ВІ́ЦЕБСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. Землямі звычайна наз. асабліва значныя намесніцтвы, якія мелі элементы аўтаноміі, замацаваныя абласнымі прывілеямі. Намесніцтва ў Віцебску, верагодна, з моманту свайго ўтварэння (1392) атрымала ад вял. кн. Вітаўта грамату, якая гарантавала захаванне пэўных нормаў мясц. права, што ўзыходзілі да дагавораў паміж горадам і князем. Сляды такой граматы прасочваюцца ў віцебскім прывілеі вял. князя Казіміра IV (каля 1440—47, не захаваўся), які пазней быў пацверджаны вял. князямі Аляксандрам (1503) і Жыгімонтам І Старым (1509, 1547). Гэтыя прывілеі гарантавалі мясц. феадалам і мяшчанам правы, абвешчаныя шляхце цэнтр. часткі ВКЛ (Віленскаму і Трокскаму ваяв.) прывілеямі 1387, 1432, 1434, а таксама права несці гарнізонную службу толькі ў сваёй зямлі, мясцовы (замкавы) суд і непадлегласць юрысдыкцыі ўпаўнаважаных вял. князя (дзецкіх). Мясц. баяры карысталіся выключным правам па чарзе кіраваць дзярж. валасцямі, што знаходзіліся ў складзе зямлі, за выключэннем некалькіх маёнткаў, падпарадкаваных непасрэдна віцебскаму намесніку (гл. Віцебскае права). Аднак на практыцы самастойнасць Віцебскай зямлі была даволі абмежаваная. Асн. ўлада належала намесніку (ужо ў прывілеях 1503 і 1509 ён наз. ваяводам). Азярышчанская і Усвяцкая воласці пры Казіміру IV былі вылучаны з-пад кіравання мясц. баяр і ператвораны ў асобныя намесніцтвы. Відаць, самастойны намеснік быў і ў Оршы. Значныя воласці ў Віцебскай зямлі былі падараваны князям Андрэю Уладзіміравічу, Друцкім, Жылінскім, што таксама выключала іх з-пад кантролю віцебскага баярства. Пасля 1511 за Віцебскай зямлёй канчаткова замацавалася назва «ваяводства». Яе асобны статус быў афіцыйна скасаваны з прыняццем Статута ВКЛ 1566, які пашырыў на ўсю тэр. ВКЛ агульныя прававыя нормы.

В.Л.Насевіч.

т. 4, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛІЙ (лац. Helium),

Не, хімічны элемент VII групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 2, ат. м. 4,0026. Прыродны гелій складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​4He (99,999862%) і ​3He. Належыць да інертных газаў. Адзін з найб. пашыраных элементаў космасу (2-і пасля вадароду). Адкрыты ў 1868 астраномамі Ж.Жансэнам і Н.Лок’ерам у спектры сонечнай кароны (назва ад грэч. helios — Сонца). У атмасферы 5,27·10​−4% па аб’ёме (​4He утвараецца пры α-распадзе радыенуклідаў торыю, урану і інш. элементаў). Ядры ​4He — альфа-часціцы. Гелій маюць некат. прыродныя газы (да 2% па аб’ёме) і мінералы. Вылучаны ў 1895 У.Рамзаем з мінералу клевеіту.

Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп -268,39 °C (самая нізкая сярод вадкасцей), шчыльн. 0,17847 кг/м³ (0 °C). Адзіны элемент, які не цвярдзее пры нармальным ціску нават пры т-ры, блізкай да 0 К, tпл -271,25 °C (ціск 3,76 МПа). Горш за інш. газы раствараецца ў вадзе, характарызуецца выключнай хім. інертнасцю. У прам-сці атрымліваюць з газаў прыродных гаручых метадам глыбокага ахаладжэння. Выкарыстоўваюць пры зварцы, рэзцы металаў, перапампоўванні ракетнага паліва, у вытв-сці цеплавыдзяляльных элементаў, паўправадніковых матэрыялаў (у якасці ахоўнага асяроддзя), у аэранаўтыцы, для кансервацыі харч. прадуктаў і інш. Гелій вадкі — квантавая вадкасць. Пры т-ры 2,17 К (-270,98 °C) і ціску пары 0,005 МПа (т.зв. λ-пункт) у вадкім ​4He (бозэ-вадкасць) адбываецца фазавы пераход другога роду (ад He I да He II). He I бурна кіпіць ва ўсім аб’ёме, He II — спакойная вадкасць, якой уласціва звышцякучасць. Выкарыстоўваюць у крыягеннай тэхніцы як холадагент, вадкі ​3He — адзінае рэчыва для вымярэння т-ры ніжэй за 1 К.

В.Р.Собаль.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ЦЫЙ ((Grotius) Гуга) (сапр. дэ Гроат; de Groot; 10.4.1583, г, Дэлфт, Нідэрланды — 26.8.1645),

галандскі юрыст, дыпламат, філосаф, гісторык. Адзін з заснавальнікаў тэорыі натуральнага права і навукі міжнар. права. З 1607 генеральны адвакат правінцыяльнага казначэйства, з 1613 пенсіянарый у гар. радзе Ротэрдама. У 1618 за ўдзел у паліт. барацьбе арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. У 1621 збег у Францыю, дзе быў дарадчыкам пры каралеўскім двары, у 1634—44 — пасланнікам Швецыі ў Парыжы. Аўтар твораў па тэалогіі, філасофіі, гісторыі, палітыцы, праве, філалогіі, а таксама вершаў. У працы «Аб праве вайны і міру» (1625) разглядаў праблемы міжнар. права, агульныя пытанні дзяржавы і права. Ён лічыў, што натуральнае права складаецца з элементарных прынцыпаў: выкананне дагавораў, устрыманне ад замахаў на чужую ўласнасць, пакаранне за злачынствы і інш. У выніку развіцця і прыстасавання натуральнага права да ўмоў жыцця розных народаў узнікае пазітыўнае права, гіст. зменлівае і залежнае ад волі таго, хто яго ўстанаўлівае. У аснову міжнар. права уключаў дагаворы паміж дзяржавамі. Лічыў, што несправядлівыя войны павінны быць забаронены; бакі, што ваююць, абавязаны ўстрымлівацца ад знішчэння маёмасці праціўніка і жорсткасці ў дачыненні да грамадз. насельніцтва. Для вырашэння спрэчак паміж дзяржавамі ён прапанаваў стварыць пастаянны орган — «сход хрысціянскіх правіцеляў». У ліку яго прац: «Каментарыі аб праве здабычы» (1604—05), «Аб старажытнасці і ладзе Батаўскай рэспублікі» (1610), «Аб паходжанні амерыканскіх народаў» (1642). Ідэі Гроцыя паўплывалі на сац. фізіку 17—18 ст. і школу натуральнага права.

Тв.:

Рус. пер. — О праве войны и мира... Кн. 1—3. М., 1956.

Літ.:

Dumbauld Е. The life and legal writings of Hugo Grotius. Norman, 1969.

Н.К.Мазоўка.

т. 5, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГІСТО́РЫІ І СТАРАЖЫ́ТНАСЦІ,

навуковая і культ.-асв. арг-цыя ў Мінску ў 1919—25. Утворана 29.6.1919 пры Мінскім пед. ін-це. Ставіла за мэту вывучэнне гісторыі і археалогіі Беларусі, ахову яе помнікаў гісторыі і культуры, стварэнне гісторыка-археал. музея, прапаганду гіст. ведаў сярод насельніцтва. У 1921—23 у т-ва ўваходзіла каля 50 правадз. членаў; у склад праўлення ў розны час уваходзілі: В.Д.Дружчыц, М.М.Гуткоўскі, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, М.В.Мялешка, У.Л.Пічэта (старшыня), І.П.Поляк, А.А.Савіч, А.А.Шлюбскі і інш.; ганаровымі членамі т-ва былі акад. Я.Ф.Карскі, Ф.Ф.Турук, М.А.Янчук і інш. Правяло каля 40 агульных пасяджэнняў, на якіх абмяркоўваліся навук. даклады па гісторыі, культуры, адукацыі, гістарыяграфіі Беларусі і інш. Частка дакладаў апублікавана ў час. «Вольны сцяг», «Працы БДУ», «Вестник Народного комиссариата просвещения», інфармацыю пра пасяджэнні т-ва давала газ. «Савецкая Беларусь». У вер. 1921 т-ва арганізавала археал. раскопкі стараж. курганоў у Заслаўі, супрацоўнічала з Мінскім навук. пед. т-вам, Беларускім вольна-эканамічным таварыствам, з краязнаўчымі арг-цыямі Беларусі і Расіі, у снеж. 1921 удзельнічала ва Усерас. канферэнцыі краязн. т-ваў. У студз. 1922 пры т-ве ўтворана Часовае бюро краязнаўства, у валасныя цэнтры Мінскага пав. разасланы анкеты для збору інфармацыі пра помнікі гісторыі і культуры, старадрукі і архіўныя зборы. Мінскі ін-т нар. адукацыі перадаў т-ву гіст., этнагр. і археал. часткі б. музея Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. У 1923 з-за пераходу большасці членаў у інш. навук. ўстановы (Інбелкульт, БДУ) актыўнасць т-ва зменшылася. З мая 1924 перасталі праводзіць пасяджэнні т-ва, і яно практычна спыніла сваю дзейнасць.

А.М.Гесь, У.В.Ляхоўскі.

т. 10, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ ПРА́ЦА,

1) праца малалетніх асоб, якія не дасягнулі ўзросту працоўнай дзеяздольнасці. У 1833 у Вялікабрытаніі прыняты закон, паводле якога забаранялася эксплуатацыя Дз.п. і была ўстаноўлена працягласць прац. дня для дзяцей 9—13 гадоў 8, для падлеткаў да 18 гадоў — 12 гадзін. У Францыі першым актам, які рэгуляваў Дз.п., быў закон 1841. У ЗША федэральным законам 1938 аб прац. нормах быў устаноўлены мінім. ўзрост прыёму на працу — 16 гадоў. У пач. 1970-х г. у краінах, якія сталі на шлях развіцця, працоўныя ва ўзросце 10—14 гадоў складалі, паводле даных ЮНЕСКА, 31% агульнай колькасці дзяцей гэтага ўзросту. Паводле звестак Цэнтра ААН па правах чалавека ў Жэневе (1993) больш за 100 млн. дзяцей у свеце існуюць за кошт цяжкай працы, больш за 50 млн. дзяцей працуюць у небяспечных або шкодных для здароўя ўмовах. Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 13.12.1956 забаронены прыём на работу асоб, якім не споўнілася 16 гадоў. У Беларусі ў 1993 прыняты Закон «Аб правах дзіцяці», паводле якога самаст. праца непаўналетніх дапускаецца з 16-гадовага ўзросту; забараняецца прымус дзіцяці да любой працы, небяспечнай для яго здароўя або якая перашкаджае атрыманню базавай адукацыі.

2) Від працоўнай дзейнасці, якая выкарыстоўваецца ў выхаваўчых мэтах з ранняга дзяцінства. У класічнай пед. л-ры (Я.А.Каменскі, Дж.Лок, І.Г.Песталоцы, К.Дз.Ушынскі, П.П.Блонскі, С.Ф.Шацкі, А.С.Макаранка, В.А.Сухамлінскі) і сучасных даследаваннях (Р.С.Бурэ, Г.М.Годзіна, В.І.Логінава. В.Г.Нячаева, Д.В.Сяргеева, А.Д.Шатава і інш.) адзначаецца выхаваўчы характар працы, яна разглядаецца як натур. ўмова жыццядзейнасці і першая жыццёвая неабходнасць здаровага арганізма. У выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту выкарыстоўваецца праца па самаабслугоўванню, што развівае самастойнасць, вучыць пераадольваць цяжкасці, прывучае да ахайнасці і чысціні. Гаспадарча-бытавая праца мае грамадскую накіраванасць — задавальненне патрэбнасцей інш. дзяцей або дарослых. Праца дзяцей у прыродзе (догляд за раслінамі і жывёламі) накіравана на задавальненне патрэбнасцей дзяцей па ахове прыроды. У далейшым такая праца становіцца адным з відаў прадукц. працы. Ручная праца (выраб цацак і інш. прадметаў) развівае канструктыўныя здольнасці, дае карысныя практычныя навыкі. Гэтыя віды працы арганізоўваюцца і ў дзіцячых дашкольных установах у розных формах (даручэнні, дзяжурствы, калектыўная праца). Вучэбная праца ў дашкольным узросце не набывае самаст. значэння, але пачынае складвацца ў асобны від працы, што важна для падрыхтоўкі дзяцей да школы. Праца навучэнцаў у школе (ручная праца ў пач. класах, заняткі ў вучэбных майстэрнях у сярэдніх класах і вучэбна-выхаваўчая практыка ў старэйшых класах) мае мэтанакіраваны і сістэматычны характар. Асн. час у школьнікаў займае вучэбная праца, якая з’яўляецца сур’ёзным абавязкам навучэнцаў перад грамадствам.

Н.У.Літвіна.

т. 6, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТО́Н (франц. béton ад лац. bitumen горная смала),

штучны буд. матэрыял, які атрымліваецца пасля фармавання і цвярдзення сумесі вяжучага рэчыва (з вадой ці без яе), напаўняльнікаў і (пры неабходнасці) спец. дабавак. Вяжучае — звычайна цэмент, запаўняльнікі — пясок, жвір, пемза, туф, ракушачнік ці керамзіт, аглапарыт. Бетонная сумесь набывае трываласць пры дадатных т-рах у прыродных умовах каля месяца, пасля тэрмаапрацоўкі — за 8—10 гадз (пры адмоўных т-рах робяць пара- і электрапрагрэў).

Бетоны бываюць на неарганічных (цэментны і сілікатны бетоны, гіпсабетон і інш.) і арганічных (асфальтабетон, палімербетон) вяжучых. У залежнасці ад аб’ёмнай шчыльнасці (у кг/м³) бетоны падзяляюць на асабліва цяжкі (больш за 2500), цяжкі (ад 1800 да 2500), лёгкі (ад 500 да 1800), асабліва лёгкі (менш за 500). Па прызначэнні адрозніваюць бетоны канструкцыйныя, канструкцыйна-цеплаізаляцыйныя, цеплаізаляцыйныя і спецыяльныя (гарачаўстойлівыя, кіслотатрывалыя, дарожныя і да т.п.). Асноўная ўласцівасць бетону — трываласць, якая характарызуецца яго маркай (бывае ад 50 да 800). Бетоны ідуць на бетонныя вырабы і канструкцыі, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, збудаванні.

На Беларусі распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць тэхналогіі прыгатавання лёгкага аглапарытабетону (гарачаўстойлівы), аглапарытасілікатабетону (канструкцыйны і цеплаізаляцыйны матэрыял), палімерцэментнага бетону (мае павышаную дэфармавальнасць, зносаўстойлівасць, устойлівы да хім. агрэсіўных асяроддзяў), палімербетонаў (каразійна-, зноса- і марозаўстойлівы), буйнапорыстага бетону (цеплаізаляцыйны і фільтравальны матэрыял), цэнтрыфугаванага бетону (ідзе на выраб танкасценных трубаў, калон, паляў і інш.) і ячэістага бетону (мае нізкую вільгацепаглынальнасць, не патрабуе параізаляцыйнага слоя).

т. 3, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕ́МНАЕ МО́РА,

міжмацерыковае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай, Азіяй і Афрыкай. На З Гібралтарскім пралівам злучана з Атлантычным ак., на ПнУ пралівам Дарданелы, Мармуровым м. і пралівам Басфор — з Чорным м., на У Суэцкім каналам — з Чырвоным м. У М.м. вылучаюць моры: Альбаран, Балеарскае, Лігурыйскае, Тырэнскае, Адрыятычнае, Іанічнае, Эгейскае. М.м. абмывае берагі 21 краіны: Іспаніі, Францыі, Манака, Італіі, Мальты, Славеніі, Харватыі, Югаславіі, Босніі і Герцагавіны, Албаніі, Грэцыі, Турцыі, Кіпра, Сірыі, Лівана, Ізраіля, Егіпта, Лівіі, Туніса, Алжыра, Марока. Пл. 2505 тыс. км². Сярэдняя глыб. 1541 м, найб. глыб. 5121 м. М.м. канчаткова ўтварылася ў эпоху альпійскага арагенезу ў выніку апускання часткі альпійскіх структур Паўд. Еўропы, Пярэдняй Азіі і платформенных утварэнняў Паўн. Афрыкі. Паўн. берагі гарыстыя, берагавая лінія складаная, паўд. афр. бераг мала парэзаны. Шэльф М.м. вузкі, за выключэннем Адрыятычнага і Эгейскага мораў, берагоў Туніса, Лівіі, Егіпта. Прыбярэжная зона глыбокая, меляў і рыфаў мала. Рэльеф дна складаецца з Алжыра-Праванскай, Тырэнскай, Цэнтр. і Левантыйскай катлавін. Найб. залівы: Валенсійскі, Ліёнскі, Генуэзскі, Таранта, Сідра, Габес. Найб. паўастравы: Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі, М.Азія; астравы: Балеарскія, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт, Кіпр. Частыя землетрасенні, вывяржэнні вулканаў (в-аў Стромбалі). У М.м. ўпадаюць буйныя рэкі: Эбра, Рона, Тыбр, По, Ніл. Адна з асн. рыс воднага балансу М.м. — выпарэнне (3130 км³/год) — перавышае над ападкамі (1000 км³/год) і рачным сцёкам (430 км³/год). Водны дэфіцыт кампенсуецца паступленнем вады з Атлантычнага ак. (40 тыс. км³/год) і Чорнага м. (170 км³/год) у паверхневыя слаі. Існуе адток з прыдонных слаёў больш салёнай і шчыльнай вады М.м. ў Атлантычны ак. (38,5 тыс. км³/год) і Чорнае м. (170 км³/год). М.м. размешчана ў субтрапічных шыротах у зоне міжземнаморскага клімату з кароткай цёплай і дажджлівай зімой (т-ра студз. 5—10 °C, ападкаў да 600 мм) і працяглым сухім гарачым летам (т-ра ліп. каля 28 °C, сума ападкаў за чэрв.—жнівень каля 50 мм). Зімой дзьмуць моцныя паўн. вятры — містраль (у раёне Ліёнскага зал.) і бара (на У Адрыятычнага м.). Летам частыя сухія вятры з Афрыкі — сірока. Сярэдняя т-ра вады ў М.м. на паверхні вады ў лютым ад 10—12 °C на Пн да 15—16 °C на Пд, жн. ад 21—23 °C да 27—28 °C адпаведна. Салёнасць вады (ад 36%° да 39,5%°) павялічваецца з 3 на У і дасягае макс. ў Левантыйскім басейне. Прылівы паўсутачныя да 1 м, найб. да 4 м. Цячэнні ў М.м. ў паўд. паласе з 3 на У, у паўн.з У на 3, з цыкланальнымі кругаваротамі ў морах паўн. часткі, з антыцыкланальнымі ў залівах Габес і Сідра. Біял. і рыбапрамысл. прадукцыйнасць М.м. невялікая, што звязана са слабым развіццём фіта- і зоапланктону. Аднак адзначаецца вял. відавая разнастайнасць арганізмаў. Водзіцца 540 відаў рыб паўд.-барэальнага і трапічнага комплексаў (анчоўс, сардзіна, скумбрыя, стаўрыда, тунец). Каля 70 відаў рыб — эндэмікі, у т. л. скаты, віды хамсы, бычкоў, губана, марскіх сабачак. Ёсць марскія чарапахі, дэльфіны. Шмат розных беспазваночных (галаваногія малюскі, ракападобныя, губкі, чырвоны карал). Улоў рыбы штогод каля 600 тыс. т. Каля Туніса здабываюць губкі і каралы. Штучнае развядзенне ў рыбніках вустрыц і мідый. На шэльфе здабываюць нафту і газ, магнійртутныя руды, солі. На берагах М.м. сканцэнтравана каля ​1/з часткі ўсіх населеных пунктаў прыбярэжных краін, у т. л. больш за 300 партоў. Па М.м. ажыццяўляецца каля 20% сусв. знешнегандл. перавозак. Буйныя парты: Барселона (Іспанія), Марсель (Францыя), Генуя, Неапаль, Венецыя, Трыест (Італія), Бейрут (Ліван), Александрыя, Порт-Саід (Егіпет), Пірэй (Грэцыя), Ізмір (Турцыя), Хайфа (Ізраіль), Бенгазі, Трыпалі (Лівія), Туніс, Бізерта (Туніс) і інш. Міжземнамор’е — буйны раён адпачынку і турызму. Курорты: Лазурнага берага (Рыўера) у Францыі, Італіі і Манака, Левантыйскага ўзбярэжжа, Балеарскіх а-воў у Іспаніі. Буйной праблемай М.м. з’яўляецца забруджванне вод.

А.А.Матужа.

т. 10, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКА АБАРО́НА 1941 у Вялікую Айчынную вайну.

Вялася 25—28 чэрв., складалася з кароткачасовых жорсткіх баёў вакол Мінскага ўмацаванага раёна. Абарону на З ад горада трымалі войскі 44-га (камдыў В.А.Юшкевіч), на Пн — 2-га (ген.-м. А.М.Ермакоў) стралк. карпусоў 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў) Зах. фронту, а таксама 16-ы Дзяржынскі пагранатрад (маёр А.А.Аляксееў). Іх падмацоўвалі 151-ы карпусны і 301-ы гаўбічны артпалкі, 7-я брыгада ППА, 42-я далёкабамбардзіровачная дывізія і інш. 23—24 чэрв. варожы паветр. дэсант захапіў ст. Аляхновічы, атрады 3-й танк. групы (ген.-палк. Г.Гот) занялі Радашковічы, 25 чэрв. — Валожын і Ракаў. 23 чэрв. ням. самалёты бамбілі аэрадром у Лошыцы, чыг. вакзал, інш. аб’екты; раніцай 24 чэрв. пачаліся масіраваныя налёты. За 3 дні ням. самалёты, якія пастаянна віселі над горадам, знішчылі 21% (4 км²) гар. забудовы, загінулі сотні жыхароў. Пачаўся масавы адыход насельніцтва з Мінска. Раніцай 26 чэрв. пад Астрашыцкім Гарадком і Смалявічамі немцы скінулі буйны паветр. дэсант, ад Радашковіч у гэтым напрамку пачаліся атакі ням. танкаў і мотапяхоты. Ад Маладзечна войскі ням. 39-га (ген. Р.Шміт) танк. корпуса рушылі на У, злучыліся з дэсантам і захапілі Астрашыцкі Гарадок. Для ліквідацыі пагрозы сюды былі накіраваны 100-я (ген.м. І.М.Русіянаў) і 161-я (палк. А.В.Міхайлаў) стралк. дывізіі; амаль без гармат воіны бутэлькамі з бензінам здолелі адбіць некалькі атак варожых танкаў і ліквідаваць прарывы. Асобныя ням. атрады 7-й танк. дывізіі (ген. Х. фон Функ) абышлі правы фланг абароны і вечарам 26 чэрв. захапілі Смалявічы, перарэзалі Маскоўскую шашу і перапынілі паток бежанцаў. На ПнЗ ад горада абарону ўтрымлівала 64-я стралк. дывізія (палк. С.І.Іаўлеў), у т. л. 30-ы стралк. полк (палк. А.І.Яфрэмаў). Да 28 чэрв. не спыняліся баі ў Заслаўі, дзе контратакаваў 159-ы стралк. полк (падпалк. А.І.Бялоў), Раніцай 27 чэрв. рух на Магілёўскай шашы перапыніў ням. паветр. дэсант, на Баранавіцкім напрамку моцны ўдар ад Стоўбцаў нанесла 17-я танк. дывізія 17-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген.-палк. Г.В.Гудэрыяна. Вечарам 27 чэрв. ням. мотапяхота выбіла частку 108-й стралк. дывізіі (ген.-м. А.І.Маўрычаў, Н.І.Арлоў) з Фаніпаля. Баявыя дзеянні сав. войск на Пн ад Мінска спачатку разгортваліся паспяхова: былі стрыманы атакі на Ракаўскай шашы, вораг адкінуты на 10 км да в. Беларучы, заняты Астрашыцкі Гарадок. Але вечарам 27 чэрв. сустрэчнымі ўдарамі ням. войскі адрэзалі ад асн. сіл 5 сав. батальёнаў, з З нанеслі ўдар на Сёмкаў Гарадок, прарвалі пазіцыі 30-га стралк. палка, стварылі пагрозу для левага фланга 2-га стралк. корпуса. У выніку масіраваных удараў авіяцыі, дзеянняў варожых дэсантаў, нападу ворага на штабы 13-й арміі, 44-га стралк. корпуса і інш. было страчана кіраванне значнай часткай войск, што абаранялі Мінск, прарвана апошняя лінія абароны ўздоўж р. Пціч. Таму ў ноч на 28 чэрв. пачалося адступленне сав. войск за р. Волма і Ратамка. Раніцай 28 чэрв. з Пд у горад увайшлі атрады ням. 17-й, з Пн — 20-й (ген. Штумпф) танк. дывізій, якія злучыліся і стварылі знешняе кальцо акружэння вакол асн. масы войск Зах. фронту (гл. ў арт. Навагрудскі «кацёл»). На досвітку 2 ліп. абаронцы Мінскага ўмацаванага раёна трыма калонамі пад агульным камандаваннем ген.-лейт. В.І.Кузняцова і Іаўлева прарваліся на У ад Дзяржынска, на наступны дзень — рэшткі 603-га стралк. палка з Астрашыцкага Гарадка. М.а., як і ўсе абарончыя дзеянні войск Зах. фронту, стала катастрофай для Чырв. Арміі (паводле рашэння Ваен. калегіі Вярх. суда СССР Дз.Р.Паўлаў і інш. кіраўнікі фронту прыгавораны 22 ліп. да пакарання смерцю), а таксама для насельніцтва Беларусі, у т. л. жыхароў Мінска, значная частка якіх загінула або пакінула горад. Разам з тым герм. армія страціла пад Мінскам некалькі тысяч салдат, больш за 300 танкаў і 4 дні часу. Сав. войскі панеслі значна большыя страты ў жывой сіле, але захавалі асн. баяздольнасць. У вер. 1941 за ўдзел у абароне Мінска і пераможныя баі пад Ельняй найменні гвардзейскіх нададзены дывізіям 100-й (стала 1-й), 161-й (стала 4-й), 64-й (стала 7-й).

Літ.:

Акалович Н.М. Они защищали Минск. 2 изд. Мн., 1987;

Иванов С.П. Штаб армейский, штаб фронтовой. М., 1990.

У.Ф.Ісаенка.

т. 10, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ РАЁН Размешчаны на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 32,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 25 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мсціслаў. Уключае 162 сельскія населеныя пункты, 13 сельсаветаў: Доўгавіцкі, Забалацкі, Капачоўскі, Лютненскі, Мазалаўскі, Мушынскі, Падсолтаўскі, Раздзельскі, Ракшынскі, Сапрынавіцкі, Сялецкі, Ходасаўскі, Чырванагорскі.

Тэр. раёна ў межах Горацка-Мсціслаўскай узвышанай раўніны Паверхня пласкахвалістая, 79% яе на выш. 180—220 м. Найвыш. пункт 239 м (за 6 км на З ад в. Раздзел). Агульны нахіл з Пн на Пд. Пашыраны яры і суфазійныя западзіны. Карысныя выкапні: торф, сапрапель, фасфарыты, мел, цагельныя гліны і суглінкі, цэментныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -8,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Асн. р. Сож з прытокамі Віхра (з Чорнай), Малатоўка, Чорная Натапа (з Белай Натапай), Волчас. У зах. ч. раёна цячэ р. Кашанка (прыток Проні), у паўн. ч. — Рамясцвянка (прыток Быстрай). Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (70,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (15%). Пад лесам 15,8% тэр. раёна, пераважна на З і Пд. Лясы яловыя, хваёвыя, бярозавыя, асінавыя, дубовыя, альховыя і інш. Агульная пл. балот 7,3 тыс. га. Найб. балотны масіў Чорная Натапа. Ахоўваемыя тарфянікі Шырына і Падрэчча, Закружжа. Помнікі прыроды мясц. значэння: крыніцы Бялкова і Кагальная Студня.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 94,7 тыс. га, з іх асушаных 9,6 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 5 саўгасаў, 2 фермерскія гаспадаркі. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы. Прадпрыемствы льняной (ільновалакно), харч. (масла, сыр, хлеб), камбікормавай і буд. матэрыялаў (цэгла, асфальт) прам-сці; буд. прадпрыемствы. Па тэр. раёна праходзяць: чыгунка Орша—Крычаў; аўтадарогі на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы (Расія); нафтаправод Унеча—Полацк. У раёне 19 сярэдніх, 4 базавыя, 4 пачатковыя, музычная раённая і 3 яе філіялы, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, дапаможная школа-інтэрнат, Дом дзіцячай творчасці, вышэйшае прафес. вучылішча буд. профілю, сярэдняе ПТВ сельскай гаспадаркі, 19 дашкольных устаноў, 26 клубаў, 57 б-к, 5 бальніц, паліклініка, урачэбная амбулаторыя, 20 фельч.-ак. пунктаў, санэпідэмстанцыя. Музеі: гісторыка-археалагічны (г. Мсціслаў), літаратурна-этнаграфічны (на радзіме пісьменніка М.І.Гарэцкага, в. Багацькаўка). Арх. помнікі: царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Басценавічы, царква (пач. 19 ст.) у в. Мазалава, Успенскі манастыр (засн. ў 1380; у пач. 17 ст. і ў канцы 18—19 ст. перабудаваны) за 2 км на Пд ад в. Пустынкі, царква Ільі Прарока (1-я пал. 19 ст.) у в. Слаўнае, царква (2-я пал. 18 ст.) у в. Сялец. Выдаецца газ. «Святло Кастрычніка».

У.Л.Гасянкоў, Г.С.Смалякоў.

т. 10, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАРДА́НІЯ, Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства (Аль-Мамляка аль-Урдунія аль-Хашымія),

дзяржава ў Заходняй Азіі. На З мяжуе з Ізраілем і тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, на Пнз Сірыяй, на ПнУз Іракам, на У і Пдз Саудаўскай Аравіяй; на Пд мае выхад да зал. Акаба Чырвонага м. Падзяляецца на 10 губернатарстваў (мухафаз). Пл. 89,4 тыс. км². Нас. 4212 тыс. чал. (1995). Сталіца — г. Аман. Афіц. мова арабская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (25 мая) і Дзень нараджэння караля Хусейна I (14 лістапада).

Дзяржаўны лад. І. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1952 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль, які валодае шырокімі паўнамоцтвамі: назначае і змяшчае прэм’ер-міністра і міністраў, зацвярджае законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, мае права роспуску палаты дэпутатаў і інш. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны Нац. сход, які складаецца з сената (30 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады) і палаты дэпутатаў (60 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам. На чале правінцый стаяць губернатары, акруг і раёнаў — начальнікі. Суд. сістэма складаецца з 3 відаў судоў: свецкія, рэлігійныя (шарыяцкія) і асобыя (племянныя, ваен. трыбуналы і суды дзярж. бяспекі). Члены свецкіх судоў назначаюцца каралём.

Прырода. Асн. частка І. занята пустынным пласкагор’ем (800—1300 м). Над ім узвышаюцца асобныя горы да 1764 м (г. Рам на Пд). На З цягнецца з Пн на Пд глыбокая тэктанічная ўпадзіна Гхор з далінай р. Іардан і Мёртвым м. (на 400 м ніжэй узр. акіяна). Карысныя выкапні: фасфарыты (запасы каля 1,5 млрд. т), калійныя солі (у Мёртвым м.), медныя і марганцавыя руды. Клімат субтрапічны з сухім і гарачым летам. Т-ра паветра 7—12 °C у студз., 23—28 °C у ліпені. Ападкаў каля 700—500 мм на 3, каля 100 мм і менш на У і Пд. Расліннасць паўпустынная і пустынная, разрэджаная, пераважаюць хмызнякі і травы, якія вегетуюць у перыяд выпадзення ападкаў. Ёсць аазісы з фінікавымі пальмамі. Пад лесам каля 1% тэрыторыі. Нац. парк Азрак.

Насельніцтва. Каля 98% арабы, у т. л. палесцінскія бежанцы; жывуць таксама армяне, чэркесы, чэчэнцы, туркі, курды і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (92%), астатнія пераважна хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 47,1 чал. на 1 км², на З, асабліва ў даліне р. Іардан, больш за 100 чал. на 1 км². На У і Пд насельніцтва рэдкае, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі-бедуіны, у якіх захаваўся падзел на плямёны. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1994). Найбольшыя гарады (тыс. ж., 1994): Аман — 963,5 (з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж.), Эз-Зарка — 344,5, Ірбід — 208,2. У прам-сці і буд-ве заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 7%, у гандлі і абслуговых галінах — 63%. Некалькі соцень тысяч іарданцаў працуюць за мяжой, пераважна ў араб. краінах Персідскага заліва.

Гісторыя. У старажытнасці тэр. І. насялялі семіцкія плямёны хананеяў. У 3—2-м тыс. да н.э. на іх нападалі фінікійцы, хеты і інш. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. тэр. І. ў складзе Ізраільска-Іудзейскага царства. У канцы 1-га тыс. да н.э. — цэнтр араб. Набатэйскай дзяржавы. З 4 ст. тэр. І. ў складзе Візантыі, у 7 ст. заваявана арабамі і стала ч. Арабскага халіфата. На тэр. І. пашырыліся іслам і араб. мова, развіваліся феад. адносіны. У 11—15 ст. пад уладай крыжаносцаў, сельджукаў, егіп. мамлюкаў. З пач. 16 ст. да 1918 у складзе Асманскай імперыі. У 1918 акупіравана англ. войскамі, у 1920 уключана ў брыт. мандат на Палесціну. У 1921 тэр. 1. вылучана ў асобную адм. адзінку — эмірат Трансіарданія на чале з эмірам. У 1923 англічане абвясцілі незалежнасць эмірата, хоць фактычна ўладу трымалі ў сваіх руках. Англа-трансіарданскі дагавор 1928 (гл. Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948) фармальна пакідаў пэўную ўладу эмірам, але замацоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць на тэр. Трансіарданіі ўзбр. сілы, кантраляваць мясц. ваен. фарміраванні, знешнюю палітыку, фінансы і ўзбр. сілы. Знешняя палітыка краіны магла весціся толькі праз брыт. вярх. камісара ў Іерусаліме і яго рэзідэнта ў Амане. Пасля 2-й сусв. вайны Вялікабрытанія вымушана была пайсці на некат. ўступкі. Дагавор 1946 аб дружбе і саюзе, падпісаны ў Лондане на 25 гадоў, фармальна адмяняў брыт. мандат на Трансіарданію (эмірат абвяшчаўся незалежным каралеўствам), аднак захоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць войскі, саветнікаў і экспертаў. 25.5.1946 краіна стала наз. І. (Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства), эмір Абдалах — каралём І. Прынятая ў 1947 канстытуцыя замацоўвала вярх. ўладу караля і абмяжоўвала паўнамоцтвы парламента. Дагавор 1948 крыху пашыраў кампетэнцыю ўлад І. і прадугледжваў паступовы вывад брыт. войск з краіны, але Вялікабрытанія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў выпадку вайны, трымаць ваен. базы ў Амане і Мафраку. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 войскі І. занялі цэнтр. раёны Палесціны (т. зв. Заходні бераг ракі Іардан) і ўсх. ч. Іерусаліма, якія ў 1950 афіцыйна ўключаны ў яе склад. Фактычная анексія ч. Усх. Палесціны пагоршыла адносіны І. з інш. араб. краінамі. У 1952 каралём І. стаў Хусейн ібн Талал, які выкарыстоўваў для ўзмацнення і развіцця дзяржавы замежную фін. дапамогу (складала больш як ​2/5 бюджэту краіны). На парламенцкіх выбарах 1956 перамаглі нац.-патрыят. сілы І., што сарвала спробы Вялікабрытаніі і ЗША уцягнуць краіну ў агрэсіўныя ваен.-паліт. блокі. 14.3.1957 урад ануляваў англа-іарданскі дагавор 1948, а 2.11.1958 брыт. войскі выведзены з тэр. І. У пач. 1960-х г. правячыя колы краіны пайшлі на частковую дэмакратызацыю грамадскага жыцця і правядзенне знешняй палітыкі, незалежнай ад зах. дзяржаў. У 1963—64 1. ўстанавіла дыпламат. і гандл. адносіны з СССР і краінамі Усх. Еўропы. У ізраільска-арабскую вайну 1967 І. пацярпела паражэнне, Ізраіль акупіраваў зах. бераг р. Іардан і Усх. Іерусалім, краіна страціла чвэрць апрацаваных зямель, амаль палавіну прамысл. прадпрыемстваў (каля 4 тыс.), скараціліся даходы ад турызму, колькасць палесцінскіх бежанцаў павялічылася да 800 тыс. чал. Ліквідацыя наступстваў ізраільскай агрэсіі заняла вядучае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы краіны. У 1988 І. прызнала Палесціну і адмовілася ад прэтэнзій на зах. бераг р. Іардан (паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 ён атрымаў частковую аўтаномію). З 1991 удзельнічае ў перагаворах па ўрэгуляванні блізкаўсх. канфлікту. У кастр. 1994 І. і Ізраіль падпісалі мірны дагавор. І. — член ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1996.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. У 1993 легалізаваны паліт. партыі, якія пазней прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Асн. партыі: Іарданскі нац. саюз, Партыя ісламскага дзеяння (звязана з Асацыяцыяй братоў-мусульман), Нар. саюз, Нар. дэмакр. партыя (крыло Дэмакр. фронту вызвалення Палесціны), іарданскае аддзяленне Партыі араб. сацыяліст. адраджэння (з 1957 нелегальнае). Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.

Гаспадарка. І. — краіна са слабаразвітай шматукладнай эканомікай, слабай індустр. базай. Краіна залежыць ад знешняй дапамогі і пазык (каля 1 млрд. дол. за год), валютных паступленняў ад іарданцаў, што працуюць за мяжой. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 1200 долараў. 26% нац. даходу дае прам-сць, 8% — сельская гаспадарка, 66% — абслуговыя галіны. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, цэментная, нафтаперапрацоўчая. Здабыча высакаякасных фасфарытаў вядзецца пераважна адкрытым спосабам на радовішчах Эр-Русейфа (каля Амана) і Хаса (на Пд); гадавая здабыча 5925 тыс. т (1994). З расолаў Мёртвага м. здабываюць калійныя солі — 1,4 млн. т (1994). Каля Амана на мясц. сыравіне працуе цэментны з (каля 1 млн. т цэменту за год). У г. Эз-Зарка нафтаперапр. (атрымлівае нафту з Ірака па адгалінаванні нафтаправода Кіркук—Сайда) і акумулятарны з-ды, суконная ф-ка. Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце, вытв-сць электраэнергіі 4,2 млрд. кВтгадз (1993). Ёсць прадпрыемствы харч., тэкст., вінаробчай, тытунёвай, папяровай, буд. матэрыялаў (у т. л. па апрацоўцы мармуру) прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, выраб прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, керамічных і скураных вырабаў. Больш за 70% прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Амане і яго наваколлі. Сельская гаспадарка задавальняе толькі ​1/4 патрэб насельніцтва ў харч. прадуктах. Характэрна памешчыцкае землеўладанне, сяляне — пераважна арандатары. Пустыні і паўпустыні, якія займаюць 94,1% тэрыторыі, выкарыстоўваюцца пад экстэнсіўную малапрадукц. жывёлагадоўлю. Апрацоўваецца каля 400 тыс. га, у т. л. арашаецца каля 100 тыс. га. Галоўны земляробчы раён — даліна р. Іардан (разнастайныя фрукты, пшаніца, ячмень, кукуруза, сачавіца, бабовыя, памідоры, баклажаны, капуста, агуркі, кавуны, дыні). Ранняя гародніна і фрукты экспартуюцца. На непаліўных землях вырошчваюць збожжавыя культуры. Ураджайнасць вагаецца ў залежнасці ад колькасці ападкаў. Гадуюць (1994): буйн. раг. жывёлу — 50 тыс. галоў, вярблюдаў — 70 тыс. галоў, авечак і коз — каля 1,5 млн. галоў. Развіта бройлерная птушкагадоўля. Порт Акаба — цэнтр рыбалоўства і марскіх промыслаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог каля 9 тыс. км, з іх 3 тыс. км асфальтаваных. У краіне 162 тыс. легкавых аўтамабіляў, 92 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1994). Гал. аўтадарогі звязваюць Аман з портам Акаба, Сірыяй, Іракам, Саудаўскай Аравіяй. Даўж. адзінай чыгункі, якая перасякае краіну з Пн на Пд, каля 600 км. Грузаабарот порта Акаба — 20 млн. т штогод. Праз І. праходзяць нафтаправоды Кіркук (Ірак) — Хайфа (Ізраіль, не дзейнічае) і Дахран (Саудаўская Аравія) — Сайда (Ліван). У краіне 2 міжнар. аэрапорты (Аман, Акаба). І. наведваюць штогод каля 4 млн. турыстаў. Даход ад замежнага турызму складае 0,5 млрд. дол. (1994). І. экспартуе фасфарыты (каля 50% кошту), цэмент, раннія гародніну і фрукты; імпартуе разнастайныя прамысл. тавары і харч. прадукты.

У 1994 экспартавана тавараў на 1,4 млрд. дол., імпартавана на 3,5 млрд. долараў. Асн. гандл. партнёры — Саудаўская Аравія, Ірак, інш. арабскія краіны, ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Японія. Знешні доўг каля 9 млрд. дол. (1995). Грашовая адзінка — іарданскі дынар.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. У аснове ваен. дактрыны канцэпцыя «кругавой абароны». Ва ўзбр. сілах 98,5 тыс. чал. (1997). Сухап. войскі (90 тыс. чал.), каля 900 танкаў, 480 гармат, 450 мінамётаў. У ВПС (8 тыс. чал.) каля 100 баявых самалётаў, 24 верталёты. У ВМС (0,5 тыс. чал.) 10 катэраў. З 1991 узбр. сілы камплектуюцца на кантрактнай аснове. З 1996 баявая падрыхтоўка вядзецца сумесна з ЗША, інш. членамі НАТО.

І.І.Пірожнік, Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы).

Герб і сцяг Іарданіі.
Да арт. Іарданія. Агульны выгляд г. Аман.
Да арт. Іарданія. Тыповы ландшафт на поўдні краіны.

т. 7, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)