійскай Федэрацыяй аб паглыбленні інтэграцыі ў эканам. і гуманітарнай галінах (1996); Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі і Статут Саюза Беларусі і Расіі (1997); дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Азербайджанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Узбекістанам (усе 1991), Маддовай, Польшчай (1992); Балгарыяй, Румыніяй (1993); Літвой, Расіяй, Украінай (1995); Казахстанам, Турцыяй, Францыяй, Югаславіяй (1996); В’етнамам (1997). Дыпламатычныя адносіны Рэспубліка Беларусь устанавіла са 123 дзяржавамі. У рамках СНД з удзелам Беларусі заключана 696 дагавораў міжнародных. Найб. значную дагаворную базу двухбаковых адносін Беларусь мае з Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Казахстанам, Узбекістанам, Кітаем, Латвіяй, Малдовай, Румыніяй, Індыяй, В’етнамам, Іранам, ЗША, ФРГ, Турцыяй, Нідэрландамі, Балгарыяй, Вялікабрытаніяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНІ́КА (Dominica),
Садружнасць Дамінікі (Commonwealth of Dominica), дзяржава на аднайм. востраве ў Карыбскім м. Падзяляецца на 10 раёнаў. Пл. 751 км². Нас. 88 тыс.чал. (1994). Сталіца — г.Разо. Афіц. мова — англійская, пашыраны таксама мясц. дыялект франц. мовы. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Прырода Паверхня вострава гарыстая (выш. да 1447 м, вулкан Д’яблатэн). Ёсць гарачыя крыніцы і невял. азёры з кіпячай вадой. Бываюць землетрасенні. Клімат трапічны пасатны, вільготны. Сярэднямесячная т-ра 25—27 °C. Ападкаў 1500—2500 мм за год, дажджлівы сезон чэрв.—кастр., частыя ўраганы. У гарах захаваліся вільготна-трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. Нац. парк Морн-Труа-Пітон.
Насельніцтва. 91% складаюць негры, 6% — мулаты і крэолы, 1,5% — індзейцы-карыбы (карэнныя жыхары). Сярод вернікаў пераважаюць католікі (93%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 117 чал. на 1 км², амаль усё яно жыве на ўзбярэжжы. У гарадах каля 50% насельніцтва.
Гісторыя. Адкрыта Х.Калумбам у 1493. У 17—18 ст. Д. папераменна валодалі Францыя і Англія. Канчаткова стала калоніяй Вялікабрытаніі паводле Парыжскага міру 1783. У 1871—1939 у складзе Федэрацыі Падветраных а-воў, у 1958—62 — Вест-Індскай федэрацыі. У 1967 аб’яўлена «асацыіраванай з Вялікабрытаніяй дзяржавай». 3.11.1978 абвешчана незалежнасць Д. Восенню 1983 удзельнічала ў інтэрвенцыі ЗША на Гранаду. З сярэдзіны 1980-х г. у Д. ажыццяўляецца праграма паліт. інтэграцыі з карыбскімі краінамі. Д. — чл.Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Паводле канстытуцыі 1978 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (з 1993 — К.Сараінда), які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце сходу, выканаўчая — ураду. У 1978 Д. прынята ў ААН. Чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскай супольнасці і Арг-цыі ўсходнекарыбскіх дзяржаў. Паліт. партыі: Партыя свабоды Д. (правячая), Аб’яднаная партыя працоўных Д., Лейбарысцкая партыя Д. Прафсаюзы — Аб’яднаны саюз рабочых Д., Прафсаюз Д., Асацыяцыя дзярж. служачых, Прафсаюз докераў і рабочых сумежных прафесій, Саюз сялян Д.
Гаспадарка. Найб. развіта сельская гаспадарка. Яе доля ў валавым унутр. прадукце каля 30%, прам-сці — каля 6%. Апрацоўваецца каля 1/4 тэрыторыі. Гал. культура — бананы (збор штогод каля 40—50 тыс.т). Вырошчваюць какосавыя арэхі, цытрусавыя, какаву, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз. Лесанарыхтоўкі. Здабыча пемзы і вапняку. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці сокаў, фруктовых кансерваў, копры, цыгарэт (з імпартнага тытуню), рому, мыла, эфірных алеяў і інш. Ёсць некалькі дрэваапр. прадпрыемстваў, цэментны з-д. Шырока развіты замежны турызм (занята 20% рабочай сілы). Рыбалоўства. Транспарт аўтамабільны (аўтадарог 752 км) і марскі. Гал. порт Разо. Міжнар. аэрапорт. Экспарт: бананы, мыла, цытрусавыя, сокі з садавіны, какосавы алей. Імпарт: харч. і прамысл. тавары, машыны і абсталяванне, хімікаты. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, суседнія краіны. Д. залежыць ад знешняй эканам. дапамогі. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАЙКА́ЛЛЕ,
прыродная тэрыторыі, размешчаная на У ад воз. Байкал (Расія). Распасціраецца амаль на 1000 км з Пн на Пд ад Патамскага і Паўн.-Байкальскага нагор’яў да дзярж. мяжы Расіі з Манголіяй і Кітаем і больш чым на 1000 км з 3 на У ад берагоў Байкала да зліцця рэк Шылка і Аргунь. Пераважаюць сярэдневышынныя горы (выш. 1200—1800 м), акаймаваныя з Пн і 3 поясам высокіх гор (выш. да 2999 м). Сярэднягорныя хрыбты (Даурскі, Малханскі, Алёкмінскі Станавік) чаргуюцца з міжгорнымі катлавінамі байкальскага тыпу (Баргузінская, Верхнеангарская, Муйска-Куандзінская і інш.). На Пн і 3 вылучаюцца моцна расчлянёныя высакагорныя хрыбты Станавога нагор’я (Каларскі, Паўн.- і Паўд.-Муйскі, Удакан і інш.) з сучаснымі ледавікамі. Пашырана шматгадовая мерзлата і звязаныя з ёй формы рэльефу. У геал. будове З. вылучаюцца рознаўзроставыя складкавыя сістэмы паўн.-ўсх. распасцірання, якія змяняюцца з ПнЗ на ПдУ: байкальская (рыфейскія граніты і метамарфізаваныя пароды рыфею і ніжняга пратэразою); ніжнепратэразойская (глыбокаметамарфізаваныя пароды архею і ніжняга пратэразою); каледонская (ніжнепалеазойскія граніты, тэрыгенна-карбанатна-вулканагенныя адклады кембрыю); герцынская (тэрыгенныя і тэрыгенна-карбанатная вулканагенныя тоўшчы палеазою). Каледонская і герцынская складкавасці перакрыты вузкімі ўпадзінамі, запоўненымі тэрыгенна-вулканагеннымі адкладамі юры і мелу. Цэнтр.ч. з каледонскай складкавасцю перакрыта кайназойскімі платобазальтамі. У тэктоніцы З. вял. значэнне маюць стараж. і маладыя разломы паўн.ўсх. напрамку. Радовішчы золата, тытану, жал. руды, цынку, вальфраму, малібдэну, бурага і каменнага вуглёў і інш. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма працяглая і суровая. Сярэднія т-ры студз. ад -23 °C на Пд да -33 °C на Пн і ПдУ, абс. мінімум дасягае -58 °C. Лета цёплае, у высакагор’ях халаднаватае. Сярэдняя т-раліп. ў катлавінах ад 10 да 20 °C, у гарах (на выш. 2500 м) — ад 5 да 7 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца ў напрамку з ПдУ на ПнЗ і ад днішчаў катлавін (250—300 мм) да верхняй ч. хрыбтоў (700—1000 мм за год). Рэкі належаць да бас. Байкала, Лены і Амура; найб. — Віцім, Алёкма, Селенга, Шылка, Аргунь. Самыя вял. азёры — Байкал, Гусінае, Ераўнінскае і інш. Большая ч. З. размешчана ў зоне тайгі, якая на Пд суседнічае з лесастэпамі і сухімі стэпамі. Характэрна цеснае перапляценне гарыз. занальнасці і вышыннай пояснасці ландшафтаў. Нізкагор’і і раўніны ў паўд.-ўсх.ч. З., а таксама некаторыя катлавіны заняты стэпамі (пераважна злакава-разнатраўнымі). На ўскраінах міжгорных катлавін і ў ніжняй ч. схілаў (да выш. 1000—1200 м) горны лесастэп, вышэй (да 1900 м на Пд і 1400 на Пн) горная тайга. Пераважаюць лясы з лістоўніцы даурскай, трапляецца кедр, вышэй за 1600—2000 м — зараснікі кедравага сланіку, лішайнікавая тундра, на Пд — лістоўнічна-бярозавыя і хваёвыя лясы. У фаўне З. тыповыя для стэпаў грызуны; у лясах — касуля, лось, вавёрка, собаль, бурундук, кабарга, ізюбр, мядзведзь. Трапляюцца паўночныя алені, горныя казлы, бараны. У межах З. Байкальскі, Баргузінскі і Сахандзінскі запаведнікі, Забайкальскі прыродны нац. парк. На тэр. З. размешчаны Бурація, Чыцінская і Іркуцкая вобл. Расіі.