ЛЕЦ ((Lec) Станіслаў Ежы) (6.3.1909, г. Львоў, Украіна — 7.5.1966),
польскі паэт, сатырык. Скончыў Львоўскі ун-т (1933). У 1941—43 вязень фаш. канцлагера. У 1946—50 аташэ Польскай місіі ў Вене. Першая кн. вершаў — «Колеры» (1933). Аўтар зб-каў рэфлексійна-лірычных вершаў «Палявы блакнот» (1946), «Іерусалімскі рукапіс» (1956), «Да Авеля і Каіна» (1961), «Паэмы, падрыхтаваныя да скоку» (1964), а таксама сатыр. твораў і фрашак (зб-кі «Заасад», 1935; «Прагулка цыніка», 1946; «Здзекуюся і пытаюся пра дарогу», 1959, і інш.). Майстар кароткага філас. парадоксу. У цыклах афарызмаў «Непрычасаныя думкі» (1957), «Новыя непрычасаныя думкі» (1964) пры дапамозе жарту, іроніі, сарказму, алюзіі, гульні слоў выказваў пратэст супраць дагматызму і любых форм гвалту над асобай. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў У.Арлоў.
Тв.:
Utwory wybrane. T. 1—2. Warszawa, 1977;
Бел.пер. — З «Непрычасаных думак» // Далягляды. Мн., 1990;
Рус.пер. — [Стихи] // Современная польская поэзия. М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКІЯ МО́ВЫ,
група моў мангольскіх народаў (гл.Манголы). М.м. — вынік развіцця дыялектаў некалі адзінай (да 16—17 ст.) манг. мовы. Яны падзяляюцца на: асноўныя — уласна мангольская мова, бурацкая мова, калмыцкая мова, і маргінальныя — мангольская (у Афганістане), дагурская (у паўн.-ўсх. Кітаі), мангорская, дунсянская, баааньская і шыраюгурская (у кіт. правінцыях Ганьсу і Цынхай). Для асн. М.м. ў 13 — пач. 20 ст. (калмыцкая мова да сярэдзіны 17 ст.) ужывалася адзіная старапісьмовая манг. мова, якой працягваюць карыстацца ва Унутр. Манголіі (Кітай). Маргінальныя мовы трапілі пад уплыў іранскіх гаворак, тыбецкай і кіт. моў. У фанетыцы — доўгія і кароткія галосныя, дыфтонгі, сінгарманізм (у маргінальных М.м. непаслядоўны); у марфалогіі — слабая дыферэнцыяцыя часцін мовы, адсутнасць грамат. катэгорыі роду, шырокае ўжыванне паслялогаў; у сінтаксісе — сталы парадак слоў. З пач. 13 ст. вядома мангольскае пісьмо. У 1920—40-х г.асн. М.м. перайшлі на новыя алфавіты на аснове рус. графікі.
Літ.:
Тодаева Б.Х. Монгольские языки и диалекты Китая. М., 1960;
Бертагаев Т.А. Лексика современных монгольских литературных языков. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭВЕ́РДЗІ ((Monteverdi) Клаўдзіо Джавані Антоніо) (хрышчаны 15.5.1567, г. Крэмона, Італія — 29.11.1643),
італьянскі кампазітар, дырыжор; адзін з першых класікаў оперы. З 1590 чл. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. З 1590 служыў пры двары герцага Мантуанскага. З 1613 капельмайстар сабора Сан-Марка ў Венецыі. Адзін з арганізатараў першага публічнага опернага т-ра (Венецыя). Апіраючыся на прынцыпы фларэнтыйскай камераты, заклаў традыцыі опернай венецыянскай школы. Ператварыў оперу ў муз. драму, развіў оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, арк. інтэрмедыя), увёў у оперу уверцюру, стварыў розныя тыпы рэчытатыву, узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі. Як музыкант-віртуоз выкарыстаў новыя выканальніцкія прыёмы. Стваральнік т.зв. ўсхваляванага стылю, дасягнуў гранічнай драматызацыі мадрыгала, ператварыўшы яго ў драм. сцэну. Аўтар 8 опер, з якіх цалкам захаваліся «Арфей» (паст. 1607), «Вяртанне Уліса на радзіму» (паст. 1640), «Каранацыя Папеі» (паст. 1642) — узоры эмацыянальна-псіхал. напружанай канфліктнай драматургіі. Сярод інш. твораў балет, хар. канцэрты, месы, матэты, каля 150 свецкіх і духоўных мадрыгалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДО́ЎЦАЎ, Мардовец,
Данііл Лукіч (19.12.1830, г.п. Данілаўка Валгаградскай вобл., Расія — 23.6.1905), рускі і ўкраінскі пісьменнік, гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1854). У 1850—70-я г. супрацоўнічаў у часопісах «Русское слово», «Отечественные записки», «Дело». Першы маст. твор — рамант. паэма «Казакі і мора» (1854, выд. 1859). Аўтар гіст. раманаў «Новыя рускія людзі» (1868), «Адзнака часу» (1869), «Дванаццаты год» (1879), «Салавецкае сядзенне», «Цар і гетман» (абодва 1880), «Пан Вялікі Ноўгарад», «Сагайдачны» (абодва 1882), «Цар Пётр і правіцельніца Соф’я» (1885), «За чые грахі?» (1890), «Замураваная царыца» (1891), «Пагібель Іерусаліма» (1897); публіцыстычных і навук. прац па гісторыі «Самазванцы і панізовая вольніца» (1867), «Гайдамачына» (т. 1—2, 1870), «Напярэдадні волі» (1872, выд. 1889), «Рускія жанчыны новага часу» (ч. 1—3, 1874) і інш. Пісаў нарысы, фельетоны, успаміны («З мінуўшчыны і перажытага», 1902).
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1991.
Літ.:
Момот В.С. Д.Л.Мордовцев: Очерк жизни и творчества. Ростов н/Д, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Алег Уладзіміравіч) (н. 13.7.1961, Мінск),
бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1993). З 1993 саліст Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру поўнага дыяпазону, добрай вак. школай. Сярод партый: Дварэцкі («Візіт дамы» С.Картэса), дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Спарафучыле і Мантэроне, Рамфіс, Захарыя («Рыгалета», «Аіда», «Набука» Дж.Вердзі), Грэмін, кароль Рэнэ («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Канчак і Уладзімір Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава). Барыс і Пімен («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Стары катаржнік («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча). Выканаў таксама партыю баса ў Рэквіеме Вердзі, удзельнічаў у запісе на кампакт-дыск кантаты С.Рахманінава «Званы» (Дублін, 1996). 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу маладых оперных спевакоў імя Ф.Шаляпіна (1989), міжнар. конкурсаў вакалістаў у Більбао (Іспанія) і Карлавых Варах (Чэхія; абодва 1988), імя Г.Отса (1989), «Новыя галасы» (Германія) і SIEM (Жэнева; абодва 1991), імя Л.Тодзі (Партугалія, 1993) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТА́ФАРА (грэч. metaphora перанясенне),
ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з’явы ці прадмета з інш. з’явай ці прадметам на аснове агульных для іх адзнак і ўласцівасцей; від паэт.тропа. М. блізкая да параўнання, аднак адрозніваецца ад яго тым, што ў ёй прысутнічае толькі адзін член супастаўлення — тое, з чым супастаўляецца, і не называецца (а падразумяваецца) тое, што супастаўляецца. М. звычайна перафразуецца ў параўнанне з дапамогай слоў «нібы», «як», «быццам» і г.д. М. істотна паглыбляе ўнутр. змест вобраза, надае яму новыя сэнсавыя адценні. Асн. сфера бытавання М. — літ. мова, паэзія. Вылучаюць простую М., калі яна складаецца з аднаго слова ці выразу («Замоўкнуў жураўліны скрып калысак і калаўротаў гул чмяліны змоўк». П.Панчанка), і разгорнутую або скразную, калі М. ахоплівае вял. адрэзак або ўвесь твор (бітва—жніво ў «Слове аб палку Ігаравым», жыццё—акіян у паэме А.Куляшова «Цунамі»). Ужываецца таксама ў бытавой гаворцы («ідзе дождж», «цяжкі характар», «прыйшла зіма»), Блізкія да М. тропы — алегорыя, сімвал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т,
1) навучальная ўстанова ў 1914—18. Засн. 1.7.1914 у Мінску. У вер. 1915 эвакуіраваны ў Яраслаўль, дзе працаваў да вер. 1918. Рыхтаваў настаўнікаў для вышэйшых пач. вучылішчаў. Тэрмін навучання 3 гады. Утрымліваўся за дзярж. кошт. Напачатку прымаліся асобы мужчынскага полу правасл. веравызнання з 2-гадовым стажам настаўніцтва. Пасля скасавання паліт., рэліг., нац. і інш. абмежаванняў прымаліся асобы абодвух полаў. Уведзена спецыялізацыя ў падрыхтоўцы настаўнікаў, уключаны новыя дысцыпліны (палітэканомія, філасофія, сацыялогія і інш.), выпускнікі ін-та мелі права паступаць ва ун-ты. У розны час у ін-це вучыліся С.Г.Булат, В.С.Гарбацэвіч, В.Р.Камлюк, М.І.Каспяровіч, М.І.Мароз, А.В.Сташэўскі, В.Сташэўскі, К.Станкевіч, М.Чарот і інш. 30.12.1918 рэфармаваны ў Мінскі беларускі педагагічны інстытут.
2) Навуч. ўстанова пры Мінскім пед. ін-це ў 1936—55 (з 1947 у Маладзечне, наз. Маладзечанскі настаўніцкі ін-т). Рыхтаваў настаўнікаў для 5—7-х класаў агульнаадук. школ. Тэрмін навучання 2 гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РГІШ (Вячаслаў Пятровіч) (н. 28.11.1949, в. Маркаўшчына Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. філосаф і сацыёлаг. Д-рфілас.н. (1992). Скончыў БДУ (1977). З 1985 у Ін-це філасофіі і права, з 1990 у Ін-це сацыялогіі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па праблемах філасофіі культуры, сацыялогіі рэлігіі, паліт. сацыялогіі, гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі. Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да метадалогіі вывучэння філас. і культ.-гіст. аспектаў хрысц. светапогляду, станаўлення грамадз. супольнасці і бел.паліт. культуры як культуры паліт. кансэнсусу асн.сац. груп, дынамікі сац.-паліт. працэсаў і развіцця нац. самасвядомасці ва ўмовах дзярж. незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
Тв.:
Античная философия и происхождение христианства. Мн., 1986;
Древняя Русь: Образование Киевского гос-ва и введение христианства. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯШЧЭ́ЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (4.12.1825, г. Кастрама, Расія — 8.10.1893),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1843—45). У 1849 за ўдзел у гуртку М.В.Петрашэўскага прыгавораны да пакарання смерцю, замененага ссылкай радавым у Арэнбургскія лінейныя войскі. У 1859 вярнуўся ў Маскву. Друкаваўся з 1844. У ранняй лірыцы (зб. «Вершы», 1846) ідэі сацыяліст. утапізму. Вершы «Уперад! Без страху і сумнення», «Па пачуццях браты мы з табою» сталі рэв. песнямі. Проза («Аповесці і апавяданні», ч. 1—2, 1860, і інш.) блізкая да натуральнай школы. Аўтар зб. «Новыя вершы» (1863), п’ес, блізкіх да вадэвілю, крытычных артыкулаў, фельетонаў, вершаў для дзяцей і інш. Перакладаў славянскую, ням., франц., англ., венг., італьян. паэзію. Многія вершы П. пакладзены на музыку М.Рымскім-Корсакавым, П.Чайкоўскім і інш.
Тв.:
Избранное: Стихотворения. Проза. М., 1960;
Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1964;
Житейские сцены. М., 1986;
Стихотворения;
Проза. М., 1991.
Літ.:
Кузин Н.Г. Плещеев. М., 1988;
Пустильник Л.С. Жизнь и творчество А.Н.Плещеева. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СКА (Lemna),
род кветкавых раслін сям. раскавых. Каля 10 відаў. Пашыраны амаль усюды. На Беларусі 3 віды Р.: гарбатая (L. gibba), маленькая (L. minor) і трохдольная (L. trisulca), нар. назва жабіна дзяружка. Трапляюцца ў азёрах, старыцах, канавах, часам утвараюць суцэльнае покрыва на паверхні стаячага вадаёма.
Шматгадовыя водныя травы ў выглядзе авальнай або падоўжанай лістападобнай зялёнай пласцінкі (наз. лісцец, або фронд) даўж. да 1 см, з карэньчыкам або без яго і з бакавой кішэнькай. Свабодна плаваюць на паверхні вады ці ў яе тоўшчы адзіночна або ў групах па 2—10. Размнажаюцца пераважна вегетатыўна — пупышкамі, якія закладваюцца ў кішэньцы, часам развіваецца суквецце з 2 тычынкавых і 1 песцікавай моцна рэдукаваных кветак. Плод (калі ён утвараецца) — мяшочкападобны, 1—7-насенны. Зімуе Р. на дне вадаёма. Увесну з вегетатыўных пупышак утвараюцца новыя расліны і ўсплываюць на паверхню вады. Кармавыя расліны для рыб і вадаплаўных птушак.