МОНАКУЛЬТУ́РА (ад мона... + лац. cultura вырошчванне, развіццё),

працяглае нязменнае вырошчванне с.-г. раслін аднаго віду на адным і тым жа ўчастку без севазвароту. Вядзе да аднабаковага спусташэння глебы (напр., М. збожжавых культур збядняе глебу на фосфар, бабовых — на фосфар і кальцый, буракоў, бульбы — на калій), памяншэння колькасці гумусу (найб. хуткае пры М. прапашных культур), разбурэння структуры і эрозіі глебы, зніжае яе ўрадлівасць, спрыяе размнажэнню спецыфічных шкодных насякомых, узбуджальнікаў хвароб, пустазелля, што значна зніжае ўраджайнасць. Адмоўныя эфекты М. часова памяншаюцца агратэхн. прыёмамі, хім. сродкамі. Таксама М. наз. адзіная с.-г. культура, якая вырошчваецца ў гаспадарцы.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́С ((Mathis) Эдзіт) (н. 11.2.1938, г. Люцэрн, Швейцарыя),

швейцарская спявачка (сапрана). Вучылася ў Люцэрнскай кансерваторыі. Спявала ў Кёльнскім і Гамбургскім оперных т-рах. Удзельнічала ў Зальцбургскім і інш. фестывалях. З 1963 салістка Берлінскай дзярж. оперы, з 1970-х г. выступае ў буйнейшых т-рах Еўропы і Амерыкі. Для творчасці характэрны высокая муз. культура, гарманічнае адзінства вак. і сцэн. малюнка. Сярод партый: Мелізанда («Пелеас і Мелізанда» К.​Дэбюсі), Паміна, Сюзанна («Чароўная флейта», «Вяселле Фігара», В.​А.​Моцарта), Марцэліна («Фідэліо» Л.​Бетховена). Вядома як выканальніца сапранавых партый у кантатах і пасіёнах І.​С.​Баха.

т. 10, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛУ́МЕ ((Blume) Фрыдрых) (5.1.1893, г. Шлюхтэрн, Германія — 22.11.1975),

нямецкі музыказнавец. Праф. ун-таў у Лейпцыгу, Берліне, Кілі. У 1927—29 кіраўнік Ін-та муз. навукі, з 1935 супрацоўнік Дзярж. ін-та ням. музыказнаўства. З 1951 кіраўнік створанай ім міжнар. камісіі па арганізацыі выдання «Міжнародны даведнік музычных крыніц». Асн. працы прысвечаны музыцы 16—18 ст., у т. л. І.С.Баху. Рэдактар выданняў «Спадчына нямецкай музыкі» (1935—43), «Нямецкая музычная культура» (1939—45), поўнага збору твораў М.Прэторыуса (1928—40). Заснавальнік і рэдактар энцыклапедыі «Музыка ў гісторыі і сучаснасці» (т. 1—18, 1949—85). Прэзідэнт Міжнар. т-ва музыказнаўства (1958—62).

Літ.:

Festschrift Fr. Blume zum 70. Geburstag. Kassel etc., 1963.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЯР’Я́НАЎ (Юрый Іванавіч) (н. 16.6.1952, р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. акцёр. Скончыў Вышэйшае тэатр. вучылішча пры Яраслаўскім т-ры імя Волкава (1972). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Характарны акцёр. Яму ўласцівы глыбокае адчуванне рэжысёрскай стылістыкі, веданне псіхалогіі сваіх персанажаў, пластычнасць і высокая культура сцэн. мовы. Сярод роляў: Банавантура-Выкрутач («Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Сёмка («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева), Ак’егет («У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма), Менахем-Мэндл («Памінальная малітва» Р.​Горына паводле Шолам-Алейхема). Аўтар радыёперадач аб музыцы, рэжысёр радыёспектакляў, у т. л. оперы «Агатка» Я.​Д.​Голанда і М.​Радзівіла.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЫШАЎ (Гурый Іларыёнавіч) (н. 30.4.1928, Ташкент),

бел. тэатразнавец і мастацтвазнавец. Д-р мастацтвазнаўства, праф. (1990). Скончыў Ташкенцкі тэатр. ін-т (1950). Працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1955—67, 1973—78), Бел. тэатр.-маст. ін-це (1961—67), Гал. рэдакцыі БелСЭ (1967—73). З 1983 у Бел. ун-це культуры. Даследуе гісторыю і тэорыю бел. прафес. і нар. т-ра, т-р Беларусі 18 ст., сцэнаграфію. Аўтар раздзелаў у кн. «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1, 1983), «Музычны тэатр Беларусі: Дакастрычніцкі перыяд» (1990), «Беларускі народны тэатр батлейка» (1962, з А.​Саннікавым) і інш.

Тв.:

Театральная культура Белоруссии XVIII века. Мн., 1992.

А.​А.​Саламаха.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУХАРЭ́НКА (Юрый Уладзіміравіч) (2.4.1919, в. Чапля Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 6.1.1980),

археолаг. Д-р гіст. н. (1966). Скончыў Хабараўскі пед. ін-т (1943). З 1951 у Ін-це археалогіі АН СССР. Даследаваў археал. помнікі Палесся, Верхняга і Сярэдняга Падняпроўя ад неаліту да сярэдневякоўя (на Беларусі Атвержычы, Вароніна, Велямічы, Дубай, Рамель, Рубель, Хотамель, Чаплін і інш.). Даў найб. поўную характарыстыку зарубінецкай культуры, паклаў пачатак сістэматызацыі паморскіх старажытнасцей у Беларусі, прасачыў пранікненне плямён вельбарскай культуры на тэр. Усх. Еўропы.

Тв.:

Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;

Средневековые памятники Полесья. М., 1961;

Зарубинецкая культура. М., 1964;

Могильник Брест—Тришин. М., 1980.

В.​С.​Вяргей.

т. 9, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУК (Іван Іванавіч) (н. 15.6.1954, в. Згурск Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фалькларыст. Канд. філал. н. (1985). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1975). З 1979 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, з 1998 прарэктар Бел. АМ. Даследуе бел. фальклор, нар. культуру, бел. нар. каляндар і інш. Аўтар манаграфій «Усходнеславянскія казкі пра жывёл» (1992), «Следам за сонцам: Беларускі народны каляндар: свята, абрады, паэзія» (1994), сааўтар прац «Магія слова чароўнага», «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры: Мінская вобласць» (абедзве 1995), «Народная культура і сучасная школа» (1996) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІНКО́ВІЧ (Канстанцін Антонавіч) (7.11.1919, г. Ішым Цюменскай вобл., Расія — 8.10.1998),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н., праф. (1973). Засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1967). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1948), дзе і працаваў (у 1953—62 заг. кафедры, з 1970 рэктар). У 1962—70 заг. кафедры, з 1977 праф. Бел. пед. ін-та. Навук. працы па праблемах гісторыі педагогікі, арг-цыі і сац. ролі спорту. Адзін з аўтараў кніг «Савецкі алімпіец: сацыяльны партрэт» (1979), «Фізічная культура і спорт Беларусі» (1988).

Тв.:

Развитие физической культуры и спорта в БССР, Мн., 1969;

Этнічная педагогіка беларусаў. Мн., 1993;

Гісторыя педагогікі. Мн., 1995.

т. 9, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РЗІН (Міхаіл Аркадзевіч) (28.3.1883, С.-Пецярбург — 19.9.1979),

бел. скульптар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1939). Праф. (1950). Скончыў Пецярбургскую АМ (1912). Выкладаў у Веліжскай маст. школе (1918—23) і Віцебскім маст. тэхнікуме (1923—32). З 1932 у Мінску. З 1949 у Ленінградзе (выкладаў у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры). Творам уласціва высокая культура формы, дасканаласць мадэліроўкі, адухоўленасць вобраза: партрэты Л.​Собінава (1917), Г.​Грыгоніса (1941), Г.​Глебава (1949), барэльеф «Пладаводства» («Памона прышчэплівае яблыню», 1913—14), кампазіцыя «Вечная памяць героям, якія загінулі ў барацьбе за Радзіму» (1947) і інш.

М.Керзін. Вечная памяць героям, якія загінулі ў барацьбе за Радзіму. 1947.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЖНЕВА (Наталля Мікалаеўна) (н. 18.6.1950, Мінск),

бел. вучоны, педагог. Д-р пед. н. (1993), праф. (1995). Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1972). З 1972 у БПІ, з 1974 у Ваен. акадэміі (з 1994 заг. кафедры). З 1998 заг. кафедры рамана-герм. моў БДУ, адначасова праф. Ваен. акадэміі. Навук. працы па сучасных інфарм. тэхналогіях вывучэння замежных моў, на аснове крэатыўных методык. Распрацавала нетрадыцыйныя формы і метады навучання, накіраваныя на ўдасканаленне пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў.

Тв.:

Творчество в процессе обучения иностранным языкам. Мн., 1993;

Английский язык: Внеаудиторное чтение. Мн., 1991;

Общаемся эффективно. Мн., 1997;

Культура общения. Мн., 1998.

М.​П.​Савік.

т. 11, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)