органы жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць і выдзяляюць фізіялагічна актыўныя рэчывы (гармоны) непасрэдна ў кроў або лімфу. У іх адсутнічаюць вывадныя пратокі. Да З.у.с. належаць гіпаталамус, гіпофіз, эпіфіз, наднырачныя залозы, парашчытападобныя залозы, палавыя залозы (іх унутрысакраторныя элементы), шчытападобная залоза, астраўкі падстраўнікавай залозы. Эндакрынныя функцыі ўласцівы вілачкавай залозе, плацэнце, эндакрынным клеткам стрававальнага тракту (слінныя залозы, страўнік, кішэчнік), дыхальных шляхоў, нырак, сэрца, печані і інш. З.ў.с. шчодра забяспечваюцца крывёй, таму гармоны хутка паступаюць у кроў, з якой трапляюць да органаў, тканак і аказваюць спецыфічнае рэгулюючае дзеянне на метабалізм. З.ў.с. знаходзяцца паміж сабой у функцыян. залежнасці і складаюць цэласную эндакрынную сістэму, якая ажыццяўляе гарманальную рэгуляцыю ўсіх асн. працэсаў жыццядзейнасці. Разам з нерв. сістэмай З.ў.с. рэгулююць усе функцыі арганізма. Іх рэгулюючы цэнтр — гіпаталамус. Парушэнне функцый З.у.с. вядзе да цяжкіх эндакрынных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІІ МЯСЦО́ВЫХ САВЕ́ТАЎ ДЭПУТА́ТАЎ,
дапаможныя органымясц. кіравання і самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь і ў некат. краінах СНД. Гал. іх мэты: папярэдні разгляд і падрыхтоўка пытанняў, якія адносяцца да ведання мясц. Саветаў, правядзенне ў жыццё рашэнняў Саветаў і вышэйстаячых дзярж. органаў. Адрозніваюць камісіі пастаянныя і часовыя. Пастаянныя камісіі выбіраюцца на сесіях Саветаў па прапанове старшыні Савета (абл., гар., раённых; у сельскіх Саветах пастаянныя камісіі могуць не ўтварацца) з дэпутатаў гэтых Саветаў. Колькасць камісій, іх склад і арганізацыя заканадаўствам не рэгламентаваны. Звычайна пастаянныя камісіі выбіраюцца ў складзе старшыні, яго намесніка, сакратара і не менш як 2 чл. камісіі. Рэкамендацыі пастаянных камісій падлягаюць разгляду адпаведнымі дзярж. і грамадскімі органамі і арг-цыямі. Пастаянныя камісіі дзейнічаюць на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў Савета. Для вырашэння канкрэтных пытанняў могуць стварацца і часовыя камісіі, якія спыняюць сваё існаванне пасля выканання ўскладзеных на іх даручэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЕНСА́ЦЫЯ (ад лац. compensatio ураўнаважванне, замена) у біялогіі, 1) рэакцыя арганізма на парушэнне яго жыццядзейнасці, пры якой здаровыя органы і сістэмы бяруць на сябе функцыю пашкоджаных структур. Напр., замяшчальная гіперфункцыя здаровай ныркі пасля выдалення ці выключэння хворай — вырашальны фактар выдзялення прадуктаў абмену з арганізма; кампенсатарная гіперфункцыя сэрца пры яго пароках ці пры гіпертаніі забяспечвае нармальнае паступленне крыві да тканак. Працяглая замяшчальная гіперфункцыя суправаджаецца гіпертрафіяй органа, які працуе інтэнсіўна, і можа выклікаць яго знясіленне. К. функцый — адзін з механізмаў гамеастазу.
2) Аднаўленне нармальнага развіцця арганізма пасля яго парушэння на адной з папярэдніх стадый. Напр., пры недастатковым харчаванні маладых лічынак насякомых зніжаецца іх рост, што можа кампенсавацца ўзмоцненым харчаваннем і паскарэннем росту на наступных стадыях іх развіцця. К. наз. таксама працэсы ў філагенезе, звязаныя з функцыян. замяшчэннем аднаго органа (яго часткі) інш. органам (яго часткай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАЦЁК, гемарагія,
выцяканне крыві з крывяносных сасудаў. Бывае пры траўмах, хваробах крывяносных сасудаў (гл.Гематурыя, Гемафілія, Дыятэз гемарагічны). Адрозніваюць К. артэрыяльны, вянозны, капілярны, змешаны; вонкавы (кроў выцякае вонкі) і ўнутр. (кроў выцякае ў органы, тканкі, поласці цела).
Назапашванне крыві ў калясардэчнай абалонцы наз. гемаперыкардытам, у грудной поласці — гематораксам, у поласці сустава — гемартрозам; выдаленне крыві праз дыхальныя шляхі (крывахарканне) — гемаптос; праз стрававод са страўніка (крывавая рвота) — гематамезіс; матачны К. — метрарагія і інш.Найб. небяспечны артэрыяльны К. Пры К. бывае бледнасць скуры і слізістых абалонак, слабасць, галавакружэнне, смага, задышка, паніжэнне артэрыяльнага ціску, слабы, часты пульс. Лячэнне: спыненне К. часовае (сціскальная павязка, жгут) і канчатковае (сасудзістае шво, перавязка сасудаў), кровазгусальныя і кроваспыняльныя сродкі, пераліванне крыві і кровазаменных вадкасцей.
Літ.:
Вишневский А.А., Шрайбер М.И. Военно-полевая хирургия. 3 изд., М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВЯТВАРЭ́ННЕ, гемапаэз,
размнажэнне, развіццё і выспяванне клетак крыві ў арганізме жывёл і чалавека; генетычна абумоўлены шматстадыйны працэс, які забяспечвае колькасны і якасны склад клетак крыві. На працягу эвалюцыі ўтварыліся спецыялізаваныя крывятворныя органы (напр., у млекакормячых — чырв. касцявы мозг, селязёнка, вілачкавая залоза і інш.), якія характарызуюцца інтэнсіўным аднаўленнем за кошт збалансавання працэсаў новаўтварэння і разбурэння іх клетачных форм. Зыходная форма ўсіх клетак крыві — поліпатэнтная ствалавая крывятворная клетка, здольная да дыферэнцыроўкі ў міэлоідныя (эрытрацыты, гранулацыты, манацыты, трамбацыты) і лімфоідныя (T- і B-лімфацыты) форменныя элементы крыві. Інтэнсіўнасць К. залежыць ад патрэбнасцей арганізма (напр., кровастрата, змяненне колькасці кіслароду ў паветры і інш.). Рэгулюецца гармонамі, вітамінамі, фактарамі росту і інш. Пры некат. хваробах, атручэннях адбываюцца парушэнні К., якія прыводзяць да змены суадносін клетак у цыркулюючай крыві.
Літ.:
Нормальное кроветворение и его регуляция. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДТА́Г (ням. Landtag ад Land зямля, краіна + Tag сход, з’езд),
1) сход або з’езд саслоўных прадстаўнікоў земскіх чыноў (дваран, духавенства і гарадоў) у герм. дзяржавах у 13—17 (18) ст. 2) Мясц.органы ўлады ў асобных ням. княствах у 16—17 ст. 3) Выбарны прадстаўнічы орган на ўзор рэйхстага ў Лівоніі ў 1419—1561; сходы дваран у Курляндыі (Курземе), Ліфляндыі і Эстляндыі ў 1561—1917.
4) Выбарны прадстаўнічы орган у дзяржавах Герм. саюза, Паўночна-Германскага саюза і Герм. імперыі ў 19 — пач. 20 ст., у карэнных землях (адм. адзінках) Аўстр. імперыі (Аўстра-Венгрыі, да 1918), землях Германскай (1919—34) і Аўстрыйскай (1919—38) рэспублік.
5) Назва заканад. органа (прымае зямельныя законы, выбірае і кантралюе ўрад зямлі) у землях ФРГ (акрамя Берліна, Брэмена, Гамбурга), Аўстрыі (акрамя Вены) і да 1952 у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГКІЯ (pulmones),
парны орган паветранага дыхання некат. рыб, наземных пазваночных і чалавека, дзе ажыццяўляецца газаабмен паміж крывёй і паветрам, што ўдыхаецца (кісларод паветра пераходзіць у кроў, дыаксід вугляроду — з крыві ў паветра). Л. называюць таксама органы дыхання некат. беспазваночных (лёгачныя малюскі). Размешчаны ў пярэднім аддзеле поласці цела, у млекакормячых і чалавека — у грудной поласці, якая аддзелена ад брушной поласці грудабрушной перагародкай (дыяфрагмай). Складаюцца з частак (у правым 3, у левым 2), аснову якіх утварае бранхіяльнае дрэва — паслядоўна адгалінаваныя бронхі і бранхіёлы, якія пераходзяць у альвеалярныя хады з альвеоламі. Л. ўкрыты серознай абалонкай — плеўрай. У эмбрыягенезе чалавека і млекакормячых праходзяць шэраг стадый. Л. выконваюць рэспіраторную функцыю, удзельнічаюць у рэгуляцыі згусання крыві, тэрмарэгуляцыі, водна-салявым абмене, імуннай ахове арганізма і інш.
кіруючыя камсам. органы ў 1943 на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Баранавіцкай вобл. Створаны Баранавіцкім падп. абкомам ЛКСМБ у сувязі з недахопам кіруючых гар. і раённых камсам. кадраў для работы ў тыле ворага (да 19 снеж.) пад яго і адпаведных міжраённых падп. цэнтраў КП(б)Б кіраўніцтвам. Дзейнічалі Івянецкі, Лідскі, Шчучынскі (усе з 20 мая), Слонімскі (з 6 кастр.), Стаўбцоўскі (з 2 кастр.) міжрайцэнтры. Узначальвалі тэр. камсам.-маладзёжнае падполле, пярвічныя камсам. арг-цыі ў партыз. фарміраваннях, вялі паліт. і арганізатарскую работу сярод моладзі. Дапамагалі абкому камсамола падбіраць і рыхтаваць кадры для падп. гаркомаў і райкомаў ЛКСМБ. Са стварэннем падп.гар. і раённых к-таў камсамола і іх арганізацыйным умацаваннем скасаваны; іх кіраўнікі да ліп. 1944 былі ўпаўнаважанымі Баранавіцкага падп. абкома ЛКСМБ па тых жа зонах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВО́ВАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,
уплыў нервовай сістэмы на клеткі, тканкі і органы для каардынацыі іх дзейнасці на патрэбу арганізма і ў адпаведнасці са зменамі навакольнага асяроддзя. Мае вядучае значэнне ў забеспячэнні цэласнасці арганізма і з’яўляецца адным з асн. механізмаў гамеастазу. У філагенезе Н.р. ўзнікла пазней за гумаральную, але па меры развіцця нерв. сістэмы падпарадкавала яе нерв. сувязям, і ўтварылася нейрагумаральнае ўзаемадзеянне, заснаванае на рэфлекторных адносінах. Яно ажыццяўляецца з дапамогай медыятараў, якія выдзяляюцца нерв. канчаткамі і строга адрасаваны пэўнаму органу ці групе клетак, таму хуткасць Н.р. ў сотні разоў перавышае хуткасць гумаральнай рэгуляцыі. Разам з тым многія медыятары (ацэтылхалін, норадрэналін, сератанін і інш.) здольныя паступаць у кроў і рэгуляваць дзейнасць органаў і тканак як гумаральны фактар. Уяўленне аб пераважным значэнні нерв. сістэмы ў рэгуляцыі працэсаў і функцый у арганізме жывёл і чалавека — аснова канцэпцыі нервізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЛЬШЧЫКІ,
шэраг сямействаў насякомых падатр. сядзячабрухіх атр. перапончатакрылых: П. сапраўдныя (Tenthredinidae), сцябловыя (Cephidae), П.-ткачы (Pamphiliidae) і інш. Больш за 6,7 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна ў лясах, а таксама на лугах, палях, у садах, трапляюцца ў стэпах і пустынях. Многія П. — шкоднікі лясных і с.-г. раслін, напр., П. вішнёвы слізісты (Caliroa limacina), збожжавы звычайны (Cephus pygmaeus), рапсавы (Athalia rosae), хваёвы звычайны (Diprion pini), яблыневы пладовы (Hoplocampa testudinea) і інш. На Беларусі больш за 200 відаў.
Даўж. 0,2—30 мм. Крылаў 2 пары, заднія меншыя. Ротавыя органы грызуча-ліжучыя. Яйцаклад пілападобны. Самкі адкладваюць яйцы ў надрэзы, «прапіленыя» яйцакладам (адсюль назва) у тканках ліста або інш. органах расліны. Вусенепадобныя лічынкі і дарослыя асобіны расліннаедныя, некат. дарослыя — драпежнікі.