АЗАФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
клас фарбавальнікаў, у малекуле якіх адна ці некалькі азагруп -N=N-, звязаных з радыкаламі арган. злучэнняў (араматычных, гетэраараматычных, з актыўнымі CH2-групамі). У склад малекулы ўваходзяць таксама замяшчальныя і незамяшчальныя аміна- і гідраксігрупы, сульфакіслотная група SO3H, нітратная NO3, карбаксільная COOH і інш. Сінтэз азафарбавальнікаў заснаваны пераважна на рэакцыі азаспалучэння. Па колькасці азагруп адрозніваюць мона-, ды- і поліазафарбавальнікі.
Колер монаазафарбавальнікаў залежыць ад хім. будовы радыкалаў, звязаных з азагрупай, колькасці і месцазнаходжання замяшчальнікаў у іх. Прасцейшыя азафарбавальнікі звычайна жоўтага, аранжавага ці чырв. колеру. Паглыбленне колеру звязана з колькасцю аміна-, гідраксі- і азагруп, велічынёй сістэмы спалучэння малекулы азафарбавальнікаў, яе палярызацыяй, наяўнасцю спалучэння паміж азагрупамі. Паводле хім. будовы, асаблівасцяў узаемадзеяння з матэрыяламі азафарбавальнікі падзяляюцца на: пігменты; дысперсныя азафарбавальнікі (нерастваральныя ў вадзе, растваральныя ў арган. растваральніках і палімерах); асноўныя фарбавальнікі; кіслотныя фарбавальнікі; лакі (звычайна нерастваральныя ў вадзе солі барыю ці кальцыю кіслотных фарбавальнікаў); пратраўныя фарбавальнікі, прамыя фарбавальнікі; актыўныя фарбавальнікі (уступаюць ў хім. рэакцыі з малекуламі матэрыялаў); азагены; металазмяшчальныя комплексныя злучэнні азафарбавальнікаў. Уключаюць фарбавальнікі ўсіх колераў і адценняў, усіх груп па тэхнал. выкарыстанні. На долю азафарбавальнікаў прыпадае больш за палову вытв-сці фарбавальнікаў. Выкарыстоўваюцца на фарбаванне прыродных і сінт. валокнаў, скуры, паперы, гумы, пластмас, як пігменты для лакаў, фарбаў, пры вытв-сці каляровых алоўкаў і інш.
Літ.:
Аналитическая химия синтетических красителей: Пер. с англ. Л., 1979.
т. 1, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБО́РТ (лац. abortus),
спыненне цяжарнасці ў жанчын у першыя 22 тыдні (раней лічылі 28), калі плод яшчэ не здольны да жыцця па-за целам маці. Спыненне цяжарнасці ў больш познія тэрміны (да 38 тыдняў) наз. заўчаснымі родамі. Аборт да 12 тыдняў лічыцца ранні, пасля гэтага тэрміну — позні. Аборт штучны — спыненне цяжарнасці пры дапамозе спец. інструментаў або фармакалагічных сродкаў урачом у мед. установе; дазволены заканадаўствам у большасці краін свету, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Штучнае спыненне цяжарнасці па-за бальнічнай установай або без урача лічыцца крымінальным. Самаадвольны аборт (выкідыш) можа быць вынікам уздзеяння генет., эндакрынных, інфекц., сац.-эканам., экалаг., прафес. фактараў і звязаных з гэтым хвароб жанчыны і мужчыны і стварае вял. праблему ў акушэрстве — да 15—20% выкідышаў. У самаадвольным аборце адрозніваюць стадыі: пагражальны аборт, аборт, які пачаўся, аборт няпоўны і поўны. На 2 першых стадыях магчыма захаванне цяжарнасці. Самаадвольны аборт можа ўзнікаць паўторна (прывычны выкідыш), асн. сімптомы: болі ў нізе жывата і ў крыжы, крывяныя выдзяленні, далучаная інфекцыя. Аборт, якому спадарожнічае інфекцыя, наз. інфекцыйны. Любы аборт можа выклікаць ускладненні раннія (крывацёкі, пракол сценкі маткі, пашкоджанні сумежных органаў) і познія (запаленне палавых органаў і брушыны, бясплоднасць, эндакрынныя парушэнні), а таксама смерць жанчыны. Лячэнне аборту на ўсіх стадыях праводзіцца ў стацыянарных умовах.
І.У.Дуда.
т. 1, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАБАЛІ́ЗМ (ад грэч. anabolē уздым),
асіміляцыя, сукупнасць хім. працэсаў у жывым арганізме, якія забяспечваюць біял. сінтэз патрэбных для жыцця складаных рэчываў (бялкоў, поліцукрыдаў, тлушчаў, нуклеінавых кіслот і інш.) з больш простых. Накіраваны на ўтварэнне і абнаўленне структурных частак клетак і тканак. Непарыўна звязаны з катабалізмам (процілеглы працэс) і ўтварае з ім хім. аснову прамежкавага абмену рэчываў і абмену энергіі (забяспечвае яе назапашванне) у арганізме. Аўтатрофныя арганізмы (зялёныя расліны і некаторыя грыбы) здольныя ажыццяўляць першасны сінтэз арган. злучэнняў з CO2 з выкарыстаннем вонкавых крыніц энергіі (сонечнага святла, акіслення неарган. рэчываў), гетэратрофныя — толькі за кошт энергіі, якая вызваляецца ў працэсах катабалізму. Колькасць зыходных кампанентаў для біясінтэзу абмежаваная (глюкоза, рыбоза, амінакіслоты, піравінаградная кіслата, гліцэрына, ацэтылкаэнзім анабалізму і інш.). Як правіла, анабалізм забяспечваецца спецыфічным наборам ферментаў і ўключае шэраг аднаўленчых этапаў. У працэсе анабалізму кожная клетка сінтэзуе характэрныя для яе бялкі, вугляводы, тлушчы і інш. злучэнні (напр., мышачныя клеткі сінтэзуюць уласны глікаген і не скарыстоўваюць глікаген печані). У высокаарганізаваных арганізмаў у рэгуляцыі анабалізму на ўзроўні клетачнага абмену рэчываў акрамя ферментаў удзельнічаюць гармоны і інш. біял. актыўныя рэчывы, нерв. сістэма (гл. Нейрагумаральная рэгуляцыя). Многія прыродныя і сінтэтычныя рэчывы (анаболікі) здольныя павышаць узровень анабалізму, іх выкарыстоўваюць для штучнага нарошчвання мышачнай масы цела ў спорце (праблема допінг-кантролю), таксама як лек. сродкі ў тэрапіі хвароб абмену рэчываў.
т. 1, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну,
падпольныя патрыятычныя арг-цыі, якія дзейнічалі пераважна ў зах. абласцях акупіраванай Беларусі. Узнікалі найчасцей па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам б. членаў КПЗБ і КСМЗБ. Асновай антыфашысцкіх арганізацый на Беларусі была ячэйка (група) з З—5 чал. на чале з сакратаром; 5—7 ячэек аб’ядноўваліся ў падраёны, 3—4 падраёны — у падп. раённую арг-цыю, якой кіраваў камітэт. На тэр. Беларусі дзейнічалі 2 абласныя (Беластоцкая і Брэсцкая), 3 акруговыя (Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая), 4 гарадскія (Беластоцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Слонімская), 27 раённых антыфашысцкіх арганізацый, якія аб’ядноўвалі сотні груп, больш за 12 тыс. чал. Вакол іх групаваліся «сімпатыкі» (спачувальнікі), якія дапамагалі арганізоўваць барацьбу насельніцтва з акупантамі. Антыфашысцкія арганізацыі ўзаемадзейнічалі з партызанамі, дастаўлялі ім зброю, боепрыпасы, адзенне, медыкаменты, прадукты, здабывалі для іх разведінфармацыю, накіроўвалі да партызанаў мясц. жыхароў, вызваленых ваеннапалонных. Пасля стварэння падп. парт. органаў дзейнасць антыфашысцкіх арганізацый на Беларусі ўскладнілася, парт. к-ты часам вымушалі арг-цыі да самароспуску. Кіраўнікамі антыфаш. падполля былі І.П.Урбановіч, А.С.Азончык, М.Е.Крыштафовіч, Д.К.Сукачоў, Я.М.Афанасьеў, Б.І.Гардзейчык, А.М.Дурэйка, І.І.Жышко, А.Ф.Манкевіч, Ф.З.Місько, М.А.Несцярук, М.І.Паўлоўскі, М.М.Уладыка, М.Ф.Трында, В.В.Янушка і інш.
т. 1, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЯЛО́ГІЯ (ад грэч. bryon мох + ...логія),
раздзел батанікі, які вывучае мохападобныя.
Узнікла ў канцы 18 ст., як навука сфарміравалася ў 19 ст. (І.Гедзвіг, С.Эндліхер і інш.). Уклад у яе развіццё зрабілі працы вучоных аўстр. Р.Ветштайна, ням. М.Фляйшэра, К.Гёбеля, амер. Р.М.Шустэра, Б.К.Стотлера, рус. К.І.Меера, Б.М.Коза-Палянскага, укр. Дз.К.Зярова і інш.
На Беларусі вывучэнне відавога складу мохападобных пераважна Зах. Беларусі і Палесся пачалі ў канцы 19 — пач. 20 ст. А.М.Алексенка, К.Шафнагель, Я.Сепесфальві, У.С.Дактуроўскі і інш. Больш шырока і мэтанакіравана брыяфлору ў 1920-я г. даследавалі Л.І.Савіч-Любіцкая і інш., у 1930-я г. — С.М.Цюрэмнаў, А.П.Підоплічка, А.С.Лазарэнка. З 1960-х г. даследаванні па Б. вядуць пераважна ў Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Вывучаецца відавы склад і дынаміка флоры мохападобных, асаблівасці іх эколага-цэнатычнага размеркавання і геагр. пашырэння. Упершыню распрацавана цэласная канцэптуальная мадэль паходжання і эвалюцыі мохападобных з часу ўзнікнення пачатковых археганіятаў (Г.Ф.Рыкоўскі). Створана брыятэка з 20 тыс. узораў мохападобных. Звесткі Б. выкарыстоўваюць пры вызначэнні лесамеліярац. фонду, ступені парушэння біяцэнозаў, забруджвання навакольнага асяроддзя, пры выкананні мерапрыемстваў па аптымізацыі ландшафтаў, перспектыўныя пры стварэнні замкнёных сістэм жыццезабеспячэння.
Г.Ф.Рыкоўскі.
т. 3, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЕ ПЕРАДЛЕДАВІКО́ЎЕ, добрушскае перадледавікоўе,
частка антрапагенавага перыяду перад наступленнем нараўскага зледзянення на тэр. Беларусі. Вылучана (Н.А.Махнач; 1971) як найб. стараж. ч. антрапагену працягласцю каля 400 тыс. гадоў. Паводле апошніх даследаванняў, брэсцкае перадледавікоўе адносіцца да 2-й пал. эаплейстацэну (каля 800—1200 тыс. гадоў назад) і адпавядае брэсцкаму надгарызонту (магутнасць да 20—30 м, залягае на глыб. 10—170 м). Паверхня тэр. Беларусі была выраўнаваная, найб. узвышаная на ПнУ. Рэкі цяклі на Пд і З. Адклады з глін, алеўрытаў з праслоямі пяскоў і торфу намнажаліся ў азёрах, шматлікіх на Пд і ПнЗ, у балотах і далінах рэк. Клімату былі ўласцівы значныя і частыя ваганні з паступовым пахаладаннем. Вылучаюцца 2 працяглыя халодныя перыяды (апошні больш суровы; у раслінным покрыве пераважалі разрэджаныя хваёва-бярозавыя лясы), падзеленыя менш працяглым цёплым часам, з кліматам і расліннасцю, блізкімі да сучасных. Паводле асаблівасцяў адкладаў і выкапнёвых рэшткаў раслін ўстаноўлена, што брэсцкае перадледавікоўе адпавядае частцы ніжняга плейстацэну Польшчы і Германіі, верхняму апшэрону і яго аналагам на тэр. Усх.-Еўрап. раўніны, а таксама менапу, бавелу і ніжняй ч. кромеру Нідэрландаў.
Літ.:
Махнач Н.А. Этапы развития растительности Белоруссии в антропогене. Мн., 1971;
Якубовская Т.В., Назаров В.И. Стратиграфическая схема отложений эоплейстоцена Беларуси // Докл. АН Беларуси. 1993. Т. 37, № 4.
Т.В.Якубоўская.
т. 3, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІЯ ДРУКА́РНІ 16 ст. Дзейнічалі ў 1550—70-я г. ў Брэсце. Мецэнатам большасці з іх быў канцлер ВКЛ, ваявода віленскі і староста берасцейскі М.Радзівіл Чорны. Узнікненню друкарняў садзейнічаў уздым у культ. развіцці Беларусі, пашырэнне міжнар. сувязяў і ўплыў Рэфармацыі. У ліку друкароў-кнігавыдаўцоў Б.Ваяводка (1553—54), С.Мармеліус (1558—60-я г.), Ц.Базылік (1560—70-я г.). Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам, адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху: Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса. З выданняў Мармеліуса вядомы: «Два пасланні» (1559), «Гісторыя пра папу Іаана VIII, які быў жанчынай» (1560), «Артыкулы права магдэбургскага» Б.Граіцкага (1560) і інш. Выйшлі выданні і без упамінання друкара: «Брэсцкая біблія» (1563); сатыр. паэма «Пратэй, або Пярэварацень» (1564), «Размова паляка з ліцвінам» (каля 1564). Найб. росквіту кнігадрукаванне ў Брэсце дасягнула пад кіраўніцтвам Базыліка. У гэты час надрукавана больш за 40 выданняў рознага зместу на польск. і лац. мовах, у якіх адлюстраваны духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэс. дзеячаў бел., літ. і польск. культур, белетрыстычныя, гіст., паліт. працы. Выдаўцы Б.д. адрасавалі значную частку сваіх кніг «простым», «посполитым» чытачам. У іх афармленні шырока выкарыстоўвалася рэнесансавая графіка, наборныя арнаменты, гатычныя шрыфты, застаўкі, канцоўкі, фігурныя ксілаграфіі, адчуваецца сувязь з кніжным мастацтвам Польшчы і краін паўночнаеўрап. Адраджэння.
Г.Я.Галенчанка.
т. 3, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),
камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.
Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.
На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.Сапега.
М.А.Дубіцкі.
т. 3, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,
адна з найстарэйшых астранамічных абсерваторый у Еўропе. Засн. ў 1753 у Вільні.
Адным з арганізатараў і першым дырэктарам (1765—1807) быў М.Пачобут-Адляніцкі. У абсерваторыі ў розны час працавалі астраном Я.Снядэцкі, П.Славінскі, М.Глушневіч, М.М.Гусеў, Я.Я.Саблер, П.М.Смыслоў і інш., навук. і асветніцкая дзейнасць якіх адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні на Беларусі і ў Літве прыродазнаўчых ведаў. У 1753—65 Віленская астранамічная абсерваторыя існавала як астр. кабінет, абсталяваны найпрасцейшымі прыладамі. Пасля набыцця больш дасканалых астр. інструментаў з 1773 вяліся сістэм. назіранні планет, астэроідаў, камет, зацьменняў Сонца і Месяца, пакрыццяў зорак Месяцам. Першая ў Расіі пачала астрафіз. даследаванні: з 1864 асн. яе кірункам стала вывучэнне фатаграфічнымі метадамі паверхні Месяца і фіз. з’яў, што адбываюцца на Сонцы. Вяла таксама метэаралагічныя назіранні; віленскія астраномы прымалі ўдзел у вызначэнні геагр. каардынат населеных пунктаў і ў геад. экспедыцыях на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Курляндскай губерняў. Абсерваторыя мела вял. б-ку, у 1838—46 выдавала свае навук. працы. Спыніла дзейнасць пасля пажару 1876. У 1940 утворана астр. абсерваторыя пры Вільнюскім ун-це.
Літ.:
Славенас П.В. Астрономия в высшей школе Литвы XVI—XIX вв. // Историко-астрономические исследования. М., 1955. Вып. 1.
А.І.Болсун.
т. 4, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРУСАЛО́ГІЯ (ад вірусы + ...логія),
медыка-біял. навука аб вірусах. Агульная вірусалогія вывучае прыроду вірусаў, іх будову, размнажэнне, біяхімію, генетыку, паходжанне і пашырэнне ў прыродзе. Мед., вет. і с.-г. вірусалогія даследуе патагенныя вірусы, іх інфекцыйныя ўласцівасці, распрацоўвае меры папярэджання, дыягностыкі і лячэння захворванняў, якія імі выклікаюцца.
Сфарміравалася ў канцы 19 ст. пасля адкрыцця рус. вучоным Дз.І.Іваноўскім (1892) віруса тытунёвай мазаікі. Былі вызначаны вірусы яшчуру (1898) і жоўтай ліхаманкі (1901), потым вірусы — узбуджальнікі шаленства, воспы, поліяміэліту, адру, герпесу. Сучаснай вірусалогіі вядома больш за 500 вірусаў, патагенных для чалавека і жывёл.
На Беларусі распрацоўка пытанняў вірусалогіі пачалася ў 1924 і звязана з вырабам і выкарыстаннем вакцын супраць воспы і шаленства. Асн. навук. цэнтры па мед. і ветэрынарнай вірусалогіі — Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, эксперым. ветэрынарыі, рыбнай гаспадаркі, БДУ і інш. Распрацаваны актыўныя злучэнні супраць вірусаў грыпу, энцэфаліту і інш., удасканалена сістэма аховы пры даследаванні патагенных узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (В.І.Вацякоў, П.Р.Рыцік, Э.У.Фельдман, Б.П.Савіцкі, І.І.Протас, М.А.Кавалёў, Л.М.Галаўнёў і інш.). Асаблівае значэнне набываюць праблемы вывучэння вірусаў, якія выклікаюць пухлінныя працэсы, латэнтных вірусных інфекцый і ВІЧ-інфекцыі.
Літ.:
Зуев В.А. Медленные вирусные инфекции человека и животных. М., 1988.
т. 4, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)