рака ў Сярэдняй Азіі, у Таджыкістане і Узбекістане. Даўж. 877 км, пл.бас. 17,7 тыс.км. У вярхоўі наз. Матча. Пачынаецца з Зераўшанскага ледавіка ў горным вузле Каксу на выш. каля 2800 м. Цячэ ў вузкай глыбокай даліне (300 км), ніжэй г. Самарканд распадаецца на 2 рукавы — Акдар’я (паўн.) і Карадар’я (паўд.), якія зноў зліваюцца каля кішлака Хатырчы. Ніжэй г. Пенджыкент З. цячэ па раўніне, яго воды разбіраюцца на арашэнне і рака не даходзіць да р. Амудар’я. Нізоўі жывяцца водамі р. Амудар’я па Аму-Бухарскім канале. Асн. прытокі ў вярхоўях — Фандар’я, Кштут, Магіян (злева). Жыўленне снегава-ледавіковае. Сярэдні гадавы расход вады 162 м³/с. Катакурганскае і Куюмазарскае вадасховішчы. У бас. З. — Зераўшанскі запаведнік. У даліне З. — гарады Самарканд, Бухара, Наваі, Катакурган.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНАХА́РСТВА,
вядомыя са стараж. часоў у розных народаў прымітыўныя спосабы лячэння, якія суправаджаліся пэўнымі рытуаламі. Напачатку З. не аддзялялася ад народнай медыцыны, пазней ператварылася ў лекарскую магію. У аснове такой магіі — вера ў звышнатуральныя сілы, у тое, што чалавек пры пэўных умовах можа ўздзейнічаць на гэтыя сілы. Звычайна знахары выкарыстоўвалі замовы, магічныя дзеянні, травы. Некаторыя з іх валодалі пэўнымі ведамі нар. медыцыны, самі збіралі зёлкі і па стараж. рэцэптах рыхтавалі лячэбныя настоі, адвары, мазі; лячылі «рожу» (рожыстае запаленне), «вогнік» (высыпка, лішаі на скуры), а таксама такія хваробы, як «пярэпалах», «порча», «сурокі» (хваробы ад ліхога вока), «падвей» (ад скразняку), «прыстрэк», «крыкса-плакса» і інш. У наш час З. амаль выцеснена кваліфікаваным мед. абслугоўваннем і традыц.нар. медыцынай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНІШЧА́ЛЬНЫЯ БАТАЛЬЁНЫў гады Вялікай Айчыннай вайны,
ваенізаваныя добраахвотніцкія фарміраванні для барацьбы з варожымі парашутыстамі і дыверсантамі. Ствараліся паводле пастаноў СНКСССР ад 24.6.1941 мясц. органамі ВКП(б) і НКУС з грамадзян, якія не падлягалі прызыву ў Чырв. Армію. Да канца ліп. 1941 у СССР, пераважна ў прыфрантавых раёнах, сфарміравана 1755 З.б. агульнай колькасцю 328 тыс.чал. (большасць камуністы і камсамольцы). На тэр. Беларусі на 15 ліп. 1941 сфарміравана 78 З.б. (больш за 13 тыс. байцоў). У шэрагу раёнаў, асабліва на Палессі, яны сумесна з часцямі Чырв. Арміі непасрэдна супрацьстаялі гітлераўскім войскам. Частка іх улілася ў рады народнага апалчэння і Чырв. Арміі, на базе некаторых створаны партызанскія атрады. 3 ліп. 1944 у БССР дзейнічалі 185 З.б. (каля 17 тыс.чал.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Павел Іванавіч) (12.7.1909, г. Саратаў, Расія — 1989),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1928). З 1929 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1945 у Бел. т-ры імя Я.Купалы, у 1964—69 кіраўнік нар.т-ра Палаца культуры і тэхнікі Мінскага аўтазавода. Выканаўца характарных і камедыйных роляў, якія вылучаліся яскравым малюнкам, псіхал. паглыбленасцю: Шаранговіч («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Энгстранд («Здані» Г.Ібсена), Пікалаў («Любоў Яравая» К.Транёва), фон Штубэ («Разлом» Б.Лаўранёва) і інш. ў т-ры імя Я.Коласа; Нейгаўз («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Печкуроў («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Джэралд («Ён прыйшоў» Дж.Прыстлі) і інш. ў т-ры імя Я.Купалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭ́ЙНАСЦЬ,
свядомая прыхільнасць чалавека да пэўнага вучэння, сістэмы ідэй, якая знаходзіць сваё выяўленне ў яго жыццёвых паводзінах, складзе думак, ацэнак навакольнай рэчаіснасці. У практыцы праяўляецца ў сістэме сац. дзеянняў у адпаведнасці з захаванымі ідэйнымі пачаткамі з мэтай здзяйснення станоўчага сац. ідэалу. Паводле сваёй структуры І. — унутр. адзінства тэарэт. ведаў і пераканання ў іх правільнасці. Неабходнай перадумовай І. з’яўляецца свядомае засваенне ідэй і свабодны выбар практычнай дзейнасці па іх ажыццяўленні. Для ідэйнага чалавека характэрны пастаянства поглядаў і мэтанакіраванасць дзеянняў. І. адкрывае чалавеку сістэму каштоўнасцей і ідэалаў, якія дазваляюць яму акрэсліць гал. кірунак сац. прагрэсу, верыць у канчатковую перамогу дабра над злом, у чалавечы розум. У грамадскім і паліт. жыцці І. выступае альтэрнатывай бездухоўнасці, безадказнасці, абыякавасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЕ́ВІЧ (Галіна Анатолеўна) (н. 30.1.1922, г. Віцебск),
бел. мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1951). У 1957—85 гал. мастак Мін-ва прам-сці буд. матэрыялаў БССР. Распрацоўвала ўзоры вырабаў са шкла і хрусталю, якія вылучаюцца тонкай каларыстычнай гамай і вытанчанасцю форм («Прыцемкі», 1968; «Цюльпаны», 1969; «Лета», 1971; «Вячэрні», «Святочны», абодва 1972; «Вясна», 1973; «Зарыва», 1975; «Святлафоры», 1976; «Серабрысты іней», 1980; «Зімовая казка», «Папараць-кветка», усе 1982). Туалетны набор «Фіялетавы» (1957) адзначаны бронз. медалём на міжнар. выстаўцы ў Бруселі. Тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам: «Ураджайная» (1957), «Кастрычнік» (1967), «Дружба народаў» (1974), «Беларусь» (1977), «Урачыстасць» (1982), «Слава гераічнаму Мінску» (1983). Аўтар жывапісных работ «Іслач», «Траццякоўшчына» (абедзве 1955), «Родная Беларусь» (1958) і інш.
французскі рэліг. філосаф, адзін з гал. прадстаўнікоў аказіяналізму. У 1659 уступіў у кангрэгацыю аратарыянцаў, з 1664 святар. Распрацоўваў уласную філас. сістэму, імкнуўся спалучыць картэзіянства з аўгусціянаўскай традыцыяй хрысц. філасофіі. Асн. працы: «Пошукі ісціны» (1674—75, рус.пер., т. 1—2, 1903—06), «Трактат аб прыродзе і дабрыні» (1680). Паводле М., знешнія пачуцці не могуць пазнаць сутнасці рэчы; атрыманыя з іх дапамогай успрыманні (напр., успрыманні колеру, густу і інш.) — гэта вынікі ўяўлення. Дакладнасць забяспечваюць толькі законы чыстага мыслення, якія змяшчаюцца ў матэм. паняццях і суджэннях і ў неабходнасці якіх праяўляецца Бог. У выніку гэтага свет і чалавек, паводле М., раствараецца ў Богу. Ідэалізм М. крытыкавалі Дж.Лок і франц. асветнікі 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́РНЫЯ РАБО́ТЫ,
пакрыццё паверхняў будынкаў, збудаванняў і вырабаў ахоўнымі, дэкаратыўнымі або інш. фарбавальнымі саставамі; разнавіднасць аддзелачных работ. Уключаюць ачыстку паверхні, нанясенне грунтавога саставу, падмазку няроўных месцаў і суцэльную шпаклёўку, шліфаванне паверхні, афарбоўку.
Ачыстку паверхні робяць пескаструменнымі апаратамі, мех. шчоткамі і шарошкамі, ручнымі інструментамі; шпаклёўку — механізаванымі шпатэлямі і пнеўматычнымі агрэгатамі, што распыляюць шпаклёвачныя саставы, якія падрыхтоўваюць у выглядзе канцэнтратаў, што разбаўляюцца на месцы работ разбаўляльнікамі да патрэбнай кансістэнцыі (гл.Лакафарбавыя матэрыялы). Пры М.р. на буд. аб’ектах выкарыстоўваюць рыштаванні і падмосткі, падвесныя люлькі, для засцярогі — ахоўныя акуляры і рэспіратары.
І.І.Леановіч.
Інструменты і прыстасаванні для малярных работ: 1—6 — пэндзлі (пабелачны, маклавіца, ручнік, флейц, філянговы, тарцоўка); 7 — футравы валік; 8 — здвоены валік для афарбоўкі труб; 9 — ванначка з сеткай; 10 — шпатэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРОЗАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬраслін,
здольнасць раслін пераносіць уздзеянне адмоўных т-р; адна з форм зімаўстойлівасці раслін. Абумоўліваецца структурна-функцыян. перабудовамі, якія перашкаджаюць замярзанню ўнутрыклетачнай вады і павышаюць устойлівасць клетак да моцнага абязводжвання і пашкоджанняў пазаклетачным лёдам: спыненне росту, назапашванне ў клетках вугляводаў, амінакіслот, алею, бялкоў, адцяканне вады ў міжклетнікі, пераход унутрыклетачнай вады ў аморфны стан і інш. Развіваецца кожны год у выніку асенняга загартоўвання раслін у некалькі этапаў пры паступовым паніжэнні т-ры. Залежыць ад віду, сорту, узросту, фізіял. стану раслін, пары года, глебава-кліматычных умоў, ураджайнасці і інш. У маладым узросце і ў перыяд летняй вегетацыі М. мінім., у насення і ў час зімовых маразоў — максімальная. Павышаюць М. штучным загартоўваннем раслін, вывядзеннем марозаўстойлівых сартоў, правільным іх раянаваннем, агратэхн. прыёмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР АЛІМПІ́ЙСКАЙ ПАДРЫХТО́ЎКІ ПА ТЭ́НІСЕ І НАСТО́ЛЬНЫМ ТЭ́НІСЕ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.
Засн. ў Мінску ў 1996. Яго дзейнасць накіравана на падрыхтоўку спартсменаў і нац. каманд да Алімп. гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы і інш. Каардынуе дзейнасць аддзяленняў спарт. дзіцяча-юнацкіх школ, вучылішчаў алімп. рэзерву і інш.Спарт. комплекс Н.ц. пабудаваны ў 1978 у Мінску. Мае 4 крытыя тэнісныя корты з трыбунай для 500 гледачоў, трэніровачную залу, мед. і метадычны кабінеты, дапаможныя памяшканні, 13 адкрытых кортаў (6 з травяным і 7 з грунтавым пакрыццём), якія выкарыстоўваюцца для вучэбна-трэніровачных заняткаў, правядзення міжнар. і рэсп. спаборніцтваў. У цэнтры працуюць вучэбна-спарт. групы, трэнеры-выкладчыкі. Сярод выхаванцаў — пераможцы міжнар. спаборніцтваў Н.Зверава, В.Барабаншчыкава, У.Ваўчкоў, М.Мірны, У.Самсонаў і інш.