БО́ГАРАЎ (Веніямін Рыгоравіч) (24.12.1904, Масква — 15.4.1971),

савецкі акіянолаг і гідрабіёлаг. Чл.-кар. АН СССР (1958). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926). З 1930 у н.-д. ін-тах АН СССР і Маскоўскім ун-це. Навук. працы па вывучэнні марскога і акіянскага планктону, біял. прадукцыйнасці і геагр. занальнасці акіяна. Адзін са стваральнікаў тэорыі пра біял. структуру акіяна (1959). Дзярж. прэмія СССР 1951.

Тв.:

Жизнь моря. М., 1954.

т. 3, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЙКА (Юрый Рыгоравіч) (н. 6.3.1925, г. Саратаў, Расія),

бел. патолагаанатам. Д-р мед. н. (1964), праф. (1965). Скончыў Тбіліскі мед. ін-т (1948). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па паталаг. анатоміі падстраўнікавай залозы і аб ролі сасудзістых расстройстваў пры ўзнікненні вострага запалення гэтай залозы.

Тв.:

Патологическая анатомия и патогенез острого панкреатита. Мн., 1970;

Клинико-анатомический анализ врачебных ошибок Мн., 1994.

т. 3, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РАЎНА,

возера ў Беларусі, у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнічанка, за 25 км на У ад г.п. Бешанковічы. Пл. 2,04 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 9,5 м. Пл. вадазбору 4,4 км².

Размешчана сярод забалочанай лясістай мясцовасці. Катлавіна круглаватая, злёгку выцягнутая з Пн на Пд, берагі нізкія, парослыя хмызняком. Слаба зарастае каля берагоў. Сцёк па канаве ў воз. Ліпна.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЬЯ́Р ((Brongniart) Адольф Тэадор) (14.1.1801, Парыж — 18.2.1876),

французскі батанік. Чл. Парыжскай АН (1834). Замежны чл. Пецярбургскай АН (1829). Скончыў Парыжскі ун-т (1826). У 1828—30 працаваў у ім, з 1833 праф. Музея натуральнай гісторыі ў Парыжы. Навук. працы па эмбрыялогіі, фізіялогіі і сістэматыцы раслін. Адзін з заснавальнікаў палеабатанікі. Канстатаваў стварэнне пылковых трубак у шэрагу раслін (1827). Пабудаваў адзіную сістэму расліннага свету, якая ўключала і выкапнёвыя формы.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХМА́НЫ,

1) група вышэйшых кастаў у Індыі. У Стараж. Індыі — выканаўцы ахвярапрынашэнняў, знаўцы і тлумачальнікі Ведаў, адно з двух пануючых саслоўяў (варн). У перыяд феадалізму крыніца існавання брахманаў — служба ў апараце кіравання, судзе, землеўладанне.

2) Стараж.-інд. кнігі, якія належаць да літаратуры Ведаў. Створаны ў 8—6 ст. да н.э., уключаюць міфы і паданні, падрабязныя апісанні рытуалаў ведыйскай рэлігіі, звесткі па сац. і культ. гісторыі Стараж. Індыі.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ ((Victoria) Томас Луіс дэ) (каля 1548, г. Авіла, Іспанія — 27.8.1611),

іспанскі кампазітар, арганіст; буйнейшы прадстаўнік ісп. культавай вак. поліфаніі. Вучань К.Маралеса. У 1565—89 жыў у Рыме, з 1594 у Мадрыдзе, арганіст і віцэ-капельмайстар каралеўскага манастыра францысканцаў. Аўтар мес, матэтаў, гімнаў, магніфікатаў, псалмаў і інш. Найб. вядомыя «Службы на страсны тыдзень», «Страсці па Матфею» (абодва 1585), «Меса на смерць каралевы Марыі» (1605).

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНТАВА́Я ПАВЕ́РХНЯ,

паверхня, якая апісваецца лініяй, што аварочваецца вакол нерухомай восі з пастаяннай вуглавой скорасцю і адначасова рухаецца паступальна ўздоўж гэтай жа восі з пастаяннай скорасцю. Вінтавая паверхня, якая апісваецца прамой, наз. гелікоідам. Уласцівасць усякай вінтавой паверхні перамяшчацца па самой сабе выкарыстоўваецца ў тэхніцы (напр., для стварэння чарвячных перадач).

Вінтавая паверхня: 1 — агульнага выгляду, 2 — гелікоід (OO′ — нерухомая вось; L — лінія, пры дапамозе якой утвараецца вінтавая паверхня).

т. 4, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СМАНТ (Францішак Іванавіч) (н. 12.6.1950, г. Ліда Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны-фізіёлаг. Д-р мед. н. (1990), праф. (1996). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1973). З 1976 працуе ў ім. Навук. працы па фізіялогіі і патафізіялогіі тэрмарэгуляцыі; пра ролю ферментаў і фармакалагічных рэчываў у цэнтр. механізмах гіпертэрмічных эфектаў.

Тв.:

Об участии пептигидролаз мозга в центральных механизмах терморегуляции при перегревании и пирогеналовой лихорадке // Нейропептиды и терморегуляция. Мн., 1990.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІХО́Р у атмасферы, віхар,

маса паветра, ахопленая вярчальным рухам вакол рухомай восі. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да некалькіх тысяч кіламетраў. Скорасць ветру можа дасягаць ураганнай сілы (да 100 м/с). Да віхраў адносяць цыклон і яго трапічную разнавіднасць тайфун, тромб і тарнада, смерч. На Беларусі з сак. да вер. зрэдку адзначаюцца смерчы. Меншыя па памерах віхры часта бываюць летам у сухое надвор’е.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАВА СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове волава. Уключаюць у рознай колькасці інш. элементы, найчасцей свінец, сурму, медзь, цынк, кадмій, вісмут. Маюць нізкую т-ру плаўлення, малую трываласць і цвёрдасць, здавальняючую каразійную ўстойлівасць, некаторыя — добрыя антыфрыкцыйныя ўласцівасці. Адрозніваюць легкаплаўкія сплавы (ад 20 да 90% волава па масе), падшыпнікавыя матэрыялы (85—90% волава, сурма і медзь; напр., бабіт), прыпоі (ад 20 да 90% волава, свінец і сурма).

т. 4, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)