КУЛЬТУ́РНЫХ ЦЫ́КЛАЎ ТЭО́РЫЯ,

вучэнне аб змене форм культуры ў гісторыка-сац. і духоўным працэсе развіцця. У 1920—30-я г. ням. культуролаг Л.​Фрабеніус увёў паняцце «культурнае кола», згодна з якім форма культуры характэрна для пэўнай жыццёвай прасторы, ёй вызначаецца кожная культура, якая з’яўляецца самастойнай сутнасцю і праходзіць тыя ж ступені развіцця, што і арганізм (расліна, жывёла, чалавек). У пашыраным сэнсе К.ц.т. вынікае з макрагістарычных даследаванняў найбуйнейшых культ. феноменаў, якія існавалі або існуюць у выглядзе асобных цэласнасцей. Паводле М.​Данілеўскага, гэта культ.-гіст. тыпы, О.​Шпенглера — развітыя культуры, А.​Тойнбі — цывілізацыі, П.​Сарокіна — метакультуры. Яны не звязаны паміж сабой, а ход гісторыі заключаецца ў змене культ.-гіст. тыпаў. Напр., Данілеўскі вылучаў 13 такіх тыпаў, Шпенглер — 8 тыпаў культур, якія дасягнулі паўнаты свайго развіцця, Тойнбі — 23 развітыя, 4 неразвітыя і 5 мёртванароджаных цывілізацый. У канцэпцыі Сарокіна гал. ўвага аддаецца ўтварэнню інтэгральнай культуры, стварэнню «культурных суперсістэм», якія змяняюць адна адну. Шпенглер лічыў, што крызіс ёсць прыкмета завяршэння цыкла, згасанне культуры. Аднак рэальнае развіццё гісторыка-культ. працэсу дазваляе сцвярджаць, што крызіс ёсць прадвесце новай культ. парадыгмы. Напр., у нетрах антычнасці нараджалася новая еўрап. культура сярэдневякоўя. Такім чынам пачынаецца развіццё новага цыкла культуры, а паўтаральнасць, сінхроннасць, цыклічны характар гісторыі культ. працэсаў з’яўляюцца сведчаннем існавання агульнагіст. законаў.

В.​Л.​Салееў.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТ ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,

адносна аднародны ўчастак геагр. абалонкі, які адрозніваецца заканамерным спалучэннем яе кампанентаў, а таксама комплексаў ніжэйшага таксанамічнага рангу (урочышчаў, фацый); адзін з відаў геасістэм. Вывучае Л.г. ландшафтазнаўства. Паняцце Л.г. трактуюць: як прыродны тэр. комплекс, незалежна ад яго складанасці і памераў (мясцовасць, фіз.-геагр. раён, прыродная зона); як участак зямной паверхні, індывідуальны і непаўторны ў прасторы і часе (напр., Асінаўскае балота, Асвейская града); як тыпалагічная катэгорыя, комплекс асобных участкаў пэўнай структуры і паходжання (рачныя даліны, лёсава-яравыя плато). Л.г. даследуюць у 3 кірунках: узаемадзеянне сукупнасці кампанентаў прыродных комплексаў па вертыкальных сувязях (горныя пароды, рэльеф, глебы, падземныя і паверхневыя воды, расліннасць, жывёльны свет, клімат); марфалагічная структура (урочышчаў, фацый і інш. дробных узаемазвязаных комплексаў унутры Л.г.) і гарызантальная будова (сістэмы іерархічна супадпарадкаваных ландшафтных комплексаў, якія дазваляюць праводзіць класіфікацыю Л.г. і ландшафтнае раянаванне; паслядоўная змена стану Л.г. ў часе. У наш час большасць прыродных Л.г. трансфармаваны ў антрапагенны ландшафт. Паводле функцыянальнага выкарыстання адрозніваюць Л.г.: с.-г., лесагасп., прамысловыя, гарадскія, рэкрэацыйныя, запаведныя і інш. Л.г. Беларусі адносяцца да аднаго тыпу — усх.-еўрапейскі (мяшана-лясны), унутры якога вылучаюць падтыпы: барэальны падтаежны (мяшана-лясны) і суббарэальны палескі (шыракаліста-лясны). Л. — найбольш агульны цэласны аб’ект аховы прыроды.

Літ.:

Ландшафты Белоруссии. Мн., 1989.

В.​С.​Аношка.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ, Магілёўскі Станіславаўскі касцёл,

помнік архітэктуры стылю барока ў Магілёве. Пабудаваны ў 1738—52 (да 1783 наз. Ушэсця) на месцы драўлянага касцёла 17 ст. У 1783 касцёл перададзены Магілёўскай архікафедры і стаў вядомы як Станіславаўскі. Спачатку гал.фасад быў 2-вежавы, з фігурным франтонам. У 1788 па ініцыятыве архібіскупа С.​Богуш-Сестранцэвіча гал. фасад рэканструяваны. У выніку перабудовы разабраны завяршэнне барочных вежаў і частка франтона, першапачатковы фасад быў закрыты класіцыстычным 4-калонным іанічным порцікам з трохвугольным франтонам. Да першапачатковага аб’ёму прыбудаваны 3-ярусныя бакавыя крылы, завершаныя 8-граннымі ратондападобнымі вежачкамі. У 19—20 ст. касцёл неаднаразова рамантаваўся, але арх. аблічча ў цэлым заставалася нязменным. Пасля 1860 касцёл становіцца прыходскім. У інтэр’еры захаваўся адзін з найб. разгорнутых фрэскавых цыклаў на тэр. Беларусі. Фрэскавая размалёўка выканана ў 1765—67, 1780-я г. (мастакі Б.​Піятроўскі, А.​Главацкі, вучні-манахі Спаскай царквы Пётр, Лук’ян, Рыгор). У 1860-я г. мастак Фёрст размаляваў сцены касцёла. Кампазіцыі выкананы з выкарыстаннем прынцыпу перспектыўнай прасторы, якія ілюзорна паднімаюць у вышыню арх. формы. Стыль размалёвак разнастайны, выконвалі і паднаўлялі іх розныя майстры. Асн. тэмы — гіст. і біблейскія.

В.​В.​Гліннік, В.​В.​Церашчатава.

Магілёўскі касцёл кармелітаў. Фрагмент.
Да арт. Магілёўскі касцёл кармелітаў. фрагмент размалёўкі скляпення галоўнага нефа.

т. 9, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭ́НЬЯ ((Mantegna) Андрэа) (1431, П’яцола-сул-Брэнта, Італія — 13.9.1506),

італьянскі жывапісец і гравёр ранняга Адраджэння; прадстаўнік падуанскай школы. Вучыўся ў няроднага бацькі Ф.​Скварчоне ў Падуі (1441—48). Зазнаў уплывы Данатэла, А. дэль Кастаньё, венецыянскай школы жывапісу. Вывучаў ант. мастацтва, захапляўся археалогіяй і эпіграфікай. Яго творы адметныя пластычнасцю форм і строгасцю лінейнага ладу, трохвымернасцю перадачы прасторы і аб’ёмаў, велічнай урачыстасцю і драматызмам вобразаў. Размалёўкі капэлы Аветары ў царкве Эрэмітані ў Падуі (1449—55), трыпціх у царкве Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне (1457—59) вызначаюцца архітэктанічнасцю кампазіцыі і смелымі ракурсамі фігур, гарманічным каларытам. З 1460 жыў у Мантуі пры двары Л.​Ганзага. У размалёўках «Камеры дэльі Спозі» ў замку Сан-Джорджа (1474) праз стварэнне ілюзіяністычных эфектаў (імітацыя круглага акна ў столі і інш.) дасягнуў сінтэзу архітэктуры і жывапісу. У серыі манахромных кардонаў «Трыумф Цэзара» (1485—88, 1490—92) аскетызм жывапісу М. вылучаецца асаблівай выразнасцю. Ант. рэмінісцэнцыі ўвасобіў у алегарычна-міфалагічных карцінах «Парнас» (1497), «Самсон і Даліла» (1500-я г.). У палотнах «Св. сям’я са св. Альжбетай і Янам Хрысціцелем» (паміж 1495—1500) і «Мёртвы Хрыстос» (1500) стварыў драм. вобразы, натхнёныя ант. традыцыяй. Графічныя творы: серыя медзярытаў «Бітва марскіх багоў» (каля 1470), малюнак «Юдзіф» (1491) і інш.

Літ.:

Николаева Н.В. А.​Мантенья. М., 1980.

В.​Я.​Буйвал.

т. 10, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ (Яўген Уладзіміравіч) (н. 20.9.1959, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1986, клас І.Лучанка, Дз.Смольскага). Адзін з арганізатараў і дырэктар (1992—96) нац. тэатр.-канцэртнага аб’яднання «Беларуская капэла», з 1996 муз. рэдактар Бел. ін-та праблем культуры. У творчасці звяртаецца да сучасных тэхнік кампазіцыі, яго музыка вылучаецца вытанчанасцю гучання. Асн. творы: кантаты «Бацькаўшчына» на вершы Н.​Гілевіча, Л.​Геніюш (1985), «Званы маёй Русі» на вершы А.​Фета, М.​Рубцова (1986); сімф. паэма «Quo vadis?» (1985), сімфонія «Lux aeterna» памяці Ф.​Скарыны і эскізы «Поразава» (1991) для сімф. арк.; «Музыка для альта і камернага аркестра памяці Станіслава Глякоўскага» (1987), «Dea Luna» (1996), «Барбара Радзівіл» (1999), камерны балет «Людзі святла месяца» (1995); камерна-інстр. — Саната для альта і фп. (1984), «Навела» для гітары і стр. квартэта з керамічнымі званочкамі (1991); канцэрт «Мой ціхі дом» на вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Геніюш (1987), цыклы «Пагода ўжо позняй восені» на вершы Л.​Стафа (1998), «Супрасльскай мадонне» на тэксты з Супрасльскага ірмалагіёна (1999) для хору, вак. цыклы на вершы А.​Гаруна, М.​Багдановіча; электронныя творы «Карозія часу», «Лунаючы ў прасторы». Лаўрэат Рэсп. конкурсу, прысвечанага 500-годдзю з дня нараджэння Скарыны (1991), міжнар. конкурсу «Йіглава—2000» (Прага).

Р.​М.​Аладава.

т. 12, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАВЫ́ КАЦЁЛ,

кацёл для атрымання пары пад ціскам, вышэйшым за атмасферны. Бываюць газа- і вадатрубныя, з шматразовай цыркуляцыяй і праматочныя. Парапрадукцыйнасць да 4000 т/гадз пры ціску пары 25 МПа і больш, ккдз 93—95%.

У газатрубных П.к. газападобныя прадукты згарання паліва праходзяць па стальных трубах, а вада цыркулюе ў міжтрубнай прасторы. Адрозніваюць жаратрубныя (напоўненую вадой прастору — барабан пранізваюць 1—2 жаравыя трубы вял. дыяметра) і дымагарныя (у днішчы гарыз. барабана ўвальцавана мноства дымагарных труб, па якіх праходзяць дымавыя газы). Газатрубныя П.к. выкарыстоўваліся на параходах, паравозах, стацыянарных парасілавых устаноўках і інш. Выцеснены вадатрубнымі П.к., у якіх вада і паравадзяная сумесь рухаюцца па стальных трубах, што абмываюцца звонку газападобнымі прадуктамі згарання паліва. Найб. пашыраны барабанныя вадатрубныя П.к. з верт. размяшчэннем труб. Маюць натуральную або шматразова прымусовую цыркуляцыю вады, 1 або некалькі барабанаў пад ціскам, у якіх адбываецца раздзяленне вады і пары. Прамацёчныя вадатрубныя П.к. — з аднаразовай прымусовай цыркуляцыяй. Складаюцца з вял. колькасці паралельна ўключаных змеевікоў з метал. трубак, вада ў якія падаецца сілкавальнай помпай і на выхадзе катла пераўтвараецца ў перагрэтую пару. Вадатрубныя П.к. выкарыстоўваюцца на цеплавых электрастанцыях і прамысл. кацельных устаноўках.

Схема жаратрубна-дымагарнага (лакамабільнага) паравога катла: 1 — газавая фарсунка; 2 — жаравая труба; 3 — дымагарныя трубы; 4 — засцерагальны клапан.

т. 12, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАЛО́ГІЯ (ад грэч. petros камень + ...логія),

навука, якая вывучае горныя пароды, іх мінералагічны і хім. саставы, структуры і тэкстуры, умовы залягання, заканамернасці пашырэння, паходжання і пераўтварэння ў зямной кары і на паверхні. Займаецца таксама пытаннямі класіфікацыі і наменклатуры горных парод. Паводле тыпу парод адрозніваюць П._ магматычных, метамарфічных, асадкавых (літалогія), метасаматычных горных парод, метэарытаў, тэхн. каменю. Паводле характару ўласцівасцей горных парод і метадаў іх вывучэння П. падзяляецца на петраграфію, петрахімію, петрафізіку, петратэктоніку і П. эксперыментальную, тэхнічную, касмічную. Звязана з мінералогіяй, крышталяграфіяй, геахіміяй, тэктонікай і інш.

Даследаванні праводзяцца крышталеаптычнымі і рэнтгенаскапічнымі метадамі, спектральным, рэнтгенаўскім мікрааналітычным, хім. і ізатопным аналізамі, фотаэлектроннай спектраскапіяй, фіз. і матэм. метадамі. Паводле петралагічных даных вывучаецца эвалюцыя зямной кары, устаноўлена неабарачальнасць магматычных працэсаў і іх зменлівасць у прасторы і часе. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца пры геал. карціраванні, пошуках карысных выкапняў і інш.

На Беларусі петралагічныя даследаванні вядуцца па вывучэнні горных парод у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі, у арганізацыях ВА «Белгеалогія» (у т. л. ў Бел. геолагаразведачным НДІ), у Цэнтр. лабараторыі.

Літ.:

Рухин Л.Б. Основы литологии. 3 изд. Л., 1961;

Петрография. Ч. 1—3. М., 1976—86;

Мейсон Р. Петрология метаморфических пород: Пер. с англ. М., 1981;

Пап А.М. Кристаллический фундамент Белоруссии М., 1977.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РЫ ГО́ДА,

перыяды года (вясна, лета, восень, зіма), змена і паслядоўнасць якіх абумоўлены рухам Зямлі вакол Сонца і нахілам яе восі да плоскасці арбіты (пад вуглом 66°33). Нахіл восі і пастаянства яе напрамку ў прасторы прыводзяць да таго, што ў адзін перыяд года Сонца асвятляе больш Паўн. паўшар’е, у другі — Паўд. паўшар’е і адбываецца змена П.г. Астранамічны пачатак П.г. ў Паўн. паўшар’і супадае з момантамі праходжання Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (20 або 21 сак.), пункт летняга сонцастаяння (21 або 22 чэрв.), пункт асенняга раўнадзенства (23 вер.) і пункт зімовага сонцастаяння (21 або 22 снеж.). З-за эліптычнасці зямной арбіты і нераўнамернасці руху Зямлі вакол Сонца П.г. маюць неаднолькавую працягласць. У Паўн. паўшар’і астр. працягласць вясны 92,8 сут.; лета 93,6; восені 89,8; зімы 89 сут. П.г. ў прыродзе могуць не супадаць з каляндарнымі, што залежыць ад перамяшчэння паветр. мас атмасферы. Таму побач з астр. вылучаюцца феналагічныя сезоны, якія не маюць цвёрдых каляндарных межаў і вызначаюцца ўмовамі надвор’я, рознымі феналагічнымі з’явамі. На Беларусі (56—51° паўн. ш.) вясна пачынаецца ў канцы сак. і цягнецца да сярэдзіны мая, лета канчаецца ў сярэдзіне вер., зіма пачынаецца ў сярэдзіне лістапада.

Да арт. Поры года. Рух зямлі па арбіце і асветленасць яе паверхні сонечнымі прамянямі ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Мацей) (10.11.1749—2.9.1800),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ, кампазітар, драматург. Атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясвіжы. У 1786—90 падкаморы ВКЛ, з 1790 кашталян віленскі; пасол на сойм 1780. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады. Як драматург дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіжы была пастаўлена опера «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта Р., музыка Я.Ц.Голанда). Пазней опера ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 выконвалася ў 2-актавай версіі пад назвай «Добры пан — бацька сваіх падданых». У ёй апаэтызаваны людзі з народа, даводзілася неабходнасць аблегчыць долю сялян, паказана, што цяжкая сял. праца — аснова ўсеагульнага дабрабыту. У 1786 да імянін К.С. Радзівіла Пане Каханку ў Альбе пад Нясвіжам пастаўлена опера «Войт альбанскага сялення» (лібрэта і музыка Р.), дзе асуджалася жорсткае абыходжанне з сялянамі. З інш. яго муз. твораў: дывертысмент, саната, серэнада, 6 паланэзаў. Пісаў вершы. У творчасці Р. сентыменталізм і класіцызм спалучаліся з перадрамант. тэндэнцыямі.

Тв.:

Бел. пер. — Агатка, або Прыезд пана // Тэатр. Беларусь. 1993. № 4.

Літ.:

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992;

Яе ж. Нясьвіжскі маэстра // Мастацтва. 1994. № 3;

Яе ж. Опера «Агатка» і яе месца ў еўрапейскай культурнай прасторы // Там жа. 1995. № 9.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМЕ́ТРЫЯ (ад геа... + ...метрыя),

раздзел матэматыкі, які вывучае прасторавыя дачыненні і формы цел, а таксама інш. дачыненні і формы, падобныя да прасторавых паводле сваёй структуры. Узнікла з практычных патрэб чалавека для вызначэння адлегласці, вуглоў, плошчаў, аб’ёмаў і інш. Без геаметрыі немагчыма развіццё астраноміі, геадэзіі, картаграфіі, крышталяграфіі, адноснасці тэорыі і ўсіх графічных метадаў. Геам. тэорыі выкарыстоўваюцца ў механіцы і фізіцы: магчымыя канфігурацыі (узаемнае размяшчэнне элементаў) мех. сістэмы ўтвараюць «канфігурацыйную прастору» (рух сістэмы адлюстроўваецца рухам пункта ў гэтай прасторы); сукупнасць станаў фіз. сістэмы разглядаецца як «фазавая прастора» сістэмы і інш.

Асн. паняцці геаметрыі (лінія, паверхня, пункт, цела геаметрычнае) узніклі ў выніку абстрагавання ад інш. уласцівасцей цел (напр., масы, колеру). Параўнанне цел абумовіла ўзнікненне паняццяў даўжыні, плошчы, аб’ёму, меры вугла. Самыя простыя геам. звесткі і паняцці былі вядомы ў стараж. Егіпце, Вавілоне, Кітаі, Індыі; геам. палажэнні фармуляваліся ў выглядзе правіл з элементарнымі доказамі або без доказаў. Самастойнай навукай геаметрыя стала ў Стараж. Грэцыі (5 ст. да н.э.); геаметрыя ў аб’ёме, які прыкладна адпавядае сучаснаму курсу элементарнай геаметрыі, выкладзена ў «Пачатках» Эўкліда (3 ст. да н.э.). Развіццё астраноміі і геадэзіі прывяло да стварэння плоскай (гл. Трыганаметрыя) і сферычнай трыганаметрыі (1—2 ст. да н.э.). Інтэнсіўнае развіццё геаметрыі пачынаецца з 17 ст.: Р.Дэкарт прапанаваў метад каардынат; І.Ньютан і Г.Лейбніц стварылі дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнне, што дало магчымасць вывучаць геам. аб’екты метадамі алгебры і аналізу бясконца малых (гл. Алгебраічная геаметрыя, Аналітычная геаметрыя, Дыферэнцыяльная геаметрыя); Ж.Дэзарг і Б.Паскаль заклалі асновы праектыўнай геаметрыі. У працах Г.Монжа (18 ст.) сучасны выгляд набыла нарысоўная геаметрыя. У 1826 М.А.Лабачэўскі пабудаваў геаметрыю на аснове сістэмы аксіём, якія адрозніваюцца ад эўклідавай толькі аксіёмай аб паралельных прамых (гл. Лабачэўскага геаметрыя). Стала магчымым будаванне разнастайных прастораў з рознымі геаметрыямі (гл., напр., Неэўклідавы геаметрыі), сістэматызацыя якіх магчыма з дапамогай груп тэорыі. Пасля гэтага павялічылася роля і пашырылася выкарыстанне аксіяматычнага метаду. У 1872 Ф.Клейн сфармуляваў новае тлумачэнне геаметрыі як навукі аб уласцівасцях, інварыянтных адносна зададзенай групы пераўтварэнняў. Паралельна развіваўся логікавы аналіз асноў геаметрыі, высвятляліся пытанні несупярэчлівасці, мінімальнасці і паўнаты сістэмы аксіём. Вынікі гэтых работ падвёў Д.Гільберт у кн. «Асновы геаметрыі» (1899). У працах сав. матэматыкаў П.​С.​Аляксандрава, Л.​С.​Пантрагіна, П.​С.​Урысона развіваліся асн. кірункі тапалогіі. Кірунак «Геаметрыя ў цэлым» заснавалі сав. матэматыкі А.​Д.​Аляксандраў, М.​У.​Яфімаў, А.​Б.​Пагарэлаў.

На Беларусі станаўленне геаметрыі пачалося ў 1930-я г. Атрыманы важныя вынікі ў праблеме ўкладання рыманавых прастораў у эўтслідавы і рыманавы прасторы (Ц.Л.Бурстын); метадамі вонкавых форм даследаваны лініі і паверхні Картана ў неэўклідавых прасторах (Л.​К.​Тутаеў); адкрыты клас аднародных прастораў і распрацавана іх тэорыя (В.​І.​Вядзернікаў, А.​С.​Фядзенка, Б.​П.​Камракоў).

Літ.:

Александров А.Д., Нецветаев Н.Ю. Геометрия. М., 1990;

Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 1. Мн., 1984;

Дифференциальная геометрия. Мн., 1982;

Феденко А.С. Пространства с симметриями. Мн., 1977.

А.​А.​Гусак.

т. 5, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)