КУЛАКО́ЎСКІ (Аляксей Мікалаевіч) (24.12.1913, в. Кулакі Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 9.4.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1974). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў у прэсе. У 1953—58 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1965 нам. адказнага сакратара, адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1977 дырэктар Літ. музея Я.Купалы. Друкаваўся з 1932. Людзям пасляваен. вёскі прысвяціў першы зб. апавяданняў «Сад» (1947), маладым рабочым — аповесць «Гартаванне» (1948). Складаныя гасп. і духоўныя праблемы вёскі, чалавек працы, яго клопаты і турботы, багаты ўнутр. свет у зб-ках «Новыя сустрэчы» (1950), «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), «Незабыўнае рэха» (1956) і аповесці «Тры зоркі» (1963). Значнасцю грамадскай праблематыкі, высокім этычным пафасам, маст. дасканаласцю вылучаецца аповесць «Нявестка» (1956). Аповесці «Тут я жыву...» (1960), «Расце мята пад акном» (1966), зб-кі «Першае чаканне» (1965), «Родныя шыроты» (1978), раман «Васількі» (1979) адлюстроўваюць жыццё горада з першых пасляваен. гадоў. Вайна ў яе суровым і мужным абліччы ў рамане-дылогіі «Расстаёмся ненадоўга» (1953—54) і «Сустрэчы на ростанях» (1961—62), рамане «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), аповесцях «Да ўсходу сонца» (1957), «Твой шлях перад табою» (1965), «Дзе каму жыць» (1971), «Маршрут ад Клічава» і «Хлебарэз» (абедзве 1983). У аповесці «Дабрасельцы» (1958) моцна выявіўся сатыр. пачатак. Яго творам уласцівы асаблівая ўвага да бытавой дэталі, паказ сацыяльна і грамадска значнага праз штодзённыя людскія клопаты, турботы, у яркіх быт. карцінах і характарах і ўзаемаадносінах. Зрабіў літ. запіс кнігі В.І.Казлова «Людзі асобага складу» (1952). На бел. мову перакладаў творы рус., укр., узб. і інш. пісьменнікаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1970—71;
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1984;
Белы Сокал: Аповесці. Мн., 1985;
Тры зоркі: Аповесці. Мн., 1988.
Літ.:
Гусак С.А. Аляксей Кулакоўскі. Мн., 1967;
Пашкевіч Н. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965. С. 265—349;
Канэ Ю. Дзень сённяшні. Мн., 1962. С. 185—220;
Герцовіч Я. Творчае крэда. Мн., 1970. С. 118—150;
Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі Мн., 1997. С. 143—153.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЎЦО́Ў (Макар) (сапр.Касцевіч Макар Мацвеевіч; 18.8.1891, в. Баброўня Гродзенскага р-на — 1939),
дзеяч бел.нац.-вызв. руху, паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), працаваў настаўнікам на Гродзеншчыне. З 1915 у арміі. Ад салдацкага к-та 44-га армейскага корпуса Паўд.-Зах. фронту абраны дэлегатам на Усебеларускі з’езд 1917. У 1917—19 у Мінску. З 1918 чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1919 па заданні Мін-вабел. спраў у Літоўскім урадзе стварыў бел. органы ўлады ў Сакольскім пав. Гродзенскай губ. Са снеж. 1919 уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі. Аўтар верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920, Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). З 1921 настаўнічаў у Вільні, займаўся літ. грамадскай дзейнасцю, удзельнічаў у рабоце Беларускага навуковага таварыства. У 1926 быў арыштаваны польск. ўладамі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР з кастр. 1939 працаваў у рэдакцыі газ. «Віленская праўда». У канцы 1939 арыштаваны. Далейшы лёс невядомы. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. Выступаў пад псеўд. Дзын-Дзылін, Звончык, Макар, Язэп Светазар, Picolo, Smreczyński; крыпт. З-ык, К.М., Кр.М., М.К. Друкаваўся ў газ. «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларусь», «Беларуская крыніца», «Родны край», час. «Рунь», «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» і інш. Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, У.Жылкі, К.Буйло, Цёткі і інш., успамінаў пра сучаснікаў, дзеячаў нац.-вызв. руху І.Луцкевіча, А.Астрамовіча, П.Крачэўскага, А.Гаруна, а таксама пра Усебел. з’езд 1917. Пераклаў на бел. мову многія творы М.Гогаля, М.Горкага, М.Зошчанкі, А.Купрына, М.Лермантава, А.Міцкевіча, Л.Талстога, Г.Сянкевіча, Т.Шаўчэнкі і інш. Рукапісы К. часткова зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы, Цэнтр.навук. б-цы Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Гарэцкі М. Макар Краўцоў // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Вільня, 1920;
Гесь А. Макар Краўцоў пра Усебеларускі з’езд // Спадчына. 1996. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІКІ,
прадстаўнікі адной з плыней рас. грамадскай думкі 1840—50-х г., якія выступалі за развіццё Расіі па зах.-еўрап. шляху. Сярод З. пераважалі дваране, былі таксама разначынцы і выхадцы з багатага купецтва. Да З. належалі: літаратары П.Я.Чаадаеў, І.С.Тургенеў, М.А.Мельгуноў, В.П.Боткін, П.В.Аненкаў, вучоныя Ц.М.Граноўскі, С.М.Салаўёў, К.Дз.Кавелін, І.В.Вярнадскі і інш., прымыкалі пісьменнікі Дз.В.Грыгаровіч і І.А.Ганчароў, В.М.Майкаў, М.А.Някрасаў, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын і інш. У грамадскай барацьбе супраць «тэорыі афіцыйнай народнасці» і ў ідэйных спрэчках са славянафіламі 1840-х г. на баку З. выступалі і атаясамлівалі сябе з імі А.І.Герцэн, М.П.Агароў, В.Р.Бялінскі. З. супрацоўнічалі ў часопісах «Отечественные записки», «Современник», «Русский вестник», «Атеней», газ. «Московские ведомости» і інш. На філас. погляды З. значны ўплыў зрабілі творы зах.-еўрап. філосафаў Ц.Штрауса, Г.Гегеля, В.Баўэра, Г.Бокля і інш. Аснова іх светапогляду — запазычанае ў асветнікаў прызнанне вядучай ролі чалавечага розуму ў пазнанні, філас. асэнсаванні і практ. засваенні рэчаіснасці. Гіст. працэс З. ўспрымалі як прагрэс грамадства ад горшага да лепшага. Яны сцвярджалі самакаштоўнасць чалавечай асобы як носьбіта розуму, не прымалі патрыярхальную ідэю «сямейнага адзінства» памешчыкаў і іх прыгонных, былі прыхільнікамі хутчэйшага вызвалення сялян. З. лічылі «справядлівым» тое грамадства, дзе створаны ўсе ўмовы для існавання і самарэалізацыі асобы, крытычна ставіліся да парадкаў і сац. адносін у Зах. Еўропе, тлумачылі «заходні» шлях Расіі як перайманне лепшых рысаў зах.-еўрап. цывілізацыі. З. падзяляліся на т. зв. лібералаў (большасць), якія выступалі за мірныя, рэфарматарскія шляхі змен, і радыкалаў (лідэры А.І.Герцэн, і М.П.Агароў), якія дапускалі магчымасць рэв. змен у грамадстве. У 1860-я г. паміж радыкальнымі і ліберальнымі З. адбыўся рашучы разрыў. Многія тэарэт. палажэнні, выпрацаваныя З., сталі ідэалаг. асновай шэрагу радыкальных і ліберальных плыней рас. грамадскай думкі.
Літ.:
Сладкевич Н.Г. Очерки истории общественной мысли России в конце 50-х — начале 60-х гг. XIX в. Л., 1962;
Щукин В.Г. Русское западничество сороковых годов XIX в. как общественно-литературное явление. Краков, 1987;
Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ ДЗВІНА́ (у Латвіі Даўгава),
рака ў Расіі, Беларусі і Латвіі. Даўж. 1020 км, пл. вадазбору 87,9 тыс.км² (у межах Беларусі адпаведна 328 км і каля 33,1 тыс.км²). Пачынаецца з воз. Каракіна (Цвярская вобл., Расія) на Валдайскім узв., за 14 км ад вытоку Волгі. Упадае ў Рыжскі зал. Балтыйскага м. (Латвія). Цячэ на Беларусі пераважна з У на З па Суражскай нізіне, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узв. і на большым сваім працягу па Полацкай нізіне. Асн. прытокі; Таропа (Расія), Обаль, Палата, Дрыса (Беларусь), Айвіекстэ (Латвія) — справа, Мёжа (Расія), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (Беларусь) — злева. Са стараж. часоў З. Дз. — важны гандл.шлях, у 9—11 ст. тут праходзіў адзін з напрамкаў шляху з «варагаў у грэкі». Даліна выразная, месцамі глыбокаўрэзаная або невыразная, шыр. ў верхнім цячэнні 300—900 м, у сярэднім (у межах Беларусі) — 1—1,5 км, у ніжнім — 5—6 км. Пойма пераважна двухбаковая, у вярхоўі перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах. Рэчышча ўмерана звілістае, на Беларусі звілістае, месцамі з парогамі: вышэй Віцебска (Вярхоўскі парог), каля г. Дзісна (Дзісенскія парогі) і г. Верхнядзвінск. Шыр. ракі 15—20 м у вярхоўі, 100—150 м на Беларусі (каля г.п. Друя 700 м), у Латвіі 200—300 м каля г. Даўгаўпілс, 700 м каля Рыгі. Вусцевая вобласць — эразійная дэльта. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое, вял. доля грунтавога. Ледастаў з 1-й дэкады снеж. да 1-й дэкады красавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 60—70 дзён. Летне-асенняя межань (4—5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі. Зімовая межань (70—80 дзён) устойлівая. Сярэднегадавы расход вады каля Віцебска 223 м³/с, пры выхадзе за мяжу Беларусі 441 м³/с, у вусці 666 м³/с. Выкарыстоўваецца як крыніца водазабеспячэння. Суднаходства ў сярэднім цячэнні ад г. Веліж да г. Верхнядзвінск, у ніжнім — на асобных участках. Створаны Даўгаўпілская, Кегумская, Плявінская, Рыжская ГЭС. З. Дз. злучана Бярэзінскай воднай сістэмай (не дзейнічае) з бас. Дняпра. На рацэ гарады Веліж (Расія), порт Віцебск, Полацк, Наваполацк, Дзісна, Верхнядзвінск (Беларусь), Даўгаўпілс, Екабпілс, Яўнелгава, марскі порт Рыга (Латвія).
А.А.Макарэвіч.
Рака Заходняя Дзвіна каля гарадскога пасёлка Руба Віцебскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛЮ́К (Валерый Васілевіч) (н. 30.3. 1953, в. Ропна Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. рэжысёр. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). З 1979 рэжысёр Бел.т-ра імя Я.Коласа (у 1993—96 дырэктар і да 1997 маст. кіраўнік). У 1981—83 працаваў гал. рэжысёрам Магілёўскага абл., у 1983—91 Дзярж.рус.драм. т-раў. У рэжысуры спалучае псіхалагізацыю характараў з вобразнай умоўнасцю сучаснай тэатр. эстэтыкі. Лепшыя спектаклі М. вызначаюцца яркай відовішчнасцю, метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, уменнем раскрыць акцёрскую індывідуальнасць. Сярод пастановак: у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Клеменс» К.Саі і «Стары дом» А.Казанцава (1980), «Закон вечнасці» паводле Н.Думбадзе (1981), «Кароль Лір» У.Шэкспіра (1994), «Размова ў доме Штайн пра гэра фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма» П.Хакса (1995), «Жаніцьба» М.Гогаля і «Час быка» Саі (1996), «Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка (1998); у Магілёўскім абласным драм. т-ры (у спектаклях выступаў і як акцёр) — «Візіт дамы» Ф.Дзюрэнмата (1981), «Тутэйшыя» паводле твораў Я.Купалы (і роля Мікіты Зносака), «Каханне, джаз і чорт» Ю.Грушаса (роля Андруса) і «А хтосьці выпаў з гнязда» паводле Д.Васермана (роля Мак Мэрфі; 1982); у Дзярж.рус.драм. т-ры — «Гамлет» У.Шэкспіра, «Усё ў садзе» Э.Олбі і «Бабскае царства» Ю.Нагібіна (1984), «Знак бяды» паводле В.Быкава (1985; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Апошні наведвальнік» У.Дазорцава і «Царства зямное» Т.Уільямса (1986), «Начныя карлікі і Антыгона» Л.Разумоўскай і «Ноч анёла» А.Розанава (1987), «Майстры» А.Дударава паводле М.Булгакава і «І быў дзень...» («Сметнік») Дударава (1988). Аўтар п’ес «Судны дзень» (разам з В.Казько, паст. 1982), «Начное рандэву», «Чароўная кашуля» (абедзве паст. ў 1992), «Вялікая сумная рыбіна, якая чакае» (паст. 1995), «Пакахай мяне, салдацік» паводле аповесці Быкава (паст. 1997), «Кацігарошак» паводле бел. фальклору (паст. 1998), «Пад сонцам» (паст. 1999), вершаў у зб. «Сцяжына» (1983).
Літ.:
Гаробчанка Т. Свой шлях у мастацтве // Мастацтва Беларусі. 1984. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КПЗБ.
Адбыўся 25.6—25.7.1928 у пас. Арэхаўск Аршанскага р-на. Прысутнічалі 31 дэлегат з рашаючым і 21 з дарадчым голасам ад амаль 2 тыс. членаў партыі Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай, Гродзенскай і Пінскай акр. арг-цый КПЗБ. Выканком Камінтэрна на з’ездзе прадстаўляў В.С.Міцкявічус-Капсукас, КПП — В.Кастшэва, А.Варскі, Ю.Ленскі, Э.Прухняк, КП(б)Б — В.Г.Кнорын, М.М.Галадзед, КСМЗБ — М.А.Давідовіч. Прысутнічаў таксама прадстаўнік ад КПЗУ. Парадак дня: справаздачы ЦК КПП (Кастшэва); ЦККПЗБ (С.Т.Мілер); ЦК КСМЗБ (Давідовіч); паліт. сітуацыя і задачы партыі [І.К.Лагіновіч (П.Корчык)]; аб рабоце ў вёсцы, у прафсаюзах, сярод моладзі; арганізац. пытанні. З’езд прызнаў паліт. лінію ЦККПЗБ, як і ЦК КПП, у асн. правільнай. Адначасова канстатаваў, што фактычная падтрымка ЦК КПП і ЦККПЗБваен. перавароту Ю.Пілсудскага ў маі 1926 з’явілася гал. прычынай узнікнення фракцыйнай барацьбы ў кіраўніцтве партыі. Як дадатны момант падкрэслівалася, што ў справаздачны перыяд партыя зрабіла буйны крок на шлях бальшавізацыі, вырасла ідэйна, палітычна і арганізацыйна. У якасці тактычнай лініі КПЗБ упершыню прызнавалася неабходнасць узмацнення барацьбы ў абарону дэмакр. правоў і свабод, разгортвання масавага руху на аснове патрабаванняў дэмакр. характару. Перад партыяй была пастаўлена задача заваяваць большасць пралетарыяту, асабліва ў буйных прамысл. цэнтрах, ствараць на ф-ках і з-дах ячэйкі КПЗБ, узмацніць барацьбу за 8-гадзінны рабочы дзень, павышэнне зарплаты і інш. У сял. пытанні з’езд указаў на неабходнасць спалучэння барацьбы прац. сялянства за зямлю без выкупу з неадкладнымі патрэбамі і клопатамі сялян. У пытанні нац.-вызв. руху адзначалася, што КПЗБ арганізуе барацьбу прац. мас пад лозунгам самавызначэння Зах. Беларусі аж да аддзялення ад Польшчы і ўз’яднання з БССР у адзінай сав. дзяржаве. З’езд выбраў ЦККПЗБ: чл. А.А.Альшэўскі, М.А.Блінчыкаў, С.Я.Будзінскі, С.К.Гарбуз, Г.М.Дуа, А.У.Канчэўскі, Лагіновіч, Мілер, М.Л.Перавалоцкі, А.М.Розенштайн, А.С.Славінскі; канд. ў чл. Л.І.Родзевіч, М.М.Словік і інш.
Літ.:
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАС (Зоська) (сапр.Сівіцкая Людвіка Антонаўна, па мужу Войцік; 30.9.1892, мяст. Мяджыбаж Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 8.10.1991),
бел. пісьменніца, грамадска-культ. дзяячка. Скончыла прыватную жаночую гімназію ў Гродне (1912), агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве (1914). У 1909—13 удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел.нац. к-це, у Цэнтр. радзе бел. арг-цый, Бел.сацыяліст. грамадзе. З 1918 у дзедавым фальварку Альхоўнікі на Сакольшчыне (Беласточчына). З 1923 жыла ў Вільні. Працавала адміністратаркай газет Бел. сялянска-работніцкай грамады. Друкавацца пачала ў час. «Подснежник» (Кіеў, 1907). На бел. мове выступіла ў 1911 з абразкамі ў «Нашай ніве» пад псеўд. Мірко. Удзельнічала ў выданні альманаха «Колас беларускай нівы» (Гродна, 1913). Выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» (Вільня, 1924, перавыд. ў Мінску 1992). Вынесла з віленскай турмы «Лукішкі» вершы М.Машары і выдала за свой кошт яго першы зб. «Малюнкі» (1928). З 1928 старшыня Бел.каап. пчалярскага т-ва «Пчала». Рэдагавала дзіцячыя час.«Заранка» (1927—31) і «Пралескі» (1934—35), с.-г.час.«Беларуская борць» (1934—38). У прэсе змяшчала вершы і апавяданні, у віленскіх бел. адрыўных календарах 1926—39 — парады па агародніцтве, садоўніцтве, пчалярстве, жаночай гаспадарцы. Уклала зб. «Садок для нашых дзетак» (Вільня, 1927, з М.Бучынскай). Для дзіцячага тэатра з укр. мовы пераклала п’есы Р.Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю.Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з рус. «Лясныя хаткі» В.Біянкі (Вільня, 1931, выйшла без імя перакладчыка). Аўтар успамінаў пра М.Багдановіча, У.Галубка, Ядвігіна Ш., Г.Леўчыка і інш.
Тв.:
Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985;
[«Заранка»] // Полымя. 1968. № 4;
Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975;
Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976;
Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980;
Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981;
Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.;
Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6;
Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.
Літ.:
Лойка А.А. Зоська Верас // Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2;
Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЧА́НІН (Ігнат Сымонавіч) (8.6.1895, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.12.1937),
бел.літ.-знавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Пражскі ун-т (1925) са ступенню д-ра філасофіі. З 1912 настаўнік. У 1915—17 на вайсковай службе. У 1918 сакратар культ.-асв. аддзела Бел.нац. камісарыята ў Маскве. У 1919—20 вёў культ.-асв. работу ў Дзятлаўскім пав., за што зняволены ўладамі Польшчы ў Беластоцкі канцлагер. У 1921 арганізаваў у Даўгаўпілсе бел. настаўніцкія курсы, дзе чытаў лекцыі па бел. мове і л-ры, стварыў бел. тэатр, калектыў і хор. З 1926 у Вільні. Выкладаў бел. л-ру ў бел. гімназіі. Выконваў даручэнні Цэнтр. сакратарыята Бел. сялянска-рабочай грамады. Уваходзіў у Гал. ўправу ТБШ (1926—30). У 1928 выбраны паслом у польскі сейм па спісе рабоча-сялянскага блока. У выступленнях на сейме, мітынгах абараняў сац. і нац. правы народа Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў, нам. старшыні рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30). За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны, у 1930 засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай з 1932 у Мінску Працаваў у АНБССР (у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі). У 1933 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Дэбютаваў вершамі ў 1917. Вершы Д. публікаваліся ў час. «Наш шлях», «Прамень», «Студэнцкая думка» і інш. У іх балючы драматызм, горкая развага пра нягоды і страты свайго народа, рамантычная вера ў светлы дзень. Публіцыстыка Д. — яркая старонка барацьбы за адраджэнне нац. культуры, сац. і нац. правоў роднага народа. У 1927 выдаў у Вільні «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)», якая адыграла вял. ролю ў школьным навучанні і патрыят. выхаванні. Пад псеўд. І.Гудок пераклаў на бел. мову паэму А.Блока «Дванаццаць» (Вільня, 1926).
Тв.:
[Вершы] // Ростані волі. Мн., 1990;
Бел.пер. — Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве. Мн., 1991.
Літ.:
Бергман А. Ігнат Дварчанін // Беларускі каляндар 1978. Беласток, 1978;
Крывіцкі Л. (Л.А.Луцкевіч) Адкапаў праўду Беларусі // Беларускі каляндар, 1982. Беласток, 1982;
Міско Я. «Ласкі панскай не трэба...» // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІЯ АДНО́СІНЫ,
сістэма сувязей, што забяспечвае функцыянаванне розных сфер грамадскага жыцця (эканам., сац., паліт., прававой, культ. і інш.), а таксама ўсяго грамадства. Удзельнікамі (суб’ектамі) грамадскіх адносін выступаюць: само грамадства, яго ін-ты (дзяржава, сям’я, грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і інш.), сац. (класы, слаі) і дэмаграфічныя групы, нац. і этн. супольнасці (нацыя, народнасць, нац. меншасць, этнас), аб’яднанні людзей па рэліг. і інш. прыкметах, а таксама індывідуумы. Асновай узнікнення, існавання і спынення грамадскіх адносін у канкрэтных выпадках з’яўляюцца агульныя (грамадскія) і спецыфічныя (прыватныя) патрэбы, інтарэсы і воля ўдзельнікаў. Падзяляюцца на віды па розных крытэрыях: у залежнасці ад сферы грамадства (гасп., паліт., сямейныя і інш.), па суб’ектах (дзярж.-паліт., класавыя, нац. і інш.), па спосабе рэгулявання грамадскага жыцця (прававыя, маральныя), па метадзе ўздзеяння на паводзіны людзей (уладарныя і заснаваныя на перакананні), па характары (стыхійныя і мэтанакіраваныя). Могуць набываць розныя формы выяўлення, адрознівацца працягласцю, ахопам грамадскіх з’яў і інш. прыкметах. Характэрная рыса грамадскіх адносін — іх супярэчлівасць, якая можа праяўляцца і ўнутры кожнага канкрэтнага віду грамадскіх адносін, і паміж іх рознымі відамі. Характар супярэчнасцей (наяўнасць або адсутнасць антаганізму) абумоўлівае спосаб іх вырашэння, і, адпаведна, шлях далейшых змен і развіцця сістэмы грамадскіх адносін ці яе асобных элементаў (эвалюцыйны ці рэвалюцыйны). Прыхільнікі матэрыялізму падзяляюць усе грамадскія адносіны на матэрыяльныя (іх лічаць вызначальнымі, першаснымі) і ідэалагічныя (іх лічаць вытворнымі, другаснымі). Такі падзел узыходзіць да вучэння К.Маркса і Ф.Энгельса пра базіс і надбудову, у адпаведнасці з якімі матэрыяльныя і ідэалаг. грамадскія адносіны выступаюць таксама як базісныя (вытворчыя адносіны) і надбудовачныя (паліт., прававыя, маральныя і інш.); кожнаму гістарычнаму тыпу грамадства ўласціва спецыфічная сістэма базісных і надбудовачных грамадскіх адносін. Альтэрнатыўнае матэрыялістычнаму разуменне іерархіі грамадскіх адносін кладзе ў яе аснову іх сувязь з праяўленнем разумнага пачатку ў развіцці чалавечага грамадства і, па сутнасці, здымае пытанне пра прыярытэтнае значэнне якога-н. канкрэтнага віду грамадскіх адносін.
Літ.:
Барулин В.С. Социальная жизнь общества: Вопр. методологии. М., 1987;
Попов С.К. Общественные законы: Сущность и классификация. М., 1990;
Матусевич А.В. Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994.
міжнароднае аб’яднанне камуніст. партый і блізкіх да іх арг-цый розных краін у 1919—43. Засн. ў сак. 1919 у Маскве па ініцыятыве рас. камуністаў (бальшавікоў) на чале з У.І.Леніным ва ўмовах уздыму рэв. руху ў свеце пасля 1-й сусв. вайны. Аб’ядноўваў леварадыкальнае крыло міжнар. рабочага руху (на час правядзення апошняга VII кангрэса ў 1935 уваходзіла 76 камуніст. партый і 4 групы — усяго 3 млн. 141 тыс.чл.), а таксама міжнар. арг-цыі Камуністычны інтэрнацыянал моладзі, Міжнар.арг-цыя дапамогі барацьбітам рэвалюцыі, Чырв. Інтэрнацыянал прафсаюзаў і інш. Паводле статута 1920 лічыўся адзінай цэнтралізаванай сусв.камуніст. партыяй, а партыі і арг-цыі, што дзейнічалі ў розных краінах, — яе секцыямі [бел. камуністаў прадстаўлялі секцыі ВКП(б) і КПЗБ]. Запазычыўшы паліт. платформу ў бальшавікоў, К.І. прызнаваў рэв.шлях барацьбы працоўных за свае правы, бачыў сваю задачу ў падрыхтоўцы і ажыццяўленні сусв.сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленні сусв. дыктатуры пралетарыяту. Гэта абумовіла адмоўнае стаўленне кіраўніцтва К.І. да сацыял-рэфармісцкіх партый і рухаў, вяло да самаізаляцыі камуніст. руху. Намагаючыся выправіць гэта становішча, VII кангрэс К.І. (1935) заклікаў да аб’яднання ўсіх антыфаш. сіл (найперш камуністаў з сацыял-дэмакратамі), здзяйснення тактыкі адзінага рабочага фронту на антыфаш. аснове і надання большай самастойнасці партыям. Аднак у 1936—39 зноў узмацніліся тэндэнцыі дагматызму і сектанцтва ў кіруючых органах К.І. У 1938 Выканком К.І. неабгрунтавана распусціў камуніст. партыі Польшчы, Зах. Беларусі, Зах. Украіны. Ва ўмовах 2-й сусветнай і Вял.Айч. вайны СССР супраць фаш. Германіі па ініцыятыве Сталіна Прэзідыум Выканкома К.І. 15.5.1943 прыняў рашэнне аб роспуску К.І. За гады яго актыўнай дзейнасці (1919—39) колькасць камуністаў у свеце вырасла з 340—360 тыс. да 4202 тыс.чал. Вышэйшы орган К.І. — кангрэс (усе адбыліся ў Маскве ў 1919, 1920, 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т, а з 1921 і яго Прэзідыум (знаходзіліся ў Маскве); на VII кангрэсе (1935) уведзена пасада ген. сакратара Выканкома К.І., якую займаў Г.Дзімітроў. Лідэрамі К.І. былі таксама Р.Я.Зіноўеў, Дз.З.Мануільскі, П.Тальяці і інш.Гал. друкаваны орган -т час. «Коммунистический Интернационал» (выдаваўся ў 1919—43 на рус., англ., ням., франц., ісп. і кіт. мовах).
Літ.:
Коминтерн и вторая мировая война. Ч. 1. До 22 июня 1941 г.М., 1994.