ПРАРО́КІ БІБЛЕ́ЙСКІЯ,

рэлігійна-палітычныя прапаведнікі ў стараж.-яўр. Ізраільскім царстве і Іудзейскім царстве ў 8—4 ст. да н.э. Ужо ў 2-м тыс. да н.э. лічылася, што П.б. надзелены дарам успрымаць божыя пасланні і паведамляць іх людзям, што яны як пасрэднікі паміж богам і людзьмі могуць прадказваць ад імя бога будучыню, у т. л. засухі, голад, рэліг. і паліт. падзеі, чалавечыя лёсы. З 8 ст. да н.э. прарокі становяцца таксама паліт. прамоўцамі і прапаведнікамі. Яны выкрывалі людскія заганы (сквапнасць, распусту, імкненне да раскошы), выступалі супраць войнаў, прыгнёту, абеззямельвання сялян, прадказвалі перамогу сац. справядлівасці ў будучым, калі «людзі перакуюць мячы на аралы» (Ісая). Іх рэліг.-паліт. прамовы, пропаведзі і аракулы (прароцтвы) напачатку перадаваліся вусна, потым іх запісвалі і збіралі ў зборнікі, якія паступова аб’ядноўваліся ў асобныя кнігі прарокаў у Бібліі, канчаткова адрэдагаваныя ў час праўлення Ахеменідаў (6—5 ст. да н.э.). Жыццё і дзейнасць П.б. ахутваліся шматлікімі міфамі і легендамі аб здзейсненых імі цудах. Найб. вядомыя П.б.: Ілія і яго вучань Елісей (9 ст. да н.э.), Амос, Осія, Ісая, Міха (8 ст. да н.э.), Іерэмія, Сафонія, Навум, Авакум (7 ст. да н.э.), Іезекііль, Агей, Захарыя (6 ст. да н.э.). П.б. зрабілі вял. ўплыў на рэліг.-паліт. мысленне. Да іх ідэй звярталіся хрысц. ерэтычныя рухі сярэднявечча, ідэолагі сял. войнаў і інш. нар. рухаў, сацыялісты-утапісты.

Літ.:

Рижский М.И. Библейские пророки и библейские пророчества. М., 1987.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУХЛІ́НЫ, новаўтварэнні,

паталагічныя лакальныя або дыфузныя разрастанні тканак арганізма чалавека і жывёл. Узнікаюць у выніку размнажэння якасна змененых клетак, атыповыя ўласцівасці якіх у адносінах дыферэнцыроўкі, характару росту і інш. працэсаў перадаюцца пры іх дзяленні. Самая вял. частата развіцця і разнастайнасць форм П. назіраецца ў чалавека. Вывучэннем прычын і механізмаў узнікнення П., іх біял. уласцівасцей, распрацоўкай дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі займаецца анкалогія. Анкалагічныя захворванні займаюць 2-е месца сярод прычын смерці дарослых і дзяцей. П. ўзнікаюць пад уздзеяннем шматлікіх унутр. (гарманальныя і імунныя парушэнні, перадпухлінныя захворванні і інш.) і знешніх прычын (іанізавальнае і ультрафіялетавае апрамяненне, анкагенныя рэчывы, курэнне, мех. траўма і інш.). Назвы асобных відаў П. паходзяць ад назвы тканак, з якіх яны развіваюцца, з дадаткам канчатка-ома. Адрозніваюць дабра- і злаякасныя П. (вылучаюць таксама прамежкавыя паміж імі). Дабраякасныя маюць выразныя межы, растуць павольна, у выніку навакольныя тканкі адсоўваюцца і сціскаюцца; небяспекі для арганізма звычайна не выклікаюць. Злаякасныя П. праяўляюцца ў форме рака ці саркомы. Асобна вылучаюць злаякасныя П. сістэмы крыві — лейкозы і лімфомы. Яны не маюць выразных межаў, хутка растуць, разбураюць навакольныя тканкі, выклікаюць метастазы з утварэннем пухлінных вузлоў. Пасля выдалення злаякасных П. часта ўзнікаюць рэцыдывы. Большасць П. развіваецца доўгі час без сімптомаў (да 10—20 г. і больш), часта на фоне перадпухлінных хвароб (напр., эрозія шыйкі маткі). Лячэнне: хірург., прамянёвае і хіміятэрапія. П. раслін выклікаюцца грыбамі, бактэрыямі, вірусамі, насякомымі, уздзеяннем нізкіх т-р.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗБО́Р ШЛЯ́ХТЫ,

комплекс мерапрыемстваў, праведзеных уладамі Рас. імперыі па верыфікацыі і скарачэнні шляхецкага стану (саслоўя) б. ВКЛ. Пачаўся адразу пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Шляхце было загадана падаць доказы свайго дваранства з апісаннем паходжання родаў, гербаў, з усімі пасведчаннямі і дакументамі. У час рэвізіі 1772—74 шмат чыншавай і служылай шляхты, ніжэйшыя пласты шляхецкага стану — зямяне, панцырныя баяры, путныя баяры былі запісаны ў склад сялян. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 аформіліся карпаратыўныя правы дваранства Рас. імперыі, дваране павінны былі быць унесены ў дваранскія радаводныя кнігі, для чаго прадстаўлялі доказы паходжання. На камісію, што праводзіла рэвізію 1816, быў ускладзены абавязак разбору правоў асоб, якія называлі сябе шляхтай. Асоб, пазбаўленых шляхецкіх правоў, запісвалі ў вольныя хлебаробы, дзяржаўныя сяляне або мяшчане. Пасля задушэння паўстання 1830—31 шляхецкае саслоўе было падзелена на дваран, спецыяльна створаныя станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў. Дваранамі прызнаваліся толькі асобы, зацверджаныя ў адпаведнай годнасці Герольдыяй. Былі праведзены і новыя рэвізіі складу саслоўяў. Пасля задушэння паўстання 1863—64 уведзены новыя абмежаванні ў прынцыпах доказу і атрымання дваранства; шляхціцы, якія не даказалі дваранства, уключаліся ў склад сялян або мяшчан. У 1863 скасаваны станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў; яны пераведзены ў стан сялян ці мяшчан. Гэта быў канчатковы акт юрыд. ліквідацыі шляхецкага стану б. ВКЛ, але да 1917 захаваліся некаторыя абмежаванні ў правах «былой польскай шляхты».

У.​М.​Вяроўкім-Шэлюта.

т. 13, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НСКА-АСВЕ́ЙСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну,

тэрыторыя на Пн Віцебскай вобл., якую кантралявалі партызаны. Утварылася ў 1942 у выніку баёў (у т. л. Расонскага бою 1942) па вызваленні партызанамі ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Расонскага, Асвейскага, ч. Дрысенскага і Полацкага р-наў. Да вясны 1943 пл. 5 тыс. км². Вызваленая тэрыторыя стала часткай партыз. краю, створанага бел., латышскімі і рус. партызанамі на сумежжы Беларусі, Латвіі і Расіі (10 тыс. км², больш за 100 тыс. чал.). Зону абаранялі партыз. фарміраванні гэтых рэгіёнаў. На тэр. зоны базіраваліся падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, была адноўлена сав. ўлада, працавалі хлебапякарні, млыны, прамысл. майстэрні, выдаваліся раённыя газеты; падтрымлівалася сувязь з сав. тылам, дзейнічалі аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі. Партызаны пастаянна праводзілі дыверсіі на камунікацыях ворага, у т. л. ў час «рэйкавай вайны», аперацыі па разгроме яго гарнізонаў. Ням. фашысты з мэтай ліквідацыі зоны часта праводзілі карныя аперацыі (№ 12, 13, 14, «Пантэра», «Заяц-бяляк», «Зімовае чараўніцтва», «Генрых», «Ота» і інш.), таму яе тэрыторыя была ператворана акупантамі ў «выпаленую зямлю». У памяць пра Р.-А.п.в. насыпаны курганы каля в. Прошкі Верхнядзвінскага, Марачкова і Маторына Расонскага р-наў, пастаўлены помнікі ў Расонах, вёсках Дзёрнавічы, Новы Лад Верхнядзвінскага, Канюхова, Межна, Роўнае Поле, Сяляўшчына Расонскага р-наў Віцебскай вобл.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

Э.​Ф.​Языковіч.

т. 13, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЗЕВІЧ (Часлаў Іванавіч) (20.3.1889, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл.сак. 1942),

бел. тэатр. і грамадскі дзеяч. Брат Л.​І.​Родзевіча. Скончыў Віленскую сярэднюю хіміка-тэхнал. школу (1908), Новачаркаскі політэхн. ін-т. Удзельнік Першай бел. тэатр. вечарыны ў лют. 1910 у Вільні, уваходзіў у Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Першую беларускую трупу І.​Буйніцкага. Адзін з заснавальнікаў Бел. т-ва дапамогі ахвярам 1-й сусв. вайны (1916—18) і Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства ў Петраградзе. У 1918 супрацоўнік Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1918—19 акцёр, камісар Беларускага савецкага тэатра, выкладчык Мінскага бел. пед. ін-та. У час польскай акупацыі 1919—20 чл. Мінскай бел. школьнай рады, заг. аддзела асветы Мінскага магістрата, старшыня Бел. тэатр. камісіі пры Часовым бел. нац. к-це. У 1920-я г. ўдзельнічаў у рабоце Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, займаўся навук. даследаваннямі ў галіне прыродазнаўства пры Мінскай балотнай станцыі. З 1922 у Інбелкульце, з 1925 навук. сакратар с.-г. секцыі (з 1929 Бел. АН). У ліп. 1930 арыштаваны, асуджаны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы на 5 гадоў у г. Саратаў (Расія). Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар працы пра бел. нар. танцы, зб. «Песні з нотамі» (не захаваліся).

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;

Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. Мн., 1992.

У.​В.​Ляхоўскі, В.​У.​Скалабан.

т. 13, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУА́Н (Rouen),

горад на Пн Францыі. Адм. ц. дэпартамента Прыморская Сена і гал. горад гіст. вобласці Нармандыя. Каля 450 тыс. ж. з прыгарадамі (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт на р. Сена за 100 км ад яе вусця, абслугоўвае Парыжскі прамысл. раён. Аэрапорт. Прам-сць: тэкст., харч., металург., маш.-буд. (асабліва суднабуд.), хім., нафтаперапрацоўчая. Ун-т. Арх. помнікі 12—16 ст., у т. л. сабор Нотр-Дам (13—16 ст.).

Узнік на месцы стараж. паселішча галаў. У 1 ст. да н.э. заваяваны Рымам (наз. Ратамагус), у 5 ст. н.э.франкамі. З 260 тут знаходзілася сядзіба біскупства, потым архібіскупства. У 841 і 859 Р. спалены нарманамі. З 911 сталіца герцагства Нармандыя, цэнтр гандлю (з Англіяй, пазней з Ганзай) і рамёстваў (сукнаробства); манапалізаваў марскі экспарт віна з Шампані і Бургундыі. Каля 1170 атрымаў самакіраванне (пасля паўстання ў 1382 пазбаўлены), у 1204 далучаны да каралеўскага дамена. У Стогадовую вайну 1337—1453, у 1419—49 захоплены англічанамі, якія ў 1431 спалілі тут Жанну д’Арк. З 2-й пал. 15 ст. Р. — цэнтр каланіяльнага гандлю і фаянсавай прам-сці (прывілей Карла VIII з 1492). У 16—17 ст. насельніцтва Р. падтрымлівала гугенотаў. У час Франц. рэвалюцыі 1789—99 цэнтр раялістаў. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны і моцна разбураны ням. войскамі, вызвалены англа-амер. войскамі ў жн. 1944.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСПРАЦО́ЎЕ,

сацыяльна-эканамічная з’ява, калі пэўная частка працаздольнага насельніцтва не можа знайсці работу. Бывае фрыкцыйнае (часовая добраахвотная незанятасць, звязаная з пераходам з адной работы на другую), скрытае (калі для вытв. працэсу патрэбна меншая за наяўную колькасць работнікаў), структурнае (незанятасць, абумоўленая структурнай перабудовай эканомікі), цыклічнае (незанятасць у сувязі са спадам вытв-сці, з пэўнай фазай эканам. цыкла). У любой форме беспрацоўе азначае страту часткі прац. рэсурсу грамадства, што вядзе да адмоўных сац.-эканам. вынікаў: недабору прадукцыі, недагрузкі асн. капіталу, змяншэння сямейных бюджэтаў, незадаволенасці беспрацоўных і інш.

К.​Маркс лічыў беспрацоўе прадуктам і ўмовай існавання капіталізму. Тэхнічным перааснашчэннем вытв-сці і павышэннем інтэнсіўнасці працы прадпрымальнікі змяншаюць затраты на аплату рабочай сілы і ствараюць рэзервовую армію працы. Наяўнасць беспрацоўных буржуазія выкарыстоўвае для наступлення на інтарэсы працуючых, узмацняе іх эксплуатацыю для павышэння сваіх прыбыткаў. Асабліва хутка расце беспрацоўе ў перыяд эканам. крызісу, калі закрыццё прадпрыемстваў і звальненне рабочых набывае масавы характар. Паводле звестак міжнар. арганізацыі працы, у канцы 1980-х г. у развітых краінах было каля 50 млн. беспрацоўных. Узровень беспрацоўя (адносіны колькасці беспрацоўных да колькасці працаздольных) аказвае прамы ўплыў на велічыню валавога нац. прадукту (ВНП). Паводле закона А.​Ойкена, 1% беспрацоўя ў краіне змяншае яе ВНП на 2,5% і наадварот. У эканоміцы ЗША гэтыя суадносіны 1:2. Таму, каб зменшыць негатыўныя вынікі беспрацоўя, улады развітых краін імкнуцца трымаць яго пад кантролем праз дзярж. рэгуляванне эканомікі (антыманапольнае заканадаўства, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, мэтавае бюджэтнае фінансаванне і інш.). Для больш эфектыўнага выкарыстання свабоднай рабочай сілы пашырана сфера дзейнасці біржаў працы, якія пераўтвораны ў дзярж. ўстановы. Тым, хто афіцыйна прызнаны беспрацоўным, аказваецца дапамога па беспрацоўі.

Як і ў інш. краінах, на Беларусі беспрацоўе з’явілася ў выніку капіталіст. рацыяналізацыі вытв-сці. Напачатку тут пераважала скрытае беспрацоўе, асабліва сярод сельскага насельніцтва: у 1890 у бел. вёсках было не занята 1127,8 тыс. чал. (38,9%), у 1900 — 2039,8 тыс. чал. (56,9%). Па 5—6 мес на працягу года не мелі работы і многія дробныя таваравытворцы. Пра скрытае беспрацоўе сведчаць адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.​Усход, эміграцыя ў Амерыку і Зах. Еўропу. У час крызісу 1901—03 беспрацоўнымі сталі амаль 19% прамысл. рабочых. За 50 гадоў да 1-й сусв. вайны ў пошуках работы бацькаўшчыну пакінула 1,4 млн. беларусаў. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс. беспрацоўных, у жн. 1924 — 25,9 тыс., у 1928 — 64,4 тыс. Гал. прычынай беспрацоўя была разбуранасць эканомікі ў час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі і агр. перанаселенасць. Сав. дзяржава аказвала беспрацоўным дапамогу. У сувязі з індустрыялізацыяй колькасць іх пачала хутка змяншацца і да канца 1931 беспрацоўе на Беларусі ліквідавана, хоць фактычна існавала скрытае. У Зах. Беларусі ў 1936 было 25 тыс. беспрацоўных. З пераходам да рыначнай эканомікі пачалося фарміраванне і рынку працы. На пач. 1994 на Беларусі зарэгістравана 66 тыс. беспрацоўных (з іх 52% атрымлівалі дапамогу), узровень беспрацоўя склаў 1,4%. Вырашэннем праблем працаўладкавання беспрацоўных займаецца Цэнтр занятасці.

У.​А.​Салановіч.

т. 3, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЕ́ЛЛЕ,

комплекс абрадаў і звычаяў, якія суправаджаюць заключэнне шлюбу і з’яўляюцца своеасаблівым актам зацвярджэння новай сям’і. Вяселле як абрадавае афармленне шлюбу ўзнікла ў перыяд патрыярхату з усталяваннем аднашлюбнасці (гл. Манагамія). Для кожнага народа на пэўнай ступені яго развіцця характэрны традыц. ўстойлівы комплекс вясельных абрадаў, які спалучаецца з усімі відамі нар. мастацтва (тэатралізаваныя дзеянні, музыка, спевы, танцы і да т.п.). Асн. момант вясельнай абраднасці ўсіх народаў свету — пераезд нявесты з дому бацькоў у дом жаніха.

Багацце і разнастайнасць абраднасці бел. вяселля вынікаюць з прававой сілы яго працэдур, якія павінны былі абавязкова выконвацца пры сведках (родзе, суседзях), што ў сваю чаргу ўзаконьвала маёмасныя, этычныя правы, адносіны і абавязкі будучай сям’і. Толькі з моманту вяселля маладыя прызнаваліся самаст. членамі абшчыны. Згодна з паслядоўнасцю абрадавых дзеянняў традыц. бел. вяселле падзяляецца на 3 асн. часткі: давясельную, або падрыхтоўчую (выглядзіны, даведкі, сватанне, запоіны, агледзіны, заручыны); уласна вясельную (суборная субота, каравай, пасад, прыезд дружыны маладога да маладой, шлюб, пераезд да маладога, камора, пасаг, завіванне, выпрабаванне здольнасцей і характару маладой, дзяльба каравая, абдорванне маладых); паслявясельную (пярэзвы). У агульным цыкле абраднасці значэнне гэтых частак неаднолькавае. Давясельная з’яўляецца пераважна фармальна-бытавой — у час яе адбываецца пагадненне паміж бацькамі маладых пра заключэнне шлюбу. Уласна вяселле займае гал. месца ў традыц. вясельнай абраднасці і характарызуецца багаццем цырымоній, гал. сярод якіх абрад звядзення маладых, які замацоўвае іх шлюб і злучае на ўсё жыццё. Заключная частка вясельнага цыкла мае пераважна гульнёвы характар. У кожнай мясцовасці была свая ўсталяваная вясельная пара: у адных жаніліся пасля Вялікадня, у другіх — пасля Пятра і Паўла, ў трэціх — зімой, але найчасцей жаніліся ўвосень ад Пакроваў да каляднага посту, пасля заканчэння асн. палявых работ. Вяселле было важнай падзеяй у жыцці маладых і ўсёй грамады. Гэтым у першую чаргу тлумачыцца дакладная распрацаванасць усіх эпізодаў вясельнага абраду, кожнаму з якіх адпавядаў свой рытуал. Багатымі і разнастайнымі былі вясельныя песні, прыгаворкі, прыказкі, абрадавыя танцы, якія суправаджалі і тлумачылі кожны з гэтых эпізодаў. Удзельнікі вяселля (маладая, або княгіня, малады, або князь, сват і свацця, дружкі нявесты і дружына жаніха) выконвалі адведзеную ім ролю паводле нар. светапогляду, традыцый і этыкету.

Характэрная рыса бел. вяселля — наяўнасць стараж. рэлігійна-абрадавых і сац.-быт. элементаў, якія ўзыходзяць да эпохі матрыярхату і захоўваюць перажыткі і водгукі татэмістычных вераванняў і культаў (культ расліннасці, жывёл, нябесных свяціл). Ад эпохі родаплемяннога побыту ў выглядзе гульні дайшлі абрады выкрадання і куплі-продажу нявесты. У правасл. перыяд абрад вяселля складаўся з адносна невял. колькасці магічных дзеянняў, сэнс якіх раскрывалі кароткія песні заклікальнага і эратычнага зместу. Пазней вяселле ператварылася ў шматсастаўны абрад з элементамі стараж. магіі, складанае драматычнае дзеянне з мноствам дзейных асоб. У 19 ст. з развіццём капіталіст. спосабу вытв-сці і распадам патрыярхальнай сям’і ў бел. вяселлі паявіліся новыя матывы: павышаная ўвага да пасагу, нязгода маладых з існуючым сямейным укладам і г.д. Абавязковым стаў абрад вянчання ў царкве (касцёле). У наш час многія элементы традыц. вяселля зніклі або змяніліся, а само яно ператварылася ва ўрачыстую цырымонію пасля афіц. рэгістрацыі шлюбу.

Літ.:

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.

Л.​А.​Малаш.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НРЫХ (Henri),

імя правіцеляў сярэдневяковай Германіі і «Свяшчэннай Рымскай імперыі».

Генрых I Птушкалоў (каля 875—2.7.936), герцаг Саксоніі (Генрых; з 912) і герм. кароль (у 919—936), заснавальнік Саксонскай дынастыі. Выбраны каралём пасля смерці Конрада I. Шляхам кампрамісаў ліквідаваў мяцяжы герцагаў Швабіі (919) і Баварыі (921). Стабілізаваў каралеўскую ўладу, пабудаваў мноства крэпасцей (бургаў), стварыў моцнае коннае войска. Далучыў Латарынгію (925), перамог венграў каля Рыядзе на р. Унструт (933), намагаўся абкласці данінай палабскіх славян, заснаваў марку (пагран. вобласць) у Шлезвігу (935). Яго пераемнікам стаў старэйшы сын (гл. Атон I).

Генрых II Святы (6.5.973, г. Бад-Абах, Германія — 13.7.1024), герцаг Баварыі (Генрых IV; з 995), герм. кароль (з 1002), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1014—24). З Саксонскай дынастыі. У 1007 заснаваў епіскапства Бамберг. Умацаваў панаванне імперыі ў Паўн. (1004) і Паўд. (1021/22) Італіі. Праз падтрымку царквы клапаціўся пра ўмацаванне сваёй улады. У 1146 кананізаваны царквой.

Генрых III (28.10.1017—5.10.1056), герцаг Баварыі (з 1027), герм. кароль (з 1028), герцаг Швабіі, Карынтыі і кароль Бургундыі (з 1038), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1046 — 56). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Конрада II. Самастойна правіў з 1039. У час паходу ў Італію (1046—47) скінуў рым. пап, якія сапернічалі паміж сабой; пазней неаднаразова прызначаў кандыдатаў на папскі прастол. Дамогся прызнання залежнасці ад імперыі Венгрыі і Багеміі (Чэхіі).

Генрых IV (11.11.1050, г. Гослар, Германія — 7.8.1106), кароль з 1056, імператар у 1084—1106 (каранаваны як імператар у Рыме антыпапам Кліментам III). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха III. Самастойна правіў з 1065. Задушыў Саксонскае паўстанне 1073—75. З 1076 на працягу больш як 20 гадоў вёў з рым. папамі (Грыгорыем VII і інш.) барацьбу за інвестытуру, адным з эпізодаў якой было т.зв. «хаджэнне ў Каносу».

Генрых V (11.8.1086 — 23.5.1125), кароль з 1106, імператар у 1111—25 (нашчадак прастола з 1098). Апошні з Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха IV. Пры жыцці бацькі зблізіўся з яго праціўнікамі — рымскім папам і часткай ням. курфюрстаў. Стаўшы правіцелем, аднавіў барацьбу з папствам за інвестытуру, якая завяршылася Вормскім канкардатам (1122).

Генрых VI (1165, г. Німвеген, цяпер г. Неймеген, Нідэрланды — 28.9.1197), германскі кароль (з 1190) і імператар (у 1191—97), кароль Сіцыліі (з 1194). З дынастыі Гогенштаўфенаў (гл. Штаўфены). Сын Фрыдрыха I Барбаросы. У 1186 ажаніўся са спадчынніцай сіцылійскага прастола Канстанцыяй. Падтрымаў франц. караля Філіпа II у яго барацьбе супраць англ. караля Рычарда I Львінае Сэрца (восенню 1192 паланіў Рычарда і пратрымаў яго ў палоне каля 2 гадоў). У 1194 захапіў Сіцылію. Апантаны ідэяй стварэння «сусв. манархіі» Гогенштаўфенаў, пачаў падрыхтоўку да вайны супраць Візантыі; у час прыгатаванняў і памёр.

Генрых VII (1274 ці 1275—24.8.1313), кароль з 1308, імператар у 1312—13 (каранаваны як імператар у Рыме). З дынастыі Люксембургаў. Сын Генрыха III Люксембургскага. Выбраны каралём большасцю курфюрстаў. У 1310 праз дынастычны шлюб дамогся перадачы чэш. прастола свайму сыну Іагану (Ян Люксембургскі). Пазней, намагаючыся зноў падпарадкаваць імперыі Італію, здзейсніў туды паход.

Да арт. Генрых (германскія правіцелі). Генрых II Святы (злева) і Генрых VI.

т. 5, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛІЦЫ́ЗМ (грэч. katholikos усеагульны, лац. catholismus галоўны, сусветны),

адзін з асн. кірункаў (разам з праваслаўем і пратэстантызмам) у хрысціянстве. Вылучэнне з агульнай плыні хрысціянства пачалося ў сувязі з падзелам у 395 Рым. імперыі на Зах. і Усходнюю; канчаткова аформіўся ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Мае шэраг асаблівасцей ў дагматыцы, кульце, арганізац. структуры. Уяўляе сабой моцную цэнтралізаваную царкву, якая кіруецца тэакратычнай дзяржавай — Ватыканам на чале з папам рымскім. Папа лічыцца намеснікам Ісуса Хрыста на Зямлі, пераемнікам апостала Пятра. Крыніцамі веравучэння К. з’яўляецца Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (традыцыя). У адрозненне ад праваслаўя К. лічыць усе без выключэння тэксты Бібліі кананічнымі. Свяшчэннае паданне — пастановы ўсіх усяленскіх сабораў (а не толькі першых сямі, як у праваслаўных), творы святых айцоў і рашэнні рым. першасвятароў. Дагматыка К. адрозніваецца ад праваслаўнай, яна ўдакладнялася і дапаўнялася новымі тэалагічнымі прынцыпамі. Так, догмат філіокве, паводле якога Св. Дух зыходзіць не толькі ад Бога-бацькі, але ад Бога-Сына, стаў спрэчным пунктам у час падзелу царквы ў 1054. Догмат аб запасе добрых спраў, на падставе якога склалася практыка продажу індульгенцый, быў адной з прычын аддзялення ад К. пратэстантызму ў 16 ст. Істотна большая роля ў К. належыць культу Дзевы Марыі, што складаецца з догматаў аб бязгрэшным зачацці і цялесным узнясенні яе на неба, а таксама з вучэння пра першародны грэх і чысцілішча. Значным лічыцца і прыняты ў 1870 догмат аб непагрэшнасці пап у справах веры і маралі ў час знаходжання іх на кафедры. Сярод кананічных асаблівасцей К. вызначаюцца: цэлібат (зарок бясшлюбнасці не толькі манаства, але ўсіх святароў), недапушчальнасць выхаду з духоўнага сану, інстытут кардыналаў, непарушнасць шлюбу, першынство папы. У К. шануюцца чатырохканцовы крыж, рэліквіі, святыя Найб. значнае свята — Раство Хрыстова; ёсць і спецыфічныя святы: Цела Гасподняга, Сэрца Ісусавага і інш. Сярод устаноў К. — рымская курыя, калегія кардыналаў (у поўным складзе — кансісторыя) кангрэгацыі і канцылярыі; ордэны манаскія. Існуе ў К. добра арганізаваны грамадскі рух — Акцыя каталіцкая. У сферы ідэалогіі К. кіруецца афіц. філас. дактрынай, абноўленым вучэннем Фамы Аквінскага — неатамізмам. Праяўляецца цікаўнасць і да інш. філас. сістэм, якія больш адпавядаюць патрэбам царквы і часу, напр., да тэярдызму. Адметная рыса К. — процістаянне мадэрністаў і традыцыяналістаў. Да 2-га Ватыканскага сабора (1962—65) каталіцкая імша (богаслужэнне) адбывалася па-лацінску, цяпер — і на родных мовах. К. найб. пашыраны ў Зах. Еўропе, Лац. Амерыцы, Філіпінах, ЗША, некат. краінах Афрыкі. Акрамя рымска-каталіцкай царквы (уласна каталіцкай першапачатковай царквы зах. абраду) К. уключае і шэраг б. правасл. і стараж. усх. цэркваў, якія прызналі ўладу рым. папы і каталіцкую дагматыку пры захаванні сваёй абраднасці і ўнутр арг-цый і ператварыліся ва уніяцкія. Гэта цэрквы грэч., арм., копцкага (у Егіпце), мараніцкага (у Ліване) і інш. абрадаў (гл. Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). На Беларусі К. пашырыўся пасля Крэўскай уніі 1385 у выглядзе рым.-каталіцкай царквы, а ў выніку Брэсцкай уніі 1596 створана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Рымска-каталіцкая царква на Беларусі).

Літ.:

Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.

А.​А.​Цітавец.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)