РАДЫЯХІ́МІЯ (ад радые... + хімія),

раздзел хіміі, які вывучае фізіка-хім. і хім. ўласцівасці радыеактыўных ізатопаў элементаў (радыенуклідаў), метады іх выдалення і канцэнтравання. Асн. раздзелы: агульная Р., якая вывучае агульныя заканамернасці паводзін радыенуклідаў, іх стан у ультрамалых канцэнтрацыях у растворах, газах і цвёрдых рэчывах; хімія радыеактыўных элементаў, якая вывучае хім. ўласцівасці радыеактыўных элементаў, прыкладная Р., якая ўключае сінтэз мечаных злучэнняў, выкарыстанне радыенуклідаў у хім., біял. і інш. даследаваннях (гл. Ізатопныя індыкатары), а таксама праблемы атрымання і перапрацоўкі ядз. гаручага, перапрацоўкі радыеактыўных адходаў і інш. У Р. выкарыстоўваюцца спецыфічныя высокаадчувальныя метады вымярэння колькасці радыенуклідаў, што абумоўлена радыеактыўнасцю даследуемых рэчываў.

Станаўленне Р. звязана з адкрыццём у 1898 радыеактыўных элементаў радыю і палонію (П.Кюры, М.Складоўская-Кюры). У 1-й трэці 20 ст. ўстаноўлены законы суасаджэння і адсорбцыі радыенуклідаў з ультраразбаўленых раствораў (К.Фаянс, Ф.А.Панет, В.Р.Хлопін, О.Ган і інш.), распрацаваны асновы метаду ізатопных індыкатараў (Дз.Хевешы і Панет) і эманацыйны метад даследавання фіз.-хім. уласцівасцей цвёрдых цел. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці (І. і Ф. Жаліо-Кюры) стала пачаткам новага этапу ў развіцці Р.; былі атрыманы радыенукліды нерадыеактыўных рэчываў пры апрамяненні іх нейтронамі (Э.Фермі з супрацоўнікамі), першыя штучныя радыеактыўныя элементы тэхнецый (1937), астат, нептуній, плутоній (1940). Далейшае развіццё Р. звязана з атрыманнем штучных радыенуклідаў усіх элементаў перыяд. сістэмы (акрамя гелію і літыю), што ёсць у прыродзе, актыноідаў, а таксама трансактыноідных элементаў.

На Беларусі развіццё Р. пачалося ў 1969, калі ў Ін-це ядз. энергетыкі АН была створана радыехім. лабараторыя па даследаванні радыенуклідаў у растворах, вывучэнні працэсаў гідролізу катыёнаў і сорбцыі гідракомплексаў радыенуклідаў, па распрацоўцы метадаў ачысткі раствораў радыеактыўных рэчываў, а таксама спосабаў дэзактывацыі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) даследаванні фіз.-хім. стану, хім. трансфармацыі і міграцыі радыенуклідаў у глебе, глебава-раслінным покрыве, вадзе, паветры праводзяцца ў Ін-це радыеэкалагічных праблем і Ін-це радыебіялогіі Нац. АН і БДУ.

Літ.:

Несмеянов А.Н. Радиохимия. 2 изд. М., 1978;

Келлер К. Радиохимия: Пер. с нем. М., 1978;

Нефедов В.Д., Текстер Е.Н., Торопова М.А. Радиохимия. М., 1987.

Ю.​П.​Давыдаў.

т. 13, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХАВІ́К,

энергасілавая машына, якая пераўтварае энергію рознага віду ў мех. работу або ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя. У залежнасці ад тыпу Р. работа можа быць атрымана ад вярчальнага ротара (у ротарных машынах), зваротна-паступальнага руху поршня (у поршневых машын), рэактыўнага апарата і інш. Падзяляюцца на стацыянарныя, перасоўныя і транспартныя. Прыводзяць у дзеянне рабочыя машыны, трансп. сродкі (сухапутныя, водныя, паветраныя, касмічныя), вытв.-тэхнал. ўстаноўкі, камунальныя і быт. машыны і прылады і інш.

Р., якія пераўтвараюць прыродныя энергет. рэсурсы (паліва, энергію ветру, вады і інш.) у мех. энергію, наз. першаснымі Р. Да іх адносяцца цеплавыя рухавікі, гідраўлічныя рухавікі, ветрарухавікі. Другасныя Р. пераўтвараюць у работу энергію, атрыманую ад першасных Р. ці ад пераўтваральнікаў і накапляльнікаў энергіі (сонечных батарэй, інерцыйных і спружынных механізмаў і інш.): электрычныя рухавікі (у т. л. асінхронныя электрарухавікі, сінхронныя электрарухавікі), пнеўмарухавікі, інерцыйныя рухавікі, гіравыя, спружынныя, некаторыя гідраўлічныя і інш.

Першым мех. Р. было вадзяное кола, якое выкарыстоўвалася для падачы вады ў арашальныя сістэмы (краіны Стараж. Усходу, Егіпет, Кітай, Індыя). Ветрарухавікі барабаннага тыпу з’явіліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, з 7 ст. ў Персіі пачалі будаваць больш дасканалыя крыльчатыя, якія з 12—13 ст. пашырыліся ў Еўропе для прыводу ветраных млыноў (гл. Вятрак). З 13 ст. рабіліся спробы стварэння вечнага рухавіка. Цеплавы Р. — поршневая параатмасферная машына пабудавана Т.Ньюкаменам у 1705, універсальны цеплавы Р. — паравая машына — Дж.Уатам у 1784, паравая турбіна прамысл. значэння — Ч.А.Парсансам у 1884, практычна прыгодны рухавік унутранага згарання — франц. механікам Э.​Ленуарам у 1860, 4-тактавы газавы Р. — Н.А.Ота ў 1876, дызельны — Р.К.Дызелем у 1897 (гл. Дызель). У 1-й пал. 20 ст. створаны газавая турбіна, рэактыўны рухавік, ядзерная сілавая ўстаноўка. Гл. таксама Авіяцыйны рухавік, Аўтамабільны рухавік, Суднавы рухавік.

Літ.:

История техники. М., 1962;

Радость познания. Т. 4. Человек и машины: Пер. с англ. М., 1986.

У.​М.​Сацута.

Рухавікі: а — паравы Ньюкамена (1 — бак з вадой, 2 — поршань са штокам, 3 — цыліндр, 4 — упырскванне вады, 5 — паравы кацёл); б — газавы 4-тактны Ота (1 — выхад газаў, 2 — упуск паветра, 3 — упуск газу, 4 — слізгальны клапан, 5 — гарэнне газу, 6 — абалонка з ахаладжальнай вадой, 7 — поршань).

т. 13, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),

адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.

С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.​Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш. зах.-еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.​К.​Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.​Жукоўскі, А.​Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.​Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.​Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.

У бел. паэзію С. увёў Я.​Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.​Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.​Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.​Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.​Труса («Над кубкам возера»), М.​Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.​Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.​Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.​Барадуліна, Э.​Валасевіча, С.​Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.​Кірэенкі, Я.​Сіпакова, М.​Федзюковіча і інш.

Літ.:

Барычэўскі А. Тэорыя санету. Мн., 1927.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З»,

1) серыя сав. (рас.) касм. караблёў (КК) аднаразовага выкарыстання для арбітальных палётаў вакол Зямлі; праграма іх распрацоўкі (з 1962) і запускаў (з 1966). Прызначаліся для вырашэння тэхн. і навук. задач у каляземнай касм. прасторы, дастаўкі экіпажаў (1—3 чал.) на борт арбітальных станцый і вяртання касманаўтаў на Зямлю; былі і беспілотныя мадыфікацыі. У 1967—81 на арбіты выведзены 40 «С.», у т. л. 2 беспілотныя. Маса запраўленага і ўкамплектаванага «С.» да 6,9 т, даўж. 7,2 м, дыяметр 2,7 м.

Аб’ём жылых адсекаў 10,45 м³. Плошча панэлей сонечных батарэй да 14 м². Працягласць аўтаномнага палёту да 30 сут, у складзе арбітальнага комплексу — да 180 сут. На арбіту выводзіцца аднайм. ракетай-носьбітам з касмадрома Байканур.

Складаецца з 3 адсекаў, якія злучаны паміж сабой і аддзяляюцца пры пасадцы: спускальны апарат, дзе знаходзіцца экіпаж у час старту, стыкоўкі, расстыкоўкі і пасадкі; арбітальны (бытавы) адсек са стыковачным агрэгатам; прыборна-агрэгатны адсек з рухальнай устаноўкай. На базе «С.» распрацаваны КК «С. Т» (запускі ў 1979—86) і «С. ТМ» (з 1986) для дастаўкі экіпажаў адпаведна на арбітальныя станцыі «Салют» і «Мір» і вяртання касманаўтаў на Зямлю. «С. ТМ» выкарыстоўваецца як карабель-выратавальнік для Міжнар. касм. станцыі. Запушчаны 15 «С. Т» і 32 «С. ТМ» (2000). На аснове «С.» створаны таксама грузавы трансп. КК «Прагрэс».

2) Сав. (рас.) 3-ступеньчатыя ракеты-носьбіты (РН) для вывядзення на каляземныя арбіты пілатуемых і аўтам. касм. апаратаў. Стартавая маса (разам з КК) ~310 т, макс маса карыснага грузу ~7 т. Пры дапамозе РН «С.» з 1966 выводзіліся ў космас некаторыя ШСЗ серыі «Космас», цяпер выводзяцца КК «С.» і «Прагрэс». Запускаюцца з касмадромаў Байканур і Плясецк. РН «С.» з дадатковай 4-й ступенню, якая выкарыстоўвалася з 1961 для запуску ў космас некаторых касм. апаратаў серый «Венера», «Зонд», «Космас, «Маланка», «Марс», «Месяц», «Прагноз», называлася РН «Маланка».

У.​С.​Ларыёнаў.

Касмічны карабель «Саюз»: 1 — стыковачны агрэгат; 2 — арбітальны адсек; 3 — прыборна-агрэгатны адсек; 4 — спускальны апарат.

т. 14, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЧ,

горад, цэнтр Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл., каля вытоку р. Свіслач (бас. р. Нёман); чыг. ст. Свіслач на лініі Ваўкавыск—Свіслач, знаходзіцца за 3 км ад гар. пасёлка. За 90 км на Пд ад Гродна. Аўтадарогамі злучана з гарадамі Гродна, Ваўкавыск, г.п. Поразава. 7,8 тыс. ж. (2001).

Упершыню ў пісьмовых крыніцах С. згадваецца ў канцы 15 — пач. 16 ст. як велікакняжацкая маёмасць. У сярэдзіне 16—19 ст. прыватная ўласнасць. Належала Заслаўскім (з 1542), Крышпінам (з пач. 17 ст.), Тышкевічам (2-я пал. 18 ст. — 1831). У 18 ст. граф В.​Тышкевіч заклаў парк і ў ім пабудаваў палац. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, з 1801 цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. На мяжы 18—19 ст. дзейнічаў Свіслацкі тэатр Тышкевічаў. У 1-й пал. 19 ст. працавала папяровая мануфактура, пабудаваны гандл. рады. У 1804 Тышкевіч заснаваў Свіслацкую гімназію. У 1851 гімназія пераўтворана ў 5-класнае дваранскае вучылішча, якое скончыў К.​Каліноўскі; з 1876 Свіслацкая настаўніцкая семінарыя. У 1833 у С. 1256 ж., 146 драўляных і 1 мураваны дом, 48 крам. У 1897—3099 ж., 526 дамоў (502 драўляныя, 24 мураваныя), 6 гарбарных, піваварнае, 2 медаварныя прадпрыемствы, сельская лячэбніца. У канцы 19 ст. штогод праводзіўся кірмаш. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З канца 1939 у Беластоцкай вобл. БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Свіслацкага раёна. У Вял. АЙЧ. вайну з чэрв. 1941 да 17.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 4859 чал. Дзейнічалі падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. З 20.9.1944 у складзе Гродзенскай вобл.

Працуюць харчкамбінат, камбінат каап. прам-сці, з-д жалезабетонных вырабаў, сумеснае прадпрыемства «Свіда»; 2 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, б-ка, бальніца, царква, касцёл, сінагога, мячэць, Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі: землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, К.​Каліноўскаму, Р.​Траўгуту. Помнікі архітэктуры — парк (18 ст.), будынак гімназіі (1802—03).

т. 14, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РБАЎ Ісак Абрамавіч (27.5.1871, в. Кульшычы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.1.1943),

бел. этнограф, фалькларыст, археолаг. Правадз. чл. Інбелкульта (1922). Канд. гіст. н. (1934). Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1892), Маскоўскі археал. ін-т (1918). Працаваў настаўнікам у Мінску, Гомелі, Вільні, Троках, Хоцімску, Стоўбцах. У 1910—12 як член Паўн.-Зах. аддзела Рус. геагр. т-ва наладзіў шэраг экспедыцый па Беларусі. У 1917—18 заг. аддзела нар. асветы ў г. Сальцы Наўгародскай губ., з 1919 у аддзелах нар. асветы Магілёўскай і Гомельскай губ. З 1923 выкладчык, заг. кафедры этнаграфіі БДУ, супрацоўнік секцыі этнаграфіі Ін-та гісторыі АН БССР. У Вял. Айч. вайну выкладчык Тамбоўскага пед. ін-та. З 1900 вывучаў побыт, матэрыяльную культуру, вусную паэт. і муз. творчасць бел. народа. Сабраў багатыя калекцыі нар. адзення і мастацтва, на аснове якіх выдадзены альбом «Беларускае народнае мастацтва» (1951). Першы з бел. этнографаў стварыў вял. фотатэку (каля 5 тыс. фотаздымкаў), у якой зафіксаваны тыпы адзення жыхароў розных куткоў Палесся, жылля, гасп. пабудоў, вырабы рамёстваў і інш. Сабраныя этнагр. матэрыялы і назіранні абагульнены ў працах «Сяло Вялікае: Малюнкі з жыцця Беларусі» (1910), «Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг.» (1914), «Беларусы-сакуны» (1915). У 2-й пал. 1920-х г. правёў раскопкі грунтавога могільніка 5—8 ст. каля Новага Быхава, даследаваў курганы дрыгавічоў (каля Мінска і Мазыра), радзімічаў (каля Новага Быхава, у басейнах рэк Проня і Ухлясць), крывічоў (па р. Ушача). Вывучыў каля 100 насыпаў, абследаваў і апісаў больш за 30 гарадзішчаў, селішчаў і стаянак.

Тв.:

Археалагічныя раскопкі ў аколіцах Менску ў 1925 г. Мн., 1927;

Вічынскія паляне. Мн., 1928;

Археалагічныя помнікі Ушацкага раёна Полацкай акругі // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1930. Кн. 11. Пр. археал. камісіі, т. 2;

Археалагічныя абследаванні ў вадазборах рэк Проні — Ухлясці ў был. Магілёўшчыне // Працы секцыі археалогіі Інта гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.

Літ.:

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст. Мн., 1970;

Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі. Мн., 1972;

Цішчанка І.К. З творчай спадчыны І.​А.​Сербава // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1974. №1.

В.​С.​Вяргей.

І.​А.​Сербаў.

т. 14, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЯ́НСКІ ЗА́МАК,

помнік архітэктуры 1-й чвэрці 17 ст. на паўн.-зах. ускраіне в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Вядомы таксама пад назвамі «Белы Ковель» ці «Малы Ковель». Займаў прамавугольную ў плане пляцоўку (100 × 200 м) на правым беразе р. Дзярноўка. Пабудаваны да 1626 кн. С.​А.​Сангушкам-Ковельскім. Змураваны з буйной цэглы (29 × 13 × 8 см) і палявога каменю. Меў выгляд замкнутага прамавугольніка з унутр. дваром, вуглавымі 3-яруснымі вежамі і 5-яруснай 5-граннай вежай на паўн.-ўсх. фасаднай сцяне. 3-павярховы корпус палаца па перыметры двара меў сцены таўшчынёй 1,2—1,7 м. Муроўка замка паводле тыпу найбольш блізкая да т.зв. галандскай. 5-ярусная вежа вылучаецца вытанчаным рэльефным дэкорам, які мякка кантраставаў з гладкай паверхняй сцен. Арнамент аконных праёмаў і плоская ордэрная раскрапоўка вежаў сведчаць пра стылістычную сувязь з зах.-еўрап. архітэктурай. У матывах складанага рэнесансавага абрамлення рамкі-картуша прасочваюцца галандскія ўплывы. Захаваліся сляды вітых усходаў, што ішлі па ўнутр. перыметры вежы, шмат ніш рознага памеру, арачны пераход з гал. корпуса ў вежу, дэталі камінаў. Ёсць звесткі, што на схіле жыцця гаспадар замка кн. Сангушка-Ковельскі загадаў размаляваць пакоі карцінамі на рэліг. сюжэты, тэмы смерці і забыцця. З інвентароў замка за 1739 і 1742, калі ён належаў маршалку ВКЛ П.​Л.​Сангушку, вынікае, што «... замак мураваны на капцы» быў наўкола «вадою абвіты». Перад ім знаходзіўся стаў з мостам. Пры ўваходзе на дзядзінец, злева, быў вял. склеп. У пакоях стаялі печы з белай кафлі з гербам «Пагоня». Дапаможныя гасп. службы размяшчаліся не ў замку, а за ставам. Замак быў разбураны ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайну 1700—21. Заняпад С.з. пачаўся з канца 18 ст. і завяршыўся ў сярэдзіне 19 ст. (новы гаспадар Смалян сенатар Сямёнаў прадаў замак на цэглу). Захаваліся 5-ярусная вежа і рэшткі сцен.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977. С. 58—59;

Баравы Р.В. Да гісторыі замка ў Смалянах // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3.

М.​А.​Ткачоў.

Смалянскі замак. Малюнак Ю.​Пешкі канца 18 ст.
Руіны вежы Смалянскага замка. Сучасны выгляд.

т. 15, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАДАРО́ЖНІКІ ПЛАНЕ́Т,

целы Сонечнай сістэмы, якія абарачаюцца вакол вял. планет пад дзеяннем іх прыцягнення. Першыя адкрыцці С.п. (акрамя Месяца) адносяцца да пач. 17 ст. (4 спадарожнікі Юпітэра; 1610, Г.​Галілей). У тым жа стагоддзі выяўлены 5 спадарожнікаў Сатурна, у 18 ст. — па 2 спадарожнікі Урана і Сатурна, у 19 ст. — па 1 у Нептуна і Юпітэра, па 2 у Марса, Сатурна і Урана. У 1-й пал. 20 ст. адкрыты 6 спадарожнікаў Юпітэра, па 1 — Урана і Нептуна. Да 1979 былі вядомы 34 С.п. Спрыяльныя ўмовы для назірання Сатурна з Зямлі, а таксама палёты касм. апаратаў «Піянер» і «Вояджэр» прывялі да адкрыцця новых С.п. Усяго вядомы 91 С.п. (2001); 66 маюць уласныя назвы, астатнія — часовыя абазначэнні.

У Меркурыя і Венеры (бліжэйшыя да Сонца планеты) няма прыродных спадарожнікаў; у Зямлі 1 — Месяц; у Марса 2 — Фобас і Дэймас. У Юпітэра 28 спадарожнікаў (16 з уласнымі назвамі. 12 з часовымі абазначэннямі). Спадарожнікі з уласнымі назвамі падзяляюцца на 4 групы: Галілеевы спадарожнікі, — Іо, Еўропа, Ганімед, Каліста і 3 групы малых — 4 унутр. спадарожнікі (Адрастэя, Амальтэя, Метыда, Тэба) знаходзяцца бліжэй да планеты, чым Іо, і ўтвараюць кальцавую сістэму Юпітэра; 4 знешнія (Гімалія, Леда, Лісітэя, Элара) — з прамым рухам (напрамак супадае з напрамкам руху планеты) на адлегласці каля 11 млн. км; 4 знешнія (Ананке, Карме, Пасіфе, Сінопе) — з адваротным напрамкам руху на адлегласці каля 22 млн. км. Галілеевы і ўнутраныя спадарожнікі рухаюцца ў плоскасці экватара Юпітэра па амаль кругавых арбітах (рэгулярныя С.п.), астатнія — па эксцэнтрычных вельмі нахіленых арбітах (нерэгулярныя С.п.). У Сатурна 30 спадарожнікаў (18 з уласнымі назвамі, 12 з часовымі абазначэннямі): Тытан (самы вялікі), Атлас, Гіперыён, Дыёна, Елена, Каліпса, Мімас, Пан, Пандора, Праметэй, Рэя, Тэлеста, Тэфія, Феба, Энцэлад, Эпіметэй, Янус, Япет. Уран мае 21 спадарожнік: 15 рэгулярных (Аберон, Арыэль, Міранда, Тытанія, Умбрыэль і інш.), 5 нерэгулярных, 1 адкрыты ў 1999 (арбіта не вызначана). У Нептуна 8 спадарожнікаў, 2 з якіх (Нерэіда і Трытон) адкрыты наземнымі метадамі, 6 — пры пралёце «Вояджэра» паблізу планеты. Плутон мае 1 спадарожнік — Харон.

Літ.:

Гл. да арт. Сонечная сістэма.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 15, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНАЯ ГІМНА́СТЫКА,

практыкаванні і спаборніцтвы на гімнастычных снарадах, у апорных скачках і ў вольных практыкаваннях; від спорту. У праграму гімнастычнага мнагабор’я ўваходзяць адвольныя практыкаванні: для мужчын — у апорных скачках, у вольных практыкаваннях, на кані, кольцах, брусах і перакладзіне; для жанчын — на брусах рознай вышыні, бервяне, у апорных скачках і вольных практыкаваннях.

Гімнастычныя практыкаванні ўваходзілі ў сістэму фіз. выхавання з часоў Стараж. Грэцыі. Практыкаванні на гімнастычных снарадах, апорныя скачкі выкарыстоўваліся ў сістэме фіз. выхавання ў еўрап. краінах з канца 18 — пач. 19 ст. Спаборніцтвы праводзяцца з 2-й пал. 19 ст. Міжнар. федэрацыя гімнастыкі створана ў 1881. З 1896 С.г. ўваходзіць у праграму Алімп. гульняў (жанчыны ўдзельнічаюць з 1928). Чэмпіянаты свету адбываюцца з 1903 (у жанчын — з 1934). Найб. пашырана С.г. на Беларусі, у Германіі, ЗША, Кітаі, Расіі, Украіне, Японіі і інш.

На Беларусі С.г. развіваецца з канца 19 — пач. 20 ст. Заняткі гімнастыкай з 1889 уваходзілі ў вучэбныя праграмы настаўніцкіх семінарый (г. Маладзечна, Нясвіж, Полацк, мяст. Свіслач); як элемент агульнафіз. падрыхтоўкі — у школьныя праграмы. У 1909 у г. Гродна створана гімнастычнае т-ва «Сокал». У 1910—14 у г. Вільня, Гродна, Магілёў, Слуцк і інш. праходзілі гімнастычныя святы вучнёўскай моладзі. На пачатак 1914 мелася каля 50 спарт. і гімнастычных арг-цый. I Усебел. зімовае гімнастычнае свята праведзена ў 1933. Найб. інтэнсіўна С.г. развівалася з 1950-х г. З пач. 1960-х г. складалася бел. жаночая гімнастычная школа (трэнеры Р.​С.​Ваткін, В.​Дз.​Дзмітрыеў, Р.​Л.​Кныш і інш.). Пазней склалася і мужчынская бел. гімнастычная школа. На Беларусі праводзіліся міжнар. спаборніцтвы па С.г., у т. л. чэмпіянат Еўропы (1971). Мужчынская зборная каманда Беларусі — чэмпіён (2001) і бронз. прызёр (1999) чэмпіянатаў свету, чэмпіён (1994) і бронз. прызёр (1996) чэмпіянатаў Еўропы. Сярод бел. гімнастаў найб. вызначыліся І.​Іванкоў, М.​Мілігула, В.​Шчэрба, А.​Кан, А.​Малееў, В.​Рудніцкі, У.​Шчукін і інш.; сярод гімнастак — Т.​Аржаннікава, С.​Багінская, С.​Баітава, А.​Валчэцкая, Н.​Кім, В.​Корбут, А.​Кошаль, Т.​Лазаковіч, Л.​Петрык, А.​Піскун і інш. А.​М.​Петрыкаў.

т. 15, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАКАПЫ́ТАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1919,

антыбальшавіцкае выступленне ў Гомелі 24—29.3.1919. Узнята 67-м і 68-м палкамі т.зв. Тульскай брыгады, перакінутымі ў сярэдзіне студз. ў Гомель з Бабруйска. Прычынамі выступлення сталі антысав. настроі вайскоўцаў, дрэнныя ўмовы іх забеспячэння, непадрыхтаванасць да ваен. дзеянняў, кантакты з мясц. насельніцтвам, незадаволеным «харчовай дыктатурай» і мабілізацыямі ў Чырв. Армію. Мяцеж пачаўся ў ноч на 23 сак. на станцыі Славечна Абодва палкі пакінулі баявыя паз шыі і праз Калінкавічы і Рэчыцу вярнуліся ў Гомель, патрабуючы адпраўкі ў Бранск. Створаны для барацьбы з мяцежнікамі ваен.-рэв. к-т абапіраўся на інтэрнац. роту і атрад асобага назначэння. 24 сак. Гомель апынуўся ў руках паўстанцаў. Гомельскі пав. к-т РКП(б) заняў абарону ў атэлі «Савой». Кіраўніцтва мяцяжом узяў на сябе «Палескі паўстанцкі камітэт» у складзе б. афіцэраў 67-га і 68-га палкоў на чале з заг. гасп. часткі М.​Стракапытавым. У прынятых к-там адозвах абвяшчалася звяржэнне ўрада Леніна—Троцкага і стварэнне «Рускай Народнай Рэспублікі» з часовай перадачай уладных паўнамоцтваў «Палескаму паўстанцкаму камітэту». Праграма паўстання патрабавала перадачы ўсёй улады Устаноўчаму сходу, зямлі і грамадз. свабод — народу, спалучэння прыватнай і дзярж. ініцыятывы ў сферы вытв-сці. Гомельскія вайск. часці абвяшчаліся 1-й Арміяй «Рускай Народнай Рэспублікі». 25 сак. Ваен.-рэв. к-т здаўся паўстанцам. 28 сак. аб’яднанымі чырвонаармейскімі і мабілізаванымі камуніст. атрадамі з гарадоў Беларусі і РСФСР пачалося задушэнне мяцяжу. Стыхійная эвакуацыя паўстанцаў спалучылася з рабаваннямі, пажарамі і яўр. пагромам, а таксама расстрэлам членаў Ваен.-рэв. к-та. Паўстанцы, якія з баямі адступалі праз Рэчыцу і Васілевічы, у раёне Хойнікаў перайшлі фронт і здаліся атрадам С.​Пятлюры. Яны былі перададзены польск. боку, раззброены і інтэрніраваны. Усяго ў час мяцяжу ў Гомелі загінула каля 100 чал., у выніку следства па прыгаворы ЧК за прыналежнасць да яго расстраляна больш за 150 чал.

Літ.:

Лелевич Г. Стрекопытовщина: Страничка из истории контррев. выступлений в годы гражданской войны. 2 изд. М.;

Пг., 1923;

Лебедзева В. Стракапытаўскі мяцеж // Бел. мінуўшчына. 1995. № 4.

В.​М.​Лебедзева.

т. 15, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)