МА́СЛЕНІКАЎ (Уладзімір Паўлавіч) (н. 12.1.1956, Мінск),

бел. жывапісец. Сын П.В.Масленікава. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). Творы вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, лірычным настроем, стрыманай жывапіснай палітрай, пошукамі выразных танальных вырашэнняў. Сярод пейзажаў: «Захад» (1989), «Зямля дзядоў», «Навальніца» (абодва 1993), «Цішыня», «Ліпень», «Восень у Драздах», «Верасень» (усе 1994), «Прыпяць» (1995), «Магілёў. Падніколле», «Дняпроўскія далячыні» (абодва 1996), «Княжыцы», «Бярэзіна» (абодва 1997), «На радзіме бацькі» (1999). Аўтар партрэтаў рэжысёра В.​Маслюка (1987), «Мае бацькі. Май 1945» (1995), В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (1998), некалькіх партрэтаў бацькі.

Літ.:

Фатыхава Г. Жывыя традыцыі — творчасць няспынная // Мастацтва. 1996. № 10.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Масленікаў. Партрэт бацькі. 1995.

т. 10, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСПЕРО́ ((Maspéro) Анры) (15.12.1883, Парыж — 17.3.1945),

французскі гісторык і філолаг, кітаязнавец, спецыяліст па мовах і гісторыі краін Індакітая. Сын Г.К.Ш.Масперо. З 1908 выкладчык, з 1911 праф. Франц. школы Д. Усходу ў г. Ханой (В’етнам), з 1920 праф. кіт. мовы і л-ры Калеж дэ Франс у Парыжы. З 1935 чл., з 1944 прэзідэнт франц. Акадэміі надпісаў. Аўтар больш як 150 прац, прысвечаных Кітаю і Індакітаю, у т. л. кн. «Старажытны Кітай» (1927, ахоплівае гісторыю і культуру Кітая з 12 да 3 ст. да н.э.), «Кітайская мова» (1931). Загінуў у лагеры смерці Бухенвальд.

т. 10, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАІ́Л АЛЯКСА́НДРАВІЧ (1333, г. Пскоў, Расія — 26.8.1399),

вялікі князь Цвярскога княства [1365—99, з перапынкамі]. Сын вял. цвярскога кн. Аляксандра Міхайлавіча. Двойчы (1368 і 1370) быў скінуты з прастола вял. маскоўскім кн. Дзмітрыем Іванавічам Данскім і хаваўся ў ВКЛ (яго сястра была жонкай вял. князя літоўскага Альгерда). У 1372 пры дапамозе войск ВКЛ вярнуў сабе цвярскі прастол. МА. — апошні вял. цвярскі князь, які змагаўся з Масквой за Уладзімірскае вял. княжанне, валоданне якім фармальна азначала паліт. панаванне ў Паўн.-Усх. Русі. У 1370—71 і 1375 атрымліваў вялікакняжацкія ярлыкі ў Залатой Ардзе, але замацавацца на Уладзімірскім прастоле не здолеў.

т. 10, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́Ў РАМА́НАВІЧ (у хрышчэнні Барыс, мянушка Стары; ? — 1223),

князь. Сын вял. князя кіеўскага Рамана Расціславіча (? — 1180), які, паводле В.​М.​Тацішчава, «пакінуў пасля сябе сына Мсціслава, якому збудаваў горад Мсціслаў у вобласці Смаленскай і там загадаў яму пад уладаю стрыя яго быць». У 1197 Давыд Расціславаіч завяшчаў яму Смаленск, у якім М.Р. княжыў да 1212—14. У 1210 заключыў гандл. дагавор з Рыгай. Паміж 1212—14 захапіў Кіеў, у 1219 перайшоў на княжанне ў Галіч, а кіеўскі пасад перадаў Уладзіміру Рурыкавічу. Пазней вярнуўся княжыць у Кіеў. Загінуў у бітве з мангола-татарамі на р. Калка.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 10, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЦЕ́ЛЬСКІ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 12.6.1947, в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1992). Сын М.У.Мяцельскага. Скончыў БДУ (1970). З 1970 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. Навук, працы па камбінаторнай аптымізацыі, выліч. геаметрыі і абагульненнях выпукласці. Распрацаваў эфектыўныя метады рашэння шэрагу задач камбінаторнай аптымізацыі, тэарэт. асновы частковай выпукласці ў канечнамернай прасторы.

Тв.:

Размещения изотетических блоков, оптимальные по оболочечным критериям (разам з В.​С.​Крыкуном) // Докл. АН СССР. 1991. Т. 317, № 2;

Частичная выпуклость (разам з В.​М.​Мартынчыкам) // Мат. заметки. 1996. Т. 60, вып. 3.

т. 11, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РБУТ (Людвік Тэадоравіч) (7.9.1832, в. Шаўры Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.5.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі і Літве. Сын Т.Нарбута. У 1850 за рэв. дзейнасць сасланы радавым на Каўказ. Пасля на радзіме, афіцэр у адстаўцы. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных». У 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав., адзін з першых у Беларусі сфарміраваў атрад, на чале якога 3 месяцы (люты—крас.) вёў барацьбу супраць урадавых войск. У атрадзе Н., які падтрымлівалі сяляне, былі мастак М.Андрыёлі і, магчыма, Ф.​Багушэвіч. Паўстанцкія ўлады прысвоілі Н. званне палкоўніка. Загінуў у баі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЙСТРАХ (Ігар Давыдавіч) (н. 27.4.1931, г. Адэса, Украіна),

расійскі скрыпач. Засл. арт. Расіі (1968). Нар. арт. Расіі (1978). Нар. арг. СССР (1989). Сын і вучань Д.Ф.Ойстраха. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1955), у 1958—75 выкладаў у ёй. З 1957 саліст Маскоўскай філармоніі. Выступае і як ансамбліст. Першы выканаўца многіх твораў айч. і замежных сучасных кампазітараў, у т. л. прысвечаных яму. Адначасова выступае як альтыст і дырыжор. Найб. вядомы яго дырыжорскія інтэрпрэтацыі твораў Л.​Бетховена. Ганаровы чл. т-ваў Бетховена ў Боне і Э.​Ізаі ў Бруселі. Лаўрэат Міжнар. конкурсу скрыпачоў імя Г.​Вяняўскага (Познань, Польшча, 1952).

І.Д.Ойстрах.

т. 11, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАРЭ́ЛЬСКІ (Антоній) (сапр. Пяроўскі Аляксей Аляксеевіч; 9.7.1787, Масква — 21.7.1836),

рускі пісьменнік. Акад. Рас. АН (з 1829). Пабочны сын графа А.​К.​Разумоўскага. Скончыў Маскоўскі ун-т (1807). З 1820 член Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці. Аповесць «Лафертаўская макоўніца» (1825) пра жыццё мяшчан. На ўкр. этнагр. матэрыяле напісаны цыкл рамант. аповесцей і апавяданняў «Двайнік, або Мае вечары ў Маларосіі» (1828), раман «Манастырка» (1830—33). Аўтар рамана «Магнетызёр» (1830, не завершаны), аповесці-казкі для дзяцей «Чорная курыца, ці Падземныя жыхары» (1829, аднайм. фільм 1980). Пісаў вершы.

Тв.:

Избранное: Проза. Стихотворения. М., 1988;

Двойник: Избр. произв. Киев, 1990;

Волшебные повести. М., 1992.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ДЗІН (Аляксандр Уладзіміравіч) (10.9.1885, Масква — 6.12.1972),

украінскі і расійскі вучоны-біяхімік, заснавальнік укр. навук. школы біяхімікаў. Акад. АН Украіны (1929), АН СССР (1942), АМН СССР (1944), ганаровы акад. АН Беларусі (1947) і інш. замежных акадэмій. Герой Сац. Працы (1955). Сын У.І.Паладзіна. Скончыў Пецярб. ун-т (1908). У 1916—54 праф. ВНУ у Кіеве і Харкаве. Адначасова з 1925 у Ін-це біяхіміі АН Украіны (дырэктар). З 1939 віцэ-прэзідэнт, у 1946—62 прэзідэнт АН Украіны. Навук. працы па біяхіміі вітамінаў, мышачнай і нерв. сістэм. Сінтэзаваў аналаг вітаміну K — вікасол, заклаў асновы функцыян. біяхіміі галаўнога мозга. Ленінская прэмія 1929.

А.У.Паладзін.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМПЕ́Й (Секст) (Sextus Pompeius; каля 75—35 да н.э.),

рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Сын Гнея Пампея. Пасля гібелі бацькі ваяваў супраць Цэзара ў Афрыцы (48—46 да н.э.) і Іспаніі (46—44 да н.э.). Пасля смерці Цэзара (44 да н.э.) паводле прапановы Марка Антонія атрымаў ад сената камандаванне флотам. Захапіў Сіцылію і інш. астравы, прымаў збеглых рабоў і выгнаннікаў, блакіраваў з мора Італію. У 43 да н.э. аб’яўлены па-за законам 2-м трыумвіратам. У 36 да н.э. разбіты каля Мілаў і Наўлохі палкаводцам Агрыпай. Уцёк у М. Азію, забіты прыхільнікамі Марка Антонія.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)