навучальная ўстанова ў Віцебску ў 1919—23, 1934—41. Засн. 28.1.1919 М.Шагалам. Назва неаднаразова мянялася (у 1919—20 Першае вышэйшае нар.маст. вучылішча, у 1920—21 свабодныя дзярж.маст. майстэрні, у 1921—22 Вышэйшыя дзярж.маст.-тэхн. майстэрні, у 1922—23 Дзярж.маст. практычны ін-т). Факультэты: жывапісны, скульптурны, арх.-тэхнічны. Спец. падрыхтоўка навучэнцаў у 1920—21 ажыццяўлялася ў майстэрнях: падрыхтоўчай (Н.Коган), жывапіснай (В.Ермалаева, К.Малевіч, Ю.Пэн, Шагал), скульптурнай (Д.Якерсон), графікі (Л.Лісіцкі), дынамікі (на арх.-тэхн. ф-це, Лісіцкі). Узначальвалі вучылішча М.Дабужынскі (1919), Шагал (1919—20), Ермалаева (1920—22), І.Гаўрыс (1922—23); выкладчыкі — Шагал, Я.Тыльберг, Ж.Пуні, К.Багуслаўская, Пэн, Ермалаева, Коган, Якерсон, Лісіцкі, Малевіч, Гаўрыс, Р.Фальк, С.Юдовін. Выкладчыкі прадстаўлялі розныя маст.-стылявыя кірункі. З прыходам у вучылішча Малевіча (1919) вял. колькасць вучняў трапіла пад уплыў супрэматызму. У лютым 1920 створана група УНОВІС. Пры вучылішчы працаваў музей сучаснага мастацтва (да 1923), маст.-дэкар. майстэрні. У маі—чэрв. 1922 значная частка выкладчыкаў — прадстаўнікоў авангардных кірункаў у мастацтве разам з Малевічам і вучнямі ад’ехала ў Петраград. 1.9.1923 вучылішча рэарганізавана ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. У 1934 зноў адноўлена на базе тэхнікума. Захаваўся маст.-пед. профіль установы, склад яе выкладчыкаў; тэрмін навучання павялічаны да 5 гадоў. Дзейнічала маст.-пед. аддзяленне са спецыялізацыямі: жывапіс, скульптура, графіка (факультатыўна), маст.-графічнае і клубна-афарміцельскае. Вучылішча з’яўлялася адзінай маст. установай на Беларусі ў перадваенны час. Сярод яго выпускнікоў нар. мастакі Беларусі П.Масленікаў, С.Селіханаў, засл. дзеячы маст. Беларусі Н.Воранаў, А.Гугель, Р.Кудрэвіч, мастакі М.Блішч, У.Кухараў, З.Паўлоўскі, І.Пешкур, П.Явіч і інш.
Літ.:
Машковцев И. Изобразительное искусство Белоруссии // Искусство Советской Белоруссии. М.; Л., 1940;
Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т НАРО́ДНАГА КАНТРО́ЛЮ БССР (КНК БССР). Існаваў са снеж. 1965 па ліп. 1990. Створаны ў выніку рэарганізацыі органаў парт.-дзярж. кантролю ў органы нар. кантролю (НК) паводле Закона Вярх. Савета БССР ад 22.12.1965 «Аб органах народнага кантролю ў Беларускай ССР» Органамі НК з’яўляліся абл., гар. і раённыя КНК, групы і пасты пры сельскіх і пасялковых Саветах нар. дэпутатаў, на прадпрыемствах, у калгасах, установах, арг-цыях і вайсковых часцях. КНК БССР працаваў пад кіраўніцтвам Вярх. Савета, яго Прэзідыума і Савета Міністраў БССР. З’яўляўся саюзна-рэсп. органам і кіраваў работай ніжэйшых органаў НК Беларусі, адначасова падпарадкоўваўся КНК СССР. Апарат КНК БССР будаваўся паводле вытв.-галіновага прынцыпу. У пач. 1980-х г. ён складаўся з 8 вытв.-галіновых аддзелаў і 3 структурных падраздзяленняў. У БССР дзейнічалі 104 сельскія раённыя к-ты, 25 раённых у гарадах і 31 гар.к-т. У 1982 пазаштатны актыў КНК складаў 15 840 чал., аб’яднаных у 1552 пазаштатныя аддзелы. На 1.1.1982 на прадпрыемствах, у калгасах, установах і арг-цыях БССР дзейнічала 27 829 к-таў і груп НК і 11 909 пастоў, у якія было выбрана 386 тыс.чал. Дзейнасць КНК рэгламентавалася Законам «Аб народным кантролі СССР» ад 30.11.1979 і мела юрыд. характар. Іх функцыі заключаліся ў кантролі за выкананнем дзярж. планаў эканам. і сац. развіцця, укараненні ў вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі, перадавога вопыту, у вядзенні барацьбы з парушальнікамі дзярж. дысцыпліны, валакітай і бюракратызмам, ажыццяўленні кантролю за выкананнем законаў кіруючымі асобамі пры разглядзе прапаноў, скаргаў, заяў грамадзян і інш. КНК мелі права прыцягваць вінаватых да адказнасці, накладваць на іх спагнанні, рабіць грашовыя налічэнні, адхіляць ад займаемых пасад або паніжаць па пасадзе, накіроўваць у пракуратуру матэрыялы аб крадзяжах, злоўжываннях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАРО́ЖСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на ПдУ Украіны. Утворана 10.1.1939. Пл. 27,2 тыс.км². Нас. 2078 тыс.чал., гарадскога 76% (1996). Цэнтр — г.Запарожжа. Найб. гарады: Мелітопаль, Бярдзянск, Арэхаў, Прыморск.
Прырода. Большая ч.тэр. вобласці раўнінная, на ПдУ Прыазоўскае ўзв.з ізаляванымі ўзгоркамі (выш. да 324 м, г. Магіла-Бельмак), на Пд Прычарнаморская нізіна, якая абмываецца Азоўскім м. Карысныя выкапні: жал. і марганцавыя руды, буры вугаль, граніт, каалін, графіт. Мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -4 °C, ліп. 22—24 °C. Гадавая колькасць ападкаў 350—450 мм. Гал. рака — Дняпро з прытокам Конка; да бас. Азоўскага м. належаць рэкі: Малочная, Абіточная, Берда, Кахоўскае вадасх. На ўзбярэжжы Азоўскага м. шэраг ліманаў і салёных азёр. Глебы чарназёмныя, цёмна-каштанавыя, каштанавыя і саланцы. Стэпы разараныя, участкі драўнінна-хмызняковай расліннасці ўздоўж рэк. Філіял Укр. стэпавага запаведніка («Каменныя Магілы»).
Гаспадарка. З.в. — развіты прамысл. раён. Асн. галіны прам-сці: чорная (чыгун, сталь, пракат) і каляровая (вытв-сць алюмінію, тытану, магнію) металургія, маш.-буд. і металаапрацоўка (сілавыя трансфарматары, высакавольтная электраапаратура, кабель, электрапрыборы, легкавыя аўтамабілі, рухавікі, с.-г. машыны і агрэгаты), коксахім., хім. і нафтахім. (палімеры, сінт. смолы, тэхн. масла, шкловалакно, лакі і інш.). Лёгкая (трыкатажная, швейная, абутковая), харчасмакавая (маслабойна-тлушчавая, мукамольная, мясная, малочная, рыбная, кансервавая), камбікормавая прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Здабыча жал. руды (Белазерскі жалезарудны раён). Днепрагэс, Запарожская ДРЭС, Запарожская АЭС. С.-г. ўгоддзі займаюць 2210 тыс.га, у т. л.пад ворывам 1893 тыс.га (1996). Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень), кармавых, тэхнічных (сланечнік, соя, клешчавіна) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя. Пладаводства і вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Шаўкаводства. Рыбалоўства. Значныя масівы арашальных зямель. Суднаходства па р. Дняпро. Марскі порт — г. Бярдзянск. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Сімферопаль, Запарожжа—Валнаваха, Запарожжа—Бярдзянск, аўтадарогі Масква—Сімферопаль, Запарожжа—Марыупаль, Запарожжа—Днепрапятроўск. Курорты: Бярдзянск, Кірылаўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕЎ (Яўген Дзмітрыевіч) (26.12.1913, Мінск — 30.12.1978),
бел.тэатр. мастак. Нар.маст. Беларусі (1967). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1933). З 1933 у Бел. т-ры імя Я.Коласа (з 1944 гал. мастак). Творчасці ўласцівы вобразнасць маст. мыслення, арыгінальнасць формы, рэжысёрскае бачанне сцэн. пляцоўкі, уменне выявіць рысы нац. спецыфікі твора, пачуццё сучаснасці. Аформіў спектаклі «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1936), «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка (1939), «Ірынка» К.Чорнага (1941), «Лес» (1940), «Позняе каханне» (1944) і «Багна» (1972) А.Астроўскага, «Рэвізор» М.Гогаля (1945), «Авадзень» паводле ЭЛ.Войніч (1948), «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага (абодва 1949), «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (1950), «Простая дзяўчына» Губарэвіча (1952) і інш. Значнае месца ў творчасці займала афармленне спектакляў на тэму Вял.Айч. вайны: «Партызаны ў стэпах Украіны» А.Карнейчука. «Рускія людзі» К.Сіманава (абодва 1942), «Той, каго шукалі» А.Раскіна і М.Слабадскога (1943). Праўдай жыцця адметныя дэкарацыі да спектакляў «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1951), «У пушчах Палесся» (1957) і «Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях» (1958), «Лявоніха» П.Данілава (1960). Яскравасцю выяўл. мовы, выразнасцю кампазіцыі вызначаюцца дэкарацыі да спектакляў «Крэпасць над Бугам» С.Смірнова (1956), «Крыніцы» (1961), «Сэрца на далоні» (1966) паводле І.Шамякіна, «Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча (1967) і інш. Глыбокім разуменнем сутнасці твора, выразнасцю кампазіцыйнага вырашэння вылучаюцца дэкарацыі пастановак «Выбачайце, калі ласка!» (1953) і «Трыбунал» (1970) А.Макаёнка, «Улада цемры» Л.Талстога (1969), «Амністыя» М.Матукоўскага (1971), «Энергічныя людзі» В.Шукшына (1975), «Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча, «Апошняя інстанцыя» Матукоўскага (абедзве 1976) і інш. У т-ры імя Я.Купалы аформіў спектаклі «На крутым павароце» Губарэвіча (1956), «Жывы труп» Талстога, «Гаспадар» І.Собалева (абодва 1961). Дзярж. прэмія Беларусі 1968.
Літ.:
Карнач П. Я.Дз.Нікалаеў. Мн., 1975.
П.А.Карнач.
Я.Дз.Нікалаеў.Я.Нікалаеў. Дэкарацыя да спектакля «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ МЕТЭАРАЛО́ГІЯ,
старажытная галіна нар. ведаў пра магчымае надвор’е ў бліжэйшы ці больш аддалены час. Выклікана неабходнасцю арыентавацца ў зменах стану надвор’я для аптымальнага вядзення гаспадаркі, земляробства. Прадказанні надвор’я засноўваліся на шматвяковым вопыце, назіральнасці, глыбокім веданні прыроды. Геагр. месцазнаходжанне, кліматычныя ўмовы і інш. вызначаюць характэрныя асаблівасці Н.м. ў розных народаў.
На Беларусі зыходнымі ў прадказанні надвор’я найчасцей былі каляндарныя святы, перыяды (адліга на Каляды — вясна будзе ранняя, а лета багатае). У прыкметах устанаўлівалася залежнасць характару надвор’я паміж асобнымі каляндарнымі днямі і перыядамі (калі перад Калядамі мароз і завіруха, то перад Вялікаднем будзе цёпла і ціха). Меркавалі пра будучае надвор’е таксама на падставе самаадчування чалавека, арганізм якога рэагаваў на змены атмасфернага ціску, набліжэнне ападкаў. Вял. колькасць метэаралагічных прагнозаў складаюць нар. павер’і, заснаваныя на назіраннях людзей за жывёльным светам, птушкамі, насякомымі (певень спявае ўвечары — будзе дождж ці адліга; калі пчолы з раніцы сядзяць у вуллі і гудуць, а мурашкі хаваюцца ў мурашніку — будзе дождж). Асаблівасці росту, цвіцення, выспявання пладоў розных раслін тлумачылі як прадказанне пэўных зрухаў у надвор’і, як прагноз на асаблівасці будучых пор года (напр., калі шмат баравікоў, то зіма будзе вельмі снежная). Прызнанымі арыенцірамі ў вызначэнні надвор’я лічыліся нябесныя свяцілы (сонца заходзіць у хмары — на дождж). Ад маладзікоў заўсёды чакалі атмасферных перамен. Уважлівае ўзіранне ў разнастайныя праявы навакольнага свету і ўменне ўлавіць іх прычынна-выніковую залежнасць дазволілі выпрацаваць цэлую сістэму ведаў у галіне Н. м.Пад увагу браліся таксама ўзаемасувязі атмасферных з’яў (чырвоныя воблакі пасля заходу сонца паказвалі на вецер). Прадказвалі надвор’е і па рэху: калі голас разлятаўся далёка, то чакалі пагоду, калі, наадварот, быў глухі — то непагадзь. Патрэба выклікаць тое ці інш. надвор’е нарадзіла ў свядомасці сялян комплекс магічных дзеянняў, рытуалаў (сыпалі мак у калодзеж, каб пайшоў дождж). Многія знар. прыкмет знаходзяць у наш час навук. абгрунтаванне і ўзбагачаюць веды сучасных сіноптыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАРА́ЛЬ (франц. pastorale ад лац. pastoralis пастухоўскі),
у літаратуры — ідылічны твор любоўна-лірычнага характару з жыцця пастухоў і пастушак; жанравая разнавіднасць букалічнай паэзіі. Жанр. формы П. — эклога, паэма, раман, драма. Вытокі П. ў ант. паэзіі (буколікі Феакрыта, Вергілія) і л-ры ранняга Адраджэння (Ф.Петрарка, Дж.Бакачыо); пашырылася ў канцы 15—17 ст. (творы А.Паліцыяна, Т.Таса і інш.). У Расіі найб. выявілася ў творчасці М.Карамзіна, А.Сумарокава. Форму П. выкарыстаў у «Сялянцы» («Ідыліі») В.Дунін-Марцінкевіч.
У музыцы П. — невял. опера, пантаміма ці балет (а таксама іх асобныя сцэны) на ідылічны вясковы сюжэт. Узнікла пад уплывам ант. паэзіі. Пастаральныя оперы пісалі Г.Ф.Гендэль («Ацыс і Галатэя»), В.А.Моцарт («Басцьен і Басцьена»), Ж.Ж.Русо («Вясковы чараўнік») і інш. Узор стылізацыі П. — інтэрмедыя «Шчырасць пастушкі» ў оперы «Пікавая дама» П.Чайкоўскага. Існуюць П. як вак. ці інстр. п’еса, што малюе карціны прыроды або жанравыя сцэны вясковага жыцця. Вак. П. ахопліваюць творы ад мадрыгала да сольнай песні ў суправаджэнні фп. Сольныя П. ёсць у І.Гайдна, Моцарта, Ф.Шуберта, Г.Вольфа і інш.Інстр. П. ствараліся як частка канцэрта або цыклічнага твора (concerto grosso А.Карэлі і інш.) і як самаст. творы для скрыпкі, фп., аргана. Сімф. П. часам бываюць асобнымі часткамі цыклічнага твора (3-я ч. «Фантастычнай сімфоніі» Г.Берліёза «Сцэна ў палях») або цэлымі цыкламі («Поры года» А.Вівальдзі, 6-я «Пастаральная сімфонія» Л.Бетховена). Характэрныя рысы інстр. П. — плаўны, спакойны рух мелодыі, часта падвоенай у тэрцыі, вытрыманыя гукі (бурдон) у басе суправаджэння, што ўзнаўляюць гучанне нар. валынкі, рытм сіцыліяны (памер 6/8, 12/8). У бел. музыцы інстр. П. стварылі Э.Зарыцкі (П.-канцэрціна для сімф.арк.), Я.Касалапаў (для фп. ў 4 рукі), А.Мдывані («Крэшчэнда» для валторны з камерным арк.), В.Сярых (Пастаральная саната для флейты і фп.), А.Чыркун (Паэма-П. для сімф.арк.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. compositio састаўленне, стварэнне),
пабудова маст. твора, абумоўленая яго зместам, характарам і прызначэннем; структура і ўзаемасувязь маст. элементаў, што ў вял. ступені вызначаюць лад, сэнс і ўспрыняцце твора, надаюць яму цэласнасць. Праз кампазіцыйнае адзінства кампанентаў твора аўтар перадае ідэйна-вобразны змест, творчую індывідуальнасць, эстэт. прынцыпы эпохі, стылю, маст. кірунку, выяўляе істотнае праз сувязь з другарадным і інш. У пластычных мастацтвах К. арганізуе і ўнутр. пабудову твора, і яго суадносіны з навакольным асяроддзем, каардынуе яго ўспрыняцце гледачом. У К. існуе адзін або некалькі фармальна-ідэйных цэнтраў, арганічна звязаных зінш. часткамі і дэталямі праз рытмы, кантрасты, каларыт, сіметрыю ці асіметрыю, рэальнае ці ілюзорнае фарміраванне прасторы і аб’ёму, маштаб, прапорцыі і інш.
У выяўленчым мастацтве К. — канкрэтная распрацоўка ідэйнай і сюжэтна-тэматычнай асновы твора. Арганізуе размяшчэнне і суадносіны фарбавых плям, ліній святла і ценю, прапорцыі мас матэрыялаў і інш. Бывае ўстойлівая, або статычная (асн. кампазіцыйныя восі перасякаюцца пад прамым вуглом у геам. цэнтры твора), дынамічная (асн. восі перасякаюцца пад вострымі вугламі, пераважаюць дыяганалі, кругі і авалы), адкрытыя (пераважаюць цэнтрабежныя рознаскіраваныя сілавыя лініі) і закрытыя пераважаюць цэнтраімклівыя сілы, што зводзяць выявы да кампазіцыйнага цэнтра). Устойлівыя і закрытыя тыпы К. пераважалі ў мастацтве Адраджэння, дынамічныя і адкрытыя — у барока. Асаблівасцямі кампазіцыйнай будовы вызначаюцца творы сярэдневяковага мастацтва і іканапісу. У гісторыі мастацтва вял. ролю адыгралі і працэсы складання агульнапрынятых кампазіцыйных канонаў розных стыляў і эпох, і адыход ад жорсткіх кананічных схем да свабодных кампазіцыйных прыёмаў у мастацтве 19—20 ст.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве К. — гарманічныя суадносіны ідэйна-маст. прынцыпаў, функцыян. прызначэння, канстр. асаблівасцей і горадабуд. ролі будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў. Вызначае арх. аблічча, планіровачную пабудову населенага пункта ў цэлым або арх.ансамбля ці асобнага будынка. Найб. пашыраныя сродкі К. для гарманізацыі прасторавых форм — сіметрыя і асіметрыя, кантраст і нюанс, рытм, суразмернасць частак і цэлага, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў К., святло, колер, фактура. Арган. адзінства прынцыпаў К. і функцыян.-канстр. асновы арх. дэкору стварае архітэктоніку збудавання.
Асн. прыёмы К. ў горадабудаўніцтве: цэнтрычны — у планіровачнай структуры вызначаецца кампазіцыйны цэнтр; анфіладны — шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў; магістральны — спалучэнне прасторава ўзаемазвязаных ансамбляў, размешчаных на адной восі; панарамна-групавы — групы арх. ансамбляў вызначаюць кампазіцыйную будову і сілуэт горада. Сярод тыпаў аб’ёмна-прасторавай К. будынкаў і збудаванняў вылучаюць: замкнёную (групуе аб’ёмы будынка вакол унутр. двара), паўзамкнёную (П-падобная групоўка карпусоў), цэнтрычную (памяшканні будынка групуюць вакол гал.цэнтр. аб’ёму, вылучанага шатром, купалам), падоўжна-восевую (гал. прасторавае ядро развіваецца ў глыбіню плана будынка), кампактную (памяшканні групуюцца вакол вял. прастораў, якія не маюць натуральнага асвятлення), адкрытую (асн. памяшканні будынкаў маюць кантакт з навакольным асяроддзем і натуральнае асвятленне). Сучасная архітэктура вызначаецца свабоднымі, арганічнымі К., разнастайнымі аб’ёмна-планіровачнымі вырашэннямі і арх. формамі.
У літаратуры К. — арганізацыя маст. матэрыялу ліг. твора, спосаб увасаблення маст. ідэі, раскрыцця характараў. У прозе выяўляецца ў размяшчэнні і ўзаемасувязі ўсіх кампанентаў (апісанняў, партрэтаў, дыялогаў, унутр. мовы, аўтарскіх адступленняў, характарыстык і інш.), цесна звязана зсюжэтам. Адрозніваюць адна- і шматпланавы, навелістычны і хранікальны тыпы К. Вылучаюць элементы К. — экспазіцыю (пралог), завязку (развіццё дзеяння), кульмінацыю, развязку і эпілог. Кірунак развіцця дзеяння ў К. можа быць храналагічна паслядоўны, або прамы, і рэтраспектыўны, ці інверсійны. Асаблівасці К. вызначаюцца таксама прасторавай і часавай арганізацыяй дзеяння ў творы. У паэзіі аснову лірычнай К. складае сюжэт; уключае ў сябе размеркаванне рытміка-меладычных адпаведнікаў, радкоў, строф, а таксама назву твора, эпіграфы, прысвячэнні. Лірычную К. разнастаіць выкарыстанне тропаў, паэт. сінтаксісу і інш.
У музыцы К. — муз. твор як вынік творчага акта кампазітара, стварэнне музыкі як від маст. творчасці, структура муз. твора (гл.Форма музычная), вучэбная дысцыпліна ў спец. вышэйшых і сярэдніх муз.навуч. установах (выкладаецца звычайна кампазітарам). Курс К. прадугледжвае авалоданне ўсімі асн.муз. жанрамі і формамі, ад найпрасцейшых да найб. складаных (опера, сімфонія, араторыя). У класе К. студэнты рэалізуюць і веды па муз.-тэарэт. дысцыплінах. Паняцце К. як закончанага маст. цэлага выпрацоўвалася ў працэсе памяншэння ролі імправізацыйнага пачатку і ў дасканалення нотнага запісу (сучасны сэнс мае з 13 ст.).
Літ.:
Композиция в современной архитектуре. М., 1973.
Я.Ф.Шунейка, А.А.Дылейка, С.А.Сергачоў (архітэктура і горадабудаўніцтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ВІ (чычэва Malaŵi, англ. Malawi),
Рэспубліка Малаві (чычэва Mfuko la Malaŵi, англ. Republic of Malawi), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на Пнз Танзаніяй, на 3 з Замбіяй, на Пдз Мазамбікам; на У мяжа з Танзаніяй і Мазамбікам праходзіць па воз. Ньяса (Малаві). Пл. 118,5 тыс.км², у т. л. водная паверхня азёр 24,4 тыс.км². Нас. 9,8 млн.чал. (1998). Дзярж. мовы — чычэва (малаві) і англійская. Сталіца — г.Лілонгве. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Народнаму сходу, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які прызначаецца прэзідэнтам.
Прырода. У рэльефе пераважае пласкагор’е, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Характэрны вышыні 1000—1500 м, найб. вышыня — г. Сапітва (3002 м). На У грабен (ч. Усходне-Афр. рыфавай сістэмы) звоз. Ньяса (на выш. 472 м над узр. м.) і р. Шырэ, якая выцякае з возера і ўпадае ў р. Замбезі. У М. ёсць невял. радовішчы баксітаў, каменнага вугалю, уранавых руд, буд. матэрыялаў і інш. Клімат субэкватарыяльны з летнім дажджлівым (ліст.—май) і сухім (май—лістапад) сезонамі. Сярэднямесячныя т-ры ад 14—19 °C (ліп.) да 23—27 °C (лістапад). Ападкаў 1500—3000 мм за год. У расліннасці пераважаюць акацыевыя саванны з баабабамі, паркавая саванна з пальмамі; у гарах — лістападныя трапічныя лясы, участкі стэпаў, па далінах рэк — галерэйныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэр. краіны. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: бегемоты, кракадзілы, львы, леапарды, павіяны, зебры, антылопы. Ёсць малярыйныя камары і муха цэцэ. Воз. Ньяса багатае рыбай (асн. від тылапія). Нац. паркі: Касунгу, Ленгве, Лівондэ, Ньіка; некалькі паляўнічых рэзерватаў. Нац. парк воз. Малаві (Ньяса) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 99% складаюць блізкія паміж сабой народы, што адносяцца да ўсх. групы банту. Найб. — малаві (каля 55% насельніцтва), асн. этнічная група чэва (гавораць на мове чычэва). На Пд жывуць макуа, ломве, ваяа, суахілі, нгоні. Выхадцы з краін Азіі і Еўропы (больш за 30 тыс.чал.) жывуць пераважна ў гарадах. Сярод вернікаў 55% пратэстантаў, па 20% католікаў і мусульман, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост 1,5% (1997), у асобныя гады перавышае 3%. Сярэдняя шчыльн. 104 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны. У гарадах жыве 14% насельніцтва. Найб. гарады: Блантайр-Лімбе — каля 500 тыс.ж., Лілонгве — каля 400 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%, у абслуговых галінах — каля 9%. Некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў М. сезонна працуюць у Паўд.-Афр. Рэспубліцы (ПАР).
Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — бантумоўныя плямёны н’янджа (на Пд), чэва (у цэнтры) і тумбука (на Пн). У канцы 15 ст. каля воз. Ньяса склалася племянное аб’яднанне Малаві на чале з правадыром Каронгі. Пазней сюды перасяліліся народы нгоні і яо. У сярэдзіне 19 ст. тэр. М. наведваў Д.Лівінгстан, у 1876 брыт. місіянеры заснавалі пасяленне Блантайр. З 1891 М. — брыт. пратэктарат Ньясаленд. У 1915 тут адбылося антыбрыт. паўстанне на чале з Дж.Чылембве, задушанае ўладамі. У 1920—30-я г. ўзніклі туземныя асацыяцыі, у 1944 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр. Кангрэс Ньясаленда (АКН). У 1953—63 М. ўваходзіла ў Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда. Пасля забароны АКН на яго базе ў вер. 1959 створана партыя Кангрэс М. (КМ) на чале з Х.Бандам. У 1961 уведзена ў дзеянне канстытуцыя Ньясаленда. На першых усеагульных выбарах у Заканад. сход у 1961 перамог КМ. У лют. 1963 Ньясаленд атрымаў унутр. самакіраванне, а Банда стаў прэм’ер-міністрам краіны.
6.7.1964 абвешчана незалежная дзяржава М. ў складзе Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1966 М. — рэспубліка, прэзідэнт — Банда, адзіная легальная партыя — КМ. У краіне ўсталяваўся рэжым асабістай улады Банды, які ў ліп. 1971 абвешчаны яе пажыццёвым прэзідэнтам. Жорстка душылася ўсялякая апазіцыя. Праводзілася палітыка спрыяння прыватнаму сектару, асабліва ў галіне забеспячэння харчаваннем. У знешняй палітыцы кіраўніцтва М. падтрымлівала цесныя сувязі з краінамі Зах. Еўропы, ЗША і ПАР. Зпач. 1990-х г. краіну ахапілі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем адраджэння дэмакратыі, якія ўзначальвала каталіцкае духавенства. Восенню 1992 створаны альянс за дэмакратыю і Аб’яднаны дэмакр. фронт (АДФ). У студз. 1993 урад быў вымушаны дазволіць шматпартыйнасць. У 1994 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам М. выбраны лідэр АДФ Б.Мулузі. З мая 1995 набыла сілу новая канстытуцыя краіны. М. — чл.ААН і арг-цыі афр. адзінства (з 1964). Дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаны Дэмакр. фронт, Кангрэс М.
Гаспадарка. М. — аграрная краіна са слаба развітой эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Штогадовы даход на 1 чал. каля 180 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 45% валавога нац. прадукту, прам-сць — 30%, абслуговыя галіны — 25%. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — земляробства. Апрацоўваецца каля 1,7 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца саванны і рэдкастойныя лясы агульнай пл. каля 2 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, але асн. экспартную прадукцыю даюць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям і еўрап. каланістам (каля 10% апрацаваных зямель). Штогод збіраюць асн. экспартныя культуры (тыс. т): чай (займае 6% с.-г. зямель) — каля 50, тытунь — каля 130. Меншае экспартнае значэнне маюць бавоўнік, тунг, цукр. трыснёг, арахіс, каўчуканосы. Харч. культуры (у сял. гаспадарках): кукуруза (займае 80% с.-г. зямель, штогадовы збор 1,5—2 млн. т), афр. сорга, проса, рыс, пшаніца, бабовыя, маніёк, батат. Агародніцтва, трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля абмежавана з-за распаўсюджання мухі цэцэ і нізкай якасці пашы. Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 1000, авечак і коз — каля 800. Птушкагадоўля. Азёрнае і рачное рыбалоўства — 65 тыс. т (1993). Лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прам-сць развіта слаба, арыентавана на перапрацоўку с.-г. прадукцыі, вытв-сць спажывецкіх тавараў. Вытв-сць электраэнергіі 782 млн. кВт гадз (1993), пераважна на невялікіх ЦЭС і ГЭС. Найб.ГЭС на р. Шырэ. Асн. прадпрыемствы звязаны з апрацоўкай тытуню і чаю (Блантайр-Лімбе, Лілонгве, Зомба). Ёсць бавоўнаачышчальныя, тэкст., швейныя, кансервавыя, цукр., па вытв-сці тунгавага алею, мукамольныя, цагельныя, лесапільныя, цэм. прадпрыемствы. Невял. здабыча мармуру, жал. руды, кіяніту, баксітаў, буд. матэрыялаў. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, унутр. водны. У М. 49,8 тыс. км аўтадарог, у т. л. 5,7 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 15 тыс. легкавых, 19 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Даўж. чыгункі 789 км. Знешнегандл. сувязі пераважна па чыг. Блантайр-Лімбе—Бейра (Мазамбік). Унутр. водныя шляхі па воз. Ньяса і асобных участках р. Шырэ. У краіне 41 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. каля Блантайр-Лімбе і Лілонгве. У 1995 экспарт склаў 431 млн.дол., імпарт — 348 млн. долараў. М. экспартуе тытунь (40% па кошце), чай (35%), цукар, каву, арахіс, драўніну, імпартуе харч. прадукты, нафту і нафтапрадукты, тавары шырокага ўжытку, трансп. сродкі. Асн.гандл. партнёры: ПАР, ЗША, Японія, Германія. Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР і замежны турызм. Эканоміка М. залежыць ад эканам. дапамогі МВФ, Сусв. банка і асобных краін-донараў (найб. — Вялікабрытаніі і ПАР). Грашовая адзінка — квача.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Малаві.Да арт.Малаві. Узбярэжжа возера Ньяса.Да арт.Малаві. Краявід на Пд краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1743—44,
буйное антыфеад. выступленне сялян Крычаўскага староства (гл.Крычаўская воласць). Выклікана ўзмацненнем феад.-прыгоннага прыгнёту, жорсткай эксплуатацыяй сялян арандатарамі і адміністрацыяй староства. Доўгія гады сяляне вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства адміністрацыі староства і арандатараў, адмаўляліся плаціць падаткі, адбываць паншчыну і інш. павіннасці, збівалі панскіх прыказчыкаў, уцякалі на Украіну. У канцы 1743 выбухнула ўзбр. паўстанне, якое ўзначалілі мясц. сяляне В.Вашчыла і яго паплечнікі І.Карпач, С.Бачко, В.Вецер і інш. Сяляне выступалі супраць шляхты, нападалі на дамы купцоў і ліхвяроў, разганялі адміністрацыю. Кіраўнік Крычаўскага староства Г.Ф.Радзівіл 15.1,1744 накіраваў супраць паўстанцаў войска на чале з палкоўнікам Пястжэцкім, якое размясцілася ў Крычаве. 18.1.1744 сяляне штурмавалі Крычаў сіламі да 2 тыс.чал., але былі разбіты добра ўзброеным войскам. Пацярпеўшы паражэнне, паўстанцы сабраліся каля в. Царкавішча, дзе папоўніліся новымі сіламі (да 4 тыс.чал.) і планавалі пачаць 26.1.1744 новую аблогу Крычава. Але ў ноч перад аблогай на іх лагер нечакана напалі атрады Пястжэцкага. У выніку забіта больш за 200 чал. і шмат паранена. У пач.лют. 1744 паўстанне канчаткова задушана; 76 чал. было пакарана смерцю; да розных мер пакарання былі прыгавораны ўсе актыўныя паўстанцы, якія трапілі ў палон. Радзівіл абмежаваўся асобнымі ўступкамі: замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некат. абмежаванні ў сялянскім гандлі, аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і інш.
Літ.:
Мялешка В.І., Лойка П.А. Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́Н,
зямельны насып над стараж. пахаваннем, часам засыпанае зямлёй пахавальнае збудаванне. Звычай хаваць нябожчыкаў у К. склаўся на мяжы неаліту і энеаліту, на Беларусі — на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. Выяўленыя на Беларусі асобныя К. і курганныя могільнікі належаць усх.-слав. плямёнам, славяна-балцкаму насельніцтву, балтам, найб.стараж. — плямёнам сярэднедняпроўскай культуры. Вядомы пад назвамі курганы, капцы, валатоўкі, сопкі, французскія або шведскія магілы. Адрозніваюцца формай, памерамі, унутр. будовай, становішчам нябожчыка, абрадам пахавання, характарам пахавальнага інвентару. Найб. пашыраны круглыя (дыям. 3—18 м, зрэдку да 25), доўгія курганы і падоўжаныя ў плане К. (даўж. 10—110 м). Да канца 1-га тыс.н.э. пахавальны абрад — трупаспаленне, у 11—13 ст. — трупапалажэнне. Найчасцей у К. пахаваны адзін нябожчык, радзей 2—3, зрэдку больш, бываюць пазнейшыя падпахаванні. Больш ранняе трупаспаленне адбывалася па-за межамі К., пазней на месцы насыпу; рэшткі крэмацыі змяшчалі на падсыпцы, на гарызонце, у гаршку ці інш. пасудзіне, у выкапанай ямцы. Трупапалажэнне ў залежнасці ад племяннога абраду адбывалася на гарызонце, у яме, у некат. К. выяўлены рэшткі драўляных трун. Нябожчыка клалі на спіне або на баку, зрэдку ў сядзячым становішчы, галавой у пэўным напрамку свету (ва ўсх. славян звычайна на 3). Пахавальны інвентар складаецца з керамічнага посуду (або яго рэштак), прылад працы і побыту, упрыгожанняў. Сустракаюцца насыпы без пахаванняў — кенатафы. У 14 ст. курганныя пахаванні заменены грунтавымі пахаваннямі на могілках.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Курган. Курганны могільнік каля в. Высачаны Лёзненскага раёна Віцебскай вобл.