БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ Ў АЎСТРА́ЛІІ (БАА),

арганізацыя бел. эміграцыі. Засн. ў кастр. 1950 у г. Сідней, першая бел. арг-цыя, афіцыйна прызнаная аўстрал. ўладамі. Займаецца культ.-асв., прапагандысцкай і дабрачыннай дзейнасцю. БАА — член Асацыяцыі па справах Аб’яднаных нацый, уваходзіла ў склад Камітэта тыдня заняволеных народаў. Па прапанове БАА у 1974 Кангрэс сусв. антыкамуніст. лігі прыняў «Рэзалюцыю па незалежнасці Беларусі». Пры БАА дзейнічаюць бел. хор, гурток маст. самадзейнасці. Праз супрацоўніцтва з аўстрал. арг-цыямі па справах Аб’яднаных нацый БАА прымала ўдзел у штогоднім Міжнар. дыпламат. балі. Выдавала інфарм. час. «Новае жыццё» (№ 1—9, 1950-я г.). Ген. сакратар БАА А.​Алехнік.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСЕРВА́ЦЫЯ,

1) у навігацыі — вызначэнне геагр. каардынат судна ў моры па назіраннях аб’ектаў з вядомымі каардынатамі. Навігацыйную абсервацыю праводзяць па адзначаных на карце берагавых арыенцірах, астранавігацыйную — па нябесных свяцілах, каардынаты якіх даюцца ў Марскіх астр. штогодніках, радыёнавігацыйную — па напрамку на крыніцу радыёхваляў (напр., радыёмаякі, навігацыйныя ШСЗ). Усе спосабы абсервацыі зводзяцца да графічнага знаходжання пункта на марской карце або аналітычнага разліку яго каардынат.

2) У медыцыне — назіранне на працягу пэўнага часу за ізаляванымі ў спец. памяшканні людзьмі, якія маглі мець кантакт з хворымі на небяспечныя каранцінныя хваробы. Зрэдку ў такім жа значэнні тэрмін выкарыстоўваецца ў ветэрынарыі і фітапаталогіі ў дачыненні да завезеных жывёл, раслінных матэрыялаў.

т. 1, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́КЦЫЯ МЕТЭАРЫ́ТАЎ Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Створана ў 1950 на аснове 8 узораў, выдзеленых з фонду Камітэта па метэарытах АН СССР, і знойдзеных на тэр. Беларусі метэарытаў «Брагін» і «Грэск». Складаецца (1998) з 57 узораў метэарытаў (93 экз.), сярод якіх узоры унікальных метэарытаў «Стэйнбах» (1724, Германія), «Мільз» (1992, Аўстралія) і інш. К.м. знаходзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Навук. кіраўніцтва і каардынацыю работ па пошуку метэарытаў на тэр. рэспублікі, іх даследаванні, папулярызацыі ведаў па метэарытыцы забяспечвае Камісія па метэарытах Нац. АН Беларусі, створаная ў 1984.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.

У.​Я.​Бардон, В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. calculatio лік, падлік),

вылічэнне (спосаб групоўкі) затрат на вытв-сць і рэалізацыю прадукцыі (работ, паслуг). Афармляецца ў выглядзе калькуляцыйнага ліста, у якім расходы падаюцца па кірунках (аб’ектах) і вызначаных артыкулах. К. дае магчымасць вызначыць сабекошт адзінкі асобных відаў прадукцыі (работ, паслуг), вырабленых (выкананых, аказаных) прадпрыемствам (фірмай, арг-цыяй, брыгадай і інш.). Яе складанне — падлік затрат па артыкулах дае магчымасць разлічыць прыбытак і страты, рэнтабельнасць, устанавіць кошт, аналізаваць сабекошт прадукцыі. Групоўка затрат па калькуляцыйных артыкулах робіцца ў залежнасці ад іх функцыян. ролі ў вытв. працэсе: затраты, выкліканыя вытв. спажываннем рэсурсаў; арганізацыйныя, па абслугоўванні, кіраванні і збыце.

У.​Г.​Залатагораў.

т. 7, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІ́ЛАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (30.11.1862, С.-Пецярбург — 1925),

рускі гісторык, пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі ун-т. З 1880-х г. камісар па сял. справах у Царстве Польскім, потым (да 1900) чыноўнік па асобых даручэннях пры Іркуцкім ген.-губернатару. За ўдзел у акцыі пратэсту супраць разгону дэманстрацыі ў 1901 высланы ў Саратаў. Удзельнічаў у стварэнні партыі кадэтаў, у 1905—08, 1915—17 сакратар яе ЦК. З 1909 праф. Пецярбургскага. політэхн. ін-та, дзе чытаў курс па гісторыі Расіі 19 ст. Аўтар прац па гісторыі рас. грамадскага руху 1830—50-х г., сял. рэформы 1861 і інш., хронікі сям’і Бакуніных.

Тв.:

Курс истории России XIX в. М., 1993.

т. 8, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТО́НАЎ ЦЫКЛ,

19-гадовы каляндарны цыкл (6940 сут), які служыць для ўзгаднення працягласці сінадычнага месяца і сонечнага года ў месяцава-сонечных календарах.

Прапанаваны ў 433 да н.э. афінскім вучоным Метанам і лёг у аснову стараж.-грэч. календара. М.ц. звязаны з набліжанай (з дакладнасцю да некалькіх гадзін) роўнасцю: 19 трапічных гадоў = 235 сінадычным месяцам. Хібнасць у зруху фаз Месяца складае 1 сут за 219 гадоў. М.ц. складаецца з 12 гадоў па 12 месяцаў і 7 гадоў па 13 месяцаў (з устаўным месяцам). 125 месяцаў «поўныя» — па 30 сут, а астатнія 110 «пустыя» — па 29 сут. М.ц. выкарыстоўваецца ў яўр. і інш. календарах.

т. 10, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЛЬЧАНКА (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 19.8.1947, г. Гомель),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, журналіст. Канд. гіст. н. (1994). Скончыў БДУ (1974), Мінскую ВПШ (1981). З 1974 працаваў у БелТА, з 1979 у Саўміне БССР, на дыпламат. рабоце ў В’етнаме. З 1983 нам. нач., з 1990 нач. Гал. архіўнага ўпраўлення пры СМ БССР, з 1992 старшыня Дзярж. к-та па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь. Чл. Нац. камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА (з 1997). Адзін з аўтараў кн. «Ордэны на сцягу рэспублікі» (1985, з Я.​І.​Бараноўскім), зб-каў «Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР» (1990), «Дапаможнік па справаводству» (1993) і інш.

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ВАД,

традыцыйная рыбалоўная снасць. Вядома са стараж. часоў у беларусаў, рускіх і інш. народаў. Складаецца з сеткавага мяшка (куля) і двух прывязаных да яго сеткавых палотнішчаў (крылаў). Па супрацьлеглых баках кожнага працягвалі вяроўкі (цяцівы). Верхняя вяроўка аснашчалася паплаўкамі, ніжняя — грузіламі. Па канцах крылаў мацавалі тоўстыя палкі (клячы, кабылы), каб у час руху яны не скручваліся, з абодвух канцоў да іх прывязвалі вяроўкі (вілы), якія пры нацягванні ўтваралі з палкамі трохвугольнікі. Па сярэдзіне віл прымацоўвалі другія вяроўкі (кадолы), за якія цягнулі Н. У залежнасці ад памераў і спосабаў лоўлі вылучалі зімовыя Н., летнія, мутнікі і брэдні. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

І.​М.​Браім.

Невад.

т. 11, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬШАКО́ВА (Зоя Францаўна) (25.12.1912, Вільня — 16.1.1996),

бел. спартсменка і трэнер па веласіпедным і канькабежным спорце. Засл. майстар спорту СССР (1952), засл. трэнер Беларусі (1965), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1973). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1955). Чэмпіёнка СССР па веласпорце ў каманднай гонцы на трэку (1947—48) і ў шашэйнай каманднай гонцы (1950). З 1951 ст. трэнер па канькабежным спорце (адначасова ст. трэнер зборнай каманды Беларусі). Сярод выхаванцаў Э.Матусевіч.

т. 2, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНКРУ́ЦТВА (італьян. bancarotta літар. зламаная лаўка),

няздольнасць кампаніі, прадпрыемства ці прадпрымальніка плаціць крэдыторам па сваіх даўгавых абавязацельствах. Рашэнне аб банкруцтве прымае суд па просьбе саміх юрыд. ці фіз. асоб (добраахвотная ліквідацыя) або па патрабаванні крэдытораў (прымусовая ліквідацыя). Пасля суд. рашэння банкрут спыняе эканам. дзейнасць, а яго маёмасць прадаецца для выплаты даўгоў. Пагашаць даўгі можа і калектыў прадпрыемства-банкрута, у гэтым выпадку маёмасць прадпрыемства пераходзіць у калект. ўласнасць яго работнікаў.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)