СЛАНЦАВА́ТАСЦЬ,

уласцівасць горнай пароды расшчапляцца на тонкія пласціны, абумоўлена плоскапаралельным размяшчэннем пародаўтваральных мінералаў. Паводле генезісу адрозніваюць першасную С. (узнікае ў пародах адначасова з асадканамнажэннем або дыягенезам) і другасную С. (пры метамарфізме парод). Другасная С. бывае мех. (у выніку мех. ўздзеяння на сфарміраваную пароду), дыяфтарычнай (пры рэгрэсіўным мінер. ператварэнні магматычных і метамарфічных парод) і крышталізацыйнай (у выніку лакальнай перакрышталізацыі зыходнай пароды ў новую метамарфічную пароду). Паводле маштабаў праяўлення вылучаюць С. рэгіянальную (на вял. плошчах, напр., пры складкаўтварэнні) і С. мясцовую (напр., пры перамяшчэнні парод уздоўж тэктанічных парушэнняў). С., якая ўзнікла пад мех. уздзеяннем без перакрышталізацыі і пераарыентацыі мінералаў, з утварэннем трэшчын, перпендыкулярных ціску, наз. кліваж (характэрна для гнейсаў, сланцаў і інш.).

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́НГЕЛЫ (грэч. archangelos),

паводле хрысціянскіх вераванняў — старшыя анёлы. Артадаксальная хрысц. традыцыя называе 3 архангелаў: Міхаіла — нябеснага архістратыга (военачальніка), анёла-апекуна ўсіх хрысціян; Гаўрыіла — божага пасланніка, які прынёс добрую вестку Марыі (гл. Благавешчанне); Рафаіла — анёла-лекара.

т. 1, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙРА́ВАТА,

у стараж.-індыйскай міфалогіі прабацька сланоў. Паводле міфа, Айравата і яшчэ 7 сланоў (дыгаджы), з’явіўшыся на свет з шалупіння яйка Брахмы, сталі захавальнікамі 8 напрамкаў (краін) свету. Айравата — захавальнік усходу, лічыцца баявым сланом Індры.

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫГЕ́ЙЦЫ (саманазва адыге),

народ у Адыгеі. 95,4 тыс., у інш. рэгіёнах Рас. Федэрацыі і краінах СНД 125 тыс. чал. (1989). Жывуць таксама ў Турцыі і араб. краінах. Гавораць на адыгейскай мове. Паводле веравызнання мусульмане-суніты.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСІ́ДА, Ісет, Ісіс,

у егіпецкай міфалогіі багіня ўрадлівасці, вады і ветру, мараплаўства, сімвал жаноцкасці, сямейнай вернасці. Паводле найб. вядомага міфа І. — жонка Асірыса і маці Гора. Яе культ быў вядомы далёка па-за межамі Егіпта.

т. 7, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАПРЫЧЫ́ННАСЦІ ЎМО́ВА ў фізіцы,

пастулат, паводле якога прычыннасці прынцып выконваецца аж да самых малых адлегласцей і прамежкаў часу. Дзеянне М.ў. эксперыментальна пацверджана да адлегласцей r ⪆ 10​−18 м і прамежкаў часу Δt ⪆ 10​−26 с.

т. 10, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЗУ́, апсу,

паводле шумера-акадскай міфалогіі, сусветны акіян падземных прэсных водаў, які абкружае зямлю, а таксама патаемнае месца, схаванае недзе ў яго глыбіні, куды нават багі не могуць зазірнуць і дзе захоўваюцца таямнічыя сілы, што кіруюць светам.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХА́ЗЫ (саманазва апсуа),

нацыя, асн. насельніцтва Абхазіі (93,3 тыс. чал.). Усяго ў Рас. Федэрацыі і інш. краінах СНД 105 тыс. чал. (1989), у Турцыі — 5 тыс. чал. Гавораць на абхазскай мове. Паводле рэлігіі праваслаўныя і мусульмане-суніты.

т. 1, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАДА́НА (санскр., літар. апавяданне),

апавяданні пра рэліг. і маральна-этычныя подзвігі будыйскіх прапаведнікаў; жанр л-ры будызму ў Індыі. Паводле традыц. уяўленняў, авадана расказваліся Будай. Найб. цікавыя з іх «Збор ста авадан» («Аваданашатака») і «Божая авадана» («Дзіўявадана»).

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ВЕЛЬ,

паводле біблейскай міфалогіі сын Адама і Евы, пастух авечак, забіты з зайздрасці старэйшым братам Каінам за тое, што бог Яхве аддаў перавагу дарам Авеля. У пераносным значэнні — бязвінная ахвяра жорсткасці, правобраз усіх праведнікаў, якія церпяць ганенні.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)