ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА старажытная платформа, што ахоплівае бас. р. Янцзы (без вярхоўяў) і больш паўдн. раёны Кітая. Ад Кітайска-Карэйскай платформы аддзелена хр. Цыньлін. Зах. палавіну платформы разам з вял. сінеклізай Сычуань складае пліта, кансалідаваная ў выніку працэсаў познапратэразойскай складкавасці (850 млн. г. назад). Фундамент месцамі выступае на паверхню (Цзяннанская антэкліза), б. ч. яго ўкрыта дыслакаваным асадкавым чахлом з адкладаў верхняга пратэразою, палеазою і мезазою, марскіх да трыясу ўключна, вышэй — кантынентальных. Усх. палавіна платформы — пліта, кансалідаваная ў працэсе каледонскай складкавасці да канца сілурыйскага перыяду, са шматлікімі гранітнымі інтрузіямі таго ж узросту і больш маладымі, якія звязаны з інда-сінійскім і яншаньскім (гл. Мезазойская складкавасць) гораўтварэннем. Радовішчы руд вальфраму, сурмы, волава і поліметалаў, у бас. Сычуань паклады нафты і газу.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРО́Р (франц. procureur ад лац. procurare клапаціцца),

службовая асоба органаў пракуратуры, надзеленая паўнамоцтвамі па ажыццяўленні пракурорскага нагляду. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 П. у межах сваёй кампетэнцыі прымае ўдзел у суд. разглядзе цывільных і крымін. спраў, спраў аб адм. правапарушэннях у выпадках, калі гэта прадугледжана законам або прызнана неабходным самім П., апратэстоўвае супярэчныя закону або неабгрунтаваныя рашэнні, прыгаворы, вызначэнні і пастановы судоў. Аб’ём і межы паўнамоцтваў П., які ўдзельнічае ў суд. разглядзе спраў, вызначаюцца працэсуальным правам. П. незалежны ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруецца заканадаўствам; аднак ён не можа займацца паліт. дзейнасцю і ў сваёй службовай дзейнасці не павінен быць звязаны рашэннямі паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца паліт. мэт.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГРЭ́С у жывой прыродзе,

спрашчэнне арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Паводле А.М.Северцава (1925), адрозніваюць Р. біял. і морфафізіялагічны. Біялагічны Р. — эвалюц. заняпад пэўнай групы арганізмаў, якая не здолела прыстасавацца да змен умоў знешняга асяроддзя або не вытрымала канкурэнцыі з інш. групамі. Характарызуецца памяншэннем колькасці асобін у пэўнай сістэм. групе, звужэннем яе арэала і памяншэннем колькасці падначаленых сістэм. груп; можа прывесці да вымірання дадзенай групы. Морфафізіялагічны Р. — агульная дэгенерацыя, або катамарфоз — спрашчэнне арганізацыі ў ходзе эвалюцыі пэўнай групы арганізмаў, якое суправаджаецца стратай шэрагу функцый і органаў, што выконвалі гэтыя функцыі; адзін са шляхоў дасягнення біял. прагрэсу, асабліва калі ён звязаны з развіццём прыстасаванняў да нерухомага, прымацаванага спосабу жыцця (напр., абалоннікі) або да эндапаразітызму (напр., рачок сакуліна). Гл. таксама Катагенез.

т. 13, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭТЫКУЛЯ́РНАЯ ФАРМА́ЦЫЯ,

сукупнасць нерв. структур, што размяшчаюцца ў спінным, прадаўгаватым, сярэднім мозгу, вароліевым мосце і ўтвараюць адзіны функц. комплекс. Філагенетычна стараж. сістэма рухальнага кантролю, добра развіта ў пазваночных жывёл і чалавека. Мае шматлікія нейроны, разгалінаваныя адросткі якіх ідуць ва ўзыходным і сыходным напрамках. Бесперапынную танічную актыўнасць нейронаў Р.ф. забяспечвае іх высокая хім. адчувальнасць да гумаральных фактараў і фармакалагічных рэчываў (барбітураты), а таксама сыходжанне (канвергенцыя) да іх нерв. (аферэнтных) імпульсаў з перыферыі арганізма. Узыходная танічная імпульсацыя Р.ф. рэгулюе дзейнасць кары вял. паўшар’яў, сыходная — спінальныя рухальныя цэнтры. Нейроны фармацыі звязаны з усімі органамі пачуццяў, рухальнымі і адчувальнымі абласцямі кары галаўнога мозга, таламусам, гіпаталамусам, спінным мозгам і выконваюць складаныя інтэграцыйна-каардынацыйныя функцыі. Дзейнасць Р.ф. кантралюецца карой вял. паўшар’яў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЙКАЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Савейкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Закладзены ў 1850 на пл. каля 10 га як сядзіба ў маёнтку Т.​Навіцкага. Пейзажнага тыпу. Цэнтр паркавай кампазіцыі — палац (зруйнаваны ў Вял. Айч. вайну, адноўлены ў 1950-я г. ў стылі неакласіцызму, цяпер — будынак санаторыя «Савейкі»), перад ім — партэр, абсаджаны масівамі з мясц. лісцевых парод. На ПнЗ ад палаца вял. паляна з ахоўнымі масівамі па перыметры. З паўн. боку — вял. штучны вадаём, пратокай звязаны з сістэмай вадаёмаў уздоўж узлеску. Дэндрасклад уключае больш за 25 відаў дрэў і кустоў, у т. л. елка, таполя белая, вольха, ліпа галандская, бэз венгерскі, ірга каласацветная, каліна канадская і інш.

А.​М.​Кулагін.

Савейкаўскі парк. Схема планіроўкі.

т. 14, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАЧЫ́НЫ,

у беларусаў і інш. хрысціянскіх народаў памінальны абрад, які адзначаецца на 40-ы дзень (6-ы тыдзень) пасля смерці чалавека. Як і інш. памінкі, звязаны з культам продкаў. На Беларусі наз. таксама саракавіны, саракі, саракапуст; шасціны. Паводле нар. павер’я, у гэты час душа нябожчыка наведвае родную хату, таму яе прыбіралі ручнікамі, на акно ставілі хлеб-соль і шклянку з вадой. На С. родныя наведваюць магілу памерлага, наладжваюць ў доме жалобны стол, які паходзіць ад стараж. язычніцкай трызны. Сярод абавязковых памінальных страў — куцця, канун і інш. Асобны прыбор з пітвом і стравай ставяць для памерлага. Неабходнасць адзначаць С. тлумачаць тым, што непамянутая душа асуджана на пакуты і не будзе спрыяць людзям у іх зямных справах.

У.​А.​Васілевіч.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕГНЕТАПАЎПРАВАДНІКІ́,

крышталічныя матэрыялы, якія спалучаюць уласцівасці сегнетаэлектрыкаў і паўправаднікоў. Тыповыя С.: ёдыд-сульфід сурмы SbSI, тытанат барыю BaTiO3. Сегнетаэл. і паўправадніковыя ўласцівасці С. узаемна звязаны: пры змене канцэнтрацыі носьбітаў зараду (асвятленнем, награваннем, легіраваннем) назіраецца змена сегнетаэл. уласцівасцей (напр., змена даменнай структуры, зрух пункта Кюры і інш.). У прыватнасці, у С. назіраецца хуткая змена аптычных характарыстык пры асвятленні, напр., падвойнага праменепераламлення (фотарэфрактыўны эфект), што застаецца і пасля спынення асвятлення. У сваю чаргу спантанная палярызацыя, нелінейнасць дыэлектрычнай пранікальнасці (сегнетаэл. ўласцівасці С.) абумоўліваюць электронныя працэсы ў С., не тыповыя для звычайных паўправаднікоў, напр., істотнае адрозненне паверхневай праводнасці ад аб’ёмнай. Выкарыстоўваюцца ў галаграфічных прыладах, тэрмарэгулятарах, тэрмакампенсатарах, сістэмах аптычнай памяці і інш.

Літ.:

Фридкин В.М. Сегнетоэлектрики — полупроводники. М., 1976.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 14, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА МО́ВЫ,

1) сукупнасць элементаў кожнай натуральнай мовы (фанем, марфем, лексічных адзінак, мадэлей сказаў), што звязаны паміж сабой устойлівымі адносінамі і ўтвараюць структураванае адзінае цэлае, якое служыць падставай для пабудовы маўленчых выказванняў. С.м. ўключае: узроўні мовы, адзінкі мовы, парадыгматычныя (гл. Парадыгматыка) і сінтагматычныя (гл. Сінтагматыка) адносіны, знакавасць мовы, форму, структуру і субстанцыю, знешнія і ўнутр. сувязі ў мове, сінхранію і дыяхранію, аналіз і сінтэз і інш. С.м. складаецца з некалькіх падсістэм (фаналагічнай, лексічнай і інш.), якім уласціва розная ступень адкрытасці або закрытасці. Найб. закрытая падсістэма мовы — фаналагічная, найб. адкрытая — лексічная.

2) Сукупнасць моўных форм, што ўтвараюць пэўную грамат. катэгорыю (напр., сістэма склонаў, сістэма форм катэгорыі ладу і інш.).

Літ.:

Солнцев В.М. Язык как системно-структурное образование. 2 изд. М., 1978.

А.​Я.​Міхиевіч.

т. 14, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ БАЛА́НС ЗЯМЛІ́,

суадносіны паміж прыходам вады, якая паступае на паверхню зямнога шара ў выглядзе ападкаў атмасферных, і расходам вады праз выпарэнне з паверхні сушы і Сусветнага ак. за пэўны прамежак часу. Разлічваецца паводле ўраўнення воднага балансу, у якім звязаны ўсе расходныя і прыходныя элементы ўсяго зямнога шара або асобных тэрыторый. Паводле сярэдніх шматгадовых характарыстык, водны баланс Зямлі за год складаецца з 577 тыс. км³ атм. ападкаў у прыходнай частцы і такой жа велічыні выпарэння ў расходнай. Водны баланс сушы фарміруецца ў вобласці вонкавага сцёку, дзе прыход вады складаюць атм. ападкі (110 тыс. км³), мінус сцёк (47 тыс. км³), расход — выпарэнне (63 тыс. км³), і ў вобласці ўнутранага сцёку, дзе ападкі і выпарэнне складаюць па 9 тыс. км³. Водны баланс Сусветнага ак. мае ў прыходнай частцы 458 тыс. км³ атм. ападкаў і 47 тыс. км³ рачнога сцёку, у расходнай — 505 тыс. км³ на выпарэнне. Водны баланс Зямлі — колькаснае выражэнне кругавароту вады на Зямлі — цесна звязаны з цеплавым балансам Зямлі і зонамі геаграфічнымі. Разлікамі элементаў воднага балансу рачных басейнаў, тэр. асобных краін, прыродных зон і інш. шырока карыстаюцца ў гідралогіі для вывучэння воднага рэжыму. Водны баланс тэр. Беларусі для прыродных умоў у сярэднім за год складаецца з прыходу вады — 146 км³ атм. ападкаў, расходу — 110 км³ на выпарэнне і 36,4 км³ на сцёк. Пад уплывам меліярацыі выпарэнне за год знізілася на 2,4 км³, што прывяло да адпаведнага павелічэння сцёку рэк.

Літ.:

Мировой водный баланс и водные ресурсы земли. Л., 1974.

В.​В.​Дрозд.

Схема воднага балансу рачнога басейна: 1 — снегавое покрыва; 2 — глеба; 3 — горныя пароды; P — ападкі; S — паверхневы сцёк; U — падземны сцёк; R — рачны сцёк; W — валавое ўвільгатненне глебы; N — выпарэнне з глебы; T — транспірацыя; E — сумарнае выпарэнне; V — водаабмен з падземнымі водамі, якія ляжаць ніжэй за ўзровень дрэнажу ракі.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКЕ́МБРЫЙ,

найстаражытнейшыя тоўшчы зямной кары і час, адпаведны іх утварэнню. Папярэднічаў кембрыйскай сістэме (перыяду). Ахоплівае ​6/7 геал. гісторыі Зямлі. Працягласць фарміравання слаёў Д. — ад узнікнення найстаражытнейшых парод з радыеметрычным узростам (больш за 3,9 млрд. гадоў назад) да пачатку кембрыю (каля 540—530 млн. гадоў назад).

Падзяляецца на архей, які ўключае глыбокаметамарфізаваныя і гранітызаваныя пароды (гнейсы, мігматыты, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, мармуры і інш.), і пратэразой, што аб’ядноўвае менш змененыя асадкавыя і вулканагенныя тоўшчы. Мяжа паміж імі праходзіла прыкладна 2,5 млрд. гадоў назад. З 1990 прынята больш дэталёвае стратыграфічнае расчляненне Д.: архей падзелены на ніжні і верхні (з раздзелам каля 3150 млн. гадоў); ніжні пратэразой — на ніжні і верхні (з раздзелам каля 1900 млн. гадоў); верхні пратэразой — на рыфей (ніжні, сярэдні, верхні) і венд (ніжні і верхні) з раздзелам каля 650 млн. гадоў. Адклады ранняга Д. (архей і ніжні пратэразой) складаюць фундамент стараж. платформаў. Яны выходзяць на паверхню шчытоў (Балтыйскага, Украінскага, Паўд.-Афрыканскага, Канадскага і інш.), а таксама знаходзяцца ў ядрах складкавых утварэнняў геасінклінальных абласцей. Д. — час павышанай тэктанічнай актыўнасці (гл. Дакембрыйская складкавасць). Мяркуюць, што з Д. звязаны пачатак працэсаў тэктонікі пліт, утварэнне асн. аб’ёму (60—80%) кантынентальнай зямной кары, узнікненне кіслароднай атмасферы, гідрасферы і зараджэнне жыцця, аб чым сведчаць шматлікія рэшткі блакітна-зялёных водарасцей, страматаліты, а таксама прыкметы існавання бесшкілетных жывёл. З Д. звязаны буйнейшыя радовішчы жалезных, уранавых, марганцавых, хромавых, сульфідных нікелевых, кобальтавых і інш. руд, радовішчы алюм. сыравіны, золата, поліметалаў. У верхніх слаях Д. трапляюцца паклады нафты.

На тэр. Беларусі ўтварэнні Д. развіты ўсюды. Тоўшчы ранняга Д. падзяляюцца на серыі, шчучынскую і кулажынскую (архей); аколаўскую і жыткавіцкую (ранні пратэразой) і складаюць крышт. фундамент, у якім выяўлены радовішчы рэдкіх металаў, 2 радовішчы буд. каменю, 2 праяўленні жалеза (Аколаўскае і Навасёлкаўскае) і шэраг дробных — жалеза, каляровых і рэдкіх металаў, валастаніту, графіту. У верхнім Д. выяўлены вял. запасы падземных вод.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)