горад у Вялікабрытаніі, на З Шатландыі. Знаходзіцца на Сярэднешатландскай нізіне, на р. Клайд за 35 км ад яе вусця. Адм. ц. раёна Стратклайд і гал. горад канурбацыі Клайдсайд. 684,3 тыс.ж., у межах канурбацыі больш за 1,5 млн.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог, гандл. цэнтр і марскі порт. Аэрапорт. На прадпрыемствах Глазга сканцэнтравана больш за 1/3 усіх занятых у прам-сці Шатландыі. Металургічная вытв-сць на базе мясц. каменнага вугалю і прывазной жал. руды. Буйнейшы суднабуд. раён краіны. Суднарамонт. Прадпрыемствы Глазга выпускаюць таксама суднавыя рухавікі, катлы, турбіны. Развіта лакаматывабудаванне, электратэхніка, станкабудаванне, авія- і аўтабудаванне. Прам-сцьхарч., тытунёвая, швейная, паліграф., тэкст., у т. л.вытв-сць дываноў. Метрапалітэн. Ун-т. Шатл.муз. акадэмія. Маст. галерэі і музей Глазга. Гатычны сабор (12—16 ст.), інш.арх. помнікі.
Засн. ў 6 ст. У сярэднявеччы невял. рыбацкае паселішча, з 1178 горад. У 1451 адкрыты ун-т. У 1636 атрымаў статус каралеўскага горада. У 14 і 17 ст. неаднаразова быў зруйнаваны у час войнаў з англічанамі. Пасля заключэння шатландска-англ. уніі 1707 — цэнтр гандлю, з сярэдзіны 18 ст. — важнейшы прамысл. і партовы горад Вялікабрытаніі. З 19 ст. буйны цэнтр рабочага руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НА,
пластычная асадкавая горная парода, якая складаецца пераважна з тонкадысперсных (менш за 0,01 мм) гліністых мінералаў (каалініт, мантмарыланіт, монатэрміт, галуазіт, гідраслюды і інш.). Як прымесі трапляюцца кварц, палявыя шпаты, кальцыт, аксіды жалеза, калоідныя рэчывы, арган. злучэнні і інш. Пры высыханні гліна захоўвае нададзеную ёй форму, а пасля абпальвання набывае цвёрдасць каменю. Разам з гліністымі сланцамі гліну ўтвараюць каля 50% парод асадкавай абалонкі Зямлі. Гал.хім. кампаненты гліны: крэменязём SiO2 (30—70%), гліназём Al2O3 (10—40%), вада H2O (5—10%).
Гліну адрозніваюць паводле саставу, паходжання, афарбоўкі, практычнай значнасці. Па генезісе вылучаюць гліны астаткавыя, якія ўзніклі ў выніку намнажэння на месцы гліністых прадуктаў выветрывання інш. парод, і асадкавыя, што ўтварыліся пры пераадкладанні. Часцей гліны з’яўляюцца сумессю трох ці больш мінералаў (полімінеральныя). Калі адзін з мінералаў пераважае, гліну называюць адпаведна: каалінітавыя, мантмарыланітавыя і г.д. У прамысл. адносінах вылучаюць 4 групы: легкаплаўкія; вогнетрывалыя і тугаплаўкія; кааліны; адсарбцыйныя (высокадысперсныя мантмарыланітавыя).
На Беларусі гліны трапляюцца ў адкладах усіх геал.сістэм. Мінеральна-сыравінная база рэспублікі ўключае 212 радовішчаў легкаплаўкіх, 6 — тугаплаўкіх глін, 9 радовішчаў гліністай сыравіны для вытв-сці аглапарыту, керамзіту і інш., а таксама радовішчы кааліну. Гліна выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэглы, дрэнажных і каналізацыйных труб, вяжучых матэрыялаў, адсарбентаў, фармовачных сумесей, папяровай, гумавай і інш. галінах прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖАВЫ́Я ЧЭРВІ, земляныя чэрві,
агульная назва 5 сям. кольчатых чарвей кл. алігахетаў, або малашчацінкавых кальчацоў. Каля 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у глебе, подсціле, буйныя віды рыюць хады глыб. да 8 м. На Беларусі 13 відаў, найб. пашыраны пашавы чарвяк (Nicodrilus caliginosus), малы чырвоны чарвяк, або малы выпаўзак (Lumbricus rubellus), эйзеніела чатырохгранная (Eiseniella tetraedra), гнаявы чарвяк (Eisenia foetida), вял. чырвоны выпаўзак (Lumbricus terrestris) і інш.
Даўж. 2 см — 3 м (Eisenia magnifica), шыр. да 20 мм. Цела цыліндрычнае, крыху сплясканае або чатырохграннае, светла-шэрае, зялёнае, вішнёва-чырвонае, чорна-бурае. Складаецца з 60—450 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя першага) ад 8 да некалькіх дзесяткаў шчацінак, што дапамагаюць пры поўзанні і ўтрыманні ў нары. На пярэднім канцы цела паясок, што выдзяляе рэчыва, якое склейвае 2 асобіны пры спароўванні і ўтварае яйцавы кокан. Добра развітыя нерв., крывяносная, стрававальная, выдзяляльная і палавая сістэмы, органы дотыку, нюху, здольнасць да рэгенерацыі. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты. Актыўныя ноччу, днём выпаўзаюць з зямлі толькі пасля дажджу (адсюль назва). Сапрафагі. Жывяцца пераважна рэшткамі раслін. Рыхляць і ўзбагачаюць глебу мінер. рэчывамі, надаюць ёй устойлівую дробна-камякаватую структуру, спрыяюць аэрацыі і ўвільгатненню. Некаторыя — гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў жывёл і чалавека.
Дажджавыя чэрві: 1 — вялікі чырвоны выпаўзак; 2 — малы чырвоны; 3 — гнаявы; 4 — эйзеніела чатырохгранная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.
Ажыццёўлены ў 1793 Рас. імперыяй і Прусіяй у змове з кансерватыўнай арыстакратыяй Рэчы Паспалітай, якая была незадаволена рэформамі Чатырохгадовага сейма 1788—92 і Канстытуцыяй 3 мая 1791. Апазіцыя стварыла Таргавіцкую канфедэрацыю (1792) і папрасіла Кацярыну II дапамагчы аднавіць перадсеймавую сістэму кардынальных правоў. 11.5.1792 Кацярына II увяла на Беларусь і Украіну 73-тысячнае войска на чале з ген.-аншэфам М.М.Крачэтнікавым. Войску ВКЛ у баях пад Мірам 10 чэрв., Крамянцом і Брэстам 24 ліп. не ўдалося стрымаць наступ рас. арміі. 23.1.1793 Расія і Прусія заключылі ў Пецярбургу тайную канвенцыю для скасавання Канстытуцыі 3 мая і аб сумесным падаўленні ўзбр. супраціўлення з боку Рэчы Паспалітай. 27.3.1793 яны абвясцілі акты аб падзеле вызначаных долей (разам 308 тыс.км²). Прусія анексіравала частку Мазовіі, Кракаўскае ваяв., амаль усю Вял. Польшчу, г. Гданьск, Торунь, Расія — Правабярэжную Украіну, часткі Полацкага, Мінскага ваяв., Аршанскага пав., якія засталіся пасляпершага падзелу Рэчы Паспалітай, частку Навагрудскага, Брэсцкага і Віленскага ваяв. (да лініі Друя—Пінск з г. Барысаў, Мінск, Слуцк, Нясвіж, Тураў, Пінск; усяго 250 тыс.км² з 13 млн.ж.). Караля польскага і вял. князя ВКЛ Станіслава Панятоўскага прымусілі падтрымаць Генеральную канфедэрацыю і склікаць Гродзенскі сейм 1793, які ратыфікаваў трактаты з Расіяй і Прусіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВЕРТЫСМЕ́НТ (франц. divertissement літар. забава, развесяленне),
1) устаўныя, пераважна вак.-харэаграфічныя нумары, у драм., оперных і балетных спектаклях у 17—19 ст. Выконваліся паміж актамі спектакля, як правіла, не былі звязаны з яго сюжэтам.
2) Праграма з нумароў розных жанраў (папулярныя арыі, куплеты, танцы, камічныя маналогі і сцэнкі і інш.). З 17 ст. паказвалася ў драм. т-ры пасля заканчэння асн. п’есы.
3) Устаўная муз.-харэаграфічная кампазіцыя (балетная сюіта) унутры опернага ці балетнага спектакля. Уключаецца звычайна для паказу выканальніцкіх магчымасцей салістаў, раскрыцця асн. рыс вобразаў, якія ўвасабляюцца. Вядомы з 17 ст., сустракаюцца і ў 19—20 ст. (рысы дывертысментнасці ёсць у оперы «Кветка шчасця» А.Туранкова, балетах «Падстаўная нявеста» Г.Вагнера, «Выбранніца» Я.Глебава і інш.).
4) 3 17 ст.інстр. і вакальныя муз. творы развесяляльнага характару. З 18 ст. адна з цыклічных формаў інстр. музыкі для камернага ансамбля ці аркестра і для аднаго інструмента (І.Гайдн, В.А.Моцарт і інш.). Спалучае рысы санаты і сюіты, блізкі да серэнады, касацыі, накцюрна. Узнік у камедыі-балеце, камічных операх 17—18 ст. (Ж.Б.Люлі, Ж.Ф.Рамо, К.В.Глюк), вядомы і ў больш позніх шматактовых операх і балетах.
5) Свабодная інтэрмедыя ўнутры фугі (у замежнай муз. тэорыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
раздзел матэматыкі, які вывучае вытворныя і дыферэнцыялы функцый, а таксама іх дастасаванні. Разам з інтэгральным злічэннем складае курс матэматычнага аналізу (ці аналізу бясконца малых).
Аформілася ў самастойную матэм. дысцыпліну пасля прац І.Ньютана і Г.Лейбніца, якія сфармулявалі асн. палажэнні Д.з. і паказалі ўзаемна адваротны характар аперацый дыферэнцавання і інтэгравання. Выклікала з’яўленне новых галін матэматыкі: тэорыі шэрагаў, дыферэнцыяльнай геаметрыі, дыферэнцыяльных ураўненняў, варыяцыйнага злічэння. Грунтуецца на паняццях: рэчаісны лік, функцыя, ліміт, бясконца малая, неперарыўнасць і інш., якія атрымалі сучасны змест у ходзе развіцця і абгрунтавання аналізу бясконца малых; цэнтральныя паняцці Д.з. — вытворная і дыферэнцыял — і распрацаваны ў Д.з. апарат, які звязаны з імі, даюць сродкі даследавання функцый (у т. л. некалькіх пераменных), лакальна падобных на лінейныя функцыі або паліномы. Асн. дастасаванні Д.з. звязаны з даследаваннем функцый з дапамогай вытворных: знаходзіць выпукласць і ўвагнутасць графіка функцыі, прамежкі нарастання і спадання функцый, іх найбольшае і найменшае значэнне (гл.Экстрэмум), пункты перагіну і асімптоты, а таксама розныя ліміты функцый (напр., віду 0/0, ∞/∞ ; гл.Нявызначаны выраз), якія не паддаюцца вылічэнню інш. метадамі. Метады Д.з. маюць шматлікія дастасаванні ў даследаваннях актуальных праблем матэматыкі, прыродазнаўчых і тэхн. навук.
Літ.:
Курс вышэйшай матэматыкі. Мн., 1994;
Гусак А.А. Высшая математика. Т. 1—2. 2 изд. Мн., 1983—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛАКРУА́ ((Delacroix) Эжэн) (26.4.1798, Сен-Марыс, каля Парыжа — 13.8.1863),
французскі жывапісец і графік. Лідэр франц.рамантызму. Вучыўся ў П.Герэна (1816—22), зазнаў уплыў Т.Жэрыко. У Луўры вывучаў жывапіс старых майстроў (асабліва П.П.Рубенса), сучасны англ. жывапіс (Дж.Констэбл). Творам Д. ўласціва акрэсленая грамадзянская пазіцыя, жыццёвасць вобразаў, дынамічнасць кампазіцый, экспрэсіўнасць мазка, насычаны каларыт з кантрастамі святлаценяў і колеру. Карціна «Разня на Хіясе» (1823—24) — водгук на сучасныя яму падзеі: паказаў пакуты грэкаў пад тур. ярмом і выказаў пратэст супраць жорсткасці і гвалту. Звяртаўся да твораў У.Шэкспіра, І.В.Гётэ, В.Скота і інш. («Таса ў доме звар’яцелых», 1824; «Смерць Сарданапала», 1827; «Забойства епіскапа Льежскага», 1829). У 1830 пад уздзеяннем Ліпеньскай рэвалюцыі ў Францыі напісаў карціну «Свабода, якая вядзе народ» («Свабода на барыкадах»), Аўтар твораў на тэмы Франц. рэвалюцыі 1789—99 і нац. гісторыі («Бітва пры Пуацье», 1830, і інш.). Пасля паездак у Алжыр і Марока напісаў па замалёўках з натуры шэраг карцін, прасякнутых своеасаблівасцю нац. быту («Алжырскія жанчыны», 1833—34, «Яўрэйскае вяселле ў Марока», 1839). Пісаў партрэты (аўтапартрэт; 1829; «Ф.Шапэн», 1838, і інш.), працаваў у галіне манум. жывапісу (размалёўкі Бурбонскага палаца ў Парыжы, 1833—47, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭКТЫ́ЎНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
літаратурныя творы, сюжэты якіх пабудаваны на раскрыцці загадкавай тайны, звязанай са злачынствам. Традыцыйна вызначаецца як адгалінаванне прыгодніцкай літаратуры. Зараджэнне Д.л. звязваюць з імёнамі амер. пісьменніка Э.По («Забойства на вуліцы Морг», 1841) і англ. У.Колінза («Месячны камень», 1868). По быў пачынальнікам інтэлектуальнага (паказ працэсу расследавання злачынства), Колінз — прыгодніцкага (нанізванне драм. эпізодаў) сюжэтных тыпаў дэтэктываў. Значны ўклад у развіццё Дл. зрабілі А.К.Грын (ЗША), Э.Габарыо, Г.Леру (Францыя), асабліва А.К.Дойл (Вялікабрытанія), які стварыў вядомы вобраз прыватнага дэтэктыва Шэрлака Холмса. З імем англ. пісьменніка Г.К.Чэстэртана звязана паяўленне т.зв. «інтуітыўнага дэтэктыва», заснаванага на здагадцы і інтуітыўным пранікненні ў псіхіку злачынцы. Найб. поспеху ў развіцці такога роду дэтэктыва дасягнулі А.Крысці і Ж.Сіменон. Пасля 2-й сусв. вайны на Захадзе пашырыўся т.зв. «чорны раман», у аснове якога апісанне самога злачынства са сцэнамі забойстваў, насілля і інш. (М.Спілейн, С.Адамс, ЗША). Сярод рус. пісьменнікаў у жанры дэтэктыва працавалі А.Р.Адамаў, Ю.С.Сямёнаў, браты А.А. і Г А.Вайнеры і інш. У бел. л-ры дэтэктыў у чыстым выглядзе сустракаецца рэдка. Прыкладам гіст. дэтэктыва з’яўляецца раман У.Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Творы з дэтэктыўным сюжэтам пішуць М.Чаргінец, К.Тарасаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖДАН (Яўген Іванавіч) (н. 15.12.1937, в. Тарэйкі Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). Працаваў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, Рэсп. дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва (гал. мастак з 1987), з 1994 гал. мастак Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. Аформіў спектаклі: у т-ры оперы і балета — «Пасля балю» Г.Вагнера (1971), «Іаланта» П.Чайкоўскага (1975), «Рыгалета» Дж.Вердзі (1982); у т-ры муз. камедыі — «Паненка і хуліган» на музыку Дз.Шастаковіча (1982), «Капялюш Напалеона» О.Штрауса (1996), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1997); у т-ры оперы і балета ў Ніжнім Ноўгарадзе (Расія) — «Аіда» Вердзі (1978), «Дэман» А.Рубінштэйна (1979) і інш. Працуе таксама ў жывапісе: цыклы «Жыціе беларускіх святых» (1989—94), «Жыццё славянскіх асветнікаў-гуманістаў» (1991), станковыя работы «Чарнобыль» (1987—93), «Апафеоз Ф.Скарыны» (1990), «Гімн жыццю» (1997), пейзажы «Песня маёй радзімы», «Вясна. Сноў» (абодва 1990-я г.). Сярод графічных работ «Кожны чацвёрты» (1967), «Курапаты» (1986). У творчасці рэаліст. вобразнасць спалучае з сімволікай і метафарычнасцю, некаторым работам уласцівы класічны авангард з філасофскім кірункам. Іл.гл. таксама да арт.Афармленчае мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЗЮ́ЛЯ (Андрэй) (сапр. Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч; 7.12.1878, в. Навасяды Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.1.1921),
бел.паэт. Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу (1910). Там стварыў бел. секцыю. Адзін з арганізатараў з’езда бел. каталіцкага духавенства 1917 у Мінску. Служыў ксяндзом у бел. мястэчках Трабы, Ракаў, Свержань, Смілавічы, Абольцы, Сянно. Частае перамяшчэнне па службе было вынікам незадаволенасці касцельнага начальства тым, што З. вёў службу па-беларуску. Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, М.Багдановічам, А.Грыневічам, З.Верас і інш. Друкаваўся з 1909 у «Нашай ніве», пасля ў газетах «Беларус», «Крыніца», «Вольная Беларусь», «Светач» і інш. Аўтар зб. вершаў «З роднага загону» (1913, 1931, Вільня, факс. выд.Мн., 1993), паэмы «Аленчына вяселле» (выд. 1923). У творах З. дыдактычна-маралізатарскія тэндэнцыі ў хрысц. духу. Асобнай брашурай ў Петраградзе выйшаў патрыятычны верш «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (1917). Аўтар рэліг. гімна «Божа, што калісь народы...» (1918). Збіраў фальклор, з Грыневічам выдаў зб. «Беларускія песні з нотамі» (т. 2, 1912). Рукапісы З. зберагаюцца ў Б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, у б-цы Нац.АН Беларусі ў Мінску.
Літ.:
Станкевіч А. Беларускі хрысціянскі рух. Вільня, 1939;
Саламевіч Я. Паэт-святар Андрэй Зязюля // Бел. мова і літ. ў школе. 1991. № 7—8.