РАЗБУРЭ́ННЕ матэрыялаў, кінетычны працэс дэградацыі (пашкоджання) матэрыялаў, які працякае пад уздзеяннем нагрузкі і завяршаецца раздзяленнем аб’екта на часткі. Бывае Р. крохкае і вязкае (пры статычным нагружанні), стомленаснае (пры паўторна-пераменным — цыклічным нагружанні).
Крохкае Р. пры статычным расцяжэнні звычайна суправаджаецца вельмі малымі (раўнамернымі) пластычнымі дэфармацыямі, узнікае раптоўна і развіваецца практычна імгненна (звычайна шляхам адрыву). Вязкаму Р. пры статычным расцяжэнні папярэднічае вял. пластычная дэфармацыя, напр., у мяккай сталі на ўзоры ўтвараецца шыйка. Стомленаснае Р. метал. матэрыялаў пры паўторна-пераменным (цыклічным, выпадковым) нагружанні працяглы час развіваецца без прыкметнай макрапластычнай дэфармацыі і звычайна заканчваецца імгненным даломліваннем узору. Працякае шляхам развіцця стомленаснай шчыліны ў яго небяспечным сячэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАМБІНА́ЦЫЯ (рэ... + камбінацыя) у генетыцы, пераразмеркаванне генет. матэрыялу бацькоў у патомкаў, якое прыводзіць да спадчыннай камбінацыйнай зменлівасці жывых арганізмаў. Універсальны біял. механізм, уласцівы ўсім жывым сістэмам — ад вірусаў да вышэйшых раслін, жывёл і чалавека, важны пры эвалюцыйных ператварэннях. Адбываецца шляхам разыходжання гамалагічных храмасом у меёзе ці ўзаемадзеяннем малекул ДНК, вынікам якога з’яўляецца перанос участкаў ДНК з адной малекулы на другую (Р. ў вузкім сэнсе). Перанос бывае ў саматычных і палавых клетках, узаемным (рэцыпрокная Р.) і аднабаковым (нерэцыпрокная Р.). Для здзяйснення Р. ў эўкарыётаў існуе палавы працэс, у пракарыётаў — кан’югацыя, трансфармацыя і трансдукцыя, у вірусаў — сумесная інфекцыя. Мэтанакіраванае атрыманне рэкамбінатных (гібрыдных) ДНК — аснова генетычнай інжынерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААРГАНІЗА́ЦЫЯ,
працэс узнікнення, узнаўлення і ўдасканальвання складанай дынамічнай сістэмы. Ажыццяўляецца шляхам перабудовы ранейшых ці стварэння новых сувязей паміж элементамі сістэмы. Уласцівасці С. выяўляюцца ў аб’ектах рознай прыроды (жывая клетка, арганізм, біял. папуляцыя, чалавечы калектыў і інш.). Працэсы С. маюць мэтанакіраваны, але натуральны, спантанны характар; працякаюць ва ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем, але адносна незалежныя ад яго. Адрозніваюць 3 тыпы працэсаў С.: самазараджэнне арганізацыі (узнікненне новай цэласнай сістэмы з шэрагу аўтаномных аб’ектаў); падтрымліванне сістэмы на пэўным узроўні арганізацыі пры змене ўнутр. і знешніх умоў яе функцыянавання; удасканальванне і самаразвіццё сістэм. Праблемы С. даследуюцца ў кібернетыцы і сінергетыцы. Гл. таксама Самаарганізавальная сістэма, Самарух, Развіццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІВАЛІ́КСКІЯ ГО́РЫ, Сівалік, Перадгімалаі,
паўднёвая, найб. нізкая ступень Гімалаяў у Індыі і Непале, паміж хрыбтамі Пір-Панджал і Махабхарат. Утвараюць ланцуг паралельных градаў і хрыбтоў, якія цягнуцца з ПнЗ на ПдУ, выш. да 2591 м (г. Саанчалія), даўж. каля 1700 км. Складзены пераважна з жвіру, пясчанікаў, кангламератаў. Рэзка ўзвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай. Ад Вял. Гімалаяў С.г. аддзелены падоўжнымі далінамі. Высокая сейсмічнасць. Глыбока расчлянёны рэкамі. Для зах.ч.паўд. схілу характэрны селевыя патокі, каля ўсх. падножжаў забалочаныя джунглі (тэраі). На схілах — трапічныя лясы: сухія на З, вільготныя на У. Значная ч. схілаў тэрасавана і занята чайнымі плантацыямі. У выніку празмернага выпасу і высечак адбываецца працэс яраўтварэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ ЗЛАЧЫ́НЦЫ,
у міжнародным праве асобы, вінаватыя ў злачынствах супраць міру і чалавецтва, у парушэнні нормаў права ва ўзбр. канфліктах (раней наз. законы і звычаі вайны). Прынцыпы адказнасці ваенных злачынцаў былі ўстаноўлены ў 1945 статутамі Міжнародных ваенных трыбуналаў (гл.Нюрнбергскі працэс, Такійскі працэс), створаных для суда над ням. і яп. ваеннымі злачынцамі 2-й сусв. вайны. Злачынствамі супраць міру з’яўляюцца планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне захопніцкай вайны і інш., супраць чалавецтва — забойствы, вынішчэнне, зняволенне, ссылка, ганенні па паліт., расавых або рэліг. матывах. Да парушэнняў законаў і звычаяў вайны (ваенныя злачынствы) належаць: забойства, катаванне або вываз у рабства цывільнага насельніцтва акупіраванай тэр., забойства і катаванне ваеннапалонных або заложнікаў, бессэнсоўнае разбурэнне гарадоў, вёсак і інш. Для ваенных злачынцаў не існуюць тэрміны даўнасці (напр., паводле міжнар. канвенцыі 1968 вінаватыя ў ваен. злачынствах і саўдзеле ў іх прадстаўнікі дзярж. уладаў і прыватныя асобы нясуць адказнасць незалежна ад часу здзяйснення злачынства), ім не даецца права на прытулак. Ваенныя злачынцы падлягаюць выдачы. На 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя Беларусі перадала спіс вінаватых у злачынствах на акупіраваных бел. землях у час 2-й сусв. вайны (каля 1200 ваенных вязняў), аднак ніхто з іх не быў выдадзены зах. дзяржавамі (ЗША, Канада, ФРГ і інш.) для прыцягнення да адказнасці там, дзе былі ўчынены злачынствы. Рашэннем Савета Бяспекі ААН (1993) створаны Міжнар. трыбунал для разгляду спраў на асоб, якія абвінавачваюцца ў злачынствах на тэр.б. Югаславіі пасля 25.6.1991.
Літ.:
Алексеев Н.С. Злодеяния и возмездие: Преступления против человечества. М., 1986;
Мартыненко Б.А. Нацистские военные преступники в США и других странах НАТО. Киев, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛО́ГІЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ,
сацыялагічная тэорыя, якая вывучае развіццё эканомікі як сац.працэс. Разглядае эканам.працэс як вынік дзейнасці сац. суб’ектаў у галінах вытв-сці, размеркавання, абмену і спажывання матэрыяльных даброт і паслуг. Даследуе ўзаемадзеянне 2 асн. сфер грамадскага жыцця — эканам. і сацыяльнай. Аб’ектам С.э. з’яўляюцца сац. механізмы, якія параджаюць і рэгулююць узаемасувязі паміж сац. і эканам. працэсамі. Катэгарыяльны апарат С.э. складаюць: найб. агульныя катэгорыі, якія адлюстроўваюць асн. характарыстыкі грамадскага ладу (эканам. сфера і эканам. адносіны); катэгорыі сац. механізма развіцця эканомікі і рэгулявання эканам. адносін; катэгорыі, якія канкрэтызуюць змест сац. механізмаў (эканам. свядомасць, эканам. мысленне, сац.-эканам. стэрэатыпы, эканам. інтарэсы, эканам. культура і інш.) і фарміруюць пэўны тып эканам. паводзін сац. суб’ектаў. С.э. грунтуецца на сац.-эканам. законах падзелу працы, перамены працы, канкурэнцыі і інш., якія вызначаюць развіццё сац. з’яў і працэсаў у сферах працы і эканам. жыцця грамадства. Зах. С.э. выходзіць па-за межы адзінага навук. кірунку і ахоплівае найб. актуальныя сац.-эканам. праблемы, вядома пад назвай «сацыялогія эканам. жыцця» (Н.Смелзер, Р.Сведберг, М.Гранавецер). На Беларусі С.э. сфарміравалася ў пач. 1990-х г. у сувязі з узнікненнем рыначнай сістэмы гаспадарання і неабходнасцю вывучэння сац. механізмаў рэгулявання попыту і прапаноў рабочай сілы на рынку працы і сац. вынікаў эканам. рэформ.
Літ.:
Заславская Т.И., Рывкин а Р.В. Социология экономической жизни: Очерки теории. Новосибирск, 1991;
Смелзер Н. Социология: Пер. с англ.М., 1994;
Экономический образ мышления: Реальность и перспективы. Мн., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГУМЕ́НТ (лац. argumentum),
1) суджэнне (або іх сукупнасць), што прыводзіцца ў пацвярджэнне праўдзівасці інш. суджэння, канцэпцыі, тэорыі.
2) У логіцы — пасылка доказу (інакш — падстава або довад доказу); часам аргументам называюць увесь доказ цалкам. Лагічныя довады для абгрунтавання якога-н. палажэння называюць аргументацыяй. Азначае таксама працэс лагічнага доказу ісціннасці якога-н. палажэння (суджэння) пры дапамозе аргумента (аксіём, азначэнняў і выказванняў аб фактах). Аргументацыя ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі пабудовы доказаў (правілы катэгарычнага сілагізму, умоўна-раздзяляльнага, умоўнага сілагізму і інш.). У ёй можа быць выкарыстана адвольная, але канечная колькасць аргумента. Спосаб сувязі аргумента паміж сабой ці з тэзісам (палажэннем, якое аргументуецца) наз. дэманстрацыяй, формай доказу або формай аргументацыі.
цыклічны ферментатыўны працэс утварэння мачавіны з вуглякіслага газу, аміяку і аспарагінавай к-ты ў арганізме чалавека, некаторых пазваночных жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Асн. рэакцыі арніцінавага цыкла ў млекакормячых вывучаны англ. біяхімікамі Х.Крэбсам і К.Хензелейтам (1932 і інш.), адсюль другая назва. Спачатку да арніціну далучаецца карбамілфасфат (макраэргічны прадукт кандэнсацыі аміяку і вуглякіслага газу) з утварэннем цытруліну, да якога затым далучаецца амінагрупа аспарагінавай к-ты, з утварэннем аргініну. Апошні гідралітычна распадаецца на мачавіну і арніцін, які зноў уключаецца ў цыкл ператварэнняў. На біясінтэз адной малекулы мачавіны ў цыкле расходуюцца 2 малекулы АТФ. Біял. значэнне арніцінавага цыкла заключаецца ў вывядзенні з арганізма таксічнага для тканак аміяку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ ((Barrault) Жан Луі) (8.9.1910, Ле-Везінэ, дэп. Івелін, Францыя — 22.1.1994),
французскі акцёр і рэжысёр. Вучыўся на курсах жывапісу ў Луўрскай школе (Парыж). З 1931 у драм. т-ры «Атэлье», адначасова вывучаў мастацтва пантамімы. Працаваў у т-ры «Камеды Франсэз» (1940—46). Разам з жонкай актрысай М.Рэно стварыў сваю трупу (1946), з якой паставіў «Гамлета» У.Шэкспіра, «Працэс» Ф.Кафкі, «Вішнёвы сад» А.Чэхава (і выканаў ролю Трафімава). У 1959—68 узначальваў «Тэатр дэ Франс» (Парыж), дзе паставіў «Насарогаў» Э.Іанеска, «Маленькую пані Мальер» Ж.Ануя і інш. З 1935 здымаўся ў кіно («Дзеці райка», «Вялікае каханне Бетховена», «Фантастычная сімфонія», «Завяшчанне доктара Кардэлье»). Развіваў традыцыі мастацтва пантамімы. Аўтар успамінаў «Роздум пра тэатр» (1949).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕ́ЦІ ((Onetti) Хуан Карлас) (н. 1.7.1909, г. Мантэвідэо, Уругвай),
уругвайскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў новай лац.-амер. прозы. На пачатку творчасці зазнаў уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Аўтар зб-каў апавяданняў «Самае жахлівае пекла» (1962), «Сумная, як яна» (1963), аповесцяў «Калодзеж» (1939), «Для адной безыменнай магілы» (1959), раманаў «Нічыйная зямля» (1941), «Кароткае жыццё» (1950), «Верф» (1961), «Хунтакадаверэс» (1964), «Дадзім слова ветру» (1978), «У тыя часы» (1987) і інш. Паўфантастычныя сюжэтныя сітуацыі ў творах Анеці часам набываюць сімвалічнае гучанне; з глыбокім псіхалагізмам даследуе пачуццё бяссілля, прыгнечанасці, працэс разрыву герояў з рэчаіснасцю варожага свету. Прэмія М.Сервантэса (1980).