ПРАВАДНІКІ́ электрычныя,

рэчывы (целы, матэрыялы) з высокай электраправоднасцю. У адрозненне ад паўправаднікоў і дыэлектрыкаў маюць значную колькасць свабодных зараджаных часціц (носьбітаў зарадаў), якія ў эл. полі набываюць упарадкаваны рух. Асн. П. — металы і іх сплавы, электраліты, плазма.

У металах носьбітамі эл. току з’яўляюцца электроны, у электралітах — іоны, у плазме — электроны і іоны. Пры нізкіх т-рах многія металы і некаторыя паўправаднікі набываюць звышправоднасць і становяцца звышправаднікамі. Метал. П. выкарыстоўваюцца ў эл. кабелях і правадах электрычных, абмотках эл. машын, трансфарматараў, прылад і апаратаў; электраліты — пераважна ў эл. акумулятарах. Адзін з найлепшых П. — серабро, выкарыстоўваецца для тонкіх правадоў вымяральных прылад, для электродаў, якія уплаўляюць у кераміку, шкло і інш. Найб. пашыраны П. — медзь, спалучае электраправоднасць з трываласцю, гнуткасцю, каразійнай устойлівасцю. Больш лёгкі і танны П. — алюміній, аднак з меншай электраправоднасцю і трываласцю. Медныя, алюмініевыя і сталеалюмініевыя правады шырока выкарыстоўваюцца ў лініях электраперадачы.

У.​М.​Сацута.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРС ((Bierce) Амброз Гвінет) (24.6.1842, Хорс-Кейв-Крык, штат Агайо, ЗША — 11.1.1914),

амерыканскі пісьменнік. Удзельнік Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1870—90-я г. журналіст. Аўтар зб-каў аповесцяў і апавяданняў «Танец смерці» (1877), «Пра вайскоўцаў і цывільных» (1891), «Хіба можа быць такое?» (1893), «Фантастычныя байкі» (1899), у якіх, пад відавочным уплывам Э.​По, напружаныя і займальныя сюжэты спалучаў з вытанчаным гумарам, сатыр. з’едлівасцю, песімістычным стаўленнем да жыцця. У багатай эсэістыцы (кн. «Д’яблава зачараванасць», 1872; «Павуцінне ў чэрапе», 1873; «Цень на цыферблаце», 1909; «Слоўнік д’ябла», 1911; «Батальныя накіды», выд. 1930, і інш.) з іроніяй, часам з пэўнай доляй цынізму апавядаў пра сучасныя яму грамадскія з’явы. Некаторыя творы Бірса пераклаў на бел. мову А.​Кудраўцаў.

Тв.:

The Collected writings. New York, 1946;

Бел. пер. — Чужынец: Апавяданне // Далягляды. Мн., 1992;

Са «Слоўніка д’ябла»;

Забіты пад Рэсакай: Апавяданне // Крыніца. 1994. № 6 (12);

Рус. пер. — Заколоченное окно: Рассказы и миниатюры. Свердловск, 1989;

Страж мертвеца: Рассказы. М., 1991.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОЕПРЫПА́СЫ,

састаўная частка ўзбраення, прызначаная для паражэння жывой сілы і тэхнікі, разбурэння збудаванняў (умацаванняў) і выканання спец. задач (асвятлення, задымлення і інш.). Да боепрыпасаў адносяць артыл. выстралы, рэактыўныя снарады, боегалоўкі ракет і тарпедаў, патроны да стралк. зброі, гранаты, авіяц. бомбы, інж. і марскія міны, фугасы, дымавыя шашкі і інш. Боепрыпасы дасылаюцца да цэляў з дапамогай агнястрэльнай зброі (кулі, снарады, міны і інш.), рухавікоў (рэактыўныя снарады, тарпеды), скідваннем з вышыні (авіяц. бомбы) або кіданнем уручную (ручныя гранаты). Некаторыя боепрыпасы ўстанаўліваюцца на мясцовасці або ў вадзе (міны, фугасы). Паводле прызначэння адрозніваюць боепрыпасы асн. (для паражэння цэляў), спец. (для асвятлення, задымлення, распаўсюджвання агітацыйнай л-ры і інш.), дапаможныя (вучэбныя, халастыя, для спец. выпрабаванняў); паводле характару забеспячэння — са звычайным выбуховым рэчывам, ядзерныя боепрыпасы, аб’ёмнага выбуху, хім. (асколачна-хім.) і інш. Частка боепрыпасаў расходуецца на баявую падрыхтоўку войскаў. Захоўваюцца боепрыпасы ў спец. абсталяваных сховішчах і складах, якія строга ахоўваюцца, большасць з іх з’яўляюцца часткай баз ваенных.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НДЭЛЬБАНД ((Windelband) Вільгельм) (11.5.1848, г. Патсдам, Германія — 22.10.1915),

нямецкі філосаф, заснавальнік бадэнскай школы неакантыянства. Праф. у Цюрыху, Фрайбургу, Страсбуры, Гайдэльбергу. Даследаванні ў галіне гісторыі філасофіі, логікі, этыкі і тэорыі каштоўнасцей (аксіялогіі). Крытычна пераасэнсоўваў некаторыя філас. азначэнні І.​Канта, асабліва «рэч у сабе». Філасофію лічыў «вучэннем пра агульназначныя каштоўнасці». На яго думку, філасофія не можа канчаткова вырашыць пытанне аб адносінах паміж законамі прыроды і каштоўнасцямі культуры, як не можа знайсці і агульны метад пазнання прыроды і гісторыі. Канчатковай мэтай гіст. прагрэсу лічыў самавызначэнне чалавецтва ў адпаведнасці этычным ідэалам, таму сац. праблемы зводзіў да этычных. Вышэй за этычныя каштоўнасці ставіў эстэтычныя як незалежныя ад чалавечай волі. Дуалізм каштоўнасці і рэчаіснасці Віндэльбанд тлумачыў як неабходную ўмову чалавечай дзейнасці.

Тв.:

Рус. пер. — История древней философии. СПб., 1893;

История новой философии... Т. 1—2. СПб., 1902—05;

Прелюдии. СПб., 1904;

О свободе воли. М., 1905;

Платон. 4 изд. СПб., 1909;

Философия в немецкой духовной жизни XIX столетия. М., 1910.

А.​А.​Лазаревич.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА вымяральная,

прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на выкарыстанні эл.-магн. хваляў аптычнага дыяпазону. З дапамогай аптычнай прылады вымяраюць лінейныя і вуглавыя памеры, некаторыя фіз. велічыні, параўноўваюць форму вырабу ці стан апрацаваных паверхняў з эталонам. Адрозніваюць рабочыя (для практычных вымярэнняў) і ўзорныя, па якіх вывяраюць рабочыя аптычныя прылады.

Асноўная частка аптычнай прылады — аптычная сістэма з лінзаў, люстэркаў, прызмаў і інш., прызначаных для ўтварэння відарысаў прадметаў на сятчатцы вока, экране і інш. або перадачы светлавой энергіі. Для іх разліку карыстаюцца формуламі геам. оптыкі. Канструкцыя прылады абумоўлена метадам вымярэнняў. Паводле прынцыпу дзеяння аптычнай прылады бываюць з аптычным візіраваннем і мех. (электронным або інш. неаптычным) адлікам перамяшчэння пунктаў кантакту з аб’ектам вымярэння (праектары, інстр. мікраскопы, праекцыйныя насадкі), аптычным візіраваннем і аптычным адлікам перамяшчэння (вымяральныя мікраскопы, інтэрферэнцыйныя кампаратары), з мех. кантактам з аб’ектам вымярэння і аптычным адлікам перамяшчэння (аптыметры, кантактныя інтэрферометры, аптычныя даўжынямеры). Выкарыстоўваюцца ў машына- і прыладабудаванні, геадэзіі і інш.

т. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РНСКІ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,

міжнароднае аб’яднанне сацыяліст. і с.-д. партый у 1919—23. Створаны былымі ўдзельнікамі Інтэрнацыянала 2-га (фармальна адноўлены на кангрэсе ў Жэневе 31.7——6.8.1920; падрыхтоўчую працу вяла Выканаўчая камісія, створаная на канферэнцыі ў г. Берн 3—10.2.1919, скліканай былым старшынёй Міжнароднага сацыялістычнага бюро Э.​Вандэрвельдэ). Лідэры — Вандэрвельдэ, С. і Б.​Уэб, О.​Баўэр, К.Каўцкі, Р.Макдональд і інш. Ідэйна і арганізацыйна процістаяў Камуністычнаму Інтэрнацыяналу. Праграма Бернскага інтэрнацыяналу (прынята ў 1920) прадугледжвала «мірнае і паступовае перарастанне капіталізму ў сацыялізм» праз пашырэнне дэмакр. правоў і свабод, абагульненне асн. сродкаў вытворчасці пры ўмове кампенсацыі і інш. У 1920—21 аб’ядноўваў партыі 15 краін (у т. л. С.-д. партыю Германіі, Брыт. лейбарысцкую партыю і інш.), больш за 6 млн. чл. (1920). У лют. 1921 некаторыя с.-д. партыі выйшлі з Бернскага інтэрнацыяналу і разам з інш. прыхільнікамі ўтварылі цэнтрысцкі Інтэрнацыянал 2 ½. У маі 1923 абедзве арг-цыі аб’ядналіся ў Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЬЯ́РД (франц. billard, ад bille шар),

настольная гульня з шарамі. Вядзецца на пакрытым сукном стале (3,66 × 1,83 м; наз. таксама більярд) з бартамі, якія маюць 6 адтулін (лузаў) з сеткай; некаторыя більярды лузаў не маюць. Радзімай більярда лічаць Індыю і Кітай. Гульня вядзецца шарамі са слановай косці ці пластмасы. Кіем (даўж. 1,5 м) удараюць шары адзін аб адзін, каб загнаць іх у лузы. Існуе некалькі відаў гульні: амер. більярд (пул), англ. (снукер), італьян. (разнавіднасці — фішкі і карамболь); у краінах СНД і Францыі пашыраны рус. (класічны) більярд (разнавіднасці — рус. і маскоўская піраміды, амерыканка).

У шэрагу краін, у т. л. ў Беларусі, більярд лічыцца відам спорту. Праводзяцца спаборніцтвы, у т. л. чэмпіянаты свету. На Беларусі як спорт більярд развіваецца з 1989. Існуе (з 1991) мінская федэрацыя більярда. З 1992 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры більярда ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР і свету па рус. більярдзе. На Алімпійскіх гульнях 1996 у Атланце більярд прадстаўлены як паказальны від спорту.

Ю.​Г.​Лобач.

Більярд.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЛІМАТЫЗА́ЦЫЯ (ад лац. ad да, для + клімат),

працэс прыстасавання арганізмаў да новых умоў існавання. Акліматызацыя жывёл і раслін ажыццяўляецца праз няспадчынную змену абмену рэчываў у межах нормы рэакцыі арганізма (гл. Натуралізацыя) або пад уплывам натуральнага адбору праз змену генетычнай структуры віду (гл. Адаптацыя). Акліматызаванымі лічацца віды, здольныя даваць у прыродных умовах паўнацэннае патомства і самастойна падтрымліваць сваю колькасць. Акліматызацыю выкарыстоўваюць як метад эксперым. даследаванняў або разглядаюць як комплекс мерапрыемстваў па мэтанакіраваным усяленні віду ў новыя месцы жыхарства для ўзбагачэння мясц. флоры і фауны, увядзення ў культуру і развядзення (гл. Інтрадукцыя) ці аднаўлення ў раёнах былога пашырэння (гл. Рэакліматызацыя). На Беларусі акліматызаваны некаторыя віды раслін (конскі каштан, клён амерыканскі, псеўдаакацыя, лубін шматлісты і інш.) і жывёл (андатра, янотападобны сабака, амер. норка, фазан, сярэбраны карась, амер. сомік, чудскі сіг, сырок і інш.).

Акліматызацыя чалавека — складаны сац.-біял. працэс, у якім вял. ролю адыгрывае актыўны працэс стварэння сацыяльна арганізаванага асяроддзя працы і побыту, прыстасавання да кліматычных умоў.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКАЯ ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Міжземнаморскі геасінклінальны пояс,

тэктанічна актыўная вобласць зямной кары, выцягнутая ад Атласкіх гор на З да Ціхага ак. на У. Ахоплівае горныя раёны Паўд. Еўропы, Міжземнае м., Паўн.-Зах. Афрыку, М.​Азію, Каўказ, Іранскае нагор’е, Памір, Алай, Гіндукуш, Гімалаі, горы Індакітая і Інданезіі, якія ўтварыліся ў кайназойскай эры ў выніку альпійскай складкаватасці. На У Альпійская геасінклінальная вобласць злучаецца з Ціхаакіянскай геасінклінальнай вобласцю. У мезазойскую эру ўяўляла сабой вял. марскі басейн (м. Тэтыс), акружаны плітамі стараж. платформаў — Афрыканскай і Індыйскай на Пд, Рускай, Сібірскай і Кітайскай на Пн. Геасінкліналь м. Тэтыс запаўнялася магутнымі асадкавымі тоўшчамі. У кайназоі адбылося сутыкненне паўн. і паўд. пліт і на месцы былога мора пачалася альпійская складкавасць. Утварыліся горныя сістэмы з найб. на Зямлі абсалютнымі адзнакамі (больш за 7—8 км). Асобныя структуры Альпійскай геасінклінальнай вобласці не завяршылі свайго развіцця, аб чым сведчаць інтэнсіўныя землетрасенні і вулканізм. З тэктанічнымі рухамі ў Альпійскай геасінклінальнай вобласці звязаны некаторыя землетрасенні, што адзначаюцца на тэр. Беларусі.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААМІЦЭ́ТЫ (Oomycetes),

клас (аддзел) ніжэйшых грыбоў. Уключае 4 парадкі: сапралегніяльныя, лептамітавыя (Leptomitales), лагенідыевыя (Lagenidiales), перанаспаральныя; 70 родаў, каля 550 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі каля 100 відаў з парадкаў перанаспаральных і сапралегніяльных. Сапратрофы і паразіты. Водныя і наземныя формы. Некаторыя ааміцэты развіваюцца на рэштках раслін, трупах насякомых і інш. дробных жывёл. Шмат ааміцэтаў паразітуе на водарасцях, водных грыбах, чарвях, ікры, маляўках рыб і амфібій, вышэйшых раслінах. Вегетатыўнае цела (міцэлій) грыбоў пераважна добра развітае, шмат’ядравае, няклетачнае. Бясполае размнажэнне зааспорамі (маюць 2 жгуцікі), радзей канідыямі. Вынік палавога працэсу — ааспора, пераходзіць у стан спакою, у якім ааміцэты пераносяць неспрыяльныя ўмовы. Выклікаюць захворванні культ. раслін: фітафтароз бульбы, памідораў і інш. паслёнавых, караняед цукр. буракоў, чорную ножку розных с.-г. культур, мільдзю вінаграду і інш.

У адрозненне ад большасці інш. грыбоў, каркасным рэчывам клетачнай абалонкі з’яўляецца цэлюлоза і глюкан, а не хіцін, што сведчыць пра паходжанне ааміцэтаў ад продкаў жоўта-зялёных водарасцяў або ад флагелятаў.

Літ.:

Жизнь растений. М., 1976. Т. 2. С. 35—64.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)