ЧАРАПА́ШКІ, клапы-чарапашкі,

шчытнікі-чарапашкі (Scutelleridae),

сямейства насякомых атр. паўцвердакрылых. Каля 600 відаў. Шкоднікі збожжавых культур, асабліва жыта і пшаніцы. Найб. вядомая шкодная чарапашка. На Беларусі 4 віды. Найб. пашыраны Ч. аўстрыйская (Eurygaster austriacus) і маўрская (E. maura).

Даўж. 3,5—13 мм. Цела пукатае, авальнае, зрэдку прадаўгаватае, брудна-жоўтае, бурае, чорнае, з мармуровым малюнкам. Пярэдняспінка хіцінізаваная, ззаду яе пукаты шчыток, укрывае большую ч. надкрылаў, нагадвае панцыр чарапах (адсюль назва). Лапкі 3-членікавыя, 2 пары крылаў. Ротавыя органы колюча-сысучыя Развіццё з няпоўным ператварэннем. Расліннаедныя. Зімуюць дарослыя асобіны, радзей лічынкі. Іл. гл. таксама да арт. Шкодная чарапашка.

С.​Л.​Максімава.

Чарапашкі: 1 — аўстрыйская; 2 — маўрская.

т. 17, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)